ЗАІ́МІС ((Zaimēs) Аляксандрас) (28.10.1855, Афіны — 15.9.1936),
дзяржаўны дзеяч Грэцыі. Атрымаў юрыд. адукацыю ў Германіі і Францыі. У 1896 і 1914—20 дырэктар грэч. нац. банка. Прэм’ер-міністр у 1897—99, 1901—02, 1915—17 (з перапынкамі), 1926—28; у 1929—35 прэзідэнт Грэцыі. Садзейнічаў дзярж. перавароту ў кастр. 1935, які прывёў да аднаўлення манархіі.
т. 6, с. 501
ЗАІ́Р (Zaïre),
назва Дэмакратычнай Рэспублікі Конга ў 1971—97.
т. 6, с. 501
ЗА́ЙДЭЛЬМАН ((Seydelmann) Карл) (24.4.1793, г. Глац, Сілезія, цяпер г. Клодзка, Польшча — 17.3.1843),
нямецкі акцёр. З 1815 у т-ры г. Брэслаў, з 1820 у Пражскім ням. гар. т-ры, у прыдворных т-рах Каселя, Штутгарта, Берліна. Прымаў удзел у рэжысёрскіх доследах К.Імермана (роля Натана Мудрага ў аднайм. п’есе Г.Лесінга), ва «ўзорных» спектаклях Дзюсельдорфскага т-ра. Найб. значныя ролі: Карлас, Мефістофель, Альба («Клавіга», «Фауст», «Эгмант» І.В.Гётэ), Рычард III, Атэла і Яга («Рычард III», «Атэла» У.Шэкспіра) і інш., у якіх выявілася высокая здольнасць да пераўвасаблення.
т. 6, с. 501
ЗА́ЙКАВА,
вёска ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., каля воз. Сясіта. Цэнтр сельсавета. За 53 км на ПнУ ад г. Гарадок, 92 км ад Віцебска. 50 км ад чыг. ст. Гарадок. 85 ж., 43 двары (1997). Амбулаторыя, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Магіла ахвяр фашызму.
т. 6, с. 501
ЗА́ЙЛЕР ((Sailer) Антон) (Тоні; н. 17.11.1935, г. Кіцбюэль, Аўстрыя),
аўстрыйскі спартсмен (гарналыжны спорт). Алімп. чэмпіён у скорасным спуску, слаламе і гіганцкім слаламе (1956). Чэмпіён свету ў гарналыжным трохбор’і (1956, 1958), скорасным спуску і слаламе-гіганце (1958).
т. 6, с. 501
ЗАЙМЕ́ННІК,
часціна мовы, якая паказвае на прадметы і якасці, не называючы іх. Канкрэтнае значэнне мае толькі ў звязнай мове, дзе выступае як марфалагічны сінонім да назоўніка, прыметніка ці лічэбніка. Паводле суадносін з інш. часцінамі мовы З. падзяляюць на назоўнікавыя, прыметнікавыя і лічэбнікавыя; паводле значэння — на асабовыя (я, мы, ты, вы), зваротны (сябе), прыналежныя (мой, наш, твой), пытальна-адносныя (хто, што, каторы), указальныя (гэты, той, такі), азначальныя (сам, увесь, кожны, іншы), адмоўныя (ніхто, нішто), няпэўныя (нехта, некаторы, нейкі). У сказе выконваюць ролю дзейніка, выказніка і дадатковых членаў сказа, найчасцей дапаўнення і азначэння.
Літ.:
Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.
Я.М.Камароўскі.
т. 6, с. 501
ЗАЙСА́Н,
прэснаводнае возера ў міжгорнай Зайсанскай катлавіне, на У Казахстана. Да пабудовы Бухтармінскай ГЭС на р. Іртыш пл. З. складала 1,8 тыс. км². Даўж. 111 км, шыр. каля 30 км, глыб. да 10 м. Пасля пабудовы 90-метровай плаціны З. знаходзіцца ў падпоры і складае значную ч. Бухтармінскага вадасховішча; яго ўзровень падняўся на 7 м. Упадае р. Чорны Іртыш, выцякае р. Іртыш. Рыбны промысел.
т. 6, с. 501
ЗАЙСА́НСКАЯ КАТЛАВІ́НА,
міжгорная ўпадзіна на У Казахстана, паміж хрыбтамі Паўд. Алтая на Пн, Тарбагатаем і Саурам на Пд. Выш. днішча ад 370 м (воз. Зайсан) да 1000 м. Складзена з азёрных і рачных пяскоў і глін. У рэльефе вылучаюцца астанцовыя горныя масівы. Пераважаюць паўпустынныя ландшафты, якія выкарыстоўваюць як пашы; у дэльце р. Чорны Іртыш ёсць тугайныя лясы.
т. 6, с. 501
ЗА́ЙЦАЎ (Аляксандр Міхайлавіч) (2.7.1841, г. Казань, Татарстан — 1.9.1910),
рускі хімік-арганік. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1885). Скончыў Казанскі ун-т (1862), дзе і працаваў з 1865. Вучань А.М.Бутлерава. Навук. працы па арган. сінтэзе і развіцці тэорыі хім, будовы Бутлерава. Адкрыў рэакцыю атрымання другасных і трацічных спіртоў уздзеяннем на карбанільныя злучэнні (альдэгіды, кетоны і інш.) цынку і алкілгалагенідаў (1875, рэакцыя З.), новы клас арган. злучэнняў — лактоны (1873). Устанавіў правіла адшчаплення галагенавадародаў ад другасных і трацічных галагенідаў і вады ад спіртоў (правіла З.) і далучэння пратонных кіслот да несім. ненасычаных вуглевадародаў (правіла З. — Вагнера). Сінтэзаваў дыэтылкарбінол, шэраг ненасычаных і мнагаатамных спіртоў, арган. аксідаў, аксікіслот.
Літ.:
Ключевич А.С., Быков Г.В. А.М.Зайцев, 1841—1910. М., 1980.
т. 6, с. 501