Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГУЛЕ́ВІЧ (Фёдар Фёдаравіч) (н. 14.8.1952, г. Маладзечна),

бел. акцёр цырка, клоун. Засл. артыст Беларусі (1979). Скончыў студыю пры Мінскім дзярж. цырку (1969). Акцёр Саюздзяржцырка (з 1992 Расдзяржцырк). Выступае ў дуэце з А.Варанецкім як дывановы клоун (маску прастадушнага, вясёлага хлопца стварыў на аснове бел. фальклору). У нумарах выкарыстоўвае акрабатыку і жангліраванне. Аўтар (з Варанецкім) многіх клаунад і рэпрыз. Зняўся ў тэлефільмах «Дзяніскавы апавяданні», «Навагодні атракцыён», «А таксама цырк».

т. 5, с. 527

Гулевіч Аляксандр Львовіч

т. 18, кн. 1, с. 375

ГУЛЕ́ГІНА (Марыя Агасаўна) (н. 9.8.1959, г. Адэса, Украіна),

спявачка (сапрана). Засл. арт. Беларусі (1987). Скончыла Адэскую кансерваторыю (1983). З 1983 салістка Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Валодае гнуткім прыгожым голасам шырокага дыяпазону, высокай каларатурнай тэхнікай. Ёй уласцівы яркая эмацыянальнасць, моцны тэмперамент. Сярод партый на бел. сцэне: Разіна («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Таццяна («Яўген Анегін» П.Чайкоўскага), Лізавета, Аіда («Дон Карлас», «Аіда» Дж.Вердзі), саліруючае сапрана ў вак.-харэаграфічным прадстаўленні «Карміна Бурана» на муз. К.Орфа. З 1990 працуе па кантрактах у буйнейшых т-рах свету («Ла Скала», «Метраполітэн-опера», Гамбургская і Венская оперы). Партыі: Тоска, Манон («Тоска», «Манон Леско» Дж.Пучыні), Амелія («Баль-маскарад»), гал. партыі ў операх «Два Фаскары» і «Сімон Баканегра» Вердзі і інш. Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя М.Глінкі (1984, Ерэван), Міжнар. конкурсу спевакоў (1985, Рыо-дэ-Жанейра), міжнар. конкурсу вакалістаў імя П.Чайкоўскага (1986, Масква).

т. 5, с. 527

ГУЛЕ́ЙКА (Васіль Рыгоравіч) (23.4.1893, в. Быстрыца Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 8.7.1973),

генерал-лейтэнант артылерыі (1944). У арміі з 1915, у Чырв. гвардыі з 1917, у Чырв. Арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны, ліквідацыі кранштацкага мяцяжу (1921). У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941: нач. штаба артылерыі арміі, нач. упраўлення артылерыі Карэльскага фронту. У 1943 — 46 нам. нач. штаба Гал. ўпраўлення камандуючага артылерыяй Сав. Арміі. Удзельнік вызвалення Мінска. Да 1951 у Сав. Арміі.

т. 5, с. 527

ГУЛІ́ДАЎСКАЕ ВО́ЗЕРА,

у Глыбоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Маргва, за 13 км на З ад г. Глыбокае. Пл. 0,27 км², даўж. 800 м, найб. шыр. 350 м, даўж. берагавой лініі каля 2 км. Пл. вадазбору 3,25 км². Схілы катлавіны выш. 2—3 м, параслі хмызняком, месцамі на Пд і Пн разараныя. Выцякае ручай у р. Маргва.

т. 5, с. 527

ГУ́ЛІС (Ігар Міхайлавіч) (н. 16.11.1949, Мінск),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1994). Скончыў БДУ (1972). З 1977 у БДУ. Навук. працы па фотафізічных працэсах у растворах і ізаляваных комплексах складаных малекул, метадах і апаратуры для лазерна-спектраскапічных даследаванняў. Распрацаваў метады атрымання звышкароткіх імпульсаў святла, якія перастройваюцца па частаце дыскрэтна ці неперарыўна. Дзярж. прэмія Беларусі 1994.

Тв.:

Спектральные сдвиги при формировании ван-дер-ваальсовских комплексов ароматических молекул с атомами инертных газов // Журн. прикладной спектроскопии. 1996. Т. 63. № 1.

т. 5, с. 527

ГУ́ЛІЯ (Георгій Дзмітрыевіч) (н. 14.3.1913, г. Сухумі, Абхазія),

рускі пісьменнік. Засл. дз. маст. Грузіі (1943) і Абхазіі (1971). Сын Дз.І.Гулія. Друкуецца з 1930. Трылогія «Сябры з Сакена» («Вясна ў Сакене», 1948, Дзярж. прэмія СССР 1949; «Добры горад», 1949; «Кама», 1951) пра побыт і працу людзей Абхазіі. Гіст. мінуламу абх. народа прысвечаны «Апавяданні каля кастра» (1937), аповесць «Чорныя госці» (1950), раман «Водаварот» (1959). Аўтар гіст. рамана «Цар Эхнатон» (1968), «Чалавек з Афінаў» (1969), «Сула» (1971), «Сказанне пра Умара Хаяма» (1975).

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—4. М., 1974.

т. 5, с. 527

ГУ́ЛІЯ (Дзмітрый Іосіфавіч) (21.2.1874, в. Уарча, Абхазія — 7.4.1960),

абхазскі пісьменнік. Зачынальнік абх. л-ры. Нар. паэт Абхазіі (1937). Вучыўся ў настаўніцкай семінарыі ў г. Горы. Настаўнічаў, выкладаў абх. мову ў Тбіліскім ун-це (1924—26). У 1892 склаў абх. азбуку (з К.Д.Мачаварыяні). Рэдактар першай абх. газеты «Апсны» («Абхазія», 1919—20). У 1921 стварыў і ўзначаліў першую абх. тэатр. трупу. Першы паэт. зборнік выдаў у 1912. У яго творах — гіст. мінулае і сучаснае роднага краю (навела «Пад чужым небам», 1919; паэмы «Песня пра Абхазію», 1940; «Восень у вёсцы», 1946; раман «Камачыч», 1940; драма «Прывіды», 1946, і інш.). Аўтар даследаванняў па гісторыі, фальклоры, мове і этнаграфіі («Гісторыя Абхазіі», т. 1, 1925, і інш.), тэрміналагічнага слоўніка па л-ры і мовазнаўстве, падручнікаў і хрэстаматый. Перакл. на абх. мову творы А.Пушкіна, Т.Шаўчэнкі, І.Чаўчавадзе, Ш.Руставелі («Віцязь у тыгравай шкуры»), «Слова пра паход Ігаравы». На бел. мову асобныя творы Гулія пераклалі А.Бачыла, І.Калеснік, У.Паўлаў.

Тв.:

Рус. пер.Соч. Т. 1—4. М., 1974—76.

Літ.:

Гулиа Г. Дмитрий Гулиа: Повесть о моем отце. М., 1962.

т. 5, с. 527

ГУЛЬ (Hull),

горад у Вялікабрытаніі, гл. Хал.

т. 5, с. 528

ГУЛЬБЕ́ЗА, Губіза,

возера ў Астравецкім р-не Гродзенскай вобл., у бас р. Страча, за 33 км на ПнУ ад г.п. Астравец. Пл. 0,23 км², даўж. 940 м, найб. шыр. 390 м, найб. глыб. 12,9 м, даўж. берагавой лініі каля 2 км. Пл. вадазбору 6 км². Схілы катлавіны выш. 8—11 м, параслі лесам і хмызняком, на У разараныя. Берагі супадаюць са схіламі, на Пн сплавінныя. Мелкаводдзе вузкае, пясчанае, глыбей дно сапрапелістае. На Пд выцякае ручай у воз. Вераб’і, злучана пратокай з воз. Ёдзі.

т. 5, с. 528