Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НЯБЕ́СНЫЯ КААРДЫНА́ТЫ,

велічыні, заданнем якіх вызначаецца становішча свяціл і дапаможных пунктаў на нябеснай сферы. Усе сістэмы Н.к. сферычныя; адрозніваюцца выбарам асн. плоскасці і полюса. Вымяраюцца ў дугавых ці гадзінных адзінках.

У гарызантальнай сістэме асн. плоскасцю служыць плоскасць матэм. гарызонта NmS, полюсам — зеніт Z месца назірання. Зенітная адлегласць z (1-я каардыната) — дуга ZM верт. круга ад зеніту да свяціла; заўсёды дадатная, прымае значэнні ад 0° (для пункта зеніту) да 180° (для пункта надзіра). Замест z можна задаваць вышыню свяціла h — дугу mM вял. верт. круга ад матэм. гарызонта да свяціла; адлічваецца ад плоскасці гарызонта са знакам «+» у бачным паўшар’і нябеснай сферы і са знакам «−» — у нябачным (пад гарызонтам); прымае значэнні ад 0° да ±90°. Азімут A (2-я каардыната) — дуга Sm матэм. гарызонта ад пункта поўдня S да верт. круга, які праходзіць праз свяціла; вызначае становішча самога круга; адлічваецца ў бок сутачнага вярчэння нябеснай сферы — на З ад пункта поўдня, у межах 0+360°. Сістэма выкарыстоўваецца для непасрэднага вызначэння бачнага становішча свяціл пры дапамозе вугламерных інструментаў. У экватарыяльнай сістэме (1-я і 2-я) асн. плоскасць — плоскасць нябеснага экватара Q γ Q′, полюс — полюс свету Р. Каардынаты 1-й экватарыяльнай сістэмы: схіленне δ — дуга mM гадзіннага круга ад нябеснага экватара да свяціла; адлічваецца ад 0° да +90° да паўн. полюса і ад 0° да -90° да паўд. полюса; часам замест схілення задаюць палярную адлегласць p — дугу PM гадзіннага круга ад полюса да свяціла (р = 90°−δ); гадзінны вугал t — дуга Qm нябеснага экватара ад верхняга пункта Q (напрамак на Пд) да гадзіннага круга, які праходзіць праз свяціла; адлічваецца ў бок сутачнага вярчэння нябеснай сферы (на З ад пункта Q) у межах 0+360° ці 0+24 гадз. Сістэма выкарыстоўваецца ў практычнай астраноміі для вызначэння дакладнага часу. Каардынаты 2-й экватарыяльнай сістэмы: схіленне δ і прамое ўзыходжанне α — дуга γm нябеснага экватара ад пункта веснавога раўнадзенства да гадзіннага круга, які праходзіць праз свяціла; адлічваецца ў процілеглы сутачнаму вярчэнню нябеснай сферы бок у межах 0+360° ці 0+24 гадз. Сістэма выкарыстоўваецца для вызначэння зорных каардынат і складання каталогаў. Экліптычная сістэма: асн. плоскасць — плоскасць экліптыкі E γ E′, полюс — полюс экліптыкі П. Для вызначэння становішча свяціла M праводзяць праз яго і пункт П вял. круг — круг шыраты свяціла. Яго дуга LM ад экліптыкі да свяціла наз. экліптычнай шыратой β (1-я каардыната), адлічваецца ад экліптыкі ў напрамку яе Паўн. (са знакам «+») і Паўд. (са знакам «−») полюсаў. 2-я каардыната — экліптычная даўгата λ — дуга γL экліптыкі ад пункта веснавога раўнадзенства γ да круга шыраты свяціла; адлічваецца ў напрамку гадавога руху Сонца ў межах 0÷360° Каардынаты β і λ пунктаў нябеснай сферы не мяняюцца на працягу сутак і не залежаць ад месца назірання. У галактычнай сістэме асн. плоскасць праходзіць праз цэнтр Галактыкі паралельна плоскасці сіметрыі Млечнага Шляху; яна перасякае нябесную сферу па лініі галактычнага экватара BLB′; полюс — полюс Г адпаведнага вял. круга нябеснай сферы. Для вызначэння становішча свяціла M праводзяць праз яго і пункт Г вял. круг — круг галактычнай шыраты. Дуга LM гэтага круга ад галактычнага экватара да свяціла наз. галактычнай шыратой b (1-я каардыната); прымае значэнні ад 0° да + 90° (знак «−» адпавядае шыротам паўшар’я, дзе знаходзіцца Паўд. полюс свету). 2-я каардыната — галактычная даўгата l — дуга DL галактычнага экватара, якая адлічваецца ад пункта D перасячэння яго нябесным экватарам да круга галактычнай шыраты свяціла ў напрамку нарастаючых прамых узыходжанняў; прымае значэнні 0÷360° Экліптычныя і галактычныя каардынаты атрымліваюцца вылічэннем з экватарыяльных, якія вызначаюцца, як і гарызантальныя, непасрэдна з астр. назіранняў.

А.А.Шымбалёу.

Гарызантальная сістэма нябесных каардынат.
Экватарыяльная сістэма нябесных каардынат.
Экліптычная сістэма нябесных каардынат.
Галактычная сістэма нябесных каардынат.

т. 11, с. 403

НЯБЕ́СНЫЯ ЦЕ́ЛЫ,

планеты, каметы, зоркі, галактыкі і інш. касм. аб’екты, якія вывучае астраномія.

т. 11, с. 404

НЯВА́,

рака ў Ленінградскай вобл. Расіі. Даўж. 74 км, пл. басейна 281 тыс. км². Выцякае з Ладажскага воз., упадае ў Фінскі зал. У нізоўях падзяляецца на рукавы (асн.: Вял. і Малая Н., Вял. і Малая Неўка), утварае дэльту, на 42 астравах якой і Прынеўскай нізіне размешчаны С.-Пецярбург. Сярэдні расход вады каля в. Новасаратаўка 2520 м³/с. Паўд.-зах. і зах. вятры наганяюць ваду з Фінскага зал., у выніку чаго падымаецца ўзровень вады, часам у С.-Пецярбургу бываюць навадненні (самыя высокія падняцці вады 410 см у 1824 і 369 см у 1924). Ледастаў з пач. снежня да канца крас.пач. мая. Н. ўваходзіць у склад Беламорска-Балтыйскага і Волга-Балтыйскага водных шляхоў. На Н. (у вытоку) г. Шлісельбург.

Рака Нява ў Санкт-Пецярбургу.

т. 11, с. 404

НЯВЕ́РАЎ (Аляксандр Сяргеевіч) (н. 21.3.1945, г.п. Болшава Мыцішчанскага р-на Маскоўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне фізікі і хіміі палімераў. Д-р тэхн. н. (1944), праф. (1997). Скончыў Архангельскі лесатэхн. ін-т (1968). З 1971 у Ін-це механікі металапалімерных сістэм АН Беларусі (г. Гомель), з 1982 у Гомельскім політэхн. ін-це. З 1988 у Гомельскім кааператыўным ін-це (заг. кафедры), з 1993 у Бел. ун-це транспарту. Навук. працы па матэрыялазнаўстве герметызавальных і антыкаразійных матэрыялаў, фізіцы і хіміі палімераў, сумяшчальнасці кампанентаў кампазіцыйных матэрыялаў на іх аснове.

Тв.:

Низкомодульные композиционные материалы на основе термопластов. Мн., 1984 (разам з В.А.Гальдадзе, Л.С.Пінчуком);

Полимерные пленки, содержащие ингибиторы коррозии. М., 1993 (разам з Л.С.Пінчуком);

Герметизирующие полимерные материалы. М., 1995 (з ім жа).

т. 11, с. 404

НЯВЕ́РАЎ (сапр. Скобелеў) Аляксандр Сяргеевіч

(24.12.1886, с. Навікоўка Старамайнскага р-на Ульянаўскай вобл., Расія — 24.12.1923),

рускі пісьменнік. У 1906—16 настаўнічаў. Друкаваўся з 1906. Асн. тэмы творчасці — рас. сялянства, вострыя сац. і псіхал. канфлікты на вёсцы: апавяданні, аповесці «Ташкент — горад хлебны», «Гусі-лебедзі» (не завершаная), «Андрон Непуцёвы» (усе 1923) і інш. Прозе Н. ўласціва своеасаблівая, блізкая да сказа стылістыка. Аўтар п’ес «Бабы» (1920), «Грамадзянская вайна», «Захарава смерць» (абедзве 1922), вершаў у прозе і інш. Адзін з пачынальнікаў сав. дзіцячай л-ры (цыкл «Дзіцячыя апавяданні», 1923). На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Б.Дольскі, М.Сеўрук і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. Куйбышев, 1957—58;

Избранное. Мн., 1985;

Бел. пер. — Бабы. Мн., 1927;

Як у нас вайна была. Мн., 1927;

Смех і гора. Мн., 1928;

Ташкент — горад хлебны. Мн., 1930;

Бальшавікі. Мн., 1930;

Сгрогі муж. Гора-горкае: Апавяданні. Мн., 1931.

Літ.:

Александр Неверов: Из архива писателя: Исслед. Воспоминания. Куйбышев, 1972;

Александр Неверов: Воспоминания, статьи, библиогр Куйбышев, 1986.

т. 11, с. 404

НЯВЕ́СТА,

дзяўчына або жанчына, якая выходзіць замуж; маладая; маладая дзяўчына або жанчына, якая мае жаніха; маладая дзяўчына, якая дасягнула шлюбнага ўзросту.

т. 11, с. 404

НЯВЕ́СЦІН КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1996). За 1 км на З ад в. Агароднікі Ашмянскага р-на Гродзенскай вобл., каля аўтадарогі Мінск—Ашмяны, у Рамбоўскім рове. Валун ружовага граніту рапаківі з крышталямі палявога шпату ў выглядзе авоідаў (да 2—4 см у папярочніку). Даўж. 4,1 м, шыр. 3,1 м. выш. 2,2 м, у абводзе 10 м, аб’ём 28 м³, маса каля 74 т. Прынесены ледавіком каля 150 тыс. г. назад з Аландскіх а-воў у Балтыйскім м. Па старадаўнім абрадзе да валуна раней прыводзілі нявест.

В.Ф.Вінакураў.

т. 11, с. 404

НЯВЕ́ШЧАНКА, Ляхава,

возера ў Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл., на пойме р. Дняпро, за 7 км на Пн ад г. Рэчыца. Пл. 0,22 км², даўж. 2,2 км, найб. шыр. 120 м, даўж. берагавой лініі 5 км. Старычнае. Схілы невыразныя.

т. 11, с. 404

НЯВІ́ДА, Нявідава,

возера ў Полацкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Нача, за 28 км на ПдЗ ад г. Полацк. Пл. 1,09 км², даўж. 1,9 км, найб. шырыня 820 м, найб. глыбіня 9 м, даўж. берагавой лініі 5,2 км. Пл. вадазбору 78 км². Катлавіна лагчыннага тыпу. Схілы выш. 3—15 м (на ПнУ 20—25 м), парослыя лесам і хмызняком, месцамі разараныя. Берагавая лінія ўтварае шэраг заліваў і паўастравоў. Берагі нізкія, пясчаныя, пад хмызняком. На У, ПнЗ і Пд пойма шыр. да 400 м. Мелкаводдзе пясчанае. З глыбіні 4 м дно выслана глінай, найглыб. ўчасткі — гліністым ілам. Празрыстасць 1,6 м. Эўтрофнае. Зарастае да глыб. 3 м. Праз возера цячэ р. Быстрыца (злучае яго з азёрамі Бабынічы і Лесава), упадае ручай з воз. Вял. Белянок.

т. 11, с. 404

НЯВІ́ННАЕ РАЗМНАЖЭ́ННЕ,

тое, што партэнагенез.

т. 11, с. 404