ДРАКО́НТ, Дракон (грэч. Drakōn),
старажытны афінскі заканадавец, архонт. Пры ім у 621 да н.э. на каменных плітах запісаны прававыя звычаі. Паводле законаў Д. скасоўвалася права радавой арыстакратыі на кроўную помсту, карныя функцыі перадаваліся арэапагу. Разам з тым прадугледжваліся вельмі жорсткія пакаранні для тых, хто спакушаўся на чужую ўласнасць (напр., пакаранне смерцю за крадзеж зерня, агародніны). У 594 да н.э. крымінальныя нормы заканадаўства Д. змякчыў Салон. Выразы «драконаўскія законы», «драконаўскія меры» захаваліся ў прымаўках і азначаюць жорсткія мерапрыемствы.
т. 6, с. 196
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)