Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

А́ЛЬБРЭХТ БРАНДЭНБУ́РГСКІ

(Albrecht von Brandenburg; 17.5.1490—20.3.1568),

апошні гросмайстар (з 1510) Тэўтонскага ордэна, першы герцаг Прусіі (з 1525). З роду Гогенцолернаў, сын маркграфа Фрыдрыха Брандэнбург-Ансбахскага і Соф’і — дачкі польск. караля і вял. кн. ВКЛ Казіміра IV Ягелончыка. Імкнуўся вызваліць Тэўтонскі ордэн ад васальнай залежнасці ад польск. караля і вял. кн. ВКЛ Жыгімонта І Старога (свайго дзядзькі). У 1519—21 вёў вайну з Польшчай, але пацярпеў паражэнне. Прыхільна ставіўся да ідэй лідэраў Рэфармацыі М.Лютэра і Ф.Меланхтана. Каб правесці Рэфармацыю на землях ордэна, заручыўся падтрымкай польск. караля, 8.4.1525 заключыў у Кракаве дагавор, паводле якога Прусія ператваралася ў васальнае герцагства. Абвясціў секулярызацыю Тэўтонскага ордэна і ўвядзенне ў Прусіі лютэранства. Клапаціўся аб адкрыцці ў гарадах лац. школ, гімназіі і універсітэта (1544, у Кёнігсбергу), дзе набывалі адукацыю многія бел. і літ. пратэстанты. У сувязі са сваімі выдавецкімі планамі ў 1530 (?) запрасіў у Кёнігсберг «выдатнага і многавучонага мужа» Ф.Скарыну. Час праўлення Альбрэхта характарызаваўся няўстойлівай паліт. сітуацыяй у Прусіі.

А.П.Грыцкевіч.

т. 1, с. 274

А́ЛЬБРЭХТ МЯДЗВЕ́ДЗЬ

(Albrecht der Bär; каля 1100—18.11.1170),

першы маркграф Брандэнбурга (з 1157). Вёў беспаспяховую барацьбу за Саксонію, з 1134 пачаў заваяванне слав. плямёнаў гавалян і люцічаў, адзін з кіраўнікоў крыжовага паходу супраць славян 1147. У 1150 захапіў гал. цэнтр гавалян Бранібор (пазней Брандэнбург). Пры гэтым знішчалася мясц. насельніцтва, насаджалася хрысціянства, на захопленыя землі перасяляліся каланісты з Германіі і Нідэрландаў.

т. 1, с. 274

АЛЬБУКЕ́РКЕ

(Albuquerque),

горад на ПдЗ ЗША, штат Нью-Мексіка. Засн. ў 1706. 481 тыс. ж. (з прыгарадамі; 1990). Трансп. вузел. Міжнар. аэрапорт. Гандл.-фін. цэнтр с.-г. і горнапрамысл. (уран, каляровыя металы) раёна. Прадпрыемствы радыёэлектроннай (вытв-сць ЭВМ, сродкаў сувязі, паўправадніковых прылад), авіяц. (выраб вузлоў рухавікоў), атамнай (распрацоўка, вытв-сць і выпрабаванне ядз. зброі) прам-сці. Навук.-даследчы атамны цэнтр. Ун-т. Кліматычны курорт на выш. 1500 м.

т. 1, с. 274

АЛЬБУМІНУРЫ́Я,

гл. Пратэінурыя.

т. 1, с. 274

АЛЬБУМІ́НЫ,

простыя глабулярныя бялкі. Раствараюцца ў вадзе, салявых растворах, разбаўленых к-тах і шчолачах. У растворы сульфату амонію (больш за 50%) высольваюцца. Ёсць у сываратцы крыві (сываратачны альбумін), у малацэ (лактальбумін), яечным бялку (авальбумін), у насенні раслін і інш. Асн. рэзервовыя бялкі арганізма, здольныя забяспечваць звязванне і перанос крывёй вітамінаў, гармонаў (напр., з альбумінамі звязана 75—82% кортыкастэроідаў крыві). Выкарыстоўваюцца ў мед., кандытарскай, тэкст. і інш. прам-сці.

т. 1, с. 274

А́ЛЬБУС

(лац. denarius albus белы дэнарый),

высакапробная сярэбраная манета, якая з 2-й пал. 14 ст. выпускалася ў дзяржавах Ніжняга Рэйна, пазней у інш. ням. дзяржавах. Назва ад колеру металу. Першапачатковая агульная маса 3,9 г, чыстага серабра 3,4 г. Да пашырэння талера была асн. грашовай адзінкаю на тэр. Германіі. У канцы 17 ст. стаў разменнай манетай. На слав. землях, у т. л. на Беларусі, вядомы як «белы пенязь».

т. 1, с. 274

АЛЬБЯДЗІ́НСКІ Пётр Паўлавіч

(1826, Смаленская губ. — 19.5.1883),

расійскі дзярж. дзеяч, генерал ад кавалерыі (1878). Скончыў Пажаскі корпус (1843). Удзельнік баёў з горцамі на Каўказе, Крымскай вайны 1853—56. Займаўся ваенна-дыпламат. дзейнасцю, ажыццяўленнем ваен. рэформаў 1860—70-х г. У 1886—70 ліфляндскі, эстляндскі і курляндскі ген.-губернатар, камандуючы войскамі Рыжскай ваен. акругі. У 1874—80 віленскі, ковенскі і гродзенскі ген.-губернатар, камандуючы войскамі Віленскай ваен. акругі. Разглядаў мясц. памешчыкаў як сац. апору самадзяржаўя, дазволіў выданне і распаўсюджванне кніг на польск. мове, аслабіў ганенні на каталіцкую царкву ў краі. З 1880 варшаўскі ген.-губернатар, камандуючы войскамі Варшаўскай ваен. акругі. З 1881 чл. Дзярж. савета Расіі.

т. 1, с. 274

АЛЬБЯРЦІ́Н,

былая сядзіба, потым фабрычны пасёлак у Слонімскім р-не, з 19.1.1965 у межах г. Слонім. Узнік у 1-й пал. 19 ст. як сядзіба маршалка слонімскага В.Пуслоўскага, куды ўваходзілі палац з гасп. будынкамі і пейзажны парк (гл. Слонімская сядзіба «Альбярцін»). Калі ў 19 ст. побач з сядзібай узніклі прамысл. прадпрыемствы (Альбярцінская дывановая мануфактура, Альбярцінская лесапільна-сталярная фабрыка, Альбярцінская суконная фабрыка, Альбярцінская шоўкакруцільная фабрыка, Альбярцінскі чыгуналіцейны завод, Альбярцінскі электралямпавы завод і інш.), ператварыўся ў фабрычны пасёлак. У 1897 — 518 ж. У 1927 тут заснавана кардонная ф-ка «Альбярцін», з 1990 — нар. прадпрыемства «Альбярцін».

т. 1, с. 275

АЛЬБЯРЦІ́НСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, на ўсх. ускраіне г. Слонім, у бас. р. Іса. Пл. 0,5 км². Даўж. 0,75 км, найб. глыб. 8 м. Пл. вадазбору 1,2 км². Праз возера цячэ р. Іса.

т. 1, с. 275

АЛЬБЯРЦІ́НСКАЯ ДЫВАНО́ВАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала на Беларусі ў 1832—50 у Альбярціне. Вырабляла 1,5 тыс. аршынаў (1065 м) дывановых вырабаў за год. У 1847—50 працавалі 70 рабочых.

т. 1, с. 275