ДЭКСТРЫ́НЫ,

высокапалімерныя рэчывы поліцукрыднай прыроды, якія ўтвараюцца пры частковым гідролізе крухмалу і глікагену. Гідроліз бывае ферментатыўны (пры ўдзеле α- і β-амілаз) і неферментатыўны (пры ўздзеянні кіслот, шчолачаў, тэмпературы). На першай яго стадыі ўтвараюцца аміладэкстрыны (у прысутнасці ёду іх раствор набывае фіялетавы колер), потым эрытрадэкстрыны (утвараюць чырвона-буры колер з ёдам), затым ахраадэкстрыны (не афарбоўваюцца ёдам) і мальтадэкстрыны (не афарбоўваюцца і не выпадаюць у асадак пры дабаўленні спірту). Засвойваюцца арганізмам лепш, чым крухмал і глікаген. Д. з крухмалу — клеільныя рэчывы.

т. 6, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)