ДЭКРЭМЕ́НТ ЗАТУХА́ННЯ лагарыфмічны, натуральны лагарыфм адносін амплітуд ваганняў, узятых адпаведна праз прамежак часу, роўны перыяду ваганняў. Выражаецца формулай
, дзе t — час, T — перыяд ваганняў, γ — каэфіцыент затухання. Прамежак часу t, за які амплітуда ваганняў памяншаецца ў e разоў, называецца часам рэлаксацыі:
пры гэтым адбываецца
ваганняў.
Для вагальнага контуру Д.з. роўны 0,02—0,05, для камертона 0,001, для аптычнага рэзанатара 10−7—10−6. Гл. таксама Дыхтоўнасць вагальнай сістэмы, Затуханне ваганняў.
т. 6, с. 339
ДЭКРЭ́Т (ад лац. decretum указ, пастанова),
1) урадавая пастанова, нарматыўны акт агульнага або прыватнага характару. Тэрмін узнік у Стараж. Рыме як пастанова сената, пазней — імператара. У ВКЛ Д. — пастановы вял. князя, паноў-рады, вышэйшай духоўнай улады, прыгаворы і рашэнні трыбунала, земскіх судоў па крымін. і цывільных справах, у Францыі — заканадаўчыя пастановы органаў улады, створаных у час рэвалюцыі 1789—99, Парыжскай камуны 1871. У СССР да прыняцця Канстытуцыі 1936 — назва найб. важных актаў вышэйшых органаў дзярж. улады і кіравання (напр., Д. аб зямлі, Д. аб міры).
2) У некат. сучасных краінах — нарматыўны акт, выдадзены кіраўніком дзяржавы ці ўрада. У выпадках, прадугледжаных Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь 1994 (са змяненнямі і дапаўненнямі), Прэзідэнт выдае Д., якія маюць сілу законаў.
Г.А.Маслыка.
т. 6, с. 339
ДЭКРЭ́ТНЫ ВО́ДПУСК,
гл. Водпуск па цяжарнасці і родах.
т. 6, с. 339
ДЭКРЭ́ТНЫ ЧАС,
зменены паясны час на 1 гадз уперад з мэтай больш рацыянальнага выкарыстання светлай часткі сутак. У СССР уведзены ў 1930. Д.ч. другога гадзіннага пояса лічыцца маскоўскім, апераджае сусветны час на 3 гадз. Парадак падліку Д.ч.: паясны час плюс 1 гадз. (пастаянна на працягу года) з дадатковым пераводам гадзіннай стрэлкі на 1 гадз уперад у летні час. Перавод адбываецца ўначы з апошняй суботы на нядзелю ў сакавіку і адпаведна на 1 гадз назад у кастрычніку. Тэр. Беларусі ўваходзіць у другі гадзінны пояс. За аснову Д.ч. ўзяты паясны, таму маскоўскі час апераджае беларускі на 1 гадз. Парадак пераводу гадзіннай стрэлкі ў летні час застаўся той самы.
т. 6, с. 339
ДЭКРЭ́Т «АБ АБ’ЯДНА́ННІ САВЕ́ЦКІХ РЭСПУ́БЛІК: РАСІ́І, УКРАІ́НЫ, ЛА́ТВІІ, ЛІТВЫ́, БЕЛАРУ́СІ ДЛЯ БАРАЦЬБЫ́ З СУСВЕ́ТНЫМ ІМПЕРЫЯЛІ́ЗМАМ».
Прыняты па ініцыятыве ЦК РКП(б) і прапановах ЦВК Украіны, Савета абароны Літвы і Беларусі, урада Сав. Латвіі 1.6.1919 на пасяджэнні ВЦВК РСФСР з удзелам прадстаўнікоў Украіны, Беларусі, Латвіі і Літвы. Прызнаў за неабходнае са згоды ЦВК і СНК сав. рэспублік правесці аб’яднанне ваен. арг-цыі і ваен. камандавання, саветаў нар. гаспадаркі, чыг. ўпраўлення і гаспадаркі, фінансаў, камісарыятаў працы сав. рэспублік. Аформіў ваенна-паліт. саюз рэспублік, які дзейнічаў у гады грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі, быў этапам на шляху ўтварэння СССР.
т. 6, с. 339
ДЭКСТРА́Н,
высокапалімерны поліцукрыд, які сінтэзуецца бактэрыямі роду Leuconostoc і блізкароднымі да іх з глюкозы ў асяроддзі з цукрозай. Мал. маса да 1∙106 а.а.м. і больш. Структура малекулы лінейная або разгалінаваная. Сухі Д. набракае ў вадзе і электралітах (у малекуле шмат гідраксільных груп ОН-) з утварэннем вязкіх раствораў. Часткова гідралізаваны Д. ужываецца як кровазаменнік, папярочнасшыты — у гель-фільтрацыі.
т. 6, с. 339
ДЭКСТРЫ́НЫ,
высокапалімерныя рэчывы поліцукрыднай прыроды, якія ўтвараюцца пры частковым гідролізе крухмалу і глікагену. Гідроліз бывае ферментатыўны (пры ўдзеле α- і β-амілаз) і неферментатыўны (пры ўздзеянні кіслот, шчолачаў, тэмпературы). На першай яго стадыі ўтвараюцца аміладэкстрыны (у прысутнасці ёду іх раствор набывае фіялетавы колер), потым эрытрадэкстрыны (утвараюць чырвона-буры колер з ёдам), затым ахраадэкстрыны (не афарбоўваюцца ёдам) і мальтадэкстрыны (не афарбоўваюцца і не выпадаюць у асадак пры дабаўленні спірту). Засвойваюцца арганізмам лепш, чым крухмал і глікаген. Д. з крухмалу — клеільныя рэчывы.
т. 6, с. 339
ДЭКУРЫЁНЫ [лац. decurio (decurionis)],
1) у Стараж. Рыме начальнік атрада (дэкурыі), які складаўся з 10 коннікаў.
2) Чл. гар. саветаў (сенатаў ці курый), якія спачатку існавалі ў залежных ад Рыма гар. абшчынах, пазней у час імперыі — ва ўсіх гарадах рым. правінцый. Камплектаваліся з былых гар. магістратараў. Пасада была пачэснай і пажыццёвай.
3) У 4 ст. да н.э. прывілеяванае саслоўе сярэдніх землеўладальнікаў. Д. займаліся размеркаваннем і зборам падаткаў, здачай у арэнду гар. зямель, распараджаліся гандл. упраўленнем, арганізоўвалі гульні і святкаванні. Дзейнасць Д. кантралявалі спец. куратары і намеснікі правінцый. Эдыктамі імператара Канстанціна 316 і 325 да н.э. былі навечна замацаваны за месцам жыхарства з забаронай пакідаць гарады.
т. 6, с. 339
ДЭЛАВА́РЫ (саманазва ленапе),
племя паўночнаамерыканскіх індзейцаў алганкінскай моўнай групы. У 17 ст. займалі тэр. сучасных штатаў ЗША Дэлавэр, Нью-Джэрсі, ч. штатаў Нью-Йорк і Пенсільванія. Займаліся паляўніцтвам, рыбалоўствам і земляробствам. Карысталіся піктаграфічным пісьмом, на якім была запісана легендарная гісторыя племя. Жывуць у ЗША (штаты Нью-Йорк, Вісконсін, Канзас, Аклахома; 3 тыс. чал., 1992) і ў Канадзе (рэзервацыі на Пд правінцыі Антарыо, 1 тыс. чал.). Вызнаюць пратэстантызм.
т. 6, с. 340
ДЭ́ЛАВЭР (Delaware),
рака на У ЗША. Даўж. 660 км, пл. бас. 31,1 тыс. км². Пачынаецца ў Апалачах, цячэ па плато Підмант і Прыатлантычнай нізіне, упадае ў заліў Дэлавэр Атлантычнага ак., утварае эстуарый. Сярэдні гадавы расход вады 350 м³/с. Веснавое разводдзе, паводкі ў астатні час года. Суднаходная да г. Трэнтан, да г. Істан суднаходства па канале. Прылівы падымаюцца па рацэ на 210 км. На Д. — гарады Істан, Трэнтан, Філадэльфія, Уілмінгтан.
т. 6, с. 340