Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДО́ТЫК,

здольнасць чалавека і жывёл успрымаць уздзеянні вонкавага асяроддзя з дапамогай рэцэптараў скуры, апорна-рухальнага апарата (мышцаў, сухажылляў, суставаў і інш.), слізістых абалонак (на губах, языку і інш.) і пераўтвараць сігналы ў пэўны від адчувальнасці. Аснова Д. — раздражненне розных відаў рэцэптараў (механарэцэптараў, якія ўспрымаюць дакрананне, ціск, расцяжэнне, тэрмарэцэптараў — цяпло і холад, рэцэптараў болю) і пераўтварэнне інфармацыі ц. н. с. Успрыманне прадметаў вонкавага асяроддзя з дапамогай Д. дазваляе ацэньваць іх форму, памеры, уласцівасці паверхні, кансістэнцыю, т-ру, сухасць і вільготнасць, становішча і перамяшчэнне ў прасторы. У многіх беспазваночных Д. разам з хім. адчувальнасцю — асн. від успрымання раздражненняў вонкавага асяроддзя. Д. у пэўнай меры замяняе інш. органы пачуццяў (зрок, слых) пры іх пашкоджанні.

т. 6, с. 186

ДО́У ((Dawe) Джордж) (8.2.1781, Лондан — 15.10.1829),

англійскі жывапісец. У 1819—29 працаваў у Пецярбургу, дзе напісаў (з дапамогай рус. жывапісцаў) 329 партрэтаў генералаў — удзельнікаў Айч. вайны 1812 і паходаў 1813—14, у т. л. М.І.Кутузава і М.Б.Барклая дэ Толі, выконваў таксама прыватныя заказы. Партрэтам Д. ўласцівы рамант. прыўзнятасць, жывасць характарыстык, віртуознасць жывапісу.

Дж.Доу. Партрэт А.С.Шышкова. Каля 1825.

т. 6, с. 186

ДО́ЎБАН (Карней Іванавіч) (н. 25.10.1928, в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне аграхіміі. Д-р с.-г. н. (1984). Скончыў Бел. с.-г. акадэмію (1962). З 1988 нам. дырэктара Бел. навук. цэнтра інфарматыкі і маркетынгу аграпрома, з 1991 на прадпрыемстве «БелГЕА». Навук. працы па выкарыстанні сідэратаў (бабовых, крыжакветных і інш.) як прамежкавых культур, якія не займаюць самастойнага поля, па эфектыўнасці станоўчага ўплыву зялёных угнаенняў на ўрадлівасць і якасць яравых культур і павышэнне ўрадлівасці глеб.

Тв.:

Применение зеленых удобрений в интенсивном земледелии. Мн., 1981;

Зеленое удобрение. М., 1990.

т. 6, с. 186

ДО́ЎБАР-МУСНІ́ЦКАГА МЯЦЕ́Ж 1918,

антысавецкае ўзбр. выступленне 1-га польск. корпуса на чале з Ю.Р.Доўбар-Мусніцкім.

Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 са згоды сав. ўрада корпус (3 дывізіі, 25—29 тыс. легіянераў) пачаў канцэнтравацца ў раёне Рагачоў—Жлобін—Бабруйск. Аднак яго камандаванне не выконвала пастановы новай улады аб дэмакратызацыі войска, не дазваляла канфіскацыю памешчыцкіх маёнткаў і нацыяналізацыю прадпрыемстваў, легіянеры рабавалі мясц. насельніцтва. Сав. ўлады ў снеж. 1917 часова арыштавалі Доўбар-Мусніцкага і некат. афіцэраў, у студз. 1918 выдалі загад аб расфарміраванні корпуса.

У адказ 25.1.1918 Доўбар-Мусніцкі аб’явіў вайну Сав. рэспубліцы, 26.1.1918 захапіў Рагачоў, 3.2.1918 — Бабруйск. Супраць мяцежнікаў накіраваны атрад чырвонагвардзейцаў (каля 10 тыс. чал.) на чале з І.Вацэцісам. 13.2.1918 1-я польск. дывізія цалкам разбіта пад Рагачовам, горад вызвалены. 2-я дывізія адышла да Бабруйска, куды рухаліся астатнія часці корпуса. Большасць польск. палкоў былі раззброены па дарозе на Бабруйск. У выніку праведзенай бальшавікамі і палякамі-інтэрнацыяналістамі агітац. работы значная колькасць легіянераў перайшла ў сав. ваен. фарміраванні. З іх утвораны 1-ы польскі рэв. батальён у Віцебску, польскі батальён рэв. палка імя Мінскага Савета і інш. У лют. 1918 часці корпуса па дамоўленасці з вярх. камандаваннем герм. войск пачалі наступленне на Мінск, нанеслі паражэнне сав. войскам каля чыг. станцый Ясень і Асіповічы, 20.2.1918 захапілі Мінск. 26.2.1918 у Бабруйску заключана пагадненне аб падпарадкаванні 1-га польск. корпуса немцам. У маі 1918 корпус расфарміраваны.

У.М.Міхнюк.

т. 6, с. 186

ДО́ЎБАР-МУСНІ́ЦКІ ((Dowbor-Musnicki) Юзаф Рамуальдавіч) (25.10.1867, мяст. Гарбаў Сандамірскага пав. Радамскай губ. — 28.10.1937),

рускі і польскі ваен. дзеяч, ген.-лейт. рус. арміі (1917), ген. броні польскага войска; кіраўнік мяцяжу супраць сав. улады на Беларусі ў 1918. Скончыў Акадэмію Генштаба (1902). Удзельнік рус.-яп. вайны. У час 1-й сусв. вайны камандзір дывізій на Каўказскім і Паўн. франтах. У снеж. 1916 загадаў расстраляць без суда і следства 13 салдат, пасля чаго пераведзены на Зах. фронт камандуючым 38-м арм. корпусам 10-й арміі. У крас. 1917 выведзены са складу дэлегатаў з’езда арміі за манархічныя выступленні. У ліп. 1917 арганізаваў на Зах. фронце 1-ы польскі корпус. 25.1.1918 аб’явіў вайну Сав. Рэспубліцы (гл. Доўбар-Мусніцкага мяцеж 1918). З канца 1918 служыў у польскім войску. У 1919 арганізатар і камандуючы польск. войскамі ў час антыгерм. паўстання ў т.зв. прускай Польшчы. Аўтар мемуараў пра дзейнасць 1-га польск. корпуса на Беларусі.

У.М.Міхнюк.

т. 6, с. 186

ДО́ЎБНЯ (Іван Пятровіч) (31.1.1853, г. Пінск — 2.2.1912),

расійскі матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1896), праф. (1897). Скончыў Пецярбургскі горны ін-т (1875). Выкладаў матэматыку ў навуч. установах г. Арэнбург (1877—80) і г. Ніжні Ноўгарад (1880—96). З 1896 у Пецярбургскім горным ін-це (з 1910 рэктар). Навук. працы па алгебры, тэорыі абелевых інтэгралаў, эліптычных функцый, дыферэнцыяльных ураўненняў з частковымі вытворнымі, па методыцы выкладання матэматыкі.

Тв.:

Исследования по теории абелевых интегралов. СПб., 1896.

Літ.:

Крылов Н.М. И.П.Долбня. СПб., №2.

А.А.Гусак.

т. 6, с. 187

ДО́ЎБУШ (Алекса Васілевіч) (1700, с. Печанежын Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 4.9.1745),

кіраўнік нац.вызв. і антыфеад. руху ўкр. апрышкаў. Атрад Д. (каля 50 чал.) у 1738—45 дзейнічаў на тэр. зах. раёнаў Украіны (Галіцыя, Букавіна, Закарпацце), нападаў на маёнткі шляхты, арандатараў, захопліваў іх маёмасць і раздаваў сялянам. Быў забіты. Імя Д. вядома таксама ў Польшчы, Малдове, Венгрыі.

т. 6, с. 187

ДО́ЎГАВІЧЫ,

вёска ў Мсціслаўскім I р-не Магілёўскай вобл., на р. Кашанка.

Цэнтр сельсавета. За 33 км на ПдЗ ад Мсціслава, 80 км ад Магілёва, 14 км ад чыг. ст. Ходасы. 438 ж., 187 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі.

т. 6, с. 187

ДО́ЎГАЕ,

вёска ў Клічаўскім р-не Магілёўскай вобл., на р. Даўжанка. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 29 км на ПнУ ад г. Клічаў, 66 км ад Магілёва, 11 км ад чыг. ст. Мілае. 515 ж., 196 двароў (1997). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі.

т. 6, с. 187

ДО́ЎГАЕ,

вёска ў Салігорскім р-не Мінскай вобл., каля р. Случ. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 39 км на Пд ад горада і чыг. ст. Салігорск, 166 км ад Мінска. 1851 ж., 595 двароў (1997). ПМК-79, акц. прадпрыемства «Доўгае». Сярэдняя школа, клуб, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Царква, малітоўны хрысціян евангельскай веры. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 6, с. 187