Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДЭРЭ́Н ((Derain) Андрэ) (10.6.1880, Шату, каля Парыжа — 8.9.1954),

французскі мастак. Вучыўся ў Э.Кар’ера (1898—99) і ў акадэміі Жуліяна (1904) у Парыжы. У 1900—07 пісаў пейзажы ў духу фавізму і тэхніцы, блізкай да А.Матыса («Тэмза каля Лонданскага моста», 1900). Каля 1908 стыль Д. змяніўся пад уплывам П.Сезана і ранняга кубізму («Купальшчыцы», 1908, «Від Кадака», 1910). Музейная культура, да якой меў схільнасць Д., абумоўлівала ў яго творах рысы эклектызму і іх падабенства да Г.Курбэ і А.Рэнуара (выявы аголеных), К.Каро і мастакоў барбізонскай школы (пейзажы), Ж.А.Энгра, візант., ісп., венецыянскага жывапісу (партрэты). Рабіў тэатр. дэкарацыі і касцюмы, што ўплывала і на яго жывапісныя работы («П’еро і Арлекін», 1924). Аўтар ілюстрацый у тэхніцы дрэварыту да твораў Г.Апалінэра, А.Брэтона і інш.

Літ.:

Калитина Н.Н. А.Дерен. М., 1976.

А.Дэрэн. Тэмза каля Лонданскага моста. 1900.

т. 6, с. 357

ДЭСАЛІ́Н ((Dessalines) Жан Жак) (20.9.1758, Гана — 17.10.1806),

дзеяч нац.-вызв. руху на в-ве Гаіці. Пажыццёвы ген.-губернатар (з 1804). Негр, да 1790 раб (узяў прозвішча свайго б. ўладальніка). Удзельнік нац.-вызв. паўстання пад кіраўніцтвам Ф.Д.Тусэн-Луверцюра, пасля паланення якога французамі (1802) на чале арміі паўстанцаў (з мая 1803) дамогся вызвалення в-ва ад франц. каланізатараў (канец 1803). З кастр. 1804 імператар Гаіці (правіў як Жак I). Цяжкае эканам. становішча краіны (у т. л. з-за блакады вострава Францыяй, а з 1806 і ЗША), агр. палітыка (перадача дзярж. зямель пераважна ва ўладанне неграм) і жорсткія метады праўлення Д. выклікалі ў кастр. 1806 паўстанне землеўладальнікаў-мулатаў, у час якога Д. загінуў.

т. 6, с. 357

ДЭСА́НТ (франц. descente літар. спуск, высадка),

войскі, спецыяльна падрыхтаваныя для высадкі (выкідання) на тэрыторыю праціўніка або высаджаныя (выкінутыя) на ёй з мэтай вядзення баявых дзеянняў. У залежнасці ад характару пастаўленых задач, глыбіні высадкі і колькаснага складу войск Д. бываюць аператыўна-стратэгічныя, аператыўныя, аператыўна-тактычныя, тактычныя, спец. прызначэння і дэманстратыўныя; паводле сродкаў і спосабаў перакідкі войск — марскія, паветраныя і камбінаваныя. Вылучаюць таксама Д. карабельныя і танкавыя.

Паветраныя Д. бываюць парашутныя (паветрана-дэсантныя войскі і тэхніка выкідваюцца з ваенна-транспартных самалётаў на парашутах), пасадачныя (высаджваюцца з самалётаў, верталётаў і планёраў, якія прызямляюцца ў тыле праціўніка) і камбінаваныя. Марскія Д. перавозяцца на спец. дэсантных караблях і трансп. суднах, высаджваюцца на бераг, на захопленыя прычалы або з дапамогай дэсантна-высадкавых сродкаў і верталётаў. Першымі звычайна высаджваюцца часці марской пяхоты.

Ф.Р.Каламоец.

т. 6, с. 357

ДЭ́САЎ ((Dessau) Паўль) (19.12.1894, г. Гамбург, Германія — 28.6.1979),

нямецкі кампазітар, дырыжор, скрыпач. Чл. Ням. акадэміі мастацтваў (1950), у 1957—62 яе віцэ-прэзідэнт. З 11 гадоў выступаў як скрыпач-віртуоз. У 1910—12 вучыўся ў кансерваторыі Кліндварта—Шарвенкі (Берлін). З 1912 канцэртмайстар і дырыжор оперных і драм. т-раў у многіх гарадах Германіі. У 1933 эмігрыраваў у Парыж, з 1939 у ЗША. З 1948 у ГДР. Супрацоўнічаў з У.Дыснеем, т-рам Б.Брэхта, пісаў музыку да яго оперных і драм. спектакляў. У сваіх творах новыя сродкі муз. мовы спалучаў з дакладнай жанравай, структурнай і інтанацыйнай вызначанасцю тэматызму, абумоўленай традыцыямі быт. музыкі. Нац. прэмія ГДР 1953, 1956, 1965, 1974.

Тв.:

Оперы (паст. ў Берліне) — «Асуджэнне Лукула» (1951), «Пунціла» (1966), «Ланцэлот» (паводле Я.Шварца, 1969), «Эйнштэйн» (1974), «Леонс і Лена» (1979) і інш.;

для хору і галасоў з арк. — араторыі «Хагада» (1936), «Нямецкае Мізэрэрэ» (1947);

кантаты;

для аркестра — 2 сімфоніі (1926, 1962), Варыяцыі на тэму І.С.Баха (1964), Дывертысмент для камернага арк. (1964), «Аркестравая музыка» № 1—4 (1955—73);

«Памяці Брэхта» (1957);

камерна-інстр. ансамблі;

музыка да спектакляў драм. т-ра і кінафільмаў;

песні, хары, фп. п’есы і інш.

Літ.:

Хенненберг Ф. Пауль Дессау: Пер. с нем. М., 1979.

т. 6, с. 357

ДЭСЕЛЕРО́МЕТР (ад дэ... + лац. celero паскараю + ...метр),

прылада для вымярэння запавольвання руху машын і інш. трансп. сродкаў. Дзеянне заснавана на вызначэнні сіл інерцыі маятніка, па адхіленні якога вызначаюць запавольванне (тармазную сілу). Бываюць маятнікавыя, гідраўлічныя і электронныя, індыкатарныя і самазапісвальныя. Маятнікавыя Д. (з маятнікам, падвешаным на восі ў празрыстым корпусе) прымацоўваюцца прысоскамі да ветравога шкла або пярэдняй панэлі аўтамабіля.

т. 6, с. 357

ДЭСЕНСІБІЛІЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + сенсібілізацыя),

пазбаўленне ад празмернай адчувальнасці (гіперадчувальнасці), змененай рэактыўнасці ў адказ на ўздзеянне «чужога» антыгену (алергена). Дазваляе адысці ад сенсібілізацыі — імуннай рэакцыі, якая пры паўторных сустрэчах з алергенам суправаджаецца пашкоджаннем або праяўленнем хваробы. Павышаная адчувальнасць да антыгену можа быць неадкладнай, ажыццяўляцца праз 1—30 мін з дапамогай спецыфічных антыцел або запаволенай (праз 24—48 і больш гадз) з дапамогай вызначаных клетак імунітэту. Д. значна зніжае рэагаванне ў адказ на ўздзеянне антыгену. Стан Д. набываецца праз мэтанакіраваныя ўздзеянні алергенам на арганізм з павышанай адчувальнасцю. Гіпасенсібілізуючая тэрапія ажыццяўляецца ўрачом алерголагам пры ўвядзенні ў арганізм пацярпелага малых доз алергена, канцэнтрацыю якога з кожным днём павялічваюць, што садзейнічае выпрацоўцы інш. імуннага адказу, з’яўленню «блакіруючых антыцел», якія блакіруюць антыген і не дазваляюць яму выклікаць алергічную рэакцыю. Д. пры алергічных рэакцыях запаволенага (клетачнага) тыпу дасягаецца зняццем прычыны, якая іх правакуе. Дасягнуць Д. ўдаецца рознымі спосабамі, якія забяспечваюць зніжэнне гіперрэактыўнасці ў адказ на ўздзеянне антыгену (алергена).

М.А.Скеп’ян.

т. 6, с. 358

ДЭСЕ́РТ (франц. dessert),

садавіна, салодкія стравы (кампот, марожанае і інш.), якія падаюцца ў канцы абеду.

т. 6, с. 358

ДЭСІКА́НТЫ,

хімічныя рэчывы, якія выклікаюць высушванне раслін. Выкарыстоўваюць у выглядзе водных раствораў і эмульсій для дэсікацыі (перадуборачнае высушванне с.-г. раслін), што паскарае паспяванне насення, пладоў, памяншае іх вільготнасць і аблягчае механізаваную ўборку ўраджаю. У якасці Д. звычайна выкарыстоўваюць: рэглон на насенных пасевах морквы, капусты, буракоў, бульбы; раўндап на насенных пасевах гароху, канюшыны, ільну-даўгунцу; хларат магнію Mg(ClO3)2 × 6H2O, хларат-хларыд кальцыю [Ca(ClO3)2 у сумесі з CaCl2] на пасевах бавоўніку, пшаніцы, бульбы, цукр. буракоў і інш.

В.П.Дзеева.

т. 6, с. 358

ДЭСІКА́ЦЫЯ (ад лац. desicco высушваю),

перадуборачнае падсушванне раслін для паскарэння выспявання і аблягчэння ўборкі ўраджаю. Для Д. выкарыстоўваюць хім. рэчывы — дэсіканты, якія разбураюць калоіды пратаплазмы, што рэзка зніжае здольнасць клетак утрымліваць ваду, памяншае колькасць звязанай вады ў расліне і ўзмацняе выпарэнне. Выкарыстоўваюць на пасевах бавоўніку, канапель, сланечніку, рысу, пшаніцы, бульбы, насеннікаў цукр. буракоў і інш.; эфектыўная ў вільготнае надвор’е.

т. 6, с. 358

ДЭСКВАМА́ЦЫЯ (ад лац. desquamo выдаляю луску),

лушчэнне, адслойванне горных парод у выглядзе тонкай акругла-выпуклай лускі (1—2 см). Адбываецца на скалістай паверхні пад уплывам рэзкага вагання т-расн. сутачных). Характэрна ў пустынях і высакагорных раёнах, дзе больш інтэнсіўныя працэсы фізічнага выветрывання.

т. 6, с. 358