Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДЫЭТЫЛЕНДЫАКСІ́Д,

гл. Дыаксан.

т. 6, с. 306

ДЫЯ... (грэч. dia), прыстаўка, якая абазначае праходжанне праз што-н. ад пачатку і да канца ў прасторы і часе, поўнае завяршэнне дзеяння, раздзяленне, аддзяленне, напр., дыягенез, дыяпаўза, дыяскоп.

т. 6, с. 306

ДЫЯБА́З (ад грэч. diabasis пераход),

поўнакрышталічная палеатыпная магматычная горная парода з групы габрабазальтаў. Складзены з плагіяклазаў і аўгіту з прымессю магнетыту, ільменіту, другасных мінералаў, радзей алівіну, кварцу. Колер цёмна-шэры ці зеленавата-чорны. Шчыльн. 2700—3300 кг/м³. Трываласць на сцісканне да 300 МПа. Т-ра плаўлення 1005—1250 °C. Трапляецца ў магматычных формах складкавых абласцей і платформ. Формы залягання Д. — патокі, покрывы, дайкі, сілы і інш. Пашыраны ў пародах, якія складаюць крышт. фундамент Беларусі (г. Жыткавічы, р.п. Мікашэвічы, г. Шчучын). Выкарыстоўваецца як будматэрыял і сыравіна для каменнага ліцця, як напаўняльнік бетону, штучных камянёў і інш.

У.​Я.​Бардон.

т. 6, с. 306

ДЫЯБЕ́Т ЦУКРО́ВЫ, цукровая хвароба,

эндакрыннае захворванне, абумоўленае поўным (інсулінзалежны Д.ц.) або адносным (інсуліннезалежны Д.ц.) недахопам у арганізме гармону інсуліну або яго нізкай біял. актыўнасцю. Характарызуецца парушэннем усіх відаў абмену рэчываў і пашкоджаннем буйных і дробных крывяносных сасудаў. Д.ц. — вынік недастатковага ўтварэння ў падстраўнікавай залозе інсуліну з прычыны функцыян. прыгнечанасці або арган. пашкоджання β-клетак астраўкоў Лангерганса ў выніку парушэння абмену рэчываў, інфекц. хвароб, выдзялення вял. колькасці гармонаў антаганістаў інсуліну, атрафіі і перараджэння парэнхімы падстраўнікавай залозы, хранічнага пераядання і інш. Пры недахопе інсуліну памяншаецца ўтварэнне глікагену з глюкозы, таму тканкі не засвойваюць цукар і не могуць выкарыстоўваць яго як крыніцу энергіі, што вядзе да павышэння ўзроўню цукру ў крыві (гіперглікемія) і выдзяленню яго з мачой (гліказурыя). У больш цяжкіх выпадках парушаецца функцыя печані: у ёй не сінтэзуецца і не назапашваецца глікаген, не абясшкоджваюцца прадукты распаду бялкоў і тлушчаў, што прыводзіць да ацыдозу, які можа выклікаць дыябетычную кетаацыдатычную кому. У хворых на Д.ц. адзначаюцца празмерны апетыт і смага, выдзяленне вял. колькасці мачы (да 8 л за суткі) з высокай удз. в., скурны сверб, запаленне слізістых абалонак поласці рота і інш. Лячэнне — дыета, інсулін і таблеткі, якія зніжаюць цукар.

Літ.:

Балаболкин М.И. Сахарный диабет. М., 1994;

Справочник по клинической эндокринологии. Мн., 1996.

Т.​В.​Мохарт.

т. 6, с. 306

ДЫЯГАНА́ЛЬ (лац. diagonalis ад грэч. diagōnios які ідзе ад вугла да вугла) у геаметрыі, адрэзак прамой, што злучае 2 вяршыні многавугольніка, якія не належаць адной старане, або 2 вяршыні мнагагранніка, якія не размешчаны на адной грані. Калі колькасць вяршынь многавугольніка роўная n, то колькасць дыяганалей роўная n(n−3)/2.

Да арт. Дыяганаль у геаметрыі. 1 — дыяганалі прамавугольніка AC, BD; 2 — дыяганаль паралелепіпеда B1D.

т. 6, с. 306

ДЫЯГАНА́ЛЬ,

шчыльная тканіна з баваўнянай ці шарсцяной кручанай пражы з рэзкімі косымі рубчыкамі на паверхні. З Д. шыюць вайск. абмундзіраванне, курткі, паліто і інш.

т. 6, с. 306

ДЫЯГЕНЕ́З (ад дыя... + ...генез),

сукупнасць прыродных фізіка-хімічных працэсаў ператварэння рыхлых асадкаў на дне вадаёма і на сушы ў асадкавыя горныя пароды ва ўмовах верхняй зоны зямной кары. Вылучаюць Д. ранні (этап фізіка-хім. ўраўнаважання асадку) і позні (этап пераразмеркавання рэчыва з утварэннем розных мінер. сцяжэнняў). У выніку Д. змяншаецца колькасць глеевай вады, асадак робіцца больш шчыльным і цвёрдым. Ператварэнне асадкавай пароды да поўнай літафікацыі (акамяненне) адбываецца на стадыях катагенезу і метагенезу.

У.​І.​Шкуратаў.

т. 6, с. 306

ДЫЯ́ГНАЗ (ад дыя... + грэч. gnōsis распазнаванне),

медыцынскае заключэнне пра стан арганізма хворага, захворванне (траўму) ці прычыну смерці, выражанае ў тэрмінах, прынятых класіфікацыямі і пералікам хвароб. Д. — заключны эта дыягностыкі. Ён дапамагае выбраць аптымальныя метады лячэння і прафілактыкі. Адрозніваюць 4 віды Д. Клінічны Д. адлюстроўвае асаблівасці захворвання канкрэтнага хворага і назву пэўнай хваробы. Для яго ўстанаўлення вызначаюць прыроду і механізм развіцця хваробы, ускладненні і хваробы, якія развіваюцца адначасова, характар і ступень парушэння функцый сістэм. Бывае папярэдні і заключны. Патолагаанатамічны Д. устанаўлівае ўрач-патолагаанатам пасля смерці хворага на аснове марфал. змен. Эпідэміялагічны Д. — заключэнне аб прычынах і асаблівасцях узнікнення, развіцці, цячэнні і знікненні эпідэміял. ачага. На яго аснове складаецца план супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў. Судова-медыцынскі Д. — спец. заключэнне аб сутнасці пашкоджання (хваробы), стане хворага ці прычыне смерці, складзенае на аснове суд.-мед. экспертызы.

М.​Ф.​Сарока.

т. 6, с. 307

ДЫЯГНАСТЫ́ЧНЫЯ МЕ́ТАДЫ,

мета ды, што выкарыстоўваюцца для вызначэння, удакладнення і распазнавання хваробы. Падзяляюцца на асн. і дадатковыя, ці спецыяльныя. Асн. Д.м. — анамнез, агляд хворага, пальпацыя, перкусія, аўскультацыя. Спец. метады ўключаюць этыялагічны, марфал., патагенет. і функцыян. кампаненты, якія характарызуюць асаблівасці ўзнікнення і цячэння хваробы, даследаванні на субклетачным узроўні і апрацоўку на ЭВМ. Класіфікуюцца на Д.м. прамянёвыя (рэнтгенаскапія і рэнтгенаграфія, рэнтгенаўская камп’ютэрная і магнітна-рэзанансная тамаграфіі, ультрагукавая тэрмаграфія), электрафізіял. (электракардыяграфія, электраэнцэфалаграфія і інш.), радыенуклідныя (радыяграфія, сцынтыграфія і інш.), лабараторныя (гісталагічныя, цыталагічныя, біяхім., імуналагічныя), мікрабіял., біяфіз. (спектрафотаметрыя, флюарыметрыя, паляраграфія і інш.), эндаскапічныя (фібрагастрадуадэнаскапія, рэктаскапія, сігмаскапія, каланаскапія і інш.), нагрузачныя метады ці функцыян. тэсты (эргаметрычныя, ізаметрычныя, псіхафізіял. стрэс-сістэмы, фармакалагічныя пробы і інш.).

А.​В.​Таўкачоў.

т. 6, с. 307

ДЫЯГНАСТЫ́ЧНЫ ЦЭНТР,

медыцынская ўстанова, якая ажыццяўляе абследаванне насельніцтва на аснове канцэнтрацыі і выкарыстання найноўшых сродкаў і метадаў дыягностыкі. Забяспечвае неабходны аб’ём і ўзровень дыягностыкі, комплексную кансультацыю спецыялістаў любога профілю. Структура Д.ц.: кансультацыйнае аддзяленне і 6 дыягнастычных — лабараторна-дыягнастычнае (праводзяцца біяхім., імуналагічныя, мікрабіял. і інш. даследаванні), эндаскапічнае (вызначаецца стан унутр. полых органаў — страўніка, жоўцевага пузыра, бронхаў і інш.), функцыян. дыягностыкі (даследаванні сэрца і сасудаў), ультра-гукавых даследаванняў унутр. органаў, прамянёвай дыягностыкі з камп’ютэрнай тамаграфіяй, клінічнай патамарфалогіі. На Беларусі першы Д.ц. адкрыты ў 1989 у Мінску.

А.​В.​Таўкачоў.

Дыягнастычны цэнтр у Мінску. 1. Ультрагукавое даследаванне сэрца. 2. Камп’ютэрнае даследаванне галаўнога мозга.

т. 6, с. 307