«ГРАНІ́Т»,
кодавая назва аперацыі бел. партызан у Вял. Айч. вайну па вывадзе са строю трансп. ліній акупантаў вясной і летам 1943. План аперацыі зацверджаны 21.4.1943 нач. Беларускага штаба партызанскага руху (БШПР) П.З.Калініным. Задача аперацыі — шляхам узгодненых дзеянняў партызан сарваць перавозкі ворага да фронту, нанесці яму макс. страты. Для падрыхтоўкі і правядзення аперацыі ў тыл ворага былі накіраваны прадстаўнікі БШПР (афіцэры сувязі, інструктары-мінёры). З сак. пры дапамозе авіяцыі далёкага дзеяння партызанам перапраўлялі зброю, боепрыпасы, узрыўчатку; да 6.6.1943 дастаўлена 555 т грузаў (тол, міны, аўтаматы, ручныя кулямёты, вінтоўкі, карабіны, процітанк. ружжы, патроны, гранаты і інш.). У ходзе аперацыі партызаны пусцілі пад адхон 1806 эшалонаў, 8 бронецягнікоў, узарвалі 66 чыг. мастоў, разбурылі 167 км чыг. пуці, 619 км тэлеф.-тэлегр. сувязі, разграмілі 164 фаш. гарнізоны і паліцэйскія ўчасткі. Да лета 1943 вывелі са строю амаль усе вузкакалейкі. Гэта прымусіла гітлераўцаў прыняць дадатковыя меры бяспекі: з мая начны рух цягнікоў спыніўся, хуткасць на шэрагу ўчасткаў знізілася да 10—15 км у гадз. Аднак БШПР не змог забяспечыць узрыўчаткай усе партыз. фарміраванні, таму што «Граніт» была праведзена ў абмежаваным маштабе. Яе вопыт быў выкарыстаны пры планаванні і ажыццяўленні новых больш маштабных аперацый, у т. л. аперацыі «Рэйкавая вайна».
У.І.Лемяшонак.
т. 5, с. 407
ГРАНІ́Т (Пятрусь) (сапр. Івашэвіч Іван Пятровіч; 24.1.1909, в. Зачэпічы Дзятлаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 14.1.1980),
бел. паэт. Скончыў Навагрудскае пед. вучылішча (1950). Удзельнік рэв.-вызв. барацьбы ў Зах. Беларусі і партыз. руху на Беларусі ў Айч. вайну. З 1927 працаваў брукаром. У 1939—41 старшыня сельсавета, у 1945—71 настаўнік. Друкаваўся з 1933. Большасць вершаў — публіцыстычныя творы, насычаныя бытавымі рэаліямі, у якіх выкрываў палітыку сац. і нац. ўціску польскіх улад. Захапленне жыццём у пасляваен. творах. Свет роднай прыроды эмацыянальна раскрыў у зб. для дзяцей «Сцяжынка» (1978).
Літ.:
Наднёманскія былі. Мн., 1968. С. 66—70;
Калеснік У. Лёсам пазнанае. Мн., 1982. С. 248—253.
А.М.Пяткевіч.
т. 5, с. 407
ГРАНІ́Т ((Granit) Рагнар Артур) (30.10.1900, Хельсінкі — 1991),
шведскі нейрафізіёлаг. Чл. Каралеўскай швед. АН, чл. Нац. АН ЗША, ганаровы чл. Амерыканскай акадэміі навук і мастацтваў. Скончыў Хельсінкскі ун-т (1927). З 1928 спецыялізаваўся ў лабараторыі Ч.С.Шэрынгтана ў Оксфардскім ун-це, у 1929—32 у Пенсільванскім ун-це. З 1935 праф. фізіялогіі Хельсінкскага ун-та, з 1940 у Каралінскім ін-це ў Стакгольме, у 1945—67 дырэктар Нобелеўскага ін-та нейрафізіялогіі. У 1963—65 прэзідэнт Каралеўскай швед. АН. Навук. працы па рэгуляванні рухаў цэнтр. нерв. сістэмай. Даследаваў першасныя нейрафізіялагічныя працэсы зроку. Нобелеўская прэмія 1967 (разам з Дж.Уолдам і Х.Хартлайнам).
т. 5, с. 407
ГРАНІ́ТА-ГНЕЙС,
поўнакрышталічная сланцаватая ці палоскавая горная парода паводле саставу аналагічная граніту. Структура прамежкавая паміж гнейсам і гранітам. Складзены пераважна з мінералаў плагіяклазу, мікракліну, кварцу і слюды (пераважна біятыту). Тэкстура вызначаецца субпаралельным размяшчэннем таблітчастых і прызматычных крышталёў (палявога шпату, слюды, рагавой падманкі і інш.) і падоўжных уключэнняў, а таксама скопішчам мінералаў у палосы ці праслойкі, якія чаргуюцца. Граніта-гнейс ўтвараюцца ў зонах высокага метамарфізму і цесна асацыіруюць з гнейсамі рознага саставу. На Беларусі пашыраны ў дакембрыйскіх утварэннях Беларускай антэклізы. Выкарыстоўваюцца як буд. і абліцовачны матэрыял.
У.Я.Бардон.
т. 5, с. 407
ГРАНІТЫЗА́ЦЫЯ,
сукупнасць працэсаў у зямной кары, у выніку якіх цвёрдыя горныя пароды рознага паходжання ператвараюцца ў граніты. У выніку гранітызацыі адбываецца абагачэнне пярвічных парод крэменязёмам і шчолачнымі металамі (калій, натрый) і вынас з іх жалеза, магнію, кальцыю і інш. кампанентаў. У працэсе гранітызацыі хім. патэнцыял шчолачаў, гліназёму і крэменязёму нарастае, дасягаючы таго ўзроўню, пры якім адбываецца абагачэнне пароды палявым шпатам і далей кварцам з утварэннем гранітаў. Развіваецца пераважна ў глыбінных зонах геасінкліналей пазней гал. фаз складкаўтварэння. Вылучаюць 3 генетычныя тыпы гранітызацыі: метасаматычная, палінгенна-метасаматычная і інфільтрацыйна-анатэктычная. На тэр. СНД шырокае развіццё гранітызацыі прымеркавана да дакембрыйскіх тоўшчаў (Кольскі п-ваў, Расія), Украінскі крышталічны шчыт, Беларуская антэкліза.
У.Я.Бардон.
т. 5, с. 407
ГРАНІ́ЦА ДЗЯРЖА́ЎНАЯ, мяжа дзяржаўная,
лінія, якая вызначае межы дзяржаўнай тэрыторыі. Устанаўліваецца на падставе пагаднення паміж сумежнымі дзяржавамі пры дапамозе дэлімітацыі граніц з наступнай дэмаркацыяй граніц. Граніцы дзяржаўныя марскія аддзяляюць тэрытарыяльныя воды дзяржавы ад адкрытага мора ці ад тэр. вод інш. дзяржаў.
т. 5, с. 407
ГРАНІ́ЧНАЙ КАРЫ́СНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,
эканамічная тэорыя, паводле якой вартасць мае суб’ектыўную ацэнку. Узнікла ў апошняй чвэрці 19 ст. ў процівагу тэорыі прац. вартасці К.Маркса. Распрацоўвалася У.Джэвансам (Вялікабрытанія), Л.Вальрасам (Швейцарыя), К.Менгерам, О.Бём-Баверкам (Аўстрыя) і інш. Паводле гранічнай карыснасці тэорыі каштоўнасць даброт вызначаецца не затратамі грамадска неабходнай працы, а суб’ектыўнымі ацэнкамі пакупніка і прадаўца. Тым агульным, што робіць тавары суразмернымі, яна прызнае карыснасць. Пад гранічнай карыснасцю разумеецца суб’ектыўная карыснасць асобнага экзэмпляра з тых ці інш. даброт, з дапамогай якіх задавальняецца найменш настойлівая патрэбнасць у таварах дадзенага віду. Рыначная цана тавару фарміруецца пад уздзеяннем яго гранічнай карыснасці, а таксама рэдкасці. Штучныя пабудовы гранічнай карыснасці тэорыі не адлюстроўвалі рэальных рыначных працэсаў і мадэлей цэнаўтварэння, таму спарадзілі шэраг новых мадыфікацый гэтай тэорыі.
т. 5, с. 408
ГРАНІ́ЧНАЙ ПРАДУКЦЫ́ЙНАСЦІ І КАПІТА́ЛУ ТЭО́РЫЯ,
эканамічная тэорыя, паводле якой новае нарошчванне выдаткаў працы пры пэўным памеры капіталу дае больш нізкую прадукцыйнасць у параўнанні з папярэдняй, а кожнае новае павелічэнне капіталу пры нязменнай колькасці рабочых дае меншыя вынікі, чым папярэдняе. Узнікла ў канцы 19 ст. Яе заснавальнік Дж.Б.Кларк. Паводле гэтай тэорыі ў стварэнні прадукту ўдзельнічаюць 3 асн. фактары — праца, капітал і зямля, кожны з якіх у пэўнай ступені стварае вартасць; размеркаванне грамадскага прадукту ажыццяўляецца прапарцыянальна долі кожнага фактару.
т. 5, с. 408
ГРАНІ́ЧНА-ДАПУШЧА́ЛЬНАЯ КАНЦЭНТРА́ЦЫЯ (ГДК),
гігіенічны нарматыў, які рэгламентуе забруджванне навакольнага асяроддзя хім. ці радыеактыўным рэчывам і забяспечвае бяспечныя ўмовы жыцця і працы чалавека. Вызначаецца максімальнай колькасцю шкоднага рэчыва (у міліграмах) у адзінцы аб’ёму (паветра, вады ці інш. вадкасці) або масы (напр., харч. прадуктаў), якая пры штодзённым уздзеянні на арганізм на працягу неабмежавана працяглага часу не выклікае паталагічных змен ці захворванняў.
Для высокакумулятыўных рэчываў прадугледжана рэгламентацыя максімальных, разавых і сярэднязменных ГДК у паветры вытв. памяшканняў, сярэднясутачных і максімальных разавых ГДК у паветры населеных пунктаў. Узроўні ГДК аднаго і таго ж рэчыва розныя для розных аб’ектаў навакольнага асяроддзя, напр., для свінцу і яго арган. злучэнняў у вадзе вадасховішчаў гаспадарча-пітнога і культ.-быт. прызначэння ГДК — 0,005 мг/л, у паветры рабочай зоны вытв. памяшканняў — 0,01 мг/м³, у атмасферы — 0,007 мг/м³.
Літ.:
Беспамятнов Г.П., Кротов Ю.А. Предельно допустимые концентрации химических веществ в окружающей среде. Л., 1985.
Л.М.Скрыпнічэнка.
т. 5, с. 408
ГРАНІ́ЧНА ДАПУШЧА́ЛЬНАЯ ДО́ЗА,
максімальная колькасць шкоднага агента, якая пры ўздзеянні на жывыя арганізмы (праз дыхальную сістэму, ежу і да т.п.) ці іх згуртаванні яшчэ не выклікае істотных змен іх стану і парушэнняў працэсаў жыццядзейнасці. Вызначаюць гранічна дапушчальную дозу аднаразовую або ў пераліку на азначаны прамежак часу (гадзіну, дзень і г.д.). Для розных відаў жывых арганізмаў гранічна дапушчальная доза неаднолькавая.
т. 5, с. 407