Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

НЬЮ-ЙО́РКСКІ МУЗЕ́Й СУЧА́СНАГА МАСТА́ЦТВА,

найбуйнейшы ў ЗША збор мастацтва апошняй чвэрці 19—20 ст. Засн. ў 1929. У музеі вял. калекцыя твораў жывапісу, скульптуры, графікі, дэкар.-прыкладнога мастацтва, дызайн, арх. праектаў, фотамастацтва, фільматэка; захоўваюцца «Герніка» П.​Пікасо, творы Х.​Ароска, А.​Маёля, А.​Матыса, Д.​Рыверы, П.​Сезана, Д.​Сікейраса, Э.​Уаета, Э.​Хопера і інш.

т. 11, с. 396

НЬЮ-ЙО́РКСКІ ФІЛАРМАНІ́ЧНЫ АРКЕ́СТР (New York Philharmonic Orchestra),

амерыканскі сімфанічны аркестр. Засн. ў Нью-Йорку ў 1842 (у 1921 у яго склад увайшоў Нью-Йоркскі сімф. аркестр, у 1928 — аркестр В.​Дамраша). У станаўленні і фарміраванні выканальніцкага стылю калектыву вял. ролю адыграла дзейнасць яго кіраўнікоў: Г.​Малера (1909—11), А.​Тасканіні (1927—36), Дз.​Мітропуласа (1950—58), Л.​Бернстайна (1958—69), П.​Булеза (1971—75), З.​Меты (1978—91), К.​Мазура (з 1991). Аркестрам дырыжыравалі таксама Б.​Вальтэр, Э.​Клейбер, О.​Клемперэр, Т.​Бічэм, Л.​Стакоўскі, Ш.​Мюнш, пры выкананні ўласных твораў — П.​Чайкоўскі, А.​Рубінштэйн, А.​Дворжак, Р.​Штраус, К.​Сен-Санс, А.​Анегер, І.​Стравінскі, М.​Равель, Дж.​Энеску, Э.​Віла-Лобас і інш. З ім выступалі буйнейшыя інструменталісты і вакалісты свету, у т. л. піяністы І.​Падарэўскі, С.​Рахманінаў, С.​Пракоф’еў, У.​Горавіц, скрыпачы Я.​Хейфец, Д.​Ойстрах, І.​Сігеці, І.​Менухін і інш.

т. 11, с. 396

«НЬЮ-ЙОРК ТАЙМС»

(«New York Times»),

штодзённая газета ЗША. Выходзіць з 1851 у Нью-Йорку. Належыць да найб. уплывовых і інфармаваных газет ЗША. Фармальна лічыцца незалежнай. Выражае інтарэсы ліберальна настроеных колаў паўн.-ўсх. штатаў. Тыраж (1999) — 1 млн. экз. Мае замежныя выданні ў Парыжы і Ліме (Перу).

т. 11, с. 395

НЬЮ-ЛО́НДАН (New London),

горад на ПнУ ЗША, у штаце Канектыкут. Засн. ў 1646. Каля 25 тыс. ж., з горадам Норуіч і агульнымі прыгарадамі каля 300 тыс. ж. (1996). Порт каля ўпадзення р. Тэмс у праліў Лонг-Айленд. Прам-сць: радыёэлектронная, прыладабуд., хім., фармацэўтычная, швейная, папяровая, чорная металургія; вытв-сць паліграф. машын. У прыгарадзе Гротан — буйнейшая ў ЗША верф па буд-ве атамных падводных лодак. Ваен.-марская база.

т. 11, с. 396

НЬЮ-МЕ́КСІКА (New Mexico),

штат на ПдЗ ЗША Пл. 315 тыс. км². Нас. 1,7 млн. чал. (1998). Адм. цэнтр — г. Санта-Фе, гал. эканам. цэнтр — г. Альбукерке. Большая частка тэр. занята паўд. адгор’ямі Скалістых гор (выш. да 4011 м), плато Лана-Эстакада (на У) і Каларада (на З). Клімат субтрапічны, засушлівы. Т-ра паветра ад 8 °C у студз. да 28 °C у ліпені. Ападкаў 250—500 мм за год. У гарах халадней і вільготней. На плато саванная і стэпавая расліннасць, горы ўкрыты хваёвым лесам. Штат займае адно з першых месцаў у ЗША па здабычы карысных выкапняў: уранавай руды (каля ​2/3 разведаных запасаў урану ў ЗША), калійных солей (каля 80% здабычы ў краіне), нафты, прыроднага газу, руд цынку і поліметалаў. Асн. галіны апрацоўчай прам-сці: нафтаперапр. і нафтахім., электронная, каляровая металургія, харч., атамная. Цэнтр атамнай прам-сці — г. Лос-Аламас. У сельскай гаспадарцы пераважае пашавая жывёлагадоўля. Пагалоўе (1999): буйн. раг. жывёлы 1,6 млн. галоў, авечак 0,3 млн. галоў. Птушкагадоўля. На арашальных землях вырошчваюць сеяныя травы, бавоўну, сорга, кукурузу, пшаніцу, агародніну. Турызм. Транспарт аўтамаб. і чыгуначны.

На тэр. Н.-М., якую здаўна насялялі індзейскія плямёны, еўрапейцы з’явіліся ў 1539. У 1598 першыя паселішчы заснавалі іспанцы, якія здабывалі тут серабро. У 1771 у складзе ісп. калоніі Новая Іспанія. У час вайны за незалежнасць іспанскіх калоній у Амерыцы 1810—26 увайшла ў склад Мексікі (1821). У час амерыкана-мексіканскай вайны 1846—48 захоплена ЗША, у 1850 занятая імі тэрыторыя названа Н.-М. (уваходзілі сучасныя штаты Юга, Арызона, частка тэр. Тэхаса і Каларада). У 19 ст. індзейцы Н.-М. неаднаразова паўставалі (1863, 1882, 1886). З 1912 Н.-М. — 47-ы штат ЗША. У 1943 на яго тэр. (г. Лос-Аламас) створана і ў 1945 выпрабавана (г. Аламагорда) першая атамная бомба.

т. 11, с. 396

НЬЮ-ХЕ́ЙВЕН (New Haven),

горад на ПнУ ЗША, у штаце Канектыкут. Засн. ў 1638. 124,7 тыс. ж., з гарадамі Мерыдэн, Уэст-Хейвен і агульнымі прыгарадамі каля 550 тыс. ж. (1997). Порт у праліве Лонг-Айленд. Прамысл., гандл.-фін. і культ. цэнтр Новай Англіі. Прам-сць: вытв-сць авіяц. рухавікоў, дэталей і вузлоў, стралковай зброі, рэнтгенаўскай апаратуры і мед. інструменту, гадзіннікаў, станкоў і прамысл. абсталявання, сродкаў сувязі, чорная і каляровая металургія, металаапр., хім., гумавая, паліграфічная. Ун-ты, у т. л. Іельскі універсітэт. Музеі. Маст. галерэя Іельскага ун-та. Гар. і універсітэцкія будынкі 17—19 ст.

т. 11, с. 398

НЬЯ́САЛЕНД (Nyasaland),

назва былога брыт. ўладання ў Афрыцы; з 1964 незалежная дзяржава Малаві.

т. 11, с. 398

НЭ́ГЕЛІ ((Nägeli) Карл Вільгельм) (27.3.1817, Кільхберг, каля г. Цюрых, Швейцарыя — 10.5.1891),

нямецкі батанік. Замежны чл.-кар. Пецярбургскай АН (1865). Скончыў Цюрыхскі ун-т (1840), працаваў у ім. З 1848 праф. Фрэйбургскага, з 1855 — Цюрыхскага, з 1858 — Мюнхенскага ун-таў, адначасова з 1857 у Бат. садзе г. Мюнхен. Навук. працы па цыталогіі, анатоміі, фізіялогіі і сістэматыцы раслін. Адкрыў сперматазоіды і антэрыдыі ў папарацей, апісаў дзяленне клетачнага ядра, клетак пылку і кончыка кораня. Увёў паняцце пастаянных і ўтваральных (мерыстэма) тканак. Адзін з першых выкарыстаў матэм. метады ў біялогіі. Прыхільнік неаламаркізму.

т. 11, с. 398

НЭ́ЛЕП (Георгій Міхайлавіч) (20.4.1904, с. Бабруйкі Чарнігаўскай вобл., Украіна — 18.6.1957),

расійскі спявак (драм. тэнар). Нар. арт. СССР (1951). Скончыў Ленінградскую кансерваторыю (1930). З 1929 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета, з 1944 — Вял. т-ра ў Маскве. Валодаў роўным ва ўсіх рэгістрах голасам вял. дыяпазону, рэдкай прыгажосці і тэмбравага багацця. Яго творчасці былі ўласцівы вял. сцэн. культура, арганічнае спалучэнне вак., муз. і драм. майстэрства. Сярод партый: княжыч Юрый, Герман («Чарадзейка», «Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Садко («Садко» М.​Рымскага-Корсакава), Сабінін («Іван Сусанін» М.​Глінкі), Галіцын, Самазванец («Хаваншчына», «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага), Хазэ («Кармэн» Ж.​Бізэ), Радамес, Манрыка («Аіда», «Трубадур» Дж.​Вердзі), Фларэстан («Фідэліо» Л.​Бетховена), Енік («Прададзеная нявеста» Б.​Сметаны), Ёнтэк («Галька» С.​Манюшкі), Рыгор Мелехаў («Ціхі Дон» І.​Дзяржынскага), Кахоўскі («Дзекабрысты» Ю.​Шапорына), Незяласаў («Мікіта Вяршынін» Дз.​Кабалеўскага). Дзярж. прэміі СССР 1942, 1949, 1950.

Г.М.Нэлеп.

т. 11, с. 398

НЭ́НІ ((Nenni) П’етра) (9.2.1891, Фаэнца, Італія — 1.1.1980),

італьянскі паліт. і дзярж. дзеяч. Удзельнік 1-й сусв. вайны 1914—18. Чл. італьян. сацыяліст. партыі (ІСП) з 1921, яе ген. сакратар (1931—39, 1943—44, 1949—63), старшыня (з 1973). У 1922—23 рэдактар газ. «Avanti!» («Наперад!»). У 1926 эмігрыраваў у Францыю. Удзельнік грамадз. вайны ў Іспаніі 1936—39 (камісар інтэрнацыянальных брыгад). У 1942 арыштаваны ў Францыі і выдадзены фаш. уладам Італіі (вызвалены ў жн. 1943). У 1945—47 і 1963—68 чл. італьян. урадаў. Дэп. італьян. парламента (з 1946), сенатар (з 1970). Віцэ-прэзідэнт Сусветнага Савета Міру (1950—55). Старшыня Аб’яднанай сацыяліст. партыі (1966—69). Віцэ-старшыня Сацыялістычнага інтэрнацыянала (з 1969).

т. 11, с. 399