Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДЫРЭКТО́РЫЯ, Выканаўчая Дырэкторыя (Directoire exécutif),

урад Франц. рэспублікі ў ліст. 1795—ліст. 1799. Складалася з 5 чл. (дырэктараў), якіх выбіраў Савет пяцісот і Савет старэйшын. Выражала інтарэсы буйной буржуазіі. Унутр. палітыка была скіравана на барацьбу з рэв. рухам, знешняя мела захопніцкі характар. Пасля некалькіх «хістанняў» Д. то ўправа (рашэнне пра ануляванне выбараў дэпутатаў-дэмакратаў), то ўлева (са складу Д. выведзены адкрытыя рэакцыянеры) яе дзеянні сучаснікі назвалі «палітыкай арэляў». Спыніла сваё існаванне пасля дзярж. перавароту Напалеона Банапарта.

т. 6, с. 290

ДЫРЭКТО́РЫЯ УКРАІ́НСКАЯ,

гл. Украінскай дырэкторыі ўрад.

т. 6, с. 291

ДЫРЭКТРЫ́СА (франц. directrice ад позналац. directrix накіравальная),

прамая, якая ляжыць у плоскасці канічнага сячэння і характарызуецца тым, што адносіны адлегласці r паміж кожным пунктам М гэтага сячэння і яго фокусам F да адлегласці d паміж гэтым жа пунктам і гэтай прамой ёсць велічыня пастаянная, роўная эксцэнтрысітэту ε крывой: r/d = ε. Гіпербала і эліпс маюць па 2 Д. (па адной для кожнага фокуса), парабала — адну.

Дырэктрыса: 1 — эліпса Δ1, Δ2; 2 — парабалы Δ.

т. 6, с. 291

ДЫРЭКТЫ́ВА (франц. directive ад лац. dirigere накіроўваць),

распараджэнне, кіруючае ўказанне, настаўленне, якія даюцца вышэйстаячым органам ніжэйстаячаму ці кіраўніком установы падначаленаму.

т. 6, с. 291

ДЫ́РЭ-ДА́ЎА, Дырэдава,

горад на У Эфіопіі. 173,6 тыс. ж. (1993). Чыг. станцыя на чыг. Джыбуці—Адыс-Абеба, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: тэкст., цэм., харчовая. Чыг. майстэрні. Гандл. цэнтр с.-г. раёна (кава, жывёла).

т. 6, с. 290

ДЫС..., перад галоснымі дыз... (лац. dis..., грэч. dys...), прыстаўка, якая абазначае парушэнне, разлад, страту чаго-н.; адпавядае па значэнні прыстаўкам раз..., не..., напр., дысгармонія, дыспрапорцыя, дызурыя.

т. 6, с. 291

ДЫСАНА́НС (франц. dissonance ад лац. dissono нязладжана гучу) у музыцы, адначасовае спалучэнне тонаў рэзкага няўзгодненага гучання. Процілеглае Д. паняцце — «кансананс». Тэрміны «Д.» і «кансананс» паасобку эстэтычна не ацэньваюцца. Іх нельга атаясамліваць са зладжаным і нязладжаным гучаннем (какафоніяй). Яны адрозніваюцца характарам узаемадзеяння гарманічных спектраў гукаў, што ўтвараюць пэўнае сугучча. Акустычны Д. выяўляецца ў несупадзенні вял. колькасці абертонаў гэтых гукаў. Да Д. належаць павялічаныя і паменшаныя інтэрвалывял. і малыя секунды і септымы, трытон і інш., акорды, якія ўключаюць хоць адзін з гэтых інтэрвалаў, і акорды, складзеныя з кансанансаў, калі адзін з верхніх галасоў утварае чыстую кварту з басам (мажорныя і мінорныя квартсекстакорды).

У еўрап. прафес. музыцы 15—19 ст. адрозненне паміж Д. і кансанансам дасягнула ступені вострай процілегласці і стала адной з асноў муз. мыслення. Д. успрымаецца як напружанае і няўстойлівае сугучча, выяўляе імкненне, рух да вырашэння — заканамернага пераходу ў адпаведны кансананс. Да 17 ст. Д. выкарыстоўвалі звычайна ва ўмовах правільнай падрыхтоўкі і вырашэння. У 17—19 ст. Д. страціў прамую залежнасць ад папярэдняга кансанансу, абавязковым засталося толькі яго вырашэнне. У музыцы 20 ст. набывае ўсё большую самастойнасць, у некат. стылях (напр., у кампазітараў нававенскай школы) цалкам выцясняе кансананс, што стала падставай для ўзнікнення тэорый, якія прынцыпова адмаўляюць адрозненні паміж Д. і кансанансам.

А.А.Друкт.

т. 6, с. 291

ДЫСАЦЫЯ́ЦЫЯ (ад лац. dissociatio раз’яднанне, раздзяленне),

распад малекул і крышталёў на некалькі больш простых малекул, атамаў, радыкалаў ці іонаў. У залежнасці ад характару ўздзеяння, што выклікае Д., адрозніваюць электралітычную дысацыяцыю, тэрмічную і фотадысацыяцыю (Д. пад уздзеяннем іанізавальнага выпрамянення). Колькасная характарыстыка Д. — ступень дысацыяцыі, роўная адносінам колькасці малекул, што распаліся, да агульнай колькасці малекул у сістэме.

т. 6, с. 291

ДЫСБАКТЭРЫЁЗ (ад дыс... + бактэрыі + ...оз),

дысмікрабіёз, змена колькасных суадносін і складу нармальнай мікрафлоры арганізма. Характарызуецца знікненнем, зніжэннем ці павелічэннем колькасці пастаянных у ім мікробаў ці з’яўленнем у ім незвычайных бактэрый і грыбоў. Прычыны Д.: няправільнае лячэнне антыбіётыкамі, антысептыкамі, гармонамі, прамянямі, запаленні, зніжэнне мясц. імунітэту тканак, пратэзаванне, прафес. шкоднасці. Найчасцей узнікае пры спалучэнні, сіле і працяглым уздзеянні шкодных фактараў. Адрозніваюць Д. поласці рота, глоткі, носа, кішэчніка, похвы, вільготных участкаў скуры. Бывае грыбковы, стафілакокавы, антэрабактэрыяльны і інш. Лячэнне: ліквідацыя прычыны хваробы, бактэрыяльныя і антымікробныя прэпараты.

т. 6, с. 291

ДЫСГАРМО́НІЯ (ад дыс... + гармонія) у музыцы, парушэнне або адсутнасць гармоніі (гл. Гармонія ў музыцы), гукавы разлад (у адрозненне ад гарманічна арганізаванага дысанансу).

т. 6, с. 291