ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ КАНФЕДЭРА́ЦЫЯ ПРАФСАЮ́ЗАЎ (ЕКП),
міжнародны рэгіянальны прафцэнтр. Створаны 8.2.1973 у Бруселі (Бельгія). Аб’ядноўвае прафсаюзы с.-д. і хрысц. кірунку зах.-еўрап. краін. У апошнім кангрэсе (1995) удзельнічала 79 прафцэнтраў (больш за 46 млн. чал.) з 22 краін. Кіруючыя органы: кангрэс, выканком. сакратарыят на чале са старшынёй, ген. сакратаром і яго намеснікам. Гал. мэты ЕКП — прадстаўніцтва і абарона сац., эканам. і культ. інтарэсаў працоўных на еўрап. узроўні ў цэлым і ва ўсіх еўрап. ін-тах; барацьба за захаванне і ўмацаванне дэмакратыі ў Еўропе і інш. ЕКП ажыццяўляе работу на галіновым узроўні праз еўрап. прафс. камітэты, кіруе створаным у 1978 Еўрап. прафс. ін-там — цэнтрам дакументацыі і даследаванняў па прафс. і сац.-эканам. пытаннях.
т. 6, с. 398
ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ПАТЭ́НТНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ (ЕПА),
рэгіянальная арганізацыя, задачай якой з’яўляецца выдача еўрап. патэнтаў на аснове норм агульных для ўсіх удзельнікаў краін Еўрапейскай эканамічнай супольнасці. Засн. ў 1977. Асн. мэта — спрашчэнне справаводства па патэнтных заяўках у Еўропе: замест некалькіх патэнтных заявак на розных мовах можна падаць заяўку на адной мове і весці справаводства ў адным ведамстве для набыцця патэнтаў у некалькіх еўрап. дзяржавах. Месцазнаходжанне ЕПА — г. Мюнхен (Германія).
т. 6, с. 399
ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ СУПО́ЛЬНАСЦЬ ПА А́ТАМНАЙ ЭНЕ́РГІІ, Еўратам. Створана адначасова з Еўрапейскай эканамічнай супольнасцю (ЕЭС) у 1957 у складзе той жа групы краін з мэтай аб’яднання рэсурсаў атамнай энергіі, атамнай прам-сці і навук.-тэхн. патэнцыялу ў галіне ядз. фізікі і энергетыкі, а таксама каардынацыі нац. праграм развіцця ядз. энергетыкі. Уключае Бельгію, Вялікабрытанію, Германію, Грэцыю, Данію, Ірландыю, Іспанію, Італію, Люксембург, Нідэрланды, Партугалію, Францыю. Ў 1967 органы Еўратама зліліся з органамі ЕЭС і Еўрапейскім аб ’яднаннем вугалю і сталі. Штаб-кватэра ў г. Брусель (Бельгія).
т. 6, с. 399
ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ КАМІ́СІЯ ААН (ЕЭК),
орган ААН, створаны ў 1947 у мэтах садзейнічання эканам. адраджэнню разбураных вайной краін Еўропы. Статус пастаяннага органа ААН набыла ў 1951. Членамі ЕЭК з’яўляецца большасць еўрап. дзяржаў, у т. л. Беларусь і Расія. ЕЭК садзейнічае развіццю гандлю і навук.-тэхн. супрацоўніцтва, ажыццяўляе доўгатэрміновае эканам. планаванне, накіроўвае і каардынуе работу сваіх дапаможных органаў. ЕЭК узначальваецца выканаўчым сакратаром. Кіруючым органам ЕЭК з’яўляецца чарговая сесія, якая праводзіцца штогод. Месцазнаходжанне сакратарыята ЕЭК — г. Жэнева (Швейцарыя).
т. 6, с. 399
ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ЭКАНАМІ́ЧНАЯ СУПО́ЛЬНАСЦЬ (ЕЭС),
«Агульны рынак», група з 12 зах.-еўрап. краін (Бельгія, Вялікабрытанія, Германія, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Іспанія, Італія, Люксембург, Нідэрланды, Партугалія, Францыя), якія ў 1957 аб’ядналіся ў эканам. саюз і ажыццявілі інтэграцыю сваіх эканомік. У ЕЭС створаны адзіны ўнутр. рынак, зняты абмежаванні на свабоднае перамяшчэнне тавараў, капіталаў, рабочай сілы паміж краінамі, створана адзіная валютная сістэма, устаноўлена агульная с.-г. і трансп. палітыка. У 1967 органы Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі і Еўрапейскай супольнасці па атамнай энергіі зліліся з органамі ЕЭС і трыадзіная інтэграцыйная арг-цыя пачала афіцыйна называцца Еўрапейскімі супольнасцямі, а неафіцыйна з 1992 — Еўрапейскай супольнасцю, якая мае агульныя выканаўчыя, прававыя і заканад. органы. Супольнасць мае таксама цесныя сувязі з краінамі, якія сталі на шлях развіцця. Кіруючыя органы ЕЭС — Камісія і Савет Міністраў — знаходзяцца ў г. Брусель (Бельгія).
т. 6, с. 399
ЕЎРАПЕ́ЙСКІЯ СУПО́ЛЬНАСЦІ,
агульная назва трох узаемазвязаных рэгіянальных эканам. арг-цый: Еўрапейскага аб’яднання вугалю і сталі (ЕАВС), Еўрапейскай супольнасці па атамнай энергіі (Еўратам) і Еўрапейскай эканамічнай супольнасці (ЕЭС), утвораных у 1951—57. У сістэму Е.с. уваходзяць таксама інш. еўрап. інтэграцыйныя ін-ты (Еўрапейскі інвестыцыйны банк, Фонд еўрапейскага рэгіянальнага развіцця і інш.). У 1965 паводле Брусельскага дагавора створаны адзіныя органы трох супольнасцей. З 1986 Е.с. выкарыстоўваюць уведзены ў 1955 Саветам Еўропы еўрап. сцяг, у 1972 ода «Да радасці» Л.Бетховена на словы Ф.Шылера зацверджана ў якасці еўрап. гімна. Паводле Маастрыхцкіх пагадненняў 1992 Е.с. сталі афіц. называцца Еўрапейскім саюзам.
т. 6, с. 400
ЕЎРАПЕ́ЙСКІ БАНК РЭКАНСТРУ́КЦЫІ І РАЗВІЦЦЯ́ (European Bank for Reconstruction and Development; ЕБРР),
спецыялізаваная міжнар. эканам. арг-цыя. Створаны ў 1991. Чл. ЕБРР — 57 краін, а таксама Еўрапейскі саюз і Еўрапейскі інвестыцыйны банк. Месца знаходжання — г. Лондан. Мэта ЕБРР — фін. падтрымка краін Цэнтр. і Усх. Еўропы, якія заявілі аб сваёй прыхільнасці дэмакр. прынцыпам (шматпарт. дэмакратыя, плюралізм, рыначная эканоміка), садзейнічанне іх пераходу да адкрытай рыначнай эканомікі і прыватнага прадпрымальніцтва. Устаноўчы капітал банка 10 млрд. ЭКЮ. Гал. органы — Савет кіраўнікоў, Савет дырэктараў, Кансультатыўны савет па пытаннях навакольнага асяроддзя. Мае прадстаўніцтвы ў краінах, якім аказваецца дапамога, у т. л. на Беларусі.
С.Ф.Свілас.
т. 6, с. 399
ЕЎРАПЕ́ЙСКІ ВАЛЮ́ТНЫ САЮ́З,
форма інтэграцыі краін-членаў Еўрапейскага саюза (ЕС) у валютна-фін. сферы. Рашэнне аб стварэнні саюза абвешчана Маастрыхцкім дагаворам 1992. План паэтапнага пераходу да Е.в.с. прадугледжваў «эканамічную канвергенцыю» і стабілізацыю валютных курсаў, абмежаванне інфляцыі і доўгатэрміновых працэнтных ставак. нац. запазычанасці і межаў дэвальвацыі нац. валют. Яго рэалізацыя прадугледжвае стварэнне ў 1998 Еўрап. цэнтр. банка, у якім будуць прадстаўлены нац. цэнтр. банкі, і ўвядзенне ў абарачэнне адзінай грашовай адзінкі з 1.1.1999 ва ўсіх краінах ЕС.
Л.І.Шмыгава.
т. 6, с. 399
ЕЎРАПЕ́ЙСКІ ГУМАНІТА́РНЫ УНІВЕРСІТЭ́Т,
недзяржаўная вышэйшая навуч. ўстанова. Засн. ў 1992 у Мінску. Арыентуецца на адукац. стандарты вядучых еўрап. і паўн.-амер. ун-таў. Рыхтуе эканамістаў, тэолагаў, псіхолагаў, філосафаў, мастацтвазнаўцаў, дызайнераў, прававедаў, палітолагаў і інш. У 1997/98 навуч. г. ф-ты: мастацтваў, права, эканомікі, псіхалогіі, тэалогіі, франка-бел. ф-т паліт. і адм. навук. Мае цэнтры: эканам. і сац. даследаванняў, амер., еўрап., гендэрных даследаванняў; б-ку і выд-ва.
т. 6, с. 399