Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

НУЛЬ ФУ́НКЦЫІ,

пункт x0, у якім зададзеная функцыя 𝑓(x) ператвараецца ў нуль, г.зн. 𝑓(x0)=0. Напр., для функцыі 3x−2 пункт x0 = ​2/3 ёсць Н.ф. Некаторыя функцыі не маюць Н.ф., напр. e​x; у іншых, напр., у трыганаметрычных функцый, колькасць Н.ф. бясконцая. Н.ф.𝑓(x) — тое самае, што і карані адпаведнага ўраўнення 𝑓(x)=0.

т. 11, с. 387

НУЛЯВА́Я ПРЫЛА́ДА, нуль-індыкатар,

адчувальная вымяральная прылада, якая фіксуе адсутнасць эл. току або напружання ў вымяральным ланцугу. Выкарыстоўваецца пры нулявых метадах вымярэнняў (кампенсацыйных, маставых і інш.).

У ланцугах пастаяннага току як Н.п. выкарыстоўваюць магнітаэл. гальванометры, у ланцугах пераменнага току — вібрацыйныя гальванометры і электронныя нуль-індыкатары (спалучаюць электронны ўзмацняльнік з магнітаэл. вымяральнікам, электронна-прамянёвай прыладай і інш). Як Н.п. часам выкарыстоўваюць тэлефон, электра-, ферадынамічныя і інш. вымяральныя прылады.

т. 11, с. 387

НУЛЯВА́Я ЭНЕ́РГІЯ,

рознасць паміж энергіяй асн. стану квантавамех. сістэмы і энергіяй, што адпавядае мінімуму патэнцыяльнай энергіі. Напр., Н.э. асцылятара роўная ​/2, дзе hПланка пастаянная, ν — частата ваганняў асцылятара. Наяўнасць Н.э. вынікае з неазначальнасцей суадносін. Агульная ўласцівасць звязаных сістэм мікрачасціц, якія можна набліжана разглядаць як сістэмы асцылятараў: сістэма не можа перайсці ў стан з энергіяй, меншай за Н.э., без змен у сваёй структуры.

т. 11, с. 387

НУЛЯВЫ́ ГУК,

асаблівага роду ваганні, якія могуць распаўсюджвацца ў квантавых фермі-вадкасцях (напр., у вадкім геліі-3) пры т-рах, блізкіх да абсалютнага нуля. Абумоўлены адхіленнем ад раўнаважнага значэння функцыі размеркавання элементарных узбурэнняў (квазічасціц), якія існуюць у фермі-вадкасці. Скорасць распаўсюджвання Н.г. адрозніваецца ад скорасці звычайнага гуку. Прадказаны Л.Д.Ландау (1957), эксперыментальна выяўлены амер. фізікамі (1966). Н.г. можа існаваць таксама ў металах, электроны якіх утвараюць зараджаную фермі-вадкасць.

т. 11, с. 387

НУЛЯВЫ́ МЕРЫДЫЯ́Н,

тое, што Грынвіцкі мерыдыян.

т. 11, с. 387

НУЛЯВЫ́ МЕ́ТАД ВЫМЯРЭ́ННЯЎ,

высокадакладны метад вымярэння фіз. велічыні, заснаваны на параўнанні яе з адпаведнай мерай, пры якім на нулявую прыладу ўздзейнічае сігнал, прапарцыянальны рознасці паміж лікавымі значэннямі вымернай і вядомай велічынь. У працэсе вымярэння гэтую рознасць даводзяць да нуля (часам аўтаматычна). Н.м.в. вымяраюць эл. велічыні (эрс, напружанні, ёмістасці, супраціўленні і інш.) і неэл. велічыні, пераўтвораныя ў эл. (тэмпературы, ціскі, дэфармацыі і да т.п.) з выкарыстаннем патэнцыёметраў і мастоў вымяральных. Разнавіднасць Н.м.в. — кампенсацыйны метад вымярэнняў.

т. 11, с. 387

НУЛЯВЫ́ ЦЫКЛ,

комплекс будаўніча-мантажных работ па ўзвядзенні падземнай часткі забудовы і ўпарадкаванні ўнутрыквартальных інж. сетак.

Да работ Н.ц. адносяцца: зрэзка і вывазка расліннага грунту; вертыкальная планіроўка буд. пляцоўкі; пракладка ўнутрыквартальных сетак водаправода, каналізацыі, газаправода, цепла- і электразабеспячэння, тэлефона; правядзенне ўнутрыквартальных дарог і праездаў; мантаж трансфарматарных падстанцый і знадворнага асвятлення, унутрыквартальных газарэгулятарных станцый і цеплавых пунктаў; капанне катлаванаў і траншэй пад фундаменты; буд-ва фундаментаў, падвалаў і інш. Комплекс работ Н.ц. ажыццяўляюць спецыялізаваныя арг-цыі.

т. 11, с. 387

НУМА́НЦЫЯ (Numantia),

старажытна-іберыйскае ўмацаванае паселішча на р. Дуэра ў Іспаніі. Узнікла на месцы стараж. паселішча кельцкага племя арэвакаў. У 154—133 да н.э. гал. цэнтр антырым. супраціўлення. У 153 да н.э. каля Н. разбіта войска рым. консула Квінта Фульвія Набіліёра, у 141 да н.э. — Пампея. У 137 да н.э. Н. аблажыла рым. армія консула Манцына, але сама трапіла ў акружэнне і капітулявала. У 133 да н.э. рым. войска Карнелія Сцыпіёна пасля 9-месячнай аблогі захапіла і разбурыла Н. Частка яго жыхароў скончыла самагубствам, астатніх прадалі ў рабства. Раскопкі Н. ў 1905—23 выявілі гар. ўмацаванні, жылыя памяшканні, лагер Сцыпіёна і інш.

А.​У.​Казленка.

т. 11, с. 387

НУ́МАР (ад лац. numerus лік),

1) парадкавы лік прадмета ў радзе яму падобных.

2) Прадмет, абазначаны пэўным лікам па парадку.

3) Жэтон, планка, ярлык і да т.п. з адбіткам або малюнкам лічбы.

4) Размер адзення, абутку і інш. 5) Асобны пакой у гасцініцы, лазні і да т.п.

6) Асобнае закончанае выступленне артыстаў (у тэатры, на канцэрце і да т.п.).

7) Баец гарматнага, кулямётнага і да т.п. разліку.

т. 11, с. 388

НУМЕ́А (Nouméa),

горад, адм. цэнтр Новай Каледоніі, на паўд.-зах. узбярэжжы вострава. Засн. ў сярэдзіне 19 ст. Каля 70 тыс. ж. (1998). Гал. порт краіны (вываз нікелю. феранікелю, храмітаў, кобальту, марганцу, жал. руды, копры). Вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: металургічная (абагачэнне і выплаўка нікелю і інш. металаў), харчовая. Турызм.

т. 11, с. 388