Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ХАЛЬЦЫ́ДЫ (Chalcidoidea),

надсямейства паразітычных перапончатакрылых насякомых з групы наезнікаў. Паводле розных сістэм 19—27 сям., некалькі дзесяткаў тысяч відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі найб. пашыраны віды з роду трыхаграма.

Даўж. цела 0,2—10 мм. Афарбоўка зялёная, жоўтая або чорная з метал. адлівам. Жылкаванне крылаў рэдукаванае. Ёсць бяскрылыя формы. Вусікі каленчатыя, складаюцца з асобных членікаў (не больш за 16). У самак на канцы брушка яйцаклад. Лічынкі Х. бязногія, большасць з іх паразітуюць на інш. насякомых, некат. развіваюцца ў расл. тканках: утвараюць галы, пашкоджваюць костачкі сліў і вішань. Многія Х. выкарыстоўваюцца ў біял. барацьбе са шкоднікамі с.-г. раслін.

т. 16, с. 534

ХАЛЬЧ,

вёска ў Веткаўскім р-не Гомельскай вобл., на правым беразе р. Сож, на аўтадарозе Ветка—Гомель. Цэнтр сельсавета і калект. с.-г. унітарнага прадпрыемства. За 3 км на З ад г. Ветка, 19 км ад Гомеля. 1194 ж., 506 двароў (2002). Свята-Міхайлаўская царква. Брацкія магілы сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — сядзіба (канец 18 — пач. 19 ст.).

Вядомы з канца 16 ст. Належаў Халецкім. З 1772 у Рас. імперыі, мястэчка Веткаўскай вол. Гомельскага пав. Магілёўскай губ. У 1886—1072 ж., 173 двары, царква, яўр. школа, 3 ветракі, 85 крам, 2 кірмашы штогод. З 1926 у Веткаўскім р-не Гомельскай акругі (з 1938 у Гомельскай вобл.). У Вял. Айч. вайну ў вер. 1943 спалена ням. фашыстамі (знішчаны 463 двары). У 1962—65 у Гомельскім р-не.

т. 16, с. 534

ХАЛЯ́ЎКА Мікалай Аляксеевіч (23.12.1916, в. Івакі Добрушскага р-на Гомельскай вобл. — 21.3.1998),

Герой Сав. Саюза (1945). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Зараджальшчык артыл. палка сяржант Х. вызначыўся 2.12.1944 у баі каля г. Ужгарад (Украіна), дзе закідаў гранатамі дзот, вымусіў здацца 30 варожых салдат, якія, убачыўшы аднаго воіна, пачалі страляць у яго; паранены Х. знішчыў 28, узяў у палон 2 гітлераўцаў. Пасля вайны да 1976 у сельскай гаспадарцы.

М.А.Халяўка.

т. 16, с. 534

ХАМА́ДА, гамада,

камяністыя пустыні; у вузкім сэнсе — камяністыя пустыні Сахары. Х. Сахары размешчаны на плато, якія ўтвораны са шчыльных карэнных парод (вапнякоў, пясчанікаў і інш.) і ўкрыты дробным друзам, часам замацаваным у подсцільных пародах.

т. 16, с. 534

ХАМАДА́Н (стараж. Экбатана),

горад на З Ірана. Адм. ц. астана Хамадан. Вядомы з 11 ст. да н.э. 349,6 тыс. ж. (1991). Вузел аўтадарог. Гал. гандл. цэнтр зах. ч. краіны. Прам-сць: харч., гарбарная, дрэваапрацоўчая. Саматужная вытв-сць тканін, дываноў, медных і скураных вырабаў. Ун-т. У 7—6 ст. да н.э. Х. — сталіца Мідыі, у 12 ст. — т.зв. Іракскага сельджукскага султаната. Маўзалеі Гамбедэ-Алавіян (12 ст.) і Ібн-Сіны.

т. 16, с. 534

ХАМА́ДА-ЭЛЬ-ХА́МРА,

пустыннае плато на ПнЗ Лівіі, у Трыпалітаніі. Даўж. з З на У каля 700 км, з Пн на Пд каля 200 км. Складзена з вапнякоў. Выш. 450—500 м. Стромка абрываецца на Пн (уступ Джэбель-Нефуса) і на Пд.

т. 16, с. 534

ХАМАМА́ЦУ,

горад у Японіі, на Пд в-ва Хонсю. 559 тыс. ж. (1992). Рыбалоўны порт. Прам-сць: машынабудаванне (матацыклы і інш.), хім., тэкст., дрэваапр., выраб муз. інструментаў. Будысцкі храм. Турызм.

т. 16, с. 534

ХАМА́РБІЯ (Hammarbya),

род кветкавых раслін сям. ятрышнікавых. 1 від Х. балотная (H. paludosa). Пашырана на ўмерана халодных абласцях Паўн. паўшар’я. На Беларусі занесена ў Чырв. кнігу. Трапляецца на тарфяных балотах, у забалочаных лясах і поймах рэк.

Шматгадовая травяністая расліна з тонкім карэнішчам, на якім штогод утвараецца клубень. Сцябло выш. 6—20 см, каля асновы яйцападобна патоўшчанае, з 2 (3—4) падоўжанымі, таўставатымі лісцікамі ў ніжняй частцы. Кветкі дробныя. жаўтавата-зялёныя, у гронках. Плод — каробачка.

Дз.​І.​Траццякоў.

Хамарбія балотная.

т. 16, с. 534

ХА́МАРШЭЛЬД (Hammarskjōld) Даг Яльмар (29.7.1905, г. Іёнчэпінг, Швецыя — 18.9.1961),

дзяржаўны дзеяч Швецыі, дыпламат, эканаміст. Чл. Швед. акадэміі (з 1954). Сын К.​Я.​Хамаршэльда, прэм’ер-міністра Швецыі ў 1914—17. Скончыў Упсальскі ун-т (1928). У 1930—34 сакратар швед. Камісіі па беспрацоўі. У 1936—45 статс-сакратар Мін-ва фінансаў, адначасова ў 1941—48 старшыня праўлення Нац. банка. З 1949 ген. сакратар Мін-ва замежных спраў, з 1951 міністр без партфеля; у 1952—53 узначальваў швед. дэлегацыі пры ААН. З крас. 1953 ген. сакратар ААН (у вер. 1957 перавыбраны). Садзейнічаў вырашэнню міжнар. канфліктаў у Егіпце (вакол Суэцкага канала, 1956), Венгрыі (паўстанне і сав. ўмяшанне 1956), хваляванняў у Ліване (1952) і Конга (1960). Загінуў у авіякатастрофе ў час пасрэдніцкага візіту ў Конга. Аўтар кн. «Знак на шляху» (выд. 1963). Нобелеўская прэмія міру 1961.

т. 16, с. 534

ХАМЕЙНІ́ Рухалах Мусаві (17.5.1900?, г. Хамейн. Іран — 3.6.1989),

іранскі рэліг. і дзярж. дзеяч, вял. аятала. Атрымаў рэліг. адукацыю. З 1922 у г. Кум. За крытыку рэформ шаха Мухамеда Рэза Пехлеві высланы ў Ірак (1964), пазней пераехаў у Францыю. За час выгнання стаў лідэрам іранскай апазіцыі. У студз. 1979 вярнуўся на радзіму, узначаліў Іранскую рэвалюцыю 1978—79. З 1.2.1979 лідэр Савета ісламскай рэвалюцыі, да якога 11—13.2.1979 перайшла ўся ўлада ў краіне. Паводле распрацаванай ім канцэпцыі тэакратычнай дзяржавы і створанай на яе аснове канстытуцыі Ісламскай Рэспублікі Іран 1979 Х. быў пажыццёвым духоўным лідэрам (рахбарам) і фактычным правіцелем Ірана. Праводзіў курс на ісламізацыю ўсіх бакоў жыцця Ірана, канфрантацыю з ЗША, на пераможнае завяршэнне ірана-іракскай вайны 1980—88 (у ліп. 1988 пагадзіўся на мірнае ўрэгуляванне канфлікту).

Тв.:

Рус. пер. — Завещание. Б.м., б.г.

Літ.:

Агаев С.А. Рухолла Мусави Хомейни // Вопр. истории. 1989. № 6.

В.​У.​Адзярыха.

т. 16, с. 535