Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НО́ВЫЯ ЗО́РКІ,

зоркі, свяцільнасць якіх раптоўна павялічваецца ў 10​3—10​6 разоў, а потым павольна памяншаецца да зыходнага значэння. Максімум свяцільнасці зоркі дасягаецца за некалькі сутак, спад доўжыцца гадамі. Нават вельмі слабая зорка (гл. Зорная велічыня) у выніку ўспышкі можа стаць бачнай простым вокам (адсюль назва). Н.з. ўваходзяць у склад цесных падвойных зорак.

Пры ўспышцы Н.з. адбываецца раптоўны выбух, выкліканы яе няўстойлівасцю, якая можа быць абумоўлена ўнутр. працэсамі, што ідуць з вылучэннем энергіі, уздзеяннем знешніх фактараў, абменам рэчыва паміж кампанентамі падвойных зорак. Выбух Н.з. закранае толькі прыпаверхневыя слаі і не мяняе яе агульнай структуры. Пры выбуху адбываецца выкід рэчыва — знешняй абалонкі масай каля 10​−4 масы Сонца, якая расшыраецца са скорасцю да 2000 км/с і ўтварае туманнасць. Газавыя туманнасці, што расшыраюцца, выяўлены амаль ва ўсіх блізкіх Н.з. Пасля ўспышкі Н.з. становяцца гарачымі карлікамі. Успышкі Н.з. могуць паўтарацца прыкладна праз 20—100 гадоў (паўторныя Н.з.), пры гэтым нарастанне свяцільнасці меншае, чым папярэдні раз. Вядома больш за 300 Н.з., у т.л. звыш 150 у нашай Галактыцы і больш за 100 у туманнасці Андрамеды.

Літ.:

Шкловский И.С. Звезды: их рождение, жизнь и смерть. 3 изд. М., 1984.

А.А.Шымбалёу.

т. 11, с. 374

«НО́ВЫЯ КНІ́ГІ»,

штомесячны бібліягр. бюлетэнь. Выдаецца з 1960 у Мінску Нац. б-кай Беларусі. Да 1991 наз. «Новыя кнігі БССР...», у 1992—95 — «Новыя кнігі Беларусі». Прызначаны работнікам бібліятэк, асв. устаноў і ўсім, хто цікавіцца беларусазнаўчай тэматыкай. Уключае пераважна л-ру на бел. і рус. мовах. У раздзеле «Навінкі бел. друку» інфармуе пра кнігі бел. выдавецтваў, у т.л. недзяржаўных, што паступілі ў Нац. б-ку Беларусі, знаёміць з найб. значнымі артыкуламі з рэсп. часопісаў і газет. Матэрыялы раздзела прадстаўлены ў 5 частках. У асноўнай — «Пра Беларусь і яе жыхароў» — падборка беларусазнаўчых кніг і артыкулаў, якія сабраны ў падраздзелах: «Мінулае далёкае і блізкае», «Этнаграфія. Фальклор, фалькларыстыка», «Дзень сённяшні», «Ураджэнцы Беларусі за яе межамі», «Гісторыя, культура і сучаснае Жыццё іншых народаў Беларусі», «Культура Беларусі ўчора і сёння», «Наша родная мова», «Рэлігія: ад старажытнасці да нашых дзён», «Прырода. Экалогія», «Спорт». Калі назва публікацыі не раскрывае яе змест, ён удакладняецца анатацыяй. Назва наступных 4 частак — «Папулярна аб усім» (л-ра ў дапамогу прадпрымальнікам, абітурыентам, настаўнікам і інш.), «Мастацкая літаратура» (творы, выдадзеныя асобна і надрук. ў бел. часопісах), «Кнігі і публікацыі — дзецям» (навук.-папулярныя выданні, творы маст. л-ры, казкі), «У полі зроку рэцэнзента» (рэцэнзіі з бел. перыядычнага друку на бел. выданні). Кожны нумар выходзіць пад адной вокладкай з дадаткам. У адным з іх (звычайна ў 2-м паўгоддзі) — спіс памятных дат бел. календара на наступны год. Тры дадаткі знаёмяць з матэрыяламі да найб. значных дат (біягр. ці гіст. даведкі і спіс л-ры пра асобу ці падзею), у 8 іншых — бібліягр. спісы ці агляды (пераважна беларусазнаўчай тэматыкі), якія можна выкарыстоўваць як самаст. бібліягр. дапаможнікі.

І.А.Нарчук.

т. 11, с. 374

НО́ВЫЯ НАВАСЁЛКІ,

вёска ў Нясвіжскім р-не Мінскай вобл., каля аўтадарогі Нясвіж—Стоўбцы. Цэнтр сельсавета і аграфірмы «Нясвіжская». За 11 км на Пн ад г. Нясвіж, 101 км ад Мінска, 10 км ад чыг. ст. Гарадзея. 176 ж., 62 двары (2000). Аддз. сувязі.

т. 11, с. 374

НО́ВЫЯ ПЕ́СКІ,

вёска ў Бярозаўскім р-не Брэсцкай вобл., на паўн.-зах. беразе воз. Чорнае. Цэнтр Пескаўскага с/с і саўгаса. За 23 км на ПдУ ад г. Бяроза, 120 км ад Брэста, 5 км ад чыг. ст. Белаазерск. 1028 ж., 335 двароў (2000). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, лазнева-пральны камбінат, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і сав. актывістаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнік у гонар Бярозаўскіх падп. райкомаў КП(б)Б і ЛКСМБ і партызан. Помнікі архітэктуры: Троіцкая царква (1827), сядзіба (2-я пал. 18—1 пал. 19 ст.).

т. 11, с. 374

НО́ВЫЯ РА́ЧКАВІЧЫ,

вёска ў Слуцкім р-не Мінскай вобл. Цэнтр Рачкавіцкага с/с. За 25 км на ПдЗ ад горада і 23 км ад чыг. ст. Слуцк, 130 км ад Мінска. 411 ж., 186 двароў (2000). Спіртзавод «Рачкавічы», вінна-гарэлачны з-д «Колас». Клуб, б-ка.

т. 11, с. 375

НО́ВЫ АРЛЕА́Н (New Orleans),

горад на Пд ЗША, у штаце Луізіяна. 476,6 тыс. ж., з прыгарадамі каля 1,5 млн. ж. (1998). Буйны рачны і марскі порт у дэльце р. Місісіпі, за 175 км ад яе ўпадзення ў Мексіканскі зал. (вываз нафты і нафтапрадуктаў, бавоўны, серы, увоз трапічных прадуктаў, баксітаў). Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Важны гандл.-фін. і культ. цэнтр Поўдня ЗША. Прам-сць: суднабуд. (у т.л. платформ для марскога бурэння), суднарамонтная, нафтаперапр., нафтахім., каляровая металургія. Авіякасмічная прам-сць і вытв-сць узбраення. Перапрацоўка прадуктаў трапічнага земляробства. 13 ун-таў і каледжаў. Музеі. Арх. помнікі 18 і 19 ст.

Засн. ў 1718 французамі на месцы індзейскага паселішча, названы ў гонар франц. рэгента Філіпа Арлеанскага. З 1722 адм. ц. франц. калоніі Луізіяна. З 1762 пад уладай Іспаніі. У 1803 вернуты Францыі і куплены ЗША у складзе тэр. Луізіяна. У 1805 атрымаў гар. правы. У 1812—49 сталіца штата Луізіяна. У час англа-амер. вайны 8.1.1815 каля Н.А. адбылася апошняя бітва паміж амер. і англ. войскамі. У грамадзянскую вайну ў ЗША 1861—65 захоплены 24.4.1862 федэральным флотам пад камандаваннем адм. Д.Фарагута. У 19 ст. цэнтр гандлю і буйны марскі порт. Значны працэнт негрыцянскага насельніцтва паўплываў на культ. своеасаблівасць горада. На мяжы 19 і 20 ст. тут узнік новаарлеанскі джаз.

т. 11, с. 371

НО́ВЫ АФО́Н,

кліматычны курорт у Абхазіі (Грузія), на Чарнаморскім узбярэжжы Каўказа. Пас. горнага тыпу, ж.-д. станцыя за 18 км на ПнЗ ад г. Сухумі. Засн. ў 1922. Асн. лячэбны фактар — субтрапічны мяккі клімат. Лечаць хваробы нерв., сардэчна-сасудзістай сістэмы, органаў дыхання нетуберкулёзнага характару і інш. Санаторый, пансіянаты, турбазы, лячэбны пляж. Кіпарысавыя алеі. Новаафонская пячора.

т. 11, с. 371

НО́ВЫ БАРСУ́К,

вёска ў Рэчыцкім р-не Гомельскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 34 км на ПдЗ ад горада і чыг. ст. Рэчыца, 71 км ад Гомеля. 506 ж., 213 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Свята-Успенская царква. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 372

НО́ВЫ БО́ЛЕЦК,

гарадзішчы жал. веку і ранняга сярэдневякоўя каля в. Новы Болецк Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл. Гарадзішча-1 (8 ст. да н.э. —5 ст. н.э.) днепра-дзвінскай культуры, памерам 45 × 30 м, з паўн. боку ўмацавана валам і равамі. Выяўлены рэшткі жылых пабудоў, жалезаапрацоўчай майстэрні, жал. прылады працы і зброя, гліняныя прасліцы, бронзавыя ўпрыгожанні, фрагменты ляпнога посуду і інш. Гарадзішча-2 у жал. веку было сховішчам, у 10—12 ст. функцыянавала як паселішча, у 14—15 тут былі могілкі. Складаецца з 2 пляцовак (45 × 30 і 36 × 25 м). Знойдзены нажы, прасліцы, шкляныя пацеркі, бронзавыя ўпрыгожанні, каменны крыж, фрагменты ганчарнага посуду 10—15 ст. і інш. Выяўлены магільныя агароджы з вял. камянёў, камень з антрапаморфнай выявай.

т. 11, с. 372

НО́ВЫ БО́ЛЕЦК,

вёска ў Стадолішчанскім с/с Гарадоцкага р-на Віцебскай вобл., каля воз. Болецкае, на аўтадарозе Гарадок — в. Мяжа. Цэнтр саўгаса. За 7 км на ПнУ ад горада і чыг. ст. Гарадок, 44 км ад Віцебска. 215 ж., 90 двароў (2000). Пач. школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Вайсковыя могілкі сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі археал. помнік Новы Болецк.

т. 11, с. 372