Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

НЯЦЁША,

рака ў Добрушскім р-не Гомельскай вобл. і Бранскай вобл. Расіі, левы прыток р. Іпуць (бас. р. Дняпро). Даўж. 29 км. Пл. вадазбору 132 км². Пачынаецца за 1 км на З ад в. Пятроўка ў Бранскай вобл., вусце за 3,5 км на ПнУ ад г. Добруш. Рэчышча на працягу 20 км каналізаванае.

т. 11, с. 421

НЯЦО́ТНАЯ ФУ́НКЦЫЯ,

функцыя, значэнні якой мяняюць знак пры змене знака аргумента ва ўсёй вобласці вызначэння гэтай функцыі; гл. ў арг. Цотная і няцотная функцыі.

т. 11, с. 422

НЯЦЭ́НКА (Генрыета Арцем’еўна) (н. 5.6.1930, С.-Пецярбург),

бел. вучоны ў галіне педагогікі. Д-р пед. н. (1980), праф. (1985). Скончыла Ленінградскі ун-т (1953). У 1982—95 у Бел. ун-це культуры. Навук. працы па праблемах арг-цыі вольнага часу і культ.-асв. работы, псіхал. асаблівасцей моладзі. З 1996 у С.-Пецярбургу.

Тв.:

Психолого-педагогические вопросы клубной работы. Л., 1976;

Что полезно знать клубному работнику. Л., 1976;

Психолого-педагогические основы использования свободного времени. М., 1979.

Р.​Л.​Ровіна.

т. 11, с. 422

НЯЧА́ЕЎ (Арсен Аляксеевіч) (10.12.1910, в. Блеўчыцы Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 7.4.1989),

Герой Сав. Саюза (1946). Скончыў ваен. школу ў Пухавічах (1939). У Вял. Айч. вайну з 1941 на Волхаўскім, Ленінградскім, 1-м Прыбалт., 2-м і 1-м Бел. франтах, удзельнік прарыву блакады Ленінграда, вызвалення Пскоўскай вобл., баёў у Эстоніі, Латвіі, Усх. Прусіі. Камандзір гаўбічнай батарэі ст. лейтэнант Н. вызначыўся ў 1945 у баях за Берлін. Да 1971 на сав., парт. і гасп. рабоце.

т. 11, с. 422

НЯЧА́ЕЎ (Сяргей Генадзевіч) (2.10.1847, г. Іванава, Расія — 3.12.1882),

удзельнік расійскага рэв. руху. З 1865 у Маскве, займаўся самаадукацыяй. З 1866 у Пецярбургу, выкладаў у Сергіеўскім прыходскім вучылішчы. Удзельнічаў у студэнцкіх хваляваннях 1868—69 у Пецярбургу. Арганізатар тайнага т-ва «Народная расправа» (1869). Аўтар «Катэхізіса рэвалюцыянера» (1869), у якім прапанаваў у імя рэвалюцыі парваць з законамі, прыстойнасцю, мараллю, заглушыць усе чалавечыя пачуцці. Выкарыстоўваў метады містыфікацыі, правакацыі і шантажу. У 1869 у Маскве забіў па падазрэнні ў здрадніцтве студэнта І.​І.​Іванова і ўцёк у Швейцарыю. Разам з М.П.Агаровым выдаваў газ. «Колокол» (крас.—май 1870). У 1870 у Лондане выдаваў час. «Община». У 1872 арыштаваны ў Цюрыху і перададзены швейцарскімі ўладамі Расіі. У 1873 прыгавораны да 20 гадоў катаргі. Памёр у Аляксееўскім равеліне Петрапаўлаўскай крэпасці.

А.А.Нячаеў.

т. 11, с. 422

НЯЧА́ЕЎ (Ягор Яфімавіч) (25.4.1859, с. Харытонава Канакоўскага р-на Цвярской вобл., Расія — 23.11.1925),

рускі паэт. У 1868—1916 працаваў рабочым-шкловыдзімальшчыкам. Адзін з заснавальнікаў «Сурыкаўскага літ.-музычнага гуртка» ў Маскве. Друкаваўся з 1891. Асн. тэма зб-каў вершаў «Працоўныя песні» (1911), «Вячэрнія песні» (1913), «З песень старога рабочага» (1922), «Гута» (1928) — праца рабочых. Апавяданні і аповесці 1920-х г. пра цяжкае мінулае рабочых шклозаводаў. Выступаў як сатырык. Разам з І.​Белавусавым, В.​Брусавым, А.​Карынфскім удзельнічаў у падрыхтоўцы першага на рус. мове зб. вершаў Я.​Купалы «Выбраныя вершы ў перакладах рускіх паэтаў» (1919), для якога пераклаў вершы «Я мужык-беларус», «Касцу», «Мая хатка», «З песень беларускага мужыка» і інш. На рус. мову пераклаў таксама вершы Я.​Коласа.

Тв.:

Избранное. М., 1955;

Вольные песни. М., 1963.

т. 11, с. 422

НЯЧА́Й (Вольга Фёдараўна) (н. 4.3.1936, г. Растоў-на-Доне, Расія),

бел. кіназнавец. Д-р мастацтвазнаўства (1986). Дачка Ф.М.Нячая. Скончыла БДУ (1958). З 1958 у Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору Нац. АН Беларусі, адначасова з 1980 выкладае ў Бел. ун-це культуры. Даследуе гісторыю і тэорыю экраннага мастацтва (кіно і тэлебачання) у сістэме культуры і масавых камунікацый, праблемы кінаадукацыі. Бел. кіно разглядае з пазіцый культ. антрапалогіі [«Біякультурная адаптацыя ў постчарнобыльскі перыяд (на прыкладзе кінамастацтва)», 1998—99]. Адна з аўтараў «Гісторыі беларускага кіно» (1969—70), зб-каў «Кіно Савецкай Беларусі» (1975), «Сучаснае беларускае кіно» (1985), «Панарама беларускага кіно апошніх гадоў», «Беларускае сучаснае мастацтвазнаўства і крытыка» (абодва 1998), «Экран і культура: (Беларускае дакументальнае кіно і культура Беларусі)» (1999).

Тв.:

Экран и мы. Мн., 1971;

Фильм у нас дома. Мн., 1974;

Становление художественного телефильма. Мн., 1976;

Большой мир малого экрана. Мн., 1979;

Телевидение как художественная система. Мн., 1981;

Блеск и нищета «массовой культуры». Мн., 1984;

Основы киноискусства. М., 1989;

Ракурсы: О телевизион. коммуникации и эстетике. М., 1990.

Т.​Я.​Гаробчанка.

т. 11, с. 422

НЯЧА́Й (Даніла) (? — 2.3.1651),

дзеяч нац.-вызв. руху на Украіне, герой вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54. Брацлаўскі палкоўнік (з 1648). Вызначыўся ў бітвах казацка-сял. войска супраць войск Рэчы Паспалітай пад Піляўцамі (1648), Меджыбожам, Зборавам (1649). Адмовіўся прызнаць Збораўскі дагавор 1649 і ў канцы 1649 — пач. 1650 узначаліў нар. паўстанне на Брацлаўшчыне, Валыні і ў Падоліі. Загінуў у баі. Пра яго гераічныя подзвігі ўкр. народ склаў песні і думы.

т. 11, с. 422

НЯЧА́Й (Іван) (? — пасля 1669),

палкоўнік казацкага запарожскага войска на Беларусі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Паходзіў з Мсціслаўскага ваяв. У 1649 у Брацлаўскім палку, якім камандаваў яго брат Д.Нячай. У 1650—54 казацкі прадстаўнік пры двары крымскага хана. У 1655 у войску І.Залатарэнкі, удзельнічаў у аблозе Старога Быхава. Страціўшы надзею на поспех, казакі адышлі на Украіну, пакінуўшы на Беларусі частку войска на чале з Н. 29.1.1656 Хмяльніцкі прызначыў Н. «палкоўнікам беларускім». У 1657 Н. узяў Стары Быхаў. У 1658 ён адкрыта перайшоў на бок Рэчы Паспалітай. У снеж. 1658 пацярпеў паражэнне ад рас. войск каля в. Благовічы Мазырскага пав., 11.3.1659 — каля Мсціслава. Пасля ўзяцця рус. войскамі Старога Быхава (4.12.1659) трапіў у палон і адпраўлены ў Маскву. 6.10.1660 сасланы ў Табольск. Вярнуўшыся са ссылкі, Н. у 1669 неаднаразова ездзіў на Украіну да гетмана Дарашэнкі ў якасці палкоўніка літ. казацкага палка. Далейшы лёс невядомы.

В.​І.​Мялешка.

т. 11, с. 422

НЯЧА́Й (Фёдар Макаравіч) (9.3.1905, в. Дзяражычы Лоеўскага р-на Гомельскай вобл. — 17.12.1990),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1965), праф. (1966). Скончыў пед. ін-т у Растове-на-Доне (1937). Дэкан гіст. ф-та (1941—43), нам. дырэктара (1943—45) Чувашскага пед. ін-та (г. Чэбаксары). З 1945 у БДУ: дэкан гіст. ф-та (1946—53), заг. кафедры гісторыі стараж. свету (1953—55), кафедры гісторыі стараж. свету і сярэдніх вякоў (1961—77), праф. гэтай кафедры (1977—83). Даследаванні па гісторыі Стараж. Рыма.

Тв.:

Рим и италики. Мн., 1963;

Образование римского государства. Мн., 1972.

П.​М.​Бараноўскі.

т. 11, с. 422