Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НО́ВІКАЎ (Анатоль Рыгоравіч) (30.10.1896, г. Скапін Разанскай вобл., Расія — 23.9.1984),

расійскі кампазітар, муз.-грамадскі дзеяч. Засл. дз. маст. Расіі (1947). Нар. арт. Расіі (1961). Нар. арт. СССР (1970). Герой Сац. Працы (1976). У 1921—27 вучыўся ў Маскоўскай кансерваторыі ў Р.Гліэра. У 1939—43 маст. кіраўнік Ансамбля песні і танца ВЦСПС, у 1948—51 — Ансамбля песні Усесаюзнага радыё. Сабраў і адрэдагаваў каля 500 рус. нар. песень («Рускія народныя песні», т. 1—3; некат. ў яго запісе). Аўтар муз. камедый «Ляўша» (паст. 1957), «Калі ты са мной» (паст. 1961), «Каралева прыгажосці» (паст. 1964), «Асобае заданне» (паст. 1965), «Чорная бяроза» (паст. 1969), «Васіль Цёркін» (паст. 1971), паэмы «Нам патрэбен мір» для салістаў, хору, чытальніка і арк. (1954), кантат, хароў, музыкі да драм. спектакляў, шматлікіх песень («Смуглянка», «Дарогі», «Расія», «Вася-Васілёк», «Гімн дэмакратычнай моладзі свету» і інш.). Дзярж. прэміі СССР 1946, 1948.

т. 11, с. 369

НО́ВІКАЎ (Георгій Іванавіч) (н. 20.2.1924, г. Саратаў, Расія),

бел. хімік-неарганік. Д-р хім. н. (1966), праф. (1968). Засл. дз. нав. Беларусі (1979). Скончыў Ленінградскі ун-т (1949). З 1966 у Бел. тэхнал. ун-це (заг. кафедры). Навук. працы па высокатэмпературнай хіміі парападобнага стану і вадароднай энергетыцы. Распрацаваў тэарэт. асновы галагеніднай піраметалургіі рэдкіх і рассеяных элементаў, электрахім. і тэрма-плазмахім. цыклаў атрымання вадароду з вады і серавадароду.

Тв.:

Введение в неорганическую химию. Ч. 1—2. Мн., 1973—74;

Физические методы неорганической химии. Мн., 1975;

Основы общей химии. М., 1988;

Асновы агульнай хіміі. Мн., 1995 (разам з І.М.Жарскім).

Я.Г.Міляшкевіч.

А.Р.Новікаў.

т. 11, с. 369

НО́ВІКАЎ (Дзмітрый Кузьміч) (н. 10.8.1938, в. Рай Манастыршчынскага р-на Смаленскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне імуналогіі. Д-р мед. н. (1974), праф. (1980). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1961) і з 1964 працуе ў ім (з 1985 заг. кафедры). Навук. працы па метадах імунадыягностыкі, проціпухлінных рэакцыях лейкацытаў, клінічнай алергалогіі, бранхіяльнай астме.

Тв.:

Клиническая аллергология: Справ. пособие. Мн., 1991;

Пишевая аллергия. Витебск, 1998 (разам з В.І.Новікавай. П.Дз.Новікавым);

Основы иммунокоррекции. Витебск, 1998 (у сааўт.).

т. 11, с. 370

НО́ВІКАЎ (Іван Аляксеевіч) (13.1.1877, в. Ількова Арлоўскай вобл., Расія — 10.1.1959),

рускі пісьменнік. Скончыў Маскоўскі с.-г. ін-т (1901). Друкаваўся з 1899. У раманах «Залатыя крыжы» (1908), «Паміж дзвюх зор» (1915), аповесцях, апавяданнях, п’есах — ідэйныя пошукі рус. інтэлігенцыі пач. 20 ст., тэма ідэальнага кахання. Найб. значныя творы — раманы «Пушкін у Міхайлаўскім» (1936) і «Пушкін на поўдні» (1943), пазней аб’яднаныя ў кн. «Пушкін у выгнанні» (1947). Аўтар гіст.-літ. даследаванняў «Слова пра паход Ігаравы» і яго аўтар» (1938), «Пушкін і «Слова пра паход Ігаравы» (1951), «Пісьменнік і яго творчасць» (1956). Пісаў вершы (зб-кі «Духу святому», 1908; «Пад родным небам», 1956), гіст. аповесці ў вершах («Народная памяць», 1946), кінасцэнарыі, творы для дзяцей. Майстар псіхал. партрэта, маляўнічага пейзажа, тонкі лірык. На бел. мову асобныя яго творы пераклаў М.Татур.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. М., 1966—67;

Возлюбленная — Земля: Повести и рассказы. М., 1989;

Между двух зорь: (Дом Орембовских);

Страна Лекхорн. М., 1991.

Літ.:

Волков Я.В. Светлый талант. Орел, 1961.

т. 11, с. 370

НО́ВІКАЎ (Іван Рыгоравіч) (н. 26.1.1918, в. Нязнань Клімавіцкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік, журналіст. Засл. дз. культ. Беларусі (1967), Скончыў БДУ (1955). Працаваў у газ. «Камуна» (Клімавічы, 1935—38), «Советская Белоруссия» (1946—57), «Правда» (1957—86). Дэбютаваў у 1935 вершамі, пазней пачаў пісаць нарысы. Выдаў кн. дакумент. нарысаў «Дзесяць тыдняў у Злучаных Штатах Амерыкі» (1958), «Палескае золата» (1959) і інш. Услаўленне барацьбы падпольшчыкаў і партызан у Вял. Айч. вайну — асн. пафас нарыса «Вера Харужая» (1962), дакумент. аповесцей «Сэрца інакш не можа» (1960), «Руіны страляюць ва ўпор» (1960—61), «Дарогі скрыжаваліся ў Мінску» (1964, Літ. прэмія імя. Я.Коласа 1965), «Тварам да небяспекі» (1967, Дзярж. прэмія Беларусі імя П.М.Лепяшынскага 1968), «Да світання блізка» (1974), гіст. нарысаў «Бяссмерце Мінска» (1977), «Мінск — горад-герой» (1986). У рамане «Ачышчэнне» (1987) раскрывае працэс пошукаў герояў гарадскога падполля, дзейнасць падполля, даследуе, як ствараецца кульцік мясц. дзеяча. Аўтар зб. фельетонаў «Уласны іншаземец» (1960), сцэнарыя тэлефільма «Руіны страляюць» (з І.Чыгрынавым, 1973, Дзярж. прэмія Беларусі 1974).

Тв.:

Выбр. тв. Т. 1—3. Мн., 1988;

Параненая памяць: Аповесць, апавяданні. Мн., 1990.

Літ.:

Гардзіцкі А. Дыялогі. Мн., 1968;

Андраюк С. Вывяраючы жыццём. Мн., 1976;

Гніламёдаў У. Як само жыццё. Мн., 1980.

Л.С.Савік.

І.Р.Новікаў.

т. 11, с. 370

НО́ВІКАЎ (Ігар Аляксандравіч) (н. 19.10.1929, г. Дрэзна Маскоўскай вобл., Расія),

расійскі і армянскі спартсмен (сучаснае пяцібор’е). Засл. майстар спорту СССР (1957), засл. трэнер СССР (1968), засл. дз. фіз. культ. Арменіі (1969). З 1972 віцэ-прэзідэнт Міжнар. саюза сучаснага пяцібор’я і біятлона. Чэмпіён XVI і XVIII Алімп. гульняў (1956, г. Мельбурн, Аўстралія; 1964, Τόκιό) у камандным заліку. Сярэбраны прызёр XVII і XVIII Алімп. гульняў (1960, Рым — у камандным і 1964 — у асабістым заліку). Чэмпіён свету ў асабістым і камандным (1957, 1958, 1959, 1961) і камандным (1962) заліку; сярэбраны прызёр у асабістым (1962, 1965) і камандным (1955, 1963, 1965) заліку; бронз. прызёр у асабістым заліку (1963). Чэмпіён СССР у асабістым заліку (1953, 1956, 1959, 1964).

А.М.Петрыкаў.

т. 11, с. 370

НО́ВІКАЎ (Мікалай Уладзіміравіч) (16.10.1911, Масква —20.2.1997),

расійскі фалькларыст. Д-р філал. н. (1976). Скончыў Ленінградскі ун-т (1940). З 1953 працаваў у Ін-це рус. л-ры (Пушкінскі дом), з 1967 у Ін-це этнаграфіі імя М.М.Міклухі-Маклая АН СССР (Ленінградскае аддзяленне). Даследаваў гісторыю рус. і бел. фалькларыстыкі, рус., бел. і ўкр. казкі, узаемаадносіны казкі з інш. жанрамі і відамі нар. творчасці, узаемаўплыў фальклору і л-ры. Аўтар шматлікіх прац, у т.л. манаграфій «П.В.Шэйн. Кніга пра збіральніка і выдаўца рускага і беларускага фальклору» (1972), «Вобразы ўсходнеславянскай чарадзейнай казкі» (1974), «Параўнальны паказальнік сюжэтаў. Усходнеславянская казка» (1979, у сааўт.). Укладальнік зб-каў казак і аўтар уступных артыкулаў, каментарыяў да іх [«Казкі П.П.Гаспадарова», 1941, «Рускія казкі ў ранніх запісах і публікацыях (XVI—XVIII ст.)», 1971].

А.С.Фядосік.

т. 11, с. 370

НО́ВІКАЎ (Пётр Лявонцьевіч) (12.8.1932, в. Гаршкова Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. — 9.11.1998),

бел. вучоны ў галіне інфекц. хвароб. Д-р мед. н. (1978), праф. (1980). Засл. работнік аховы здароўя Беларусі (1991). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1958). З 1967 працаваў у ім (з 1982 заг. кафедры). Навук. працы па метадах патагенет. лячэння менінгакокавай інфекцыі, прынцыпах карэкцыі гамеастазу ў хворых менінгітам.

Тв.:

Интенсивная терапия тяжелых форм менингококковой инфекции // Здравоохранение Белоруссии. 1978. № 7;

ВИЧ-инфекция: (клиника, диагностика и современные принципы лечения). Мн., 1998 (у сааўт.).

т. 11, с. 370

НО́ВІКАЎ (Пётр Сяргеевіч) (28.8.1901, Масква — 9.1.1975),

расійскі матэматык, стваральнік школы матэм. логікі. Акад. АН СССР (1960). Скончыў Маскоўскі ун-т (1925). З 1929 у Маскоўскім хім.-тэхнал. ін-це, з 1934 у Матэм. ін-це імя У.А.Сцяклова АН СССР, з 1945 праф. Маскоўскага пед. ін-та імя Леніна. Навук. працы па тэорыі мностваў, матэм. логіцы, тэорыі алгарытмаў і тэорыі груп. Прапанаваў метад даследавання праблем дэскрыптыўнай тэорыі мностваў, метад доказу несупярэчнасці фармальных сістэм. Даказаў невырашальнасць праблемы тоеснасці, спалучанасці і ізамарфізму ў тэорыі груп. Ленінская прэмія 1957.

Тв.:

Избр. труды: Теория множеств и функций. Математическая логика и алгебра. М., 1979.

П.С.Новікаў.

т. 11, с. 370

НО́ВІКАЎ (Сяргей Пятровіч) (н. 20.3.1938, г. Ніжні Ноўгарад, Расія),

расійскі матэматык. Акад. АН Расіі (1981; чл.-кар. 1966). Сын П.С.Новікава. Скончыў Маскоўскі ун-т (1960) і працаваў у ім. З 1963 у Матэм. ін-це імя У.А.Сцяклова (з 1983 заг. аддзела), з 1971 у Ін-це тэарэт. фізікі АН Расіі. Навук. працы па геаметрыі і тапалогіі, тэорыі салітонаў і агульнай тэорыі адноснасці. Даказаў тапалагічную інварыянтнасць характарыстычных класаў Пантрагіна, стварыў якасную тэорыю слаенняў і мнагазначных функцый, ’якасную тэорыю касмалагічных мадэлей, тэорыю канечназонных рашэнняў нелінейных сістэм. Ленінская прэмія 1967. Міжнар. прэмія імя М.І.Лабачэўскага АН СССР (1981). Залаты медаль і прэмія Дж.Філдса (1970).

Тв.:

Теория солитонов. М., 1980 (у сааўт.);

Современная геометрия: Методы и приложения. 2 изд. М., 1986 (разам з Б.А.Дубровіным, А.Ц.Фаменкам).

С.П.Новікаў.

т. 11, с. 370