ДЫСАНА́НС (франц. dissonance ад лац. dissono нязладжана гучу) у музыцы, адначасовае спалучэнне тонаў рэзкага няўзгодненага гучання. Процілеглае Д. паняцце — «кансананс». Тэрміны «Д.» і «кансананс» паасобку эстэтычна не ацэньваюцца. Іх нельга атаясамліваць са зладжаным і нязладжаным гучаннем (какафоніяй). Яны адрозніваюцца характарам узаемадзеяння гарманічных спектраў гукаў, што ўтвараюць пэўнае сугучча. Акустычны Д. выяўляецца ў несупадзенні вял. колькасці абертонаў гэтых гукаў. Да Д. належаць павялічаныя і паменшаныя інтэрвалы — вял. і малыя секунды і септымы, трытон і інш., акорды, якія ўключаюць хоць адзін з гэтых інтэрвалаў, і акорды, складзеныя з кансанансаў, калі адзін з верхніх галасоў утварае чыстую кварту з басам (мажорныя і мінорныя квартсекстакорды).
У еўрап. прафес. музыцы 15—19 ст. адрозненне паміж Д. і кансанансам дасягнула ступені вострай процілегласці і стала адной з асноў муз. мыслення. Д. успрымаецца як напружанае і няўстойлівае сугучча, выяўляе імкненне, рух да вырашэння — заканамернага пераходу ў адпаведны кансананс. Да 17 ст. Д. выкарыстоўвалі звычайна ва ўмовах правільнай падрыхтоўкі і вырашэння. У 17—19 ст. Д. страціў прамую залежнасць ад папярэдняга кансанансу, абавязковым засталося толькі яго вырашэнне. У музыцы 20 ст. набывае ўсё большую самастойнасць, у некат. стылях (напр., у кампазітараў нававенскай школы) цалкам выцясняе кансананс, што стала падставай для ўзнікнення тэорый, якія прынцыпова адмаўляюць адрозненні паміж Д. і кансанансам.
А.А.Друкт.
т. 6, с. 291
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)