Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

НЯСВІ́ЖСКАЯ ЗА́МКАВАЯ ВЕ́ЖА,

помнік архітэктуры 2-й пал. 16 ст. ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Уваходзіць у комплекс Нясвіжскага касцёла езуітаў. Першапачаткова складалася з нізкай шатровай брамы (злучала горад з замкам; не захавалася) і высокай абарончай вежы. Вежа — квадратнае ў плане збудаванне, завершанае шатровым дахам. Глухі ніжні ярус з контрфорсамі вырашаны як масіўны цокаль. 2-і ярус аформлены прамавугольнымі, круглымі і квадратнымі аконнымі праёмамі, 3-і і 4-ы — арачнымі. Белыя атынкаваныя абрамленні праёмаў і між’ярусныя паяскі кантрастуюць з чырв. цаглянай муроўкай сцен, што стварае дэкар. 2-колерную гаму фасадаў. У архітэктуры вежы алюстраваны рысы бел. абарончага дойлідства, стыляў готыкі і рэнесансу.

М.​А.​Ткачоў.

т. 11, с. 415

НЯСВІ́ЖСКАЯ КАПЭ́ЛА РАДЗІВІ́ЛАЎ,

прыдворны аркестр кн. Радзівілаў у г. Нясвіж Мінскай вобл. ў 1724—1809. Засн. кн. М.​К.​Радзівілам. Іграла ў час баляў, свят, ваен. парадаў, касцельных службаў, з 1746 і тэатр. паказаў. Выступала таксама ў загарадным палацы ў Альбе, суправаджала радзівілаўскія выезды ў вотчыны Белае, Мір, Жоўква, Алыка. Да 1746 мела камерны характар і складалася з замежных музыкантаў (італьянцаў, немцаў, чэхаў), пазней яе склад павялічыўся (пераважалі палякі, беларусы, літоўцы). У 1751 пры ёй адкрыта Нясвіжская музычная школа. У 1733—80 сярод найб. вядомых музыкантаў капэлы Мацей з Карэліч (скрыпка), Ф.​Яжомбек, Я.​Баэрт, Я.​Б.​Сухенгаўз (клавіцымбалы), Кёнітцэр (флейта), Я.​К.​Фішэр (габой), Нойверг (арфа), Ф.​Гофман (фагот), Вентцэль (валторна), Ю.​Кагут (лютня) і інш. Капельмайстры: скрыпачы Е.​А.​Бакановіч (з 1749), Ян Ценціловіч (з 1751), дырыжоры Ф.​Вітман (з 1756), Я.​Шоль (і клавесін, з 1761), Д.​Кёрнер (з 1770). У 1780 К.​С.​Радзівіл запрасіў вядомых музыкантаў Дж.​Альберціні (клавесін, капельмайстар у 1783—84), Дж.​Канстанціні (скрыпка), І.​Фляйшмана (віяланчэль), Я.​Дусіка (фп.), Я.Д.Голанда (клавесін, капельмайстар у 1782—1802), спевакоў В.​Нікаліні, А.​Калаўзека, А.​Данезі, спявачак К.​Вертэр, Герман. Апошні капельмайстар мясц. валтарніст А.​Александровіч (1804—08).

Літ.:

Гісторыя беларускага тэатра. Т. 1. Беларускі тэатр ад вытокаў да Кастрычніка 1917 г. Мн., 1983. С. 182—183, 189;

Музыкальный театр Белоруссии: Дооктябрьский период. Мн., 1990. С. 174—177.

т. 11, с. 415

НЯСВІ́ЖСКАЯ МАНУФАКТУ́РА ШАЎКО́ВЫХ ПАЯСО́Ў.

Дзейнічала ў г. Нясвіж Мінскай губ. ў 1-й пал. 18 ст. Працавала больш за 50 прыгонных.

Прадукцыя не вытрымала канкурэнцыі са слуцкімі паясамі і была закрыта.

т. 11, с. 415

НЯСВІ́ЖСКАЯ МУЗЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА (Існавала ў 1751—1809) (?) пры Нясвіжскай капэле Радзівілаў. Рыхтавала выканаўцаў-інструменталістаў і вакалістаў для капэлы і Нясвіжскага тэатра Радзівілаў. Вучыліся дзеці сялян з Нясвіжа і навакольных вёсак. Ігры на скрыпцы, віяланчэлі, флейце, габоі, фагоце, валторне, трубе, а таксама вакалу навучалі лепшыя музыканты і спевакі капэлы: Ф.​Вітман (да 1780-х г.),

Я.Д.Голанд, Я.​Дусік, Дж.Альберціні, І.​Фляйшман, Дж.​Канстанціні, В.​Нікаліні (усе 1780-я г.) і інш. Верагодна, у школе атрымалі пач. муз. адукацыю прыгонныя скрыпачы Мацей з Карэліч і Я.Ценціловіч.

В.​П.​Пракапцова.

т. 11, с. 415

НЯСВІ́ЖСКАЯ НАСТА́ЎНІЦКАЯ СЕМІНА́РЫЯ,

навучальная ўстанова, якая рыхтавала настаўнікаў пач. школ. Створана ў 1875 у Нясвіжы замест закрытага дамініканскага кляштара па ініцыятыве міністра асветы Расіі графа Дз.​А.​Талстога і папячыцеля Віленскай навуч. акругі М.​А.​Сергіеўскага як «асветны і адукацыйны фарпост, які будзе служыць адпорам польскаму каталіцызму». У розны час у Н.н.с. выкладалі К.​Ф.​Шчансновіч, С.​А.​Кулагін, І.​Ф.​Нікалаеўскі, П.Р.Бывалькевіч, Л.​К.​Лычкоўскі, Ф.​В.​Лукашэвіч, С.​А.​Гурыновіч, Ф.А.Кудрынскі, ксёндз В.Гадлеўскі і інш. Тэрмін навучання 3—5 гадоў. Фінансавалася з дзярж. бюджэту. Мела фіз. і прыродазнаўчы кабінеты, хім. лабараторыю, актавую залу, клас для заняткаў ручной працай, інтэрнат для навучэнцаў. Пры семінарыі дзейнічала ўзорнае пач. вучылішча, метэаралаг. станцыя (з 1900), музей (з 1910). У 1914 у фундаментальнай б-цы 3630 тамоў, у вучнёўскай — 1710. У жн. 1915 семінарыя эвакуіравана ў г. Вязьма Смаленскай губ. У час бежанства на вучобу прымаліся пераважна выхадцы з Беларусі. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Н.н.с. дазвалялася прымаць асоб неправасл. веравызнання і жан. полу; створаны бел. вучнёўскі культ.-асв. гурток «Прасвета». Летам 1917 семінарыя рээвакуіравана ў Нясвіж. У час польскай акупацыі 1919 падпарадкоўвалася Беларускай школьнай радзе Меншчыны. У розны час у семінарыі вучыліся А.Галіна, А.Багдановіч, П.Дземідовіч, К.​Міцкевіч (Я.Колас), В.​Камлюк, А.​Сташэўскі, В.​Сташэўскі, М.​Раманоўскі (К.Чорны) і інш. Закрыта ў снеж. 1919.

У.​В.​Ляхоўскі.

т. 11, с. 415

НЯСВІ́ЖСКАЯ РА́ТУША І ГАНДЛЁВЫЯ РАДЫ́,

помнікі архітэктуры 16 ст. ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Ратуша ўзведзена каля 1596 з цэглы на б. Рыначнай пл. Перабудавана ў 1752 у стылі позняга барока. Прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак з 6-яруснай вежай (4 ніжнія чацверыкі, 2 верхнія васьмерыкі), завершанай гранёным купалам з ліхтаром. У 1836 пажарам знішчана завяршэнне вежы. У сярэдзіне 19 ст. чацверыкі накрыты пакатым шатровым дахам; асн. аб’ём — высокім кроквенным дахам з вальмай на паўд. тарцы. У 1990-я г. адноўлена ў першапач. выглядзе паводле праектнага плана канца 16 ст. і гравюры Т.​Макоўскага 17 ст. Фасады амаль пазбаўлены дэкору. Узроўні ярусаў вежы і памяшканняў ратушы не супадаюць і злучаны драўлянымі ўсходамі. Гандлёвыя рады спачатку размяшчаліся сіметрычна абапал ратушы па даўжыні будынка. Паміж імі былі нешырокія праезды з арачнымі брамамі на тарцах. Ячэйкі-крамы былі адкрыты праёмамі ў бок праездаў; частка гандл. памяшканняў знаходзілася ў 1-м ярусе ратушы. У сярэдзіне 18 ст. гандл. рады перабудаваны: прадоўжаны за будынак ратушы, абкружылі яе з трох бакоў, утвараючы П-падобны ўнутр. замкнёны дворык; ячэйкі-крамы пераарыентаваны праёмамі да плошчы і прылеглых вуліц. Невысокія падоўжаныя карпусы гандл. радоў накрыты 1-схільнымі дахамі (са схілам у бок унутр. двара). Вулічныя фасады вырашаны ў выглядзе аркады, завершаны высокім атыкам. У дэкоры выкарыстаны прафіляваныя карнізы, абрамленні праёмаў, філянговыя нішы.

Т.​В.​Габрусь.

Нясвіжская ратуша і гандлёвыя рады.

т. 11, с. 415

НЯСВІ́ЖСКАЯ СЛУ́ЦКАЯ БРА́МА,

помнік архітэктуры барока ў г. Нясвіж Мінскай вобл. Пабудавана ў 1690 на месцы брамы 16 ст., перабудавана ці адноўлена ў 1700 (паводле інш. звестак у 1760) на дарозе-дамбе ўздоўж возера, якая вяла ў горад з боку Слуцкага тракту. Мураваны 2-ярусны прамавугольны ў плане аб’ём з вял. арачным праездам унутры (даўж. 10,3 м), сцены ўмацаваны контрфорсамі, накрыты 2-схільным чарапічным дахам. Падоўжаныя фасады завершаны пластычнымі франтонамі з крывалінейным абрысам. На 1-м ярусе знаходзіліся памяшканні для варты, на 2-м — капліца, раскрытая праз вял. праём з балконам у бок горада. У 1970-я г. брама рэстаўрыравана.

Т.​І.​Чарняўская.

Нясвіжская Слуцкая брама.

т. 11, с. 415

НЯСВІ́ЖСКАЯ СУКО́ННАЯ МАНУФАКТУ́РА.

Дзейнічала ў г. Нясвіж Мінскай губ. ў 1753—1867. У розны час вырабляла дываны, сукны, капелюшы і інш. Размяшчалася ў 5 драўляных будынках. Мела 6 катлоў, 5 стрыгальных машын, 160 калаўротаў, 6 ткацкіх станкоў (у 1756—25 станкоў). Дзейнічалі фарбавальня, стрыгальня, сукнавальня, склад, капялюшная майстэрня (з 1765). Працавала да 152 (1765) чалавек.

т. 11, с. 416

НЯСВІ́ЖСКІЯ ПАЯСЫ́,

вырабы ручнога шаўкаткацтва на Беларусі ў сярэдзіне 18 ст. У пач. 1740-х г. уладальнік Нясвіжскай ардынацыі М.​К.​Радзівіл заснаваў у Альбе пад Нясвіжам мануфактуру па вырабе шаўковых паясоў (персіярню). Кіравалі вытв-сцю майстры Хаецкі і Гадоўскі, з 1757 — Я.Маджарскі, запрошаны з г. Станіслава (Івана-Франкоўск, Украіна). Паясы ткалі з шаўковых, залатых і сярэбраных нітак, мелі даўжыню 2—4,5 м, шыр. 20—40 см. Некат. паясы цалкам затыкаліся залатымі ніткамі і потым пракатваліся паміж цяжкімі валамі, набываючы выгляд металічных, што дало ім назву «літых». Дэкор складаўся з папярочных гладкіх ці ўзорыстых палос, якія ўключалі пераважна ўсх. матывы. Н.п. не мелі спец. метак, а падабенства да слуцкіх паясоў робіць цяжкім іх вызначэнне, таму звычайна іх адносяць да апошніх. У пач. 1760-х г. нясвіжская персіярня пераведзена ў Слуцк.

Літ.:

Карпачоў Я.М. Узнікненне і развіццё Слуцкай вотчыннай мануфактуры шаўковых паясоў // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1982. № 3.

Я.​М.​Сахута.

т. 11, с. 420

НЯСВІ́ЖСКІ ГІСТО́РЫКА-КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Адкрыты ў 1995 у г. Нясвіж Мінскай вобл. Пл. экспазіцыі 256 м², каля 4,2 тыс. адзінак асн. фонду, 7 залаў, з іх 2 выставачныя (2000). Сярод экспанатаў археал. знаходкі (кафля, шкляныя вырабы, дахоўка 16—18 ст.), соліды ВКЛ і Рэчы Паспалітай, напольны гадзіннік і фартэпіяна з замка Радзівілаў, сярэбраны кубак пач. 18 ст. з выявай Багуслава Радзівіла, бібліі 1 малітоўнікі 19 ст., карціны і асабістыя рэчы бел. мастака М.​К.​Сеўрука. У экспазіцыі нац. адзенне, вышываныя ручнікі, вырабы з саломкі і лазы, бандарныя вырабы 19 — пач. 20 ст. Музей праводзіць выстаўкі карцін бел. мастакоў, у т. л. мясцовых, вырабаў дэкар.-прыкладнога мастацтва, калекцый інш. музеяў. У дні фестываляў камернай музыкі ў ім адбываюцца навук.-практычныя канферэнцыі, прысвечаныя муз. і пісьмовай спадчыне Нясвіжчыны. З 1966 працуе аддзел музей-кватэра Сеўрука.

В.​У.​Шкрабіна.

т. 11, с. 416