Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НО́ВЫ БЫ́ХАЎ,

комплекс археал. помнікаў (стаянкі каменнага веку, селішча і бескурганны могільнік) каля в. Новы Быхаў Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл. На стаянцы-1 сожскай культуры (6—5-е тыс. да н.э.) выяўлены крамянёвыя скрабкі, разцы, свідэроідны наканечнік стралы, праколка, пласціны-ўкладышы, адшчэпы, нуклеусы, адбойнікі. На стаянцы-2 эпохі неаліту (4—3-е тыс. да н.э.) знойдзены нуклеусы, пласціны, адшчэпы, скрабкі, нажы, фрагменты ямкава-грабеньчатай керамікі. На селішчы (2 ст. да н.э. — 5 ст. н.э. і 9—11 ст.) выяўлены розначасовыя гасп. ямы, фрагменты ляпнога і ганчарнага посуду. Бескурганны могільнік належаў плямёнам зарубінецкай культуры (1 ст. да н.э. — 3 ст. н.э., 100 пахаванняў). Пахавальны абрад — трупаспаленне. Рэшткі крэмацыі змяшчаліся ў ямах, трапляюцца адзінкавыя урнавыя пахаванні. У 4 пахаваннях знойдзены цэлыя гаршкі, у 6 — бронзавыя і жал. рэчы.

т. 11, с. 372

НО́ВЫ БЫ́ХАЎ,

вёска ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл., на правым беразе р. Дняпро. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 22 км на ПдУ ад г. Быхаў, 73 км ад Магілёва, 24 км ад чыг. ст. Тошчыца. 622 ж., 245 двароў (2000). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Магілы сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі комплекс археал. помнікаў Новы Быхаў.

У канцы 16 ст. мястэчка Магілёўскага пав. ВКЛ, пабудаваны кальвінскі збор. У розны час належала Хадкевічам, Сапегам. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 занята войскамі гетмана І.Залатарэнкі. З 1772 у складзе Рас. імперыі. У 1886 — цэнтр воласці Быхаўскага пав. Магілёўскай губ.: 1298 ж., 166 двароў, школа, валасное праўленне, 2 царквы, 2 яўр. малітоўныя дамы, 3 млыны, корчмы. З 1924 цэнтр сельсавета Быхаўскага р-на. У Вял. Айч. вайну ням.-фаш. захопнікі ў лют. 1944 часткова спалілі вёску.

т. 11, с. 372

НО́ВЫ ДВОР,

вёска ў Валожынскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр Залескага с/с. За 55 км на У ад г. Валожын, 45 км ад Мінска, 19 км ад чыг. ст. Аляхновічы. 203 ж., 65 двароў (2000). Пач. школа, клуб, б-ка, аддз. сувязі.

т. 11, с. 372

НО́ВЫ ДВОР,

вёска ў Мінскім р-не, на правым беразе р. Свіслач. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 7 км на ПдУ ад Мінска, 5 км ад чыг. ст. Калядзічы. 945 ж., 316 двароў (2000). Мінскае прадпрыемства па вытв-сці ветпрэпаратаў. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аддз. сувязі. Свята-Міхайлаўская царква.

У.В.Мальцаў.

т. 11, с. 372

НО́ВЫ ДВОР,

вёска ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., на зах. беразе вадасх. Пагост. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 30 км на ПнУ ад г. Пінск, 210 км ад Брэста, 18 км ад чыг. ст. Парахонск. 1063 ж., 412 двароў (2000). Базавая школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Свята-Успенская царква, капліца, малітоўныя дамы хрысціян веры евангельскай і абшчыны адвентыстаў сёмага дня. Каля вёскі стаянкі эпохі мезаліту (9—5-е тыс. да н.э.) і неаліту (3-е тыс. да н.э.).

т. 11, с. 372

НО́ВЫ ДВОР,

вёска ў Свіслацкім р-не Гродзенскай вобл., на р. Нараў. Цэнтр сельсавета і племзавода «Новы Двор». За 38 км на ПдУ ад гар. пасёлка і чыг. ст. Свіслач, 130 км ад Гродна. 987 ж., 381 двор (2000). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Свята-Міхайлаўская царква. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 11, с. 372

НО́ВЫ ДВОР,

вёска ў Шчучынскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Астрына—Радунь. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 32 км на ПнЗ ад г. Шчучын, 55 км ад Гродна, 40 км ад чыг. ст. Ражанка. 659 ж., 267 двароў (2000). Лясніцтва, філіялы Гродзенскага кансервавага з-да і Шчучынскага акц. т-ва «Масласырзавод». Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнікі архітэктуры: Юр’еўскі касцёл (1749), капліца (1882).

Вядома з 15 ст. З 1720 мястэчка. З 1795 у Рас. імперыі. З 1843 у Лідскім пав. Віленскай губ. У сакавіку 1863 каля Н.Д. царскія войскі разбілі паўстанцкі атрад Лідскага пав. на чале з Л.Нарбутам. У 1897 у мястэчку 822 ж., касцёл (з 1749), 2 малітоўныя дамы, капліца, вадзяны млын, 3 крамы, 2 карчмы. З 1921 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Шчучынскага пав. Навагрудскага ваяв. У 1937 у.Н.Д. 655 ж., касцёл, царква, паштовае агенцтва, праводзіліся кірмашы. З 1939 у БССР. З 1940 цэнтр сельсавета Васілішкаўскага раёна Баранавіцкай вобл. З 20.1.1960 у Шчучынскім р-не (у 1960—61 у Радунскім р-не).

У.В.Мальцаў.

т. 11, с. 372

НО́ВЫ ДЭ́ЛІ,

частка г. Дэлі, гл. Нью-Дэлі.

т. 11, с. 372

НО́ВЫ ЗАПАВЕ́Т,

другая, хрысціянская частка Бібліі.

т. 11, с. 372

НО́ВЫ КРУПЕ́Ц,

геалагічнае агаленне, у вёсцы Новы Крупец Добрушскага р-на Гомельскай вобл., на ручаі Крупка; помнік прыроды рэсп. значэння (з 1963). Уключае шэра-зялёныя дробназярністыя кварцава-глаўканітавыя пяскі харкаўскай світы палеагенавай сістэмы, якія намножыліся ў мелкаводным басейне.

т. 11, с. 372