Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГУ́ЗІКАЎ (Міхаіл Іосіфавіч) (14.9.1806, г. Шклоў Магілёўскай губ. — 27.10.1837),

бел. музыкант, віртуоз-ксілафаніст. Іграў на флейце і цымбалах у нар. інстр. ансамблях. У пач. 1830-х г. на аснове ўдасканалення нар. муз. інструмента брусочкаў распрацаваў сучасную канструкцыю ксілафона. З 1833 выступаў з канцэртамі, у т. л. ў Аўстрыі, Германіі, Бельгіі, Францыі. Выконваў уласныя транскрыпцыі твораў К.М.Вебера, І.Гумеля, Н.Паганіні, папуры і варыяцыі на папулярныя оперныя мелодыі, імправізацыі, апрацоўкі бел., рус., укр., яўр. песень і танцаў. Артыкулы пра яго змяшчалі муз. слоўнікі 19 ст. Яму прысвечана брашура З.Шлезінгера «Іозеф Гузікаў і яго інструмент з дрэва і саломы» (Вена, 1836).

Літ.:

Ямпольский И. Первый виртуоз на ксилофоне // Сов. музыка. 1959. №11;

Тищенко И.К. Белорусский Орфей // Неман. 1983. № 5.

т. 5, с. 522

ГУЙ,

у старажытнакітайскай міфалогіі душа (дух) нябожчыка. З распаўсюджаннем будызму Гуй стала агульнай назвай дэманаў і насельнікаў пекла. Уяўлялі Гуя падобным на чалавека, які не адкідвае ценю, раптоўна становіцца нябачным ці прымае аблічча звера, мужчыны ці жанчыны, каб завабліваць людзей і забіваць іх.

т. 5, с. 522

ГУЙЛІ́НЬ,

горад на Пд Кітая, на р. Гуйцзян, у Гуансі-Чжуанскім аўт. раёне. 430 тыс. ж., з прыгарадамі каля 800 тыс. ж. (1994). Чыг. станцыя і рачны порт. Прам-сць: машынабудаванне, хім., лёгкая. Горнакліматычны курорт.

т. 5, с. 522

ГУЙЧЖО́Ў,

правінцыя на ПдЗ Кітая. Пл. 174 тыс. км². Нас. 32,4 млн. чал. (1994), пераважна кітайцы; у гарах жывуць нац. меншасці (каля ​1/4 насельніцтва) мяа, буі, тунцзя, чжуан, і, шуй, хуэй, яа і інш. Адм. ц.г. Гуян. Размяшчаецца на Гуйчжоўскім нагор’і (вышыні ад 700 м да 2872 м). Клімат вільготны, субтрапічны. Сярэдняя т-ра студз. 4—8 °C, ліп.жн. 22—26 °C. Ападкаў 800—1300 мм за год. Верхнія часткі гор укрыты лясамі з каштоўнымі пародамі дрэў. Развіта сельская гаспадарка. Апрацоўваецца каля 15% тэр., палавіна яе арашаецца. У далінах збіраюць 2 ураджаі за год. Асн. с.-г. культуры: рыс (палова с.-г. плошчаў), кукуруза, пшаніца, рапс, тытунь. Пладаводства. Гадуюць цяглавую буйн. раг. жывёлу, свіней. Важны раён здабычы ртуці (1-е месца ў краіне), меднай, марганцавай, сурмянай, жал. руд, алюмініевай сыравіны, каменнага вугалю. Прам-сць: харч. (алейная і інш.), тытунёвая, тэкст., хім., чорная і каляровая металургія, машынабудаванне (гарнаруднае, трансп., хім. абсталяванне, электратэхніка, с.-г.); вытв-сць буд. матэрыялаў і паперы. Транспарт чыг. і аўтамабільны.

т. 5, с. 522

ГУЙЧЖО́ЎСКАЕ НАГО́Р’Е,

нагор’е на ПдЗ Кітая, усх. ч. Юньнань-Гуйчжоўскага нагор’я. Даўж. каля 600 км, шыр. да 500 км, пераважная выш. каля 1000 м. Складзена з вапнякоў, пясчанікаў і гліністых сланцаў. Развіты карст («каменныя лясы», паркавыя палі, варонкі, калодзежы, пячоры). Клімат субтрапічны мусонны. Хваёвыя і дубова-букавыя лясы, зараснікі бамбуку. У міжгорных катлавінах — пасевы рысу, кукурузы, батату; на У вырошчваюць субтрапічныя культуры (чай, бавоўнік, лакавае і тунгавае дрэвы, хурму).

т. 5, с. 522

ГУК,

ваганні часцінак пругкага асяроддзя (газападобнага, вадкага або цвёрдага), якія распаўсюджваюцца ў ім у выглядзе хваль; пругкія хвалі малой інтэнсіўнасці. У залежнасці ад частаты ваганняў адрозніваюць чутныя гукі (частата ад 16 Гц да 20 кГц; выклікаюць гукавыя адчуванні пры ўздзеянні на органы слыху чалавека), інфрагук (умоўна ад 0 да 16 Гц), ультрагук (ад 20 кГц да 1 ГГц) і гіпергук (больш за 1 ГГц; верхняя мяжа вызначаецца атамна-малекулярнай будовай асяроддзя). Гук вывучаецца ў акустыцы.

Гук можа ўзнікаць у выніку розных працэсаў, што выклікаюць узбурэнне асяроддзя (мясц. змена ціску або мех. напружання ад раўнаважнага значэння, лакальныя зрушэнні часцінак ад стану раўнавагі). У газападобных і вадкіх асяроддзях распаўсюджваюцца падоўжныя хвалі, скорасць якіх вызначаецца сціскальнасцю і шчыльнасцю асяроддзя (гл. Скорасць гуку); у цвёрдых целах акрамя падоўжных могуць распаўсюджвацца папярочныя і паверхневыя акустычныя хвалі са скарасцямі, якія вызначаюцца пругкімі канстантамі і шчыльнасцю (гл. Фанон). У некат. выпадках назіраецца дысперсія гуку (гл. Дысперсія хваль), абумоўленая фіз. працэсамі ў рэчыве, а таксама хваляводным характарам распаўсюджвання ў абмежаваных аб’ёмах. Пры распаўсюджванні гуку маюць месца звычайныя для ўсіх тыпаў хваль з’явы інтэрферэнцыі, дыфракцыі, затухання (гл. Паглынанне гуку). Калі памер перашкод ці неаднароднасцей асяроддзя вялікі (у параўнанні з даўжынёй хвалі), распаўсюджванне падпарадкоўваецца законам геаметрычнай акустыкі. Пры распаўсюджванні гукавых хваль вял. амплітуды адбываюцца паступовае скажэнне формы гарманічнай хвалі і набліжэнне яе да ўдарнай і інш. эфекты (гл. Нелінейная акустыка, Кавітацыя). Гук выкарыстоўваецца для сувязі і сігналізацыі (напр., у водным асяроддзі гэта адзіны від сігналаў для сувязі, навігацыі і лакацыі; гл. Гідраакустыка), нізкачастотны гук — пры даследаваннях зямной кары, ультрагук — у кантрольна-вымяральных мэтах (напр., у дэфектаскапіі), для актыўнага ўздзеяння на рэчыва (ультрагукавая ачыстка, мех. апрацоўка, зварка, рэзка і інш.), высокачастотны гук (асабліва гіпергук) — пры даследаваннях у фізіцы цвёрдага цела.

П.С.Габец, А.Р.Хаткевіч.

т. 5, с. 522

ГУК ((Hooke) Роберт) (18.7.1635, в-аў Уайт, Вялікабрытанія — 3.3.1703),

англійскі прыродазнавец, вучоны-энцыклапедыст, архітэктар. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1663). Вучыўся ў Оксфардскім ун-це (1653—54), дзе ў 1655—60 быў асістэнтам Р.Бойля. З 1665 праф. Лонданскага ун-та, адначасова ў 1677—83 сакратар Лонданскага каралеўскага т-ва. Адкрыў закон, які названы яго імем (гл. Гука закон). Пабудаваў паветр. помпу (1659), сканструяваў і ўдасканаліў многія прылады, напр., мікраскоп, з дапамогай якога ўстанавіў клетачную будову тканак (увёў тэрмін «клетка»). Устанавіў (разам з К.Гюйгенсам) пастаянныя пункты тэрмометра — раставанне лёду і кіпення вады. У «Трактаце аб руху Зямлі» (1674) выказаў гіпотэзу прыцягнення і даў агульную карціну руху планет.

Літ.:

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970.

т. 5, с. 523

ГУКАБА́ЧАННЕ,

атрыманне бачнага відарыса аб’екта, што знаходзіцца ў непразрыстым або празрыстым асяроддзі, з дапамогай гуку; від інтраскапіі. Засн. на пранікальнай здольнасці гукавых хваль. Бывае лінзавае (для стварэння акустычнага відарыса выкарыстоўваюць лінзы акустычныя), галаграфічнае (грунтуецца на прынцыпах акустычнай галаграфіі) і лакацыйнае (засн. на рэхалакацыі).

Найчасцей у гукабачанні выкарыстоўваюць ультрагук у дыяпазоне ад 20 кГц да 10 МГц. Схема гукабачання ўключае звычайна крыніцу ультрагуку, аб’ект назірання, акустычны аб’ектыў (стварае ультрагукавы відарыс) і пераўтваральнік гукавога відарыса ў бачны. Выкарыстоўваецца ў дэфектаскапіі, акіяналогіі, гідралакацыі, мед. дыягностыцы і інш. Пры падводным гукабачанні яго апаратура (гукавізары) можа ўстанаўлівацца на падводных апаратах, прызначаных для пошукавых, даследчых і інш. мэт.

Літ.:

Грегуш П. Звуковидение: Пер. с англ. М., 1982;

Ощепков П.К., Пирожников Л.Б. Звуковидение. М., 1984.

В.І.Вараб’ёў.

т. 5, с. 523

ГУКАВА́Я АНА́ФАРА,

гл. ў арт. Анафара.

т. 5, с. 523

ГУКАВА́Я АРГАНІЗА́ЦЫЯ ВЕ́РША,

гл. ў арт. Фоніка.

т. 5, с. 523