Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НАГАВІ́ЦЫ, штаны, порткі,

адна з асн. частак традыц. мужчынскага адзення беларусаў. Шылі з аднатоннага ці шарачковага палатна, са зрэбнай або паўсуконнай тканіны, зімовыя — з цёмнага сукна (суконнікі). Вузкія калошы злучалі ў верхняй частцы ромбападобнай устаўкай; зашпіляліся спераду. Былі каўняровыя на поясе, якія зашпільваліся на калодачку-біргельку ці гузік і бескаўняровыя на матузку. Калошы ўнізе спадалі свабодна або абкручваліся анучамі і аборамі для лапцей. Кашулю насілі паверх Н. У канцы 19 ст. белыя палатняныя Н. сталі сподняй адзежынай. У пач. 20 ст. выйшлі з ўжытку.

М.Ф.Раманюк.

Селянін у нагавіцах. Піншчына. Пач. 20 ст.

т. 11, с. 113

НАГА́ЕВА БУ́ХТА.

У заліве Тауйская губа Ахоцкага м. Даўж. 16 км. Прылівы да 4 м. Н.б. — лепшая стаянка суднаў у Ахоцкім м. Названа ў гонар рас. гідрографа і картографа А.І.Нагаева. На ўзбярэжжы — г. Магадан з портам Нагаева.

т. 11, с. 113

НАГА́І Вялікія і Малыя,

дзярж. ўтварэнні (княствы) нагайцаў (мангыты, кунграты і інш. цюркамоўныя плямёны, якія ўзялі сабе агульную назву ад імя золатаардынскага цемніка Нагая, у склад арды якога ўваходзілі ў 2-й пал. 13 ст.), што ўзніклі ў выніку распаду Нагайскай Арды ў 2-й пал. 16 ст. Н. Вялікія ўтварыліся з улусаў, што качавалі паміж Волгай і р. Урал, у 1555—1600 неаднаразова прымалі рас. падданства; у 1634 выцеснены калмыкамі на правабярэжжа Волгі, дзе качавалі ў Прыкаспіі (да р. Церак) разам з некаторымі ўлусамі Н. Малых, б. ч. жыхароў якіх з сярэдзіны 16 ст. насяляла Прыазоўе (паміж Донам і Кубанню) у якасці васалаў Крымскага ханства і Турцыі. У 17—18 ст. Н. Малыя амаль поўнасцю выцеснены рас. казакамі ў стэпы Паўн. Прычарнамор’я, дзе падзяліліся на орды (Буджакскую, Едысанскую і інш.). У канцы 18 — пач. 19 ст. іх жыхары часткова прынялі рас. падданства і былі зноў пераселены ва ўсх. Прыазоўе, часткова перасяліліся ў Турцыю паводле Бухарэсцкага мірнага дагавора 1812.

т. 11, с. 113

НАГА́Й (1-я пал. 13 ст. — 1300),

военачальнік (цемнік) Залатой Арды. Праўнук хана Джучы. Узначальваў войскі хана Берке ў час войнаў з Хулагуідаў дзяржавай. Кантраляваў землі паміж рэкамі Дон і Дунай. Загінуў у выніку барацьбы за ўладу пасля смерці хана Берке. Плямёны, якія ўваходзілі ў арду Н., у далейшым сталі ядром народа нагайцаў і Нагайскай Арды.

т. 11, с. 114

НАГА́ЙСКАЯ АРДА́,

у 15—16 ст. дзяржаўнае ўтварэнне нагайцаў і інш. качавых цюркамоўных плямён на тэр. ад Паўн. Прыкаспія і Прыаралля да рэк Тура і Кама і ад Волгі да р. Іртыш. Вылучылася з Залатой Арды ў канцы 14 — пач. 15 ст., канчаткова аформілася ў 1440-я г. Яе ядро склалі цюркамоўныя плямёны мангытаў і кунгратаў, якія ў 2-й пал. 13 ст. ўваходзілі ў склад арды цемніка Нагая і ад яго імя ў 2-й пал. 15 ст. пачалі наз. нагаямі (нагайцамі). Цэнтр — г. Сарайчык у вусці р. Яік (цяпер р. Урал). Узначальваў Н.А. спадчынны (у парадку радавога старшынства) князь. Падзялялася на паўсамаст. улусы на чале з мірзамі. Грамадскі лад — феадалізм з моцнымі элементамі хатняга нявольніцтва. Асн. заняткі насельніцтва — качавая жывёлагадоўля і гандаль жывёлай. У 2-й пал. 16 ст. НА. распалася на некалькі самаст. дзярж. утварэнняў: Нагаі Вялікія і Малыя, Алтыулская арда і інш.

т. 11, с. 114

НАГА́ЙСКІ ШЛЯХ,

адзін з асн. шляхоў набегаў качэўнікаў на рас. землі. Назва вядома з пач. 16 ст., калі феадалы Нагайскай Арды карысталіся ім для перагону жывёлы на рас. рынкі. Пачынаўся ад нізоўяў Волгі і меў 2 напрамкі (зах. — уздоўж Дона да месца каля сучаснага г. Варонеж, усх. — праз міжрэчча Хапра і Суры), якія зыходзіліся каля Разані. Для прадухілення нападаў праз Н.ш. рас. ўрад рабіў засечныя лініі, засноўваў крэпасці: у 1586 Варонеж, у 1630-я г. Тамбоў, Казлоў і Ломаў.

т. 11, с. 114

НАГАЛАВА́ТКА (Jurinea),

род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 300 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 2 віды Н.: васільковая (J. cyanoides) і павуціністая (J. arachnoidea). Трапляюцца ў хваёвых лясах, на пясчаных схілах.

Шматгадовыя травяністыя расліны ці паўкусты з падоўжаным або ўкарочаным сцяблом. Лісце ад цэласнага да перыстарассечанага. Кветкі часта з залозкамі, трубчастыя, ружовыя ці фіялетавыя ў кошыках. Лісцікі абгорткі шматлікія, чарапічна размешчаныя, голыя ці павуціністыя. Плод — сямянка з чубком.

Нагалаватка: 1 — бессцябловая; 2 — павуціністая; 3 — шматкветкавая.

т. 11, с. 114

НАГАЛЕ́НД,

штат на крайнім ПнУ Індыі. Пл. 16,5 тыс. км². Нас. 1,2 млн. чал. (1991), пераважна група роднасных плямён і народнасцей нага. Адм. ц.г. Кахіма. На тэр. Н. Асама-Бірманскія горы (выш. да 3824 м). Клімат субэкватарыяльны, мусонны. Да выш. 1000 м пераважаюць трапічныя вечназялёныя і мусонныя лістападныя лясы, вышэй — хвойныя лясы, на вяршынях — лугі. Амаль усё насельніцтва занята ў сельскай гаспадарцы. Пашырана лядна-агнявое земляробства. На тэрасаваных схілах вырошчваюць пераважна рыс. Лесанарыхтоўкі. Саматужная вытв-сць тканін. Транспарт аўтамаб. і ўючны.

т. 11, с. 114

НАГА́Н,

неафіцыйная назва 7,62-мм рэвальвера, распрацаванага ў канцы 19 ст. бельг. збройнікам Л.Наганам. Быў на ўзбр. армій шэрагу краін (Аўстра-Венгрыі, Расіі, Швецыі і інш.). На ўзбр. Чырв. Арміі прыняты пад назвай «рэвальвер узору 1895». Меў сямізарадны барабан, які адначасова служыў патроннікам і магазінам. Прыцэльная далёкасць стральбы да 100 м, патрон рэвальверны. У СССР напярэдадні Вял. Айч. вайны заменены аўтам. пісталетам.

Да арт. Наган. 7,62-мм рэвальвер сістэмы Наган узору 1895.

т. 11, с. 114

НАГА́НА,

горад у Японіі, у цэнтр. ч. в-ва Хонсю. Адм. ц. прэфектуры Нагана. Каля 370 тыс. ж. (1997). Вузел чыгунак і аўтадарог. Цэнтр с.-г. раёна (садоўніцтва, кветкаводства, малочная жывёлагадоўля). Прам-сць: маш.-буд., харчасмакавая (кансервавая, тытунёвая), дрэваапрацоўчая; вытв-сць муз. інструментаў. Ун-т. Рэлігійны будыйскі цэнтр (храм Дзэнкодзі, 7 ст.; рэканструкцыя 18 ст.). Цэнтр зімовых відаў спорту. У Н. адбыліся XVIII зімовыя Алімп. гульні (1998). Турызм.

т. 11, с. 114