Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДАРЭ́ЎСКАЯ (Апалонія) (вядома і як Дарота; 1767 ?—?),

танцоўшчыца. Прыгонная падскарбія надворнага літ. А.Тызенгаўза, выхаванка яго балетных школ у Гродне і Паставах. У 1778 выступіла як фігурантка ў школьным паказе «Сялянскага балета» Г.Петынеці ў Гродзенскім т-ры Тызенгаўза. Паводле завяшчання магната перайшла ва ўласнасць Станіслава Аўгуста Панятоўскага і з 1785 першая салістка трупы «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці» ў Варшаве; гратэскавая танцоўшчыца на прыдворнай сцэне і ў Нац. т-ры. Партыі: у балетах «Мірза і Ліндор», «Рыбакі», «Лукас і Калінета», «Па-дэ-дэ» Ф.Шлянцоўскага (у дуэце з аўтарам, 1788). У 1794—97 у прыватных антрэпрызах Варшавы і Гданьска (Польшча). У 1797 па ініцыятыве і за кошт Станіслава Аўгуста выехала ў Пецярбург.

Г.І.Барышаў.

т. 6, с. 60

ДАР’Я́ (цюрк.-перс.),

рака. У мовах народаў Сярэдняй Азіі тэрмін выкарыстоўваецца для абазначэння вял. рэк (Амудар’я, Сырдар’я).

т. 6, с. 60

ДАР’Я́ЛЬСКАЯ ЦЯСНІ́НА,

у даліне р Церак, у месцы перасячэння ёю Бакавога хр. Вял. Каўказа, у Грузіі і Паўн. Асеціі. На працягу 3 км глыб. да 1000 м. Па Д.ц. праходзіць Ваенна-Грузінская дарога. Д.ц. была вядома стараж. географам як «Вароты Каўказа» (Аланскія вароты).

т. 6, с. 60

ДАР-ЭС-САЛА́М (Dar es Salaam),

горад у Танзаніі. Месцазнаходжанне ўрада. Адм. ц. Прыбярэжнай вобл. 1436 тыс. ж. (1990). Гал. марскі порт краіны, на беразе Індыйскага ак. (абслугоўвае часткова суседнія краіны). Чыг. станцыя, вузел аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Пачатковы пункт нафтаправода ў Замбію. Прам-сць: нафтаперапр., цэм., аўтазборачная, тэкст., эл.-тэхн., харчасмакавая (мясакансервавая, тытунёвая, мукамольная, піваварная), абутковая. Суднабудаванне (пераважна рыбацкіх суднаў). Вытв-сць лакаў, фарбаў, мыла, мэблі. Рыбалоўства. Ун-т. Бат. сад. Гісторыка-этнагр. музей.

Засн. ў 1862 султанам Занзібара на месцы рыбацкай в. Мзізіма. У 1887 захоплены герм. усх.-афр. кампаніяй. З 1891 адм. ц. Герм. Усх. Афрыкі. У 1916 акупіраваны англ. войскамі. У 1919—61 цэнтр англ. каланіяльнай адміністрацыі Танганьікі. У 1861—64 сталіца незалежнай дзяржавы Танганьіка, у 1964—73 — Танзаніі.

т. 6, с. 59

ДАСА́ЕВА (Таццяна Мікалаеўна) (н. 27.7.1951, в. Знамя Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. літ.-знавец і крытык. Канд. філал. н. (1989). Скончыла БДУ (1973). Настаўнічала. З 1977 у Ін-це л-ры Нац. АН Беларусі. Друкуецца з 1978. Даследуе бел. прозу 1920—30-х г. (П.Галавач, Ц.Гартны, М.Гарэцкі, М.Зарэцкі, Л.Калюга, Б.Мікуліч, К.Чорны і інш.), сучасны літ. працэс. Укладальнік і аўтар каментарыя да 2-га і 7-га т. Збору твораў І.Мележа ў 10 т. (1979—85), «Летапісу жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага» ў 4-м т. Збору твораў Гарэцкага ў 4 т. (1984—86).

Тв.:

Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага. Мн., 1993;

Пошукі героя: 3 вопыту бел. прозы 20-х гг. Мн., 1993.

т. 6, с. 60

ДАСКАЛО́Ў (Стаян Цэкаў) (22.8.1909, в. Ліляча Врачанскай акр., Балгарыя — 1985),

балгарскі пісьменнік. Скончыў Сафійскі ун-т (1942). Нар. дзеяч культуры Балгарыі (1967). Аўтар рамана-эпапеі «Шлях» (кн. 1—3, 1945—54), раманаў «Свая зямля» (1952, бел. пер. 1961 Н.Гілевіча), «Стубленскія ліпы» (1960), «Вёска ўскрай завода» (1963), «Рэспубліка дажджоў» (1968), «Наследніца» (кн. 1—2, 1975), зб. апавяданняў «Пакута» (1935), «Магдзін узгорак» (1940), «Двор» (1943), «Вясковыя душы» (1958), у якіх паказаны вясковае жыццё даваен. і пасляваен. Балгарыі, падзеі 2-й сусв. вайны, складаныя працэсы кааперацыі. Дзімітроўская прэмія 1950, 1969. У пер. на бел. мову выйшаў зб. «Любча-безбілетнік» (1959) і вершы ў зб. «Скарб» (1967).

Тв.:

Рус. пер. — Огненные зори: Рассказы и повести. М., 1973.

Г.Я.Адамовіч.

т. 6, с. 60

ДАСКАНА́ЛЫ ЛІК,

цэлы дадатны лік, роўны суме сваіх правільных (меншых за гэты лік) дзельнікаў. Напр., 6 =1+2+3; 28 = 1+2+4+7+14. Цотныя Д.л. вылічваюцца па формуле 2​p−1∙(2​p−1) (Эўклід; 3 ст. да н.э.) пры ўмове, што лікі р і (2​p-1) простыя; ніводнага няцотнага Д.л. не знойдзена.

т. 6, с. 60

ДАСЛЕ́ДАВАННЕ АПЕРА́ЦЫЙ,

навуковы метад выпрацоўкі колькасна абгрунтаваных рэкамендацый для прыняцця рашэнняў у арганізац. кіраванні. Тэрмін узнік у ЗША у гады 2-й сусв. вайны (1939—45), калі пры ваен. штабах ствараліся групы, якія аналізавалі эфектыўнасць розных відаў зброі і ваенна-тактычных рашэнняў. З дапамогай матэм. аналізу і простых правіл вырашаюцца складаныя матэм. задачы. Д.а. мае значэнне ў механіцы, аўтаматыцы, электратэхніцы. Найб. ўплыў на развіццё гэтага метаду зрабілі А.Эрланг, Дж. фон Нейман, Л.В.Кантаровіч, Дж.Б.Данцыг, Р.Белман. Метады Д.а. маюць шырокае кола задач арганізац. кіравання, якія ўзнікаюць у прам-сці, на транспарце, у сельскай гаспадарцы, іх выкарыстоўваюць страхавыя і рэкламныя кампаніі, агенцтвы па турызме, прадпрыемствы камунальнага абслугоўвання і інш. У даследаванні кожнай аперацыйнай задачы павінна быць 6 этапаў: пастаноўка задачы; пабудова матэм. мадэлі з’явы або аперацыі; аналіз мадэлі і атрыманне рашэння; праверка адэкватнасці мадэлі з’яве і аналіз якасці рашэння; карэкціроўка мадэлі і рашэння; рэалізацыя вынікаў рашэння. Работы на ўсіх пералічаных этапах маюць сэнс, калі яны завяршаюцца ўкараненнем вынікаў даследаванняў у практыку кіравання.

т. 6, с. 60

ДАСПЕ́ЎСКІ Станіслаў, гл. Зограф Захарый.

т. 6, с. 60

ДАСПЕ́ХІ,

гл. ў арт. Засцерагальнае ўзбраенне.

т. 6, с. 60