Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РЭЗО́Н [франц. raison ад лац. ratio (rationis) падстава, прычына] разумная падстава, доказ, сэнс, прычына. Напр.: «Крыўдзіцца на ўвесь свет няма рэзону».

т. 13, с. 560

РЭ́ЗУС-ФА́КТАР, Rh-фактар,

адзін з антыгенаў, які ёсць у эрытрацытах чалавека і малпы макака-рэзус. Выяўлены ў 1940 К.​Ландштайнерам і аўстр. вучоным А.​Вінерам у крыві людзей з дапамогай сывараткі жывёл, імунізаваных эрытрацытамі макакі-рэзуса (адсюль назва). Паводле хім. прыроды — ліпапратэід. Перадаецца ў спадчыну і застаецца нязменным на працягу жыцця. Р.-ф. ў еўрапеоідаў назіраецца ў 85%, у мангалоідаў — 99%. Па наяўнасці або адсутнасці Р.-ф. вылучаюць рэзус-станоўчыя і рэзус-адмоўныя арганізмы. Пры пераліванні рэзус-адмоўным асобам рэзус-станоўчай крыві або пры рэзус-канфліктнай цяжарнасці (маці — рэзус-адмоўная, плод — рэзус-станоўчы) магчымы ўскладненні (напр., гемалітычная хвароба нованароджаных).

т. 13, с. 560

РЭЗЬБААПРАЦО́ЎЧЫ СТАНО́К,

металарэзны станок для стварэння і апрацоўкі разьбы. Бываюць рэзьбанакатныя, рэзьбанаразныя, рэзьбафрэзерныя і рэзьбашліфавальныя. Да рэзьбанаразных адносяцца такарна-шрубарэзныя станкі, у якіх разьба ствараецца з дапамогай разцоў, а таксама гайка- і болтанаразныя — з метчыкамі, плашкамі, рэзьбанаразнымі галоўкамі і інш. Рэзьбафрэзерныя станкі (паўаўтам. і аўтам.) выкарыстоўваюць для наразання вонкавай і ўнутр. разьбы дыскавымі, пальцавымі ці грабеньчатымі фрэзамі. На рэзьбашліфавальных станках (універсальных, спец., паўаўтам.) з шліфавальнымі кругамі робяць чыставую апрацоўку разьбы, выкананай на інш. станках. Гл. таксама Рэзьбанаразны інструмент.

т. 13, с. 560

РЭЗЬБАВЫМЯРА́ЛЬНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,

інструменты і прылады для вымярэння і кантролю разьбы. Адрозніваюць Р.і.: для комплекснага кантролю і для вымярэння асобных элементаў профілю разьбы; вымярэння вонкавых і ўнутраных, цыліндрычных і канічных рэзьбаў; разьбы хадавых вінтоў і інш. Да Р.і. адносяцца разьбовыя калібры, шаблоны, шагамеры (разьбамеры), мікрометры з разьбовымі ўстаўкамі, нутрамеры, сінусныя лінейкі. Для кантролю рэзьбаў выкарыстоўваюць таксама вымяральныя мікраскопы (для вызначэння шагу разьбы), аптыметры і інш.

т. 13, с. 560

РЭЗЬБАНАКА́ТНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,

інструмент для стварэння разьбы на вонкавых паверхнях дэталей без зняцця стружкі (пластычным дэфармаваннем у халодным стане — накаткай). Р.і.: круглыя накатныя ролікі, плоскія накатныя плашкі (рухомыя і нерухомыя), рэзьбанакатныя галоўкі. Выкарыстоўваюць на такарных, рэвальверных, свідравальных, балтарэзных станках, спец. аўтаматах і паўаўтаматах.

Да арт. Рэзьбанакатны інструмент. Утварэнне разьбы: 1 — плоскім інструментам, 2 — круглым інструментам.

т. 13, с. 560

РЭЗЬБАНАРАЗНЫ ІНСТРУМЕ́НТ,

шматлязовы металарэзны інструмент для ўтварэння вонкавай (на шрубах, шпільках, балтах і інш.) і ўнутр. (у адтулінах гаек, утулак і інш.) разьбы. Да Р.і. адносяцца разьбовыя разцы, метчыкі, плашкі, фрэзы, шліфавальныя кругі, грабяні, рэзьбанаразныя галоўкі. Разьбовыя грабяні (некалькі аб’яднаных у адзінай канструкцыі разьбовых разцоў) бываюць плоскія (стрыжнёвыя, прызматычныя) і круглыя. У корпусе рэзьбанаразных галовак уманціравана некалькі разьбовых грабянёў. Устанаўліваюць на рэзьбаапрацоўчых станках і станках інш. тыпаў, некаторыя інструменты выкарыстоўваюць для ручнога наразання разьбы.

Да арт. Рэзьбанаразны інструмент. Рэзьбанаразныя галоўкі: 1 — з радыяльна пастаўленымі плоскімі грабянямі; 2 — з тангенцыяльна пастаўленымі плоскімі грабянямі; 3 — з круглымі грабянямі.

т. 13, с. 560

РЭЗЮМЭ́ (франц. résumé ад résumer выкладаць коратка),

сціслы выклад зместу, сутнасці, асн. палажэнняў, вывадаў артыкула, даклада, прамовы, паведамлення.

т. 13, с. 560

РЭІНТРАДУ́КЦЫЯ (ад рэ... + інтрадукцыя),

другасная інтрадукцыя раслін або жывёл у месцы, дзе пэўны від раней існаваў, а потым знік па якіх-н. прычынах, у т. л. ў выніку дзейнасці чалавека. Паняцце, блізкае да рэакліматызацыі.

Р. дзікарослых раслін адрозніваецца ад першаснай інтрадукцыі тым, што зыходны матэрыял звычайна ўжо выкарыстоўваўся ў адборы і асвойваўся ў культуры. Рэінтрадукаваныя расліны маюць вышэйшую жыццяздольнасць у параўнанні з абранымі непасрэдна з прыроды.

т. 13, с. 560

РЭІНТЭГРА́ЦЫЯ (ад рэ... + інтэграцыя),

аднаўленне ў грамадзянстве якой-н. дзяржавы асоб, што мелі яго раней, а потым страцілі. Сэнс Р. найчасцей заключаецца ў спрошчанай працэдуры, якая ў гэтых выпадках выкарыстоўваецца. Р. можа прадугледжвацца ў спец. законах ці ў звычайным заканадаўстве аб грамадзянстве (разнавіднасць натуралізацыі).

т. 13, с. 560

РЭЙ (першапач. Рага),

горад у Іране, за 8 км на ПдУ ад Тэгерана. Згадваецца ў "Авесце» і Бехістунскім надпісе. Уваходзіў у склад. Парфянскага царства. У 639—44 заваяваны арабамі. У пач. 10 ст. ў складзе Саманідаў дзяржавы, потым ва ўладаннях дынастый Зіярыдаў, Бузідаў. У пач. 11 ст. належаў Газневідам, Сельджукідам (быў іх рэзідэнцыяй), з канца 12 ст. — Харэзмшахам. У 1220 разгромлены манголамі. У выніку археал. даследаванняў (1934—36) устаноўлена, што на месцы Р. першапачаткова было энеалітычнае паселішча; выяўлены рэшткі пабудоў парфянскага, сасанідскага і сельджукідскага часоў. З Р. паходзіць люстраная кераміка (гл. Люстр) з сюжэтнай і арнаментальнай размалёўкамі.

т. 13, с. 561