ДЭСЕНСІБІЛІЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + сенсібілізацыя),

пазбаўленне ад празмернай адчувальнасці (гіперадчувальнасці), змененай рэактыўнасці ў адказ на ўздзеянне «чужога» антыгену (алергена). Дазваляе адысці ад сенсібілізацыі — імуннай рэакцыі, якая пры паўторных сустрэчах з алергенам суправаджаецца пашкоджаннем або праяўленнем хваробы. Павышаная адчувальнасць да антыгену можа быць неадкладнай, ажыццяўляцца праз 1—30 мін з дапамогай спецыфічных антыцел або запаволенай (праз 24—48 і больш гадз) з дапамогай вызначаных клетак імунітэту. Д. значна зніжае рэагаванне ў адказ на ўздзеянне антыгену. Стан Д. набываецца праз мэтанакіраваныя ўздзеянні алергенам на арганізм з павышанай адчувальнасцю. Гіпасенсібілізуючая тэрапія ажыццяўляецца ўрачом алерголагам пры ўвядзенні ў арганізм пацярпелага малых доз алергена, канцэнтрацыю якога з кожным днём павялічваюць, што садзейнічае выпрацоўцы інш. імуннага адказу, з’яўленню «блакіруючых антыцел», якія блакіруюць антыген і не дазваляюць яму выклікаць алергічную рэакцыю. Д. пры алергічных рэакцыях запаволенага (клетачнага) тыпу дасягаецца зняццем прычыны, якая іх правакуе. Дасягнуць Д. ўдаецца рознымі спосабамі, якія забяспечваюць зніжэнне гіперрэактыўнасці ў адказ на ўздзеянне антыгену (алергена).

М.А.Скеп’ян.

т. 6, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)