Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГРАНІ́ЧНА ДАПУШЧА́ЛЬНАЯ РЭКРЭАЦЫ́ЙНАЯ НАГРУ́ЗКА,

разліковая колькасць наведвальнікаў для пэўнай рэкрэацыйнай тэр., пры якой захоўваецца магчымасць рацыянальна арганізаваць масавы адпачынак без прычынення шкоды ахове прыроды. Ад прысутнасці на рэкрэацыйных тэр. вял. колькасці адпачываючых у прыродных комплексах узнікаюць змены, што выклікаюць з’явы дыгрэсіі рэкрэацыйнай. Рэкрэацыйныя нагрузкі да пэўнай мяжы маюць зваротны характар і кампенсуюцца здольнасцю біягеацэнозаў да самаўзнаўлення; пры высокіх нагрузках біягеацэнозы трацяць устойлівасць і змены могуць станавіцца неабарачальнымі. Разліковая велічыня нагрузкі для Беларусі з уласцівымі для яе травяністымі біягеацэнозамі — да 300 чал/га. Дапушчальныя рэкрэацыйныя нагрузкі вызначаны для ўсіх зон адпачынку рэсп. значэння, напр., для Мінскага мора 130 тыс. чалавек (пл. 165 км²).

т. 5, с. 408

ГРАНІ́ЧНА ДАПУШЧА́ЛЬНЫЯ ВЫ́КІДЫ ў атмасферу, колькасць шкодных рэчываў, якая можа быць выкінута за адзінку часу ў атмасферу без перавышэння ў прыглебавым слоі іх гранічна дапушчальнай канцэнтрацыі. Распрацаваны і ўведзены дзярж. стандарты ГДВ, якія ўлічваюць сучасныя гігіенічныя, эканам., экалагічныя патрабаванні і вызначаюць адзіны тэр.-ведамасны падыход да нарміравання і макс. зніжэння шкодных выкідаў. Кантроль крыніц выкідаў і ГДВ ажыццяўляецца на прадпрыемствах.

т. 5, с. 408

ГРАНІ́ЧНЫЯ ЗЛУЧЭ́ННІ,

гл. Насычаныя злучэнні.

т. 5, с. 408

ГРА́НІЧЫ,

вёска ў Маладзечанскім р-не Мінскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 26 км на ПдУ ад Маладзечна, 50 км ад Мінска, 11 км ад чыг. ст. Уша. 328 ж., 116 двароў (1997). Сярэдняя школа, б-ка, аддз. сувязі.

т. 5, с. 408

ГРА́НКА,

1) слупок (калонка) адвольнай колькасці тэкставых радкоў, зроблены паліграф. спосабам. Вярстаюцца ў старонкі пэўнага фармату (гл. Вёрстка).

2) Пробны адбітак друкарскага набору для чытання карэктуры.

3) Метал. пласцінка з трыма бартамі для захоўвання, пераноскі і ўстаноўкі набору пры яго апрацоўцы (напр., пры выпраўленні памылак).

т. 5, с. 408

ГРАНО́ЎСКІ (Цімафей Мікалаевіч) (21.3.1813, г. Арол, Расія — 16.10.1855),

расійскі гісторык, адзін з лідэраў заходнікаў. Д-р гіст. н. (1849). Скончыў Пецярбургскі ун-т (1835). Праф. гісторыі Маскоўскага ун-та (1839—55). Чытаў публічныя лекцыі па гісторыі зах.-еўрап. сярэдневякоўя, параўнальнай гісторыі Англіі, Францыі і інш. З 1847 кіраўнік гуртка маскоўскіх заходнікаў. Лічыў гал. рухавіком гіст. працэсу натуральныя фактары (геагр., этнагр., антрапал. і фізіял. ўмовы існавання чалавека), а яго асновай — імкненне ўсіх народаў да свабоды і гармоніі; падкрэсліваў агульнае ў гіст. развіцці Расіі і краін Зах. Еўропы і інш.

Тв.:

Лекции по истории средневековья. М., 1987.

Літ.:

Левандовский А.А. Время Грановского. М., 1990.

т. 5, с. 408

Грансфелд Джон Мэйс

т. 18, кн. 1, с. 374

ГРАНТ (ад англ. grant падарунак, ахвяраванне),

1) аднаразовае выдзяленне грашовай сумы або падараванне абсталявання, памяшкання (звычайна з асабістых сродкаў) культурным, навук. і інш. установам і арг-цыям.

2) Мэтавыя сродкі ў грашовай або матэрыяльнай форме, якія даюцца дзяржавай фіз. і юрыд. асобам на конкурснай аснове для правядзення навук. даследаванняў на дагаворных умовах, а таксама бясплатная датацыя, субсідыя гал. чынам навук. ці навуч. установам, творчым калектывам, спарт. камандам і інш. з дзярж. або мясц. бюджэту.

3) Стыпендыя, якая выплачваецца студэнтам і навучэнцам з дзярж. або мясц. бюджэту.

т. 5, с. 408

ГРАНТ ((Grant) Уліс Сімпсан) (27.4.1822, г. Пойнт-Плезант, штат Агайо, ЗША — 23.7.1885),

ваенны, паліт. і дзярж. дзеяч ЗША. Ген.-лейт. (1864). Скончыў ваен. акадэмію ў Уэст-Пойнце (1843). Удзельнік амер.-мекс. вайны 1846—48. У час Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861—65 на баку Поўначы кіраваў ваен. дзеяннямі ў даліне Місісіпі (у 1863 заняў г. Віксберг), у 1864—65 галоўнакамандуючы. Член Рэсп. партыі. У 1869—77 прэзідэнт ЗША. Садзейнічаў правядзенню сац.-эканам. пераўтварэнняў на Пд краіны, развіццю буйнога бізнесу, актывізацыі знешняй палітыкі і інш. Аўтар мемуараў.

Літ.:

Бурин С.Н. На полях сражений гражданской войны в США. М., 1988.

т. 5, с. 408

ГРАНУЛАМЕТРЫ́ЧНЫ СКЛАД ГЛЕ́БЫ,

механічны склад глебы, колькасць у глебе элементарных (неагрэгаваных) часцінак розных памераў. Выражаецца ў працэнтах ад масы абсалютна сухой глебы. У залежнасці ад суадносін фіз. гліны (часцінак, драбнейшых за 0,01 мм) і фіз. пяску (больш за 0,01 мм) глебы па грануламетрычным складзе падзяляюць на пясчаныя, супясчаныя, сугліністыя і гліністыя. Грануламетрычны склад глебы ў значнай ступені вызначае ўрадлівасць глебы.

т. 5, с. 409