Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

Дэ Дзюў Крысціян Рэнэ

т. 6, с. 325

Дэ Кастэр Шарль

т. 6, с. 337

Дэ Кірыка Джорджа

т. 6, с. 337

ДЭ СА́НТЫС ((De Santis) Джузепе) (н. 11.2.1917, г. Фонды, Італія),

італьянскі кінарэжысёр. Скончыў Рымскі ун-т (1939), вучыўся ў Рымскім кінацэнтры. У яго творчасці неарэалістычныя тэндэнцыі сац. драм «Трагічнае паляванне» (1947), «Горкі рыс» (1949), «Няма міру пад алівамі» (1950) па-мастацку пераканаўча раскрыліся ў фільме «Рым, 11 гадзін» (1952). Сярод інш. фільмаў: «Дайце мужа Ганне Дзакеа» (1953, у пракаце «Страчаныя мроі»), «Яны ішлі на Усход» (1964, сав.-італьян.), «Цэнны спецыяліст з забяспечанай будучыняй» (1972). У лепшых фільмах страснасць, рамантычная прыўзнятасць спалучаюцца з каларытнымі замалёўкамі нар. жыцця.

т. 6, с. 357

ДЭ СІ́КА ((De Sica) Віторыо) (7.7.1902, г. Copa, Італія — 13.11.1974),

італьянскі кінаакцёр, рэжысёр. Адзін з заснавальнікаў неарэалізму. З 1931 як акцёр здымаўся ў кінакамедыях: «Што за падлюгі гэтыя мужчыны», «Дам мільён», «Пан Макс». Драм. талент выявіўся ў фільме «Генерал Дэла Раверэ». З 1940 выступаў як рэжысёр. Фільмы вылучаюцца высокім майстэрствам, тонкім маст. густам, бездакорнымі акцёрскімі ансамблямі: «Шуша» (1946), «Выкрадальнікі веласіпедаў» (1948, прэмія «Оскар» 1949), «Умберта Д.» і «Цуд у Мілане» (абодва 1951), «Дах» (1956), «Учора, сёння, заўтра» (1963, прэмія «Оскар» 1964), «Шлюб па-італьянску» (1964), «Сланечнікі» (1969, сав.-італьян.), «Сад Фінці-Канціні» (1970, прэмія «Оскар» 1971) і інш. Яго творчасці аднолькава блізкія псіхалагічная глыбіня і высокі драматызм, вострая сатыра і лёгкая, вытанчаная камедыйнасць.

т. 6, с. 358

ДЭ ФІЛІ́ПА (De Filippo; сапр. Пасарэлі; Passarelli) Эдуарда

(24.5.1900, г. Неапаль, Італія — 1.11.1984),

італьянскі драматург, акцёр, рэжысёр т-ра і кіно. З сям’і акцёраў, дэбютаваў на сцэне ў 11 гадоў. У 1931—73 кіраўнік і акцёр створанай ім у Неапалі трупы «Камічны т-р Дэ Філіпа». Аўтар п’ес «Філумена Мартурана» (1946; у 1964 паводле яе В.Дэ Сіка зняў фільм «Шлюб па-італьянску»), «Мана на доўгіх нагах» (1948), «Мая сям’я» (1955), «Субота, нядзеля, панядзелак» (1960), «Мэр раёна Саніта» (1961) і інш. У кіно з 1932 выступаў як акцёр (у камедыях, пастаўленых па сваіх сцэнарыях), з 1939 — як рэжысёр. Экранізаваў свае п’есы. Сярод акцёрскіх работ — ролі ў фільмах «Травіята 1953 года», «Дзяўчаты з плошчы Іспаніі», «Золата Неапаля». Лепшы яго фільм «Неапаль — мільянер» (у пракаце «Неапаль — горад мільянераў»). У творчасці спалучаў традыцыі неапалітанскага дыялектальнага т-ра, які ўзыходзіць да камедыі дэль артэ, з прынцыпамі неарэалізму.

т. 6, с. 364

ДЭ ФРЫЗ, Дэ Фрыс (De Vries) Туга (16.2.1848, г. Харлем, Нідэрланды — 21.5.1935), галандскі батанік; адзін з заснавальнікаў вучэння пра зменлівасць і эвалюцыю. Замежны ганаровы чл. АН СССР (1932). Скончыў ун-т у г. Лейдэн (1870). У 1878—1918 праф. Амстэрдамскага ун-та і дырэктар бат. сада. Навук. працы па распрацоўцы мутацыйнай тэорыі. Прапанаваў тэрмін «мутацыя», ажыццявіў эксперым. вывучэнне эвалюцыйнага працэсу. Распрацаваў метад вызначэння асматычнага ціску ў раслін і вучэнне пра ізатанічныя каэфіцыенты (1877). Паўторна, незалежна ад ням. батаніка К.Э.Корэнса і аўстр. генетыка Э.Чэрмак-Зайзанега адкрыў законы Мендэля (1990).

Тв.:

Рус. пер.Избр. произв. М., 1932.

т. 6, с. 365

Д’Я́БАЛ (грэч. diabolos літар. паклёпнік),

у рэлігійным уяўленні злы дух, князь цемры, увасабленне злога пачатку на зямлі. Д. — вобраз сінтэтычны, сфарміраваўся ў старажытнасці, мае сац. і гнасеалагічныя карані. Яго гіст. крыніцай з’яўляюцца стараж.-ўсх. рэлігіі. Уяўленні славян аб Д. звязаны з міфалагічнымі канцэпцыямі аб чорце, злых духах, ведзьмаках. Уяўляецца ў выглядзе змея, дракона, страшэннай істоты, пакрытай доўгай поўсцю, з рагамі і капытамі. У зямным жыцці ён натхняльнік усіх нячыстых сіл, у замагільным — уладар пекла. У хрысціянстве ён — вельзевул, люцыпар, анёл, які з-за пыхі і зайздрасці нібыта выгнаны Богам з неба. Менавіта ён у асобе змея-спакусніка з’явіўся першапрычынай грэхападзення чалавека. Аналагічныя вобразы ёсць у інш. міфалогіях (у мусульманскай — шайтан, будысцкай — мара). Вобраз Д. выкарыстоўваецца ў фальклоры, нар. творчасці.

Т.І.Адула.

т. 6, с. 367

Е,

шостая літара бел. і некаторых інш. слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай є («есть»), утворанай на аснове візант. ε («эпсілон»). У старабел. пісьменстве мела варыянты , є, ε (дапамагаюць палеографам вызначыць, калі напісаны помнік) і лічбавае значэнне 5. У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае нелабіялізаваны галосны «э» пярэдняга раду сярэдняга пад’ёму і мяккасць папярэдняга зычнага («глеба — гл’эба»), а ў пач. слова, пасля галосных, «ў», «ь» і апострафа — 2 гукі («й» і «э»): «ежа» («йэжа»), «свае» («свайэ»), «саўе» («саўйэ»), «лье» («л’йэ»), «аб’езд» («аб’йэзд»).

А.М.Булыка.

т. 6, с. 368

Е́ВА (стараж.-яўр. Хава крыніца жыцця),

паводле Бібліі і Карана, жонка Адама. створаная Богам з адамавага рабра; першая жанчына на свеце і прамаці ўсіх людзей. Паводле падання, Е. першая парушыла боскае прадпісанне: паспытала ў Эдэме (раі) сама і ўгаварыла Адама паспытаць «забаронены плод з дрэва пазнання дабра і зла». За гэта яны былі пазбаўлены бессмяротнасці і выгнаны з раю. У хрысціянстве гэта паданне тлумачыцца як грэхападзенне або першародны грэх.

т. 6, с. 368