НЯСПЫ́ННАЯ РА́ДА,
вышэйшы орган дзярж. улады Рэчы Паспалітай, гл. Пастаянная Рада.
т. 11, с. 420
НЯСУ́ЧАЯ ЧАСТАТА́,
частата гарманічнага вагання, якое мадулюецца (гл. Мадуляцыя ваганняў) з мэтай перадачы інфармацыі. У выніку змены аднаго з параметраў вагання (радзей двух) утвараецца спектр частот, шырыня якога залежыць ад віду мадуляцыі. Напр., пры амплітуднай мадуляцыі ў спектры радыё- ці інш. частот разам з Н.ч. ёсць бакавыя частоты з перададзенай інфармацыяй.
т. 11, с. 420
НЯСУ́ЧЫЯ КАНСТРУ́КЦЫІ,
канструкцыйныя элементы, якія ўспрымаюць асн. нагрузкі будынкаў і збудаванняў і забяспечваюць іх трываласць, жорсткасць, устойлівасць; адна з асн. разнавіднасцей будаўнічых канструкцый.
Падзяляюцца на вертыкальныя, якія ўспрымаюць пераважна сціскальныя намаганні (сцены, слупы, калоны, пілоны) і гарызантальныя, што працуюць пераважна на выгін і расцяжэнне (бэлькі і панэлі перакрыццяў, рыгелі рам, кроквенныя фермы і інш.). У сукупнасці Н.к. будынка (збудавання) утвараюць яго нясучы каркас. Робяцца з бетону, жалезабетону, прыродных і штучных камянёў, цэглы, сталі, дрэва.
т. 11, с. 420
НЯСЯ́ТА,
вёска ў Клічаўскім р-не Магілёўскай вобл., на. р. Нясета. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 11 км на З ад г.п. Клічаў, 102 км ад Магілёва, 4 км ад чыг. ст. Нясета. 766 ж., 295 двароў (2000). Спіртзавод. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Каля вёскі курганны могільнік дрыгавічоў 11—13 ст.
т. 11, с. 420
НЯТКА́НЫХ МАТЭРЫЯ́ЛАЎ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
гл. ў арт. Тэкстыльная прамысловасць.
т. 11, с. 420
НЯТКА́НЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
тэкстыльныя матэрыялы, што вырабляюць з натуральных або хім. валокнаў, нітак ці сінт. плёнак без выкарыстання метадаў ткацтва; адзін з відаў тэкст. прадукцыі. Прамысл. вытв-сць Н.м., пачатая ў 1940-я г., вызначаецца прастатой тэхналогіі. Асн. віды Н.м.: вязальна-прашыўныя, ніткапрашыўныя, іголкапрабіўныя, валюшна-лямцавыя і клееныя.
Атрымліваюць Н.м. змацаваннем мех., фіз.-хім. ці камбінаванымі спосабамі валакністай асновы (напр., валакністае палатно, сістэма нітак), сфармаванай на спец. абсталяванні. Мех. спосабамі (правязванне, іголкапраколванне) на спец. машынах вырабляюць вязальна- і ніткапрашыўныя, іголкапрабіўныя матэрыялы. Валюшна-лямцавыя атрымліваюць з шарсцяных валокнаў (гл. Валянне). Клееныя Н.м. вырабляюць фіз.-хім. спосабамі з выкарыстаннем сувязных (эластамеры, тэрмапластычныя і тэрмарэактыўныя палімеры і інш.) ці спец. апрацоўкай асновы. Выкарыстоўваюць у тэхніцы (фільтравальныя, цепла- і гукаізаляцыйныя палотны, абразіўныя матэрыялы, палотны для паліграфіі і інш.), у быце (напр., вацін, дываны, коўдры, штучнае футра).
Літ.:
Технологии производства нетканых материалов. М., 1982.
т. 11, с. 420
НЯУ́ЙМІНА КАМЕ́ТЫ,
6 камет, адкрытых сав. астраномам Р.М.Няуйміным. Камета 1913 III (Няуйміна 1) — кароткаперыяд. камета сям’і Сатурна (перыяд абарачэння 17,9 года); камета 1914 III з вельмі выцягнутай арбітай; камета 1916 II (Няуйміна 2) — кароткаперыяд. камета сям’і Юпітэра (5,4 года), таксама выяўлена Няуйміным у 1926 (камета 1927 I); камета 1929 III (Няуйміна 3; 10,9 года); камета 1936 IV (8,4 года) і камета 1941 VII (6,3 года) — кароткаперыяд. каметы сям’і Юпітэра. Бляск усіх гэтых камет вельмі невялікі. Гл. Каметы.
т. 11, с. 420
НЯЎВА́ЖНЫ ((Nieuważny) Фларыян) (н. 30.4.1929, г. Жывец Шлёнскага ваяв., Польшча),
польскі літ.-знавец, перакладчык. Канд. філал. н. (1959). Вучыўся ў Кіеўскім ун-це (1949—54). З 1970 заг. кафедры Варшаўскага ун-та. Даследаваў творчасць Ф.Цютчава, А.Чэхава, У.Маякоўскага, І.Эрэнбурга, Р.Скаварады, Т.Шаўчэнкі, Л.Украінкі і інш. усх.-слав. пісьменнікаў і іх сувязі з польскай л-рай. Аўтар артыкулаў пра бел. прозу і паэзію, бел.-польскія літ. сувязі, польск. тэматыку ў бел. паэзіі, пра творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, Я.Брыля, В.Быкава, У.Караткевіча, І.Мележа, М.Танка, І.Шамякіна і інш. На польск. мову пераклаў творы Я.Купалы, М.Танка, П.Панчанкі, Р.Барадуліна, Брыля, Н.Гілевіча, Д.Бічэль-Загнетавай, Г.Бураўкіна, В.Іпатавай, Караткевіча, У.Някляева, А.Кудраўца, А.Разанава, М.Стральцова і інш.
А.Л.Верабей.
т. 11, с. 420