Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЕРАШЭ́НКА (Віктар Іванавіч) (9.3.1921, г. Еўпаторыя, Рэспубліка Крым, Украіна, — 6.12.1980),

Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. Скончыў Качынскую ваен. авіяц. школу (1938), Ваен.-паветр. акадэмію (1952). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на Паўн.-Зах., Волхаўскім і 1-м Укр. франтах. Нам. камандзіра палка, інспектар-лётчык па тэхніцы пілатавання і тэорыі палётаў маёр Е. зрабіў 216 баявых вылетаў, з іх 87 на разведку тылоў праціўніка. Да 1961 у Сав. Арміі, да 1977 у грамадз. авіяцыі.

т. 6, с. 393

ЕРГАЛІ́ЕЎ (Хамід) (н. 27.10.1916, пас. Новабагацінскі Гур’еўскай вобл., Казахстан),

казахскі пісьменнік. Нар. пісьменнік Казахстана (1986). Вучыўся ў Казахскім ун-це (1939—41). Аўтар каля 30 паэт. зборнікаў. У кнігах вершаў і паэм «Споведзь бацькі» (1947), «Дзяўчына з нашага аула» (1950), «Твая рака» (1953), «Курмангазы» (1962), «Залатая чаша» (1981; Дзярж. прэмія Казахстана імя Абая 1982) адлюстраваў жыццё і побыт каз. народа ў розныя гіст. эпохі. Аўтар апавяданняў, нарысаў, публіцыстычных артыкулаў і інш. Творы Д. перакладзены на мовы народаў свету.

Ж.Сахіеў.

т. 6, с. 393

ЕРГЕНІ́,

узвышша на ПдУ еўрапейскай ч. Расіі, у Валгаградскай, Растоўскай абласцях і Калмыкіі. Распасціраецца ад Волгі (у раёне г. Валгаград) да даліны р. Усх. Маныч. Даўж. каля 350 км, шыр. 20—50 км, выш. 160—221 м. Складзена з глін, вапнякоў і пясчанікаў. Усх. схіл стромка (да 70—80 м) абрываецца да Прыкаспійскай нізіны, расчлянёны густой сеткай яроў. Каля падножжа прэснаводныя Сарпінскія азёры. Зах. схіл спадзісты, паступова паніжаецца да даліны р. Дон. Пераважае паўпустынная расліннасць.

т. 6, с. 393

ЕРМАКО́ВА (Людміла Уладзіміраўна) (н. 5.7.1927, Масква),

рускі харавы дырыжор. Нар. арт. Расіі (1981), нар. арт. СССР (1988). Скончыла Муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (1957). З 1957 хормайстар, з 1965 дырыжор, з 1983 маст. кіраўнік Вял. хору Дзяржтэлерадыё Расіі, у рэпертуары якога буйныя вак.-сімф., аратарыяльныя і хар. творы муз. класікі, сучасных кампазітараў, нар. песні, творы духоўнай музыкі. З 1963 выкладае ў Маск. кансерваторыі (з 1993 праф.).

т. 6, с. 393

ЕРМАКО́ВІЧЫ Філон і Елізар, бел. дойліды 17 ст. Жылі ў в. Грычына (Дзяржынскі р-н Мінскай вобл.). З дойлідамі Ільёй і Антонам Зезгуламі і Маркам будавалі сядзібы і палацы Койданаўскага графства.

т. 6, с. 393

ЕРМАКО́Ў (Васіль Пятровіч) (11.3.1845, в. Церуха Гомельскага р-на — 16.3.1922),

расійскі матэматык. Чл.-кар. Пецярбургскай АН (1884). Скончыў Кіеўскі ун-т (1868), дзе і працаваў (з 1877 праф.), з 1899 у Кіеўскім політэхн. ін-це. Навук. працы па матэм. аналізе, алгебры, тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, механіцы. Адкрыў новую прыкмету збежнасці бесканечных шэрагаў (1870), даў новы спосаб рашэння класічнай задачы аб брахістахроне (1900). Выдаваў «Журнал элементарной математики» (1884—86). Аўтар падручнікаў і навуч. дапаможнікаў для ВНУ.

Літ.:

Историко-математические исследования. М., 1956. Вып. 9. С. 667—722;

Дабравольскі В.А. Да ісціны — найпрасцейшым шляхам: Васіль Ермакоў. Мн., 1992.

т. 6, с. 393

ЕРМАКО́Ў (Віктар Яўсеевіч) (н. 24.8.1928, в. Пожар Смаленскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне лесаўпарадкавання. Д-р с.-г. н. (1983), праф. (1986). Засл. лесавод Беларусі (1991). Акад. Украінскай лясной акадэміі (1993). Скончыў Бел. лесатэхн. ін-т (1952). З 1953 працуе ў Бел. тэхнал. ун-це (у 1977—90 заг. кафедры). Навук. працы па прадукцыйнасці і гасп. ацэнцы лясоў Беларусі з улікам умоў іх росту і ўзроставай дынамікі.

Тв.:

Основы природопользования Мн., 1980 (у сааўт.);

Справочник таксатора. Мн., 1980 (разам з У.С.Мірошнікавым, А.А.Трулем);

Справочник работника лесного хозяйства. Мн., 1986 (у сааўт.);

Лесоустройство. 3 изд. Мн., 1993.

т. 6, с. 393

Е́РМАЛАВІЦКІ БОЙ 1943,

аперацыя партызан 113-га (камандзір К.М.Белавусаў), 121-га (А.М.Касаеў), 61-га (Р.К.Паўлаў) атрадаў па разгроме ням.-фаш. гарнізона ў в. Ермалавічы Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл. 28—29 кастр. ў Вял. Айч. вайну. Гарнізон быў вузлавым сярод тых, што забяспечвалі рух на шашы Магілёў—Бялынічы, ажыццяўляў карныя аперацыі супраць партызан і мірнага насельніцтва ў Бялыніцкім і Магілёўскім р-нах. Аперацыя распрацавана і праводзілася пад кіраўніцтвам Магілёўскай раённай ВАГ. Партызаны акружылі вёску і нечакана ўварваліся ў гарнізон, захапілі вял. колькасць боепрыпасаў, зброі, амуніцыі, знішчылі значную колькасць жывой сілы ворага.

т. 6, с. 393

ЕРМАЛА́ЕВА (Вера Міхайлаўна) (1893, г. Пятроўск Саратаўскай вобл., Расія — 1938),

рускі і бел. мастак, педагог. Вучылася ў маст. школе М.Д.Бернштэйна (1911—14) і археал. ін-це у Пецярбургу (1914—17), а таксама ў Францыі, Швейцарыі і Англіі. Чл. аб’яднання мастакоў «Саюз моладзі», стварыла (1918) арцель мастакоў «Сёння» ў Пецярбургу. Працавала ў музеі горада (цяпер Музей гісторыі Пецярбурга) і калегіі Аддзела выяўл. мастацтва Наркамасветы. У 1919—22 выкладчык, кіраўнік майстэрні і рэктар Віцебскага нар. маст. вучылішча. Чл. групы «Сцвярджальнікі новага мастацтва». Удзельнічала ў агітацыйна-маст. афармленні Віцебска, па яе эскізах створаны дэкарацыі і касцюмы для губ. т-ра (футурыстычная опера «Перамога над сонцам», 1920). З 1922 у Пецярбургу, у Ін-це маст. культуры (1923—27) пад кіраўніцтвам К.Малевіча, уплыў якога зазнала. Афармляла і ілюстравала дзіцячыя кнігі М.Асеева, М.Венгерава, І.Крылова (усе 1920-я г.), І.В.Гётэ, М.Сервантэса, М.Чарнышэўскага (усе 1930-я г.), стварыла шэраг кніжак-карцінак. Сярод станковых работ «Галгофа» (1928). «Дрэвы», «Хлопчыкі», аўтапартрэт (усе пач. 1930-х г.) і інш. Рэпрэсіравана ў 1934.

Літ.:

Ковтун Е. Художница книги В.М.Ермолаева // Искусство книги: Сб. М., 1975. Вып. 8;

Авангард, остановленный на бегу: [Альбом.] Л., 1989;

Русский авангард 20-х—30-х гг. СПб., 1997.

А.Г.Лісаў.

В.Ермалаева. Эскіз афармлення сцэны для футурыстычнай оперы «Перамога над сонцам». 1920.

т. 6, с. 393

ЕРМАЛА́ЕЎ (Аляксей Мікалаевіч) (23.12.1910. С.-Пецярбург — 12.12.1975),

рускі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. Беларусі (1940). Нар. арт. СССР (1970). Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1926). Да 1930 вядучы танцоўшчык Ленінградскага т-ра оперы і балета. У 1930—58 саліст, у 1960—75 педагог-рэпетытар Вял. т-ра; у 1968—72 адначасова маст. кіраўнік Маск. харэаграфічнага вучылішча. Адзін з найб. яркіх прадстаўнікоў рус. балетнай школы 1920—40-х г., заснавальнік новага выканальніцкага стылю — гераічнага, віртуознага, насычанага драматызмам танца; значна ўзбагаціў танц. лексіку, зрабіў вял. ўплыў на наступныя пакаленні выканаўцаў. Сярод партый: Бог ветру («Талісман» Р.Дрыга), Блакітная птушка, Зігфрыд («Спячая прыгажуня». «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Геній вод («Канёк-Гарбунок» Ц.Пуні), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Альберт і Ганс («Жызэль» А.Адана), Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Лі Шанфу («Чырвоны мак» Р.Гліэра). Паставіў у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі першы нац. балет «Салавей» М.Крошнера (з Ф.Лапуховым, 1939; 2-я рэд. балета 1940 вырашана ім сродкамі дзейснага танца, арганічным спалучэннем класічнай і бел. нар. харэаграфіі), «Аповесць пра каханне» (1953) і «Палымяныя сэрцы» (1955) В.Залатарова. Сярод яго вучняў: У.Васільеў, А.Гадуноў, М.Лепа. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1947, 1950.

Літ.:

Аляексей Ермолаев: Сб. ст. М., 1974;

Гаевский В. Дивертисмент. М., 1981;

Алексей Ермолаев: Статьи. Воспоминания. М., 1982.

А.М.Ермалаеў.

т. 6, с. 393