Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДРАКАНІ́ДЫ,

метэорны паток з радыянтам у сузор’і Дракона, звязаны з каметай Джакабіні-Цынера. Назіраецца штогод 9—10 кастрычніка. У 1933 і 1946 Д. далі асабліва вял. метэорныя дажджы.

т. 6, с. 196

ДРАКАНІ́ЧНЫ ГОД,

гл. ў арт. Год.

т. 6, с. 196

ДРАКАХРУ́СТ (Аляксандр Абрамавіч) (н. 7.11.1923, Масква),

рускі паэт. Скончыў Маскоўскае ваен.-інжынернае вучылішча (1945) і Хабараўскі пед. ін-т (1962). Служыў у арміі (1941—71). Друкуецца з 1939. Першы зб. вершаў «Міру быць на зямлі» (1951). На рус. мову пераклаў асобныя творы Р.Барадуліна, А.Вялюгіна, С.Гаўрусёва, С.Грахоўскага, Е.Лось, У.Паўлава, П.Прыходзькі, А.Русецкага, Ю.Свіркі і інш.

Тв.:

Мои вы годы-эшелоны...: Избранное. Мн., 1975;

Дальняя связь: Избранное. Мн., 1983;

Сквозное ранение. Мн., 1984;

Крутоворот. Мн., 1986;

Исповедь. Мн., 1990.

т. 6, с. 196

ДРАКО́Н,

у міфалогіі многіх народаў крылаты (часам шматгаловы) вогненны змей, тулава якога складалася з частак цела змяі, кракадзіла, птушкі, рыбы, льва, сабакі і інш. У краінах Усх. Азіі лічыўся бажаством вады, якое прыносіць урадлівасць, пазней — сімвал улады. Д. былі пераможаны Гераклам (Гідра, Ладон), Апалонам (Піфон, Тыфон), Георгіем Пераможцам і інш.

т. 6, с. 196

ДРАКО́Н (лац. Draco),

каляпалярнае сузор’е Паўн. паўшар’я неба. Мае 80 зорак ярчэй 6-й зорнай велічыні. Ламаны ланцужок слабых зорак Д. агінае сузор’е Малая Мядзведзіца і заканчваецца больш яркай зоркай γ (2-й візуальнай зорнай велічыні), назіраючы за якою англ. астраном Дж.Брадлей адкрыў (1725) аберацыю святла. Адна з зорак Д. — Тубан каля 2,5 тыс. гадоў назад была і праз 20 тыс. гадоў зноў будзе «Палярнай» зоркай. У Д. знаходзіцца яркая планетарная туманнасць 8-й зорнай велічыні, якая пашыраецца. З тэр. Беларусі Д. відаць круглы год.

Сузор’е Дракон.

т. 6, с. 196

ДРАКО́НАВА ДРЭ́ВА (Dracaena draco),

кветкавая расліна з роду драцэна. Эндэмік Канарскіх а-воў.

Шматгадовая дрэвападобная расліна выш. больш за 20 м, дыям. ствала каля асновы да 4 м. Характэрны другасны рост у таўшчыню. Лісце доўгае, скурыстае, шорсткае, размешчана пучкамі на канцах галінак. Кветкі буйныя, двухполыя, сабраны ў пучкі па 2—4. Тэхн., лек. і дэкар. расліна. З надрэзаў кары выцякае чырв. смала (т. зв. «драконава кроў»), з якой атрымліваюць лак. Валокны лістоў выкарыстоўваюць для пляцення. Д.д называюць таксама некаторыя інш. віды драцэны (напр., амбет, ці афрыканскае Д.д, кінаварна-чырвоная, камбаджыйская, расколатае ці самалійскае Д.д.), якія выдзяляюць крывава-чырвоную смалу.

Г.У.Вынаеў.

Драконава дрэва.

т. 6, с. 196

ДРАКО́НАВЫ ГО́РЫ (афрыкаанс Drakensberg),

у Паўднёва-Афрыканскай Рэспубліцы, на ПдУ Афрыкі, ч. Уступу Вялікага. Працягласць каля 900 км. Найвыш. вяршыня Д.г. і Паўд. Афрыкі г. Тхабана-Нтленьяна (3482 м); пераважаюць вышыні 2000—3000 м. Складзены з пясчанікаў і сланцаў сістэмы Кару (ад верхняга карбону да верхняга трыясу — ніжняй юры) і базальтаў, выліванне якіх адбылося ў пач. мезазойскай эры. Гарызантальнае заляганне адкладаў Кару абумовіла сплошчаныя вяршыні гор, расчлянёныя эрозіяй на стромкія схілавыя плато. З’яўляюцца водападзелам паміж рэкамі Індыйскага ак., якія праразаюць усх. стромкі схіл, і вярхоўямі р. Аранжавай. Клімат і расліннасць усх. і зах. схілаў рэзка адрозніваюцца. На ўсх. вільготных да 1200 м трапічныя дажджавыя лясы, вышэй лісцевыя і хвойныя лясы, калючыя хмызняковыя зараснікі, горныя лугі і каменныя россыпы. На сухіх зах. схілах лясы саступаюць месца саваннам і хмызнякам.

т. 6, с. 196

ДРАКО́НТ, Дракон (грэч. Drakōn),

старажытны афінскі заканадавец, архонт. Пры ім у 621 да н.э. на каменных плітах запісаны прававыя звычаі. Паводле законаў Д. скасоўвалася права радавой арыстакратыі на кроўную помсту, карныя функцыі перадаваліся арэапагу. Разам з тым прадугледжваліся вельмі жорсткія пакаранні для тых, хто спакушаўся на чужую ўласнасць (напр., пакаранне смерцю за крадзеж зерня, агародніны). У 594 да н.э. крымінальныя нормы заканадаўства Д. змякчыў Салон. Выразы «драконаўскія законы», «драконаўскія меры» захаваліся ў прымаўках і азначаюць жорсткія мерапрыемствы.

т. 6, с. 196

ДРАКО́НЫ (Draco),

род яшчарак сям. агам. 22 віды. Пашыраны ў Паўд.-Усх. Азіі. Жывуць пераважна ў кронах дрэў.

Даўж. да 40 см. Тулава ярка і страката афарбаванае. Па баках цела шырокія скурныя складкі, якія падтрымліваюцца 5—7 несапраўднымі рэбрамі. Складкі здольны распасцірацца ў выглядзе крылаў, таму Д. могуць планіраваць на адлегласць да 30 м і на ляту мяняць напрамак палёту. У самцоў на горле мяшэчкападобная скурная складка. Хвост тонкі і доўгі. Адкладваюць 2—6 яец у неглыбокую ямку. Кормяцца дробнымі насякомымі, пераважна мурашкамі.

т. 6, с. 197

ДРАКУНКУЛЁЗ,

хвароба, гл. Рышта.

т. 6, с. 197