Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

«НО́ВЫЙ МИР»,

штомесячны часопіс мастацкай літаратуры і грамадскай думкі. Выдаецца з 1925 у Маскве на рус. мове. Мае раздзелы: «Філасофія. Гісторыя. Палітыка», «Свет навукі», «Далёкае блізкае», «Палеміка», «Літаратурная крытыка», «Часы і норавы», «Рэцэнзіі. Агляды» і інш. Змяшчае літ.-крытычныя артыкулы і рэцэнзіі, архіўныя публікацыі, успаміны, матэрыялы па пытаннях культуры і мастацтва і інш. У часопісе надрукаваны творы Ф.Абрамава, В.Авечкіна, Ч.Айтматава, В.Астаф’ева, Г.Ахматавай, І.Бабеля, В.Бялова, Ф.Гладкова, М.Горкага, Д.Граніна, М.Забалоцкага, С.Залыгіна, У.Іванава, М.Ісакоўскага, Ф.Іскандэра, В.Катаева, Л.Лявонава, Б.Мажаева, С.Маршака, Н.Мацвеевай, У.Маякоўскага, А.Межырава, Б.Пастарнака, К.Паустоўскага, М.Прышвіна, А.Салжаніцына, К.Сіманава, Я.Смелякова, А.Талстога, А.Твардоўскага, Г.Траяпольскага, Ю.Трыфанава, К.Федзіна, У.Цендракова, М.Шолахава, С.Ясеніна, Я.Еўтушэнкі і інш. Сярод бел. пісьменнікаў, творы якіх друкаваліся ў «Н.м.»: П.Броўка, Я.Брыль, В.Быкаў, А.Вялюгін, Я.Колас, А.Куляшоў, Я.Купала, П.Панчанка, І.Пташнікаў, М.Танк і інш. Многія творы, апублікаваныя ў часопісе (раманы «Не хлебам адзіным» У.Дудзінцава, аповесць «Мёртвым не баліць» Быкава, артыкулы «Пра шчырасць у літаратуры» У.Памяранцава, «Легенды і факты» В.Кардзіна, творы Салжаніцына і інш.), выклікалі вострую палеміку. Першыя рэдактары — А.Луначарскі і Ю.Сцяклоў; інш. рэдактары: В.Палонскі (1926—31), Сіманаў (1946—50, 1954—58), Твардоўскі (1950—54, 1958—70), С.Нараўчатаў (1974—81), У.Карпаў (1981—86), Залыгін (1986—98), А.Васілеўскі (з 1998).

Літ.:

Лакшин В.Я. «Новый мир» во времена Хрущева: Дневник и попутное (1953—1964). М., 1991.

т. 11, с. 373

«НО́ВЫЯ АСМА́НЫ»,

удзельнікі тайнай паліт. арг-цыі «Таварыства новых асманаў», засн. у 1865 тур. інтэлектуаламі Намык Кемалем, Зія-беем, Алі Суаві і інш. Выступалі за канстытуцыйны лад у Асманскай імперыі і ажыццяўленне рэформ па мадэрнізацыі краіны. Да «Н.а.» быў блізкі Мідхат-паша, які ў 1876 дамогся прыняцця першай тур. канстытуцыі. Пасля фактычнай адмены Абдул-Хамідам II канстытуцыі ў 1878 падвергліся рэпрэсіям. Пераемнікамі «Н.а.» сталі младатуркі.

т. 11, с. 374

НО́ВЫЯ ВАЙХА́НЫ,

вёска ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., на правым беразе р. Усыса. Цэнтр Вайханскага с/с і саўгаса. За 14 км на З ад горада і 17 км ад чыг. ст. Гарадок, 53 км ад Віцебска. 244 ж., 97 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі. Вайсковыя могілкі сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 374

НО́ВЫЯ ВАЛО́САВІЧЫ,

вёска ў Лепельскім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Лепель—Халопенічы. Цэнтр Валосавіцкага с/с. За 20 км на ПдУ ад горада і чыг. ст. Лепель, 135 км ад Віцебска. 532 ж., 191 двор (2000). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аптэка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 11, с. 374

НО́ВЫЯ ГАРА́НЫ,

вёска ў Гаранскім с/с Полацкага р-на Віцебскай вобл., на правым беразе р. Зах. Дзвіна, каля аўтадарогі Віцебск—Полацк. Цэнтр калгаса. За 15 км на ПдУ ад г. Полацк, 85 км ад Віцебска, 3 км ад чыг. ст. Гараны. 400 ж., 146 двароў (2000). Дом культуры, б-ка.

т. 11, с. 374

НО́ВЫЯ ГЕБРЫ́ДЫ,

архіпелаг у паўд.зах. ч. Ціхага ак., гл. Вануату.

т. 11, с. 374

НО́ВЫЯ ДАРО́ГІ,

вёска ў Старадарожскім р-не Мінскай вобл., на аўтадарозе Старыя Дарогі—Бабруйск. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 10 км на У ад горада і чыг. ст. Старыя Дарогі, 158 км ад Мінска. 407 ж., 152 двары (2000). Лясніцтва. Пач. школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 374

НО́ВЫЯ ДЗЯНІ́САВІЧЫ,

вёска ў Крупскім р-не Мінскай вобл., каля р. Можа, на аўтадарозе Беразіно—Бобр. Цэнтр Дзянісавіцкага с/с і калгаса. За 31 км на ПдУ ад г. Крупкі, 152 км ад Мінска, 21 км ад чыг. ст. Бобр. 445 ж., 190 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.

т. 11, с. 374

НО́ВЫЯ ДО́КТАРАВІЧЫ,

вёска ў Капыльскім р-не Мінскай вобл., каля аўтадарогі Капыль—Селішча. Цэнтр Доктаравіцкага с/с. За 10 км на ПдУ ад г. Капыль, 125 км ад Мінска, 3 км ад чыг. ст. Морач. 446 ж., 191 двор (2000). Спіртзавод. Сярэдняя школа, клуб, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 374

НО́ВЫЯ ЗЕЛЯНКІ́,

вёска ў Руднянскім с/с Чэрвеньскага р-на Мінскай вобл. Цэнтр саўгаса. За 16 км на Пн ад г. Чэрвень, 78 км ад Мінска, 42 км ад чыг. ст. Смалявічы. 818 ж., 275 двароў (2000). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 11, с. 374