Д’Я́БАЛ (грэч. diabolos літар. паклёпнік),

у рэлігійным уяўленні злы дух, князь цемры, увасабленне злога пачатку на зямлі. Д. — вобраз сінтэтычны, сфарміраваўся ў старажытнасці, мае сац. і гнасеалагічныя карані. Яго гіст. крыніцай з’яўляюцца стараж.-ўсх. рэлігіі. Уяўленні славян аб Д. звязаны з міфалагічнымі канцэпцыямі аб чорце, злых духах, ведзьмаках. Уяўляецца ў выглядзе змея, дракона, страшэннай істоты, пакрытай доўгай поўсцю, з рагамі і капытамі. У зямным жыцці ён натхняльнік усіх нячыстых сіл, у замагільным — уладар пекла. У хрысціянстве ён — вельзевул, люцыпар, анёл, які з-за пыхі і зайздрасці нібыта выгнаны Богам з неба. Менавіта ён у асобе змея-спакусніка з’явіўся першапрычынай грэхападзення чалавека. Аналагічныя вобразы ёсць у інш. міфалогіях (у мусульманскай — шайтан, будысцкай — мара). Вобраз Д. выкарыстоўваецца ў фальклоры, нар. творчасці.

Т.І.Адула.

т. 6, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)