Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НАВУМАВЕ́Ц (Антон Рыгоравіч) (н. 2.1.1936, в. Рудка Пінскага р-на Брэсцкай вобл.),

украінскі фізік. Акад. Нац. АН Украіны (1997). Засл. дз. нав. і тэхн. Украіны (1995). Скончыў Кіеўскі ун-т (1957). З 1957 у Ін-це фізікі, з 1998 акадэмік-сакратар аддз. фізікі і астраноміі Нац. АН Украіны. Адначасова праф. Кіеўскага ун-та. Навук. працы ў галіне фізікі паверхні цвёрдых цел і фіз. электронікі. Даследаваў з’явы ў звыштонкіх плёнках з таўшчынёй у 1 атамны слой. Дзярж. прэміі СССР 1988 і Украіны 1997.

Тв.:

Двумерные кристаллы. Киев, 1988 (разам з І.Ф.Люксютавым, В.Л.Пакроўскім).

М.П.Савік.

т. 11, с. 111

НАВУ́МАЎ (Аляксей Аляксандравіч) (27.1.1916, С.-Пецярбург — 1985),

расійскі фізік, адзін са стваральнікаў першых паскаральнікаў на сустрэчных пучках (калайдэраў). Чл.-кар. АН СССР (1964). Скончыў Маскоўскі ін-т інжынераў сувязі (1942). З 1945 у Ін-це атамнай энергіі, з 1959 у Ін-це ядз. фізікі Сіб. аддз. АН СССР. З 1966 у Ін-це фізікі высокіх энергій. Навук. працы па радыёлакацыйных сістэмах і тэхніцы паскаральнікаў элементарных часціц. Распрацаваў і пабудаваў разам з Г.І.Бубкерам першыя ў СССР калайдэры, кіраваў запускам і наладкай пратоннага паскаральніка на 70 ГэВ (г. Серпухаў). Ленінская прэмія 1967. Дзярж. прэмія СССР 1953.

т. 11, с. 111

НАВУ́МАЎ (Валянцін Сцяпанавіч) (н. 12.3.1937, Мінск),

бел. спартсмен і трэнер (веславанне на байдарках і каноэ). Засл. майстар спорту СССР (1969), засл. трэнер Беларусі (1971). Скончыў Бел. ін-т фіз. культуры (1964). У 1974—96 у Акадэміі фіз. выхавання і спорту. Чэмпіён Еўропы на байдарцы-адзіночцы на дыстанцыях 500, 1000 м і ў эстафеце 4 × 500 м (1957, г. Гент, Бельгія). Чэмпіён СССР на дыстанцыях 1000 м (1957, 1958, 1959), 10 000 м (1961). Сярод выхаванцаў чэмпіён свету Л.Дзеравянка, чэмпіён СССР А.Навумаў.

А.А.Навумаў.

т. 11, с. 111

НАВУ́МАЎ (Мікалай Сцяпанавіч) (н. 28.11.1938, г. Красны Ліман Данецкай вобл., Украіна),

бел. архітэктар. Скончыў Кіеўскі інж.-буд. ін-т (1962). Працаваў у г. Алматы, Кішынёве. З 1973 у Мінску — гал. архітэктар праектаў у ін-тах «Белдзяржпраект», «Мінскпраект» (з 1980). Асн. работы: у Мінску — навуч. камбінат Міндарбуда Беларусі (1979), 12-павярховы інж.-лабараторны корпус трэстаў Белсельгастэхнікі (1980), рэсп. Дом тэхн. творчасці (1982, у сааўт.), Мінскі аўтавакзал «Маскоўскі» (Гран-пры рэсп. фестывалю архітэктуры «Брэст—99»). Сярод інш. работ: будынак пед. ін-та імя І.Крангэ (1975), бальнічны гарадок (1976) у Кішынёве і інш. Аўтар распрацовак наменклатуры прадпрыемстваў абслугоўвання насельніцтва для іх масавага буд-ва ў мікрараёнах (універсамы, крамы, кавярні і інш. ў мікрараёнах Захад, Паўд. Захад, Малінаўка, Уручча ў Мінску).

т. 11, с. 111

НАВУ́МАЎ (Уладзімір Навумавіч) (н. 6.12.1927, С.-Пецярбург),

расійскі кінарэжысёр. Нар. арт. Расіі (1974). Нар. арт. СССР (1983). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі (1951), з 1980 выкладае ў ім. Працаваў з А.А.Алавым: «Трывожная маладосць» (1955, паводле рамана «Старая крэпасць» У.Бяляева), «Павел Карчагін» (1957, паводле рамана «Як гартавалася сталь» М.Астроўскага), «Бег» (1971, паводле М.Булгакава), «Легенда пра Тыля» (1977, паводле рамана «Легенда пра Уленшпігеля» Ш. Дэ Кастэра), «Тэгеран-43» (1981, СССР—Швейцарыя—Францыя, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Маскве), «Бераг» (1984, паводле Ю.Бондарава) і інш. Самастойна паставіў фільмы: «Выбар» (1988), «Закон» (1990), «Дзесяць гадоў без права перапіскі» (1991), «Белае свята» (1994). Творчасці Н. ўласцівы эмацыянальнасць, драматызм канфлікту, майстэрства выкарыстання сродкаў кінематаграфічнай выразнасці. Піша сцэнарыі. Дзярж. прэмія СССР 1985.

У.Н.Навумаў.

т. 11, с. 111

Навумаў Уладзімір Уладзіміравіч

т. 18, кн. 1, с. 432

НАВУ́МЕНКА (Іван Якаўлевіч) (н. 16.2.1925, г. Васілевічы Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. пісьменнік, літ.-знавец, грамадскі дзеяч. Нар. пісьменнік Беларусі (1995). Акад. Нац. АН Беларусі (1980, чл.-кар. 1972), д-р філал. н. (1969), праф. (1971). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1950). Працаваў у газ. «Бальшавік Палесся» (1946—51), «Звязда» (1951—52). З 1954 на кафедры бел. л-ры БДУ, з 1973 дырэктар Ін-та л-ры імя Я.Купалы, з 1982 віцэ-прэзідэнт, з 1992 саветнік пры прэзідыуме Нац. АН Беларусі. Друкуецца з 1955. У першым зб. апавяданняў «Семнаццатай вясной» (1957) у рамантычна прыўзнятых фарбах адлюстраваў духоўны свет і лёс юнакоў, што прайшлі праз выпрабаванні вайны. Гэтая ж тэма развіта і ў зб-ках апавяданняў «Хлопцы-равеснікі» (1958), «Таполі юнацтва» (1966, прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1967), адзначаных вернасцю праўдзе жыцця, глыбокім пранікненнем ва ўнутр. свет герояў, майстэрствам дэталі, лірызмам. У аповесцях «Снежань», «Мой сябар Пятрусь», «Пераломны ўзрост» (усе нап. 1958), «Бульба» (1964), «Трымценне дубовага лісця» (1965), «У бары на світанні» (1971) і інш. праблемы станаўлення людскіх характараў на матэрыяле вайны і ў абсягу сучаснасці. Адметныя рысы творчасці Н. — лірычная пранікнёнасць пачуцця і даверлівасць інтанацыі, дакладнасць учынкаў герояў, праўдзівасць дэталей і маст. абагульненняў. Раманы «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1973) падсумавалі вопыт аўтара па стварэнні эпічна насычанай карціны жыцця і барацьбы ва ўмовах жорсткай фаш. акупацыі. Яго ўвагу прыцягвалі і праблемы сучаснага жыцця, што ўнеслі шмат новага ў традыц. адносіны чалавека з людзьмі, грамадствам, гісторыяй. Аповесцям «Развітанне ў Кавальцах» (1974), «Апошняя восень», «Замяць жаўталісця» (абедзве 1976), «Інтэрнат на Нямізе» (1978), раманам «Смутак белых начэй» (1979), «Летуценнік» (1984), «Асеннія мелодыі» (1987), п’есе «Птушкі між маланак» (1982), многім апавяданням уласціва ўсё больш глыбокае асэнсаванне рэчаіснасці, усведамленне сэнсу жыцця, складаных праблем сучаснасці, выяўленне духоўнага патэнцыялу асобы. Пераасэнсаванне гісторыі вяртае героя пісьменніка ў часы дзяцінства і юнацтва ў трылогіі «Дзяцінства. Падлетак. Юнацтва» (1997) і яе працягу «Любімы горад» (1999). Гады калектывізацыі, сталінскія рэпрэсіі асвятляюцца аўтарам з пункту гледжання сучасніка. Для дзяцей напісаў аповесць «Вайна каля Цітавай копанкі» (1957). Аўтар літ.-знаўчых манаграфій «Янка Купала. Духоўны воблік героя» (1967), «Якуб Колас. Духоўны воблік героя» (1968, за абедзве Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1972), «Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч» (1992), «Змітрок Бядуля» (1995), «Максім Багдановіч» (1997), «Ранні Кузьма Чорны (1923—1929)» (2000). У працах па гісторыі бел. л-ры «З глыбінь жыцця» (1960) і «Пісьменнікі-дэмакраты» (1967) разглядае канцэпцыю чалавека і свету ў бел. л-ры.

Тв.:

Зб. тв. Т. 1—6. Мн., 1981—84;

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1995—97;

Гасцініца над Прыпяццю. Мн., 1994;

Хатняе зайчанё. Мн., 1998.

Літ.:

Сіненка Г. Іван Навуменка: Нарыс творчасці. Мн., 1981;

Піскун Л. Іван Навуменка. Мазыр, 1997;

Яе ж. Феномен мастацкай індывідуальнасці: Агляд творчасці Івана Навуменкі // Роднае слова. 1995. № 2—3;

Кароткая Л. Жывое, роднае... Мн., 1989. С. 6—37.

У.В.Гніламёдаў, І.У.Саламевіч.

І.Я.Навуменка.

т. 11, с. 111

НАВУ́МЕНКА (Уладзімір Якаўлевіч) (н. 6.2.1932, г. Васілевічы Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне геаграфіі. Канд. геагр. н. (1974), праф. (1990). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1982). Скончыў БДУ (1957). З 1957 у Брэсцкім дзярж. ун-це (з 1966 прарэктар і з 1994 заг. кафедры). Навук. працы па гісторыі, прыродзе і гаспадарцы Беларусі, у т. л. Брэсцкай вобл.

Тв.:

Брест: Ист.-экон. очерк. 2 изд. Мн., 1977;

География Белоруссии Мн., 1984 (у сааўт.);

Сельское хозяйство Белоруссии. Мн., 1988 (разам з Р.А.Жмойдзякам).

т. 11, с. 112

НАВУ́МЕНКА (Якаў Паўлавіч) (н. 28.3.1959, г. Орша Віцебскай вобл.),

бел. эстрадны спявак. Засл. арт. Беларусі (1997). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя М.І.Глінкі (клас хар. дырыжыравання, 1984), Маскоўскі муз.-пед. ін-т імя Гнесіных (клас вакалу, 1992). З 1984 артыст ансамбля нар. музыкі «Свята», саліст Дзярж. акад. нар. хору Беларусі імя Г.Цітовіча, з 1990 — Нац. тэлерадыёкампаніі і ансамбля нар. музыкі «Бяседа» (1992—97), з 1993 саліст-вакаліст Дзярж. аркестра сімф. і эстр. музыкі Беларусі. Валодае голасам прыгожага барытанальнага тэмбру. Яго выкананне вылучаецца яскравай сцэнічнасцю, шчырасцю, эмацыянальнай выразнасцю. У рэпертуары эстр. песні бел. кампазітараў, шэраг уласных песенных твораў на словы бел. паэтаў, у т. л. «Іншапланецянка», «Колькі год Беларусі», «Ночка-чараўніца», «Арабінавы сум», «Не хадзіце, мае хлопчыкі», «Я вымалю цябе», «Мне ўсё верыцца», «Дзяўчына-красуня» і інш.

Г.М.Загародні.

т. 11, с. 112

НАВУМО́ВІЧ, Наўмовіч Міхась (н. 3.10.1922, в. Рамашкавічы Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.), грамадскі дзеяч бел. эміграцыі, мастак, фізіятэрапеўт. Пасля сканчэння Навагрудскай бел. гімназіі (1944) мабілізаваны ў Бел. краёвую абарону, потым у дывізію СС «Беларусь». Восенню 1944 перайшоў да франц. партызан. З канца 1944 у Андэрса арміі. З чэрв. 1945 жыў у Італіі. З 1947 у Францыі, дзе скончыў Нац. вышэйшую школу мастацтва (ф-т скульптуры, 1953) і школу фізіятэрапіі (1955) у Парыжы. Выкладаў анатомію і марфалогію ў дзярж. і прыватных школах фізіятэрапіі і мастацтва. Узначальваў Аб’яднанне бел. работнікаў у Францыі (з 1946), Бел. незалежніцкую арг-цыю моладзі ў Францыі (1949—52), Аб’яднанне бел. студэнтаў, Бел. аб’яднанне камбатантаў. Рэдагаваў час. «Моладзь» (1948—54). З 1991 старшыня Беларускага хаўрусу. Аўтар больш як 10 скульпт. твораў з каменю, у т. л. помніка на магіле М.Равенскага, скульптур для касцёлаў, моста Аляксандра III і Новага моста (Парыж). Пераможца конкурсу на стварэнне статуі Жанны д’Арк. У 1950—60-я г. аформіў выдадзеныя ў замежжы кнігі «Спадчына» Я.Купалы, «Сымон-музыка» Я.Коласа, «Матчын дар» А.Гаруна, альманах «Ля чужых берагоў». Малюе і акварэллю. Узнагарода па анатоміі Prix Hugier (1949).

А.С.Ляднёва.

т. 11, с. 112