Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«АЛТА́ЙСКІ ТРА́КТАР»,

адзін з буйнейшых трактарных з-даў Расійскай Федэрацыі. Пабудаваны ў 1942—43 у г. Рубцоўск (Алтайскі край) на базе эвакуіраванага Харкаўскага трактарнага з-да як Алтайскі трактарны з-д. Выпускае гусенічныя трактары, спецыялізуецца на трактарах с.-г. агульнага прызначэння, цяглавых 3—5-га класаў (магутнасцю 110—170 к.с.), лесапрамысловых (тралёвачных), малагабарытных і агрэгатах, дэталях, вузлах да трактароў. Сярод перспектыўнай прадукцыі — трактар Т-250 з рухавіком 250 к.с. і садова-агародны малагабарытны МТ-10.

С.А.Казак-Антаневіч.

т. 1, с. 268

АЛТА́ЙЦЫ

(у 1922—48 наз. таксама айротамі),

народ у Рэспубліцы Алтай. 60 тыс. чал. (1979). Падзяляюцца на этнагр. групы: алтай-кіжы, тэленгіты, тэлесы, тэлеуты, тубалары, чалканцы, кумандзінцы. Гавораць на алтайскай мове.

т. 1, с. 268

АЛТА́Й ГАБІ́ЙСКІ,

гл. Габійскі Алтай.

т. 1, с. 268

АЛТА́Й МАНГО́ЛЬСКІ,

гл. Мангольскі Алтай.

т. 1, с. 268

АЛТА́Р

(лац. altaria ад altus высокі),

частка хрысціянскага храма, аддзеленая перагародкай або іканастасам. У першабытных і стараж. народаў — узвышэнне, якое служыла месцам для прынясення ахвяр. У біблейскай гісторыі — сімвал прымірэння чалавека з Богам. Ант. грэкі і рымляне ставілі алтар па-за храмам, аздаблялі скульпт. выявамі (Пергамскі алтар). У першых хрысціянскіх храмах алтар меў выгляд стала («прастол»), на якім гатавалі і раздавалі прычасце; часам пад ім рабілі склепы для пахавання пакутнікаў. З 4 ст. такую ж назву атрымала частка храма, дзе знаходзіўся ахвярнік. У раманскай архітэктуры гал. алтар каталіцкага храма размяшчаўся каля ўсх. сцяны, меў простую аздобу, у гатычнай (алтар-шафка) — упрыгожваўся жывапісам. разьбой, пазалотай, паліхроміяй, у рэнесансавай — пераважна жывапісам. У эпоху барока ўзніклі ансамблі багата аформленых скульптурна-жывапісных алтароў у сінтэзе з архітэктурай храма. На Беларусі такія алтары захаваліся ў касцёлах у Гродне, Слоніме, Дзятлаве, у вёсках Камаі Пастаўскага, Будслаў Мядзельскага, Новая Мыш Баранавіцкага р-наў, у Спаса-Праабражэнскай царкве ў в. Порплішча Докшыцкага р-на і інш.

А.А.Ярашэвіч.

Бакавы алтар «Ганна і Марыя з дзіцем» у Спаса-Праабражэнскай царкве ў в. Порплішча Докшыцкага раёна Віцебскай вобл. 17 ст.
Галоўны алтар касцёла ў в. Камаі Пастаўскага раёна Віцебскай вобл. 1-я пал. 18 ст.

т. 1, с. 268

АЛТЫ́Н

(ад тат. алты шэсць),

1) лікава-грашовая адзінка ў Расіі 14 — пач. 18 ст., роўная 6 дзенгам, пазней 3 капейкам. Упершыню ў рус. пісьмовых крыніцах упамінаецца каля 1375, у бел. — пад 1532.

2) Рас. сярэбраная манета ў сярэдзіне 17 — пач. 18 ст.

т. 1, с. 269

АЛТЫНКО́ЛЬ,

гл. Цялецкае возера.

т. 1, с. 269

АЛТЫНСАРЫ́Н Ібрай

(20.10.1841 — 17.7.1899),

казахскі педагог-асветнік, пісьменнік, этнограф. Яго намаганнямі адкрыты шэраг школ з каз. мовай навучання. Распрацаваў сістэму школьнай адукацыі; на аснове рус. графікі склаў праект каз. алфавіта, падручнікі роднай і рус. мовы для дзяцей («Пачатковы дапаможнік па навучанні кіргізаў рускай мове», 1871; «Кіргізская хрэстаматыя», 1879 і інш.). Арыгінальныя і перакладныя маст. творы Алтынсарына, змешчаныя ў падручніках, прасякнуты дэмакр. і гуманіст. ідэямі.

Ж.Сахіеў.

т. 1, с. 269

АЛТЫНТА́Г,

горы ў Цэнтр. Азіі, на З Кітая, паміж Куньлунем і Наньшанем. Аддзяляюць Тарымскую ўпадзіну і Цайдамскую катлавіну. Даўж. каля 800 км. Паўд.-зах. частка Алтынтага — скалістая, моцна расчлянёная, укрыта вечнымі снягамі і ледавікамі, макс. выш. да 6161 м; паўн,ўсходняя — кароткія масівы выш. больш за 5000 м; цэнтральная — рэзка звужаная і паніжаная, пераважная выш. да 3000—3500 м. Складзены з гнейсаў, крышталічных сланцаў, філітаў. Карысныя выкапні: руды храмітаў, свінцу, цынку, нікелю, плаціны. Клімат рэзка кантынентальны, засушлівы. Найб. р. Чэрчэн з прытокамі. На перадгор’ях камяністыя пустыні, у далінах растуць эфедры, салянкі, зараснікі саксаулу і тамарыску, на схілах гор — стэпавая расліннасць і альпійскія лугі. Жывёльны свет: дзікі як, антылопы, куку-яманы і інш.

т. 1, с. 269

АЛТЭ́Я

(Althaea),

род кветкавых раслін сям. мальвавых. Каля 12 відаў. Пашыраны ва ўмеранай зоне Еўропы і Азіі. На Беларусі інтрадукавана алтэя лекавая (A. officinalis), трапляецца ў культуры і як здзічэлая, алтэя каноплевая (A. cannabina), вырошчваюць у Цэнтр. бат. садзе АН.

Адна- або шматгадовыя расліны. Найб. вядомая алтэя лекавая — шматгадовая травяністая расліна з моцным прамастойным сцяблом выш. да 150 см і тоўстымі мясістымі каранямі. Лісты нераўнамерна-зубчастыя, ніжнія амаль круглыя, верхнія яйцападобныя. Кветкі бледна-ружовыя, пазушныя. Лек., дэкар., тэхн., харч., кармавыя, меданосныя і перганосныя расліны. Карані выкарыстоўваюць як адхарквальны, змякчальны і процізапаленчы сродак («алтэйны корань»).

Алтэя лекавая.

т. 1, с. 269