ДО́ТЫК,
здольнасць чалавека і жывёл успрымаць уздзеянні вонкавага асяроддзя з дапамогай рэцэптараў скуры, апорна-рухальнага апарата (мышцаў, сухажылляў, суставаў і інш.), слізістых абалонак (на губах, языку і інш.) і пераўтвараць сігналы ў пэўны від адчувальнасці. Аснова Д. — раздражненне розных відаў рэцэптараў (механарэцэптараў, якія ўспрымаюць дакрананне, ціск, расцяжэнне, тэрмарэцэптараў — цяпло і холад, рэцэптараў болю) і пераўтварэнне інфармацыі ц. н. с. Успрыманне прадметаў вонкавага асяроддзя з дапамогай Д. дазваляе ацэньваць іх форму, памеры, уласцівасці паверхні, кансістэнцыю, т-ру, сухасць і вільготнасць, становішча і перамяшчэнне ў прасторы. У многіх беспазваночных Д. разам з хім. адчувальнасцю — асн. від успрымання раздражненняў вонкавага асяроддзя. Д. у пэўнай меры замяняе інш. органы пачуццяў (зрок, слых) пры іх пашкоджанні.
т. 6, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)