Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЕГІПТАЛО́ГІЯ,

комплексная навука, якая вывучае мову, гісторыю, культуру Стараж. Егіпта. Інтэнсіўнае развіццё Е. як навукі звязана з Егіпецкай экспедыцыяй 1798—1801, у якой удзельнічала каля 150 вучоных. У выніку іх дзейнасці заснаваны Ін-т Егіпта ў Каіры (дзейнічае і цяпер), выдадзена «Апісанне Егіпта» (т. 1—24, 1809—28). Дэшыфроўка ў 1822 Ж.​Ф.​Шампальёнам егіп.-іерагліфічнага пісьма на т.зв. Разецкім камені паклала пачатак навук. вывучэнню стараж.-егіп. помнікаў. У 1828—29 (Шампальён, І.​Раселіні) і ў 1842—45 (К.​Р.​Лепсіус) праведзена інвентарызацыя помнікаў егіп. архітэктуры і мастацтва. Франц. егіптолагі вялі археал. раскопкі (А.​Марыет), публікавалі помнікі егіп. філалогіі, перакладалі і выдавалі іерагліфічныя і іератычныя тэксты (Г.​Масперо, Ф.​Шаба, Э. дэ Ружэ, Э.​Навіль), даследавалі гісторыю Стараж. Егіпта (Э.​Дрыятон, Ж.​Вандзье і інш.), яго рэліг. і сац. ін-ты (А.​Марэ, Э.​Ф.​Гацье). Вялікае значэнне для развіцця Е. мела т.зв. берлінская школа, заснаваная ў 1890-я г. А.​Эрманам. Ням. егіптолагі вывучалі пераважна егіп. мовы. Лепсіус выдаў збор першакрыніц, стварыў асновы храналагічнай перыядызацыі гісторыі Стараж. Егіпта. У 1880 выйшла граматыка копцкай (Л.​Штэрн) і новаегіп. (Эрман) моў. Лексікаграфічныя даследаванні вёў Г.​Бругш (іерагліфічна-дэматычны слоўнік). У 1896 пад кіраўніцтвам Эрмана і Г.​Грапава пачалася праца над слоўнікам егіп. мовы. У пач. 20 ст. егіп. палеаграфію даследаваў Г.​Мёлер, рэліг. тэксты — К.​Зетэ і С.​Шот, інш. літ. помнікі — Г.​Штайндорф, гісторыю Стараж. Егіпта — Э.​Маер, А.​Шарф. Брыт. егіптолагі праводзілі інтэнсіўныя археал. раскопкі (У.​Пітры Фліндэрс). У сярэдзіне 19 ст. выдадзены адзін з першых іерагліфічных слоўнікаў (С.​Бёрч, 1867), апрацавана граматыка класічнай мовы (А.​Гардынер), выдадзены копцкі слоўнік (У.​Крам, 1939). Намаганнямі Дж.​Брыстыда ў Чыкага (ЗША) заснаваны Усходні ін-т, вакол якога групаваліся амер. егіптолагі. Заснавальнік Е. ў Расіі У.​С.​Галянішчаў сабраў вял. калекцыю стараж.-егіп. матэрыялаў, апублікаваў працы па егіп. філалогіі і археалогіі. Аўтар «Гісторыі Старажытнага Усходу» (т. 1—2, 1935—36). Б.​А.​Тураеў стварыў рус. школу егіптолагаў. Сац.-эканам. развіццё стараж.-егіп. грамадства даследаваў В.​В.​Струве. Над праблемамі Е. працавалі У.​І.​Аўдзіеў, І.​М.​Лур’е, Ю.​Я.​Перапёлкін і інш. З 1952 пытанні Е. больш актыўна даследуюць самі егіпцяне. У сувязі з буд-вам Асуанскай плаціны для выратавання гіст. помнікаў, якія знаходзіліся ў зоне затаплення, у 1960 пры ЮНЕСКА быў створаны міжнар. к-т, у Егіпет і Судан накіраваны археал. экспедыцыі шэрагу краін. У Александрыі, Малаві, Асуане і інш. гарадах створаны музеі егіп. старажытнасцей. У 1976 у Каіры адбыўся 1-ы Міжнар. кангрэс егіптолагаў (з гэтага часу склікаецца кожныя 3 гады).

Літ.:

Постовская Н.М. Изучение древней истории Ближнего Востока в Советском Союзе (1917—1959 гг.). М., 1961.

У.​С.​Кошалеў, Н.​К.​Мазоўка.

т. 6, с. 382

ЕГІЯЗАРА́Н (Рыгор Егіязаравіч) (21.12.1908, с. Блур Сурмалінскага пав., цяпер Турцыя — 4.11.1988),

армянскі кампазітар, педагог. Нар. арт. Арменіі (1961), нар. арт. СССР (1977). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1935, клас М.Мяскоўскага). З 1938 выкладаў у Ерэванскай кансерваторыі (з 1959 праф., у 1954—60 рэктар). У 1952—56 старшыня Саюза кампазітараў Арменіі. Сярод твораў: балеты «Севан» (1956), «Возера мрояў» (1968), «Ара Прыгожы і Семіраміда» (1972); для сімф. аркестра — сімфонія «Раздан» (1960), «Рапсодыя» (1939), паэма «Арменія» (1942), сімф. карціна «Да ўзыходу сонца» (1952); канцэрт для скрыпкі з арк. (1943); хары, рамансы, песні, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Сярод вучняў Э.Аганесян. Дзярж. прэмія Арменіі 1970.

т. 6, с. 382

ЕГІЯЗА́РАЎ (Юрый Рыгоравіч) (н. 22.5.1933, Баку),

бел. вучоны ў галіне нафтахіміі. Д-р тэхн. н. (1984), праф. (1989). Скончыў Азерб. індустр. ін-т (1956). З 1962 у Ін-це фізіка-арган. хіміі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні хім. складу і тэхнал. уласцівасцей бел. нафты, каталітычных сістэм для перапрацоўкі вуглевадароднай сыравіны. Распрацаваў комплексную схему рацыянальнай перапрацоўкі нафты бел. радовішчаў, каталітычныя сістэмы для вытв-сці капралактаму, ачысткі прамысл. газавых выкідаў.

Тв.:

Химия промышленных нефтей Белоруссии. Мн., 1972 (разам з М.​С.​Казловым, У.​І.​Куліковым);

Гетерогенпо-каталитическая изомеризация углеводородов. Мн., 1989 (разам з М.​Ф.​Саўчыцам, Э.​Я.​Усцілоўскай).

т. 6, с. 382