Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЖО́ЛУД,

аднанасенны плод, часткова або цалкам заключаны ў чашападобную дзеравяністую плюску, якая ўтвараецца са зрослых восей прыкветнікаў рэдукаванага суквецця. Характэрны для раслін сям. букавых: дуба (змяшчае ў плюсцы толькі 1 Ж.), бука і каштана (у плюсцы па 2—3 Ж.). У кожным Ж. адно семя, якое складаецца з зародка. 2 мясістых семядолей і абалонкі. Мае ў сабе вугляводы (пераважна крухмал), пратэін, дубільныя рэчывы. Выспяваюць восенню. Выкарыстоўваюць як корм для жывёлы, сурагат кавы.

т. 6, с. 438

ЖО́ЛУДЗЕЎ (Віктар Рыгоравіч) (22.3.1905, г. Угліч Яраслаўскай вобл., Расія — 21.7.1944),

удзельнік вызвалення Беларусі ад ням.-фаш. захопнікаў у Вял. Айч. вайну. Ген.-маёр (1942), Герой Сав. Саюза (1944). Скончыў камандныя курсы (1929), курсы ўдасканалення каманднага саставу (1930, 1934), курсы Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1940). У Чырв. Арміі з 1921. У Вял. Айч. вайну на Паўд.-Зах, Данскім, Цэнтр., Бранскім, 1-м Бел. франтах. Вызначыўся ў Беларускай аперацыі 1944: стралк. корпус пад яго камандаваннем авалодаў г.п. Клічаў, удзельнічаў у вызваленні Мінска. У г. Ваўкавыск каля школы № 1 устаноўлены яго бюст.

В.Р.Жолудзеў.

т. 6, с. 438

ЖО́ЛУДЗЕЎ (Навум Ілыч) (13.1.1922, г. Гомель — 9.12.1985),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў армейскія курсы парторгаў і камсоргаў (1944), курсы перападрыхтоўкі каманднага саставу (1946), Мінскі юрыд. ін-т (1950). У Чырв. Арміі з 1941. У Вял. Айч. вайну ўдзельнік Сталінградскай і Курскай бітваў, вызвалення Украіны, Румыніі. Камандзір мінамётнага разліку мал. сяржант Ж. вызначыўся ў кастр. 1943 пры фарсіраванні Дняпра на Пд ад г. Крамянчуг Палтаўскай вобл. (Украіна). Да 1970 у Сав. Арміі.

т. 6, с. 439

ЖО́РАЎ (Абрам Ільіч) (1907, г. Магілёў — 1943),

бел. скульптар. Скончыў Віцебскі маст. тэхнікум (1929). Асн. творы (гіпс) — «Качагар», «Плытагоны», «Лён», «С.Арджанікідзе ў разведцы і пад Барысавам» (усе 1930-я г.), праект помніка дукорскім партызанам (1940), «М.Ю.Лермантаў» (барэльеф, 1941). Прымаў удзел у афармленні Дома ўрада ў Мінску (1932—34), бел. павільёна на Усесаюзнай выстаўцы ў Маскве (1939). Загінуў на фронце.

А.Жораў. С.Арджанікідзе ў разведцы пад Барысавам. 1939.

т. 6, с. 439

Жораў Ісак Саламонавіч

т. 18, кн. 1, с. 385

ЖОРЖ (George; сапр. Веймер; Weimer) Маргерыт Жазефін

(23.2.1787, г. Баё, Францыя — 11.1.1867),

французская актрыса. Вучылася ў драм. актрысы Ракур. У 1802—08, 1813—18 выступала ў т-ры «Камеды Франсэз». Выконвала ролі ў класіцысцкіх трагедыях: Герміёна, Раксана, Клітэмнестра («Андрамаха», «Баязет», «Іфігенія ў Аўлідзе» Ж.Расіна), Клеапатра, Медэя («Радагюна», «Медэя» Б.Карнеля), Меропа, Семіраміда (аднайм. п’есы Вальтэра) і інш. Яе мастацтва адлюстроўвала позні перыяд у развіцці класіцызму з характэрнай для яго знешняй пампезнасцю, дэкаратыўнасцю. З 1822 у т-ры «Адэон», у 1830-я г. — адначасова і ў т-ры «Порт-Сен-Мартэн». У 1849 пакінула сцэну.

т. 6, с. 439

ЖОРЖ САНД (George Sand),

гл. Санд Жорж.

т. 6, с. 439

ЖО́РНАЎКА,

рака ў Бярэзінскім р-не Мінскай вобл., правы прыток р. Бярэзіна (бас. р. Дняпро). Даўж. 29 км. Пл. вадазбору 125 км². Пачынаецца каля зах. ускраіны в. Жалезкава. Рэчышча каналізаванае ад вытоку на працягу 13 км. Каналізаваны ўчастак наз. Смалярня.

т. 6, с. 439

ЖО́РНЫ,

прыстасаванне для ручнога памолу зерня; ручны млын. На Беларусі Ж. былі каменныя і драўляныя. Каменныя складаліся з 2 дыскаў дыяметрам 35—50 см, таўшчынёю 10—15 м, пастаўленых у скрынку ці станок. Ніжні нерухомы камень звычайна быў таўсцейшы, верхні — больш лёгкі, з адтулінай пасярэдзіне для засыпання зерня, мацаваўся пры дапамозе паўпрыцы (жалезнай крыжавіны або пласціны), якая круцілася на шпяні, замацаваным у ніжнім камені. Каб мука лепш ссыпалася, паверхню ніжняга каменя рабілі крыху выпуклай, верхняга — увагнутай. Ж. круцілі пры дапамозе доўгага кія (млёна), верхні канец якога ўстаўляўся ў бэльку ці адтуліну спец. планкі. Часам жарнавыя паставы рабілі з дубовых калодак, на рабочую ч. якіх веерападобна набівалі пласцінкі чыгуну або жалеза. Такія Ж. трапляліся пераважна на Палессі. Яшчэ ў пач. 20 ст. Ж. былі амаль у кожнай сял. сям’і, у некаторых месцах ва ўжытку захаваліся да 1950-х г.

Л.І.Мінько.

Жорны драўляныя і каменныя.

т. 6, с. 439

ЖО́РСТКАСЦЬ канструкцыі,

уласцівасць канструкцыі (цела) супраціўляцца дэфармацыі. Залежыць ад геам. характарыстык папярочнага сячэння элементаў канструкцыі і фіз. уласцівасцей матэрыялу (модуляў пругкасці).

У абсалютна цвёрдага цела (ідэальны выпадак) Ж. бясконца вялікая, у гумы — вельмі малая. Большасць канструкцыйных матэрыялаў па Ж. займаюць прамежкавае становішча. Пры простых дэфармацыях у межах Гука закону Ж. вызначаецца як здабытак модуля пругкасці на тую ці іншую характарыстыку папярочнага сячэння элемента (плошчу, восевы момант інерцыі і інш.). Паняцце Ж. шырока выкарыстоўваецца пры рашэнні задач супраціўлення матэрыялаў. У авіяцыі і ракетнай тэхніцы часта ўлічваюць удзельную Ж. — адносіны Ж. да шчыльнасці матэрыялу. Велічыня, адваротная Ж., наз. падатлівасцю.

І.І.Леановіч.

т. 6, с. 439