Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НО́ВАЯ БРЫТА́НІЯ (New Britain),

вулканічны востраў у Ціхім ак., самы вялікі ў Бісмарка архіпелагу. Уваходзіць у склад дзярж. Папуа — Новая Гвінея. 36,6 тыс. км2. Нас. 312 тыс. чал. (1990). Рэльеф горны, выш. да 2300 м (дзеючы вулкан Улавун). Клімат экватарыяльны вільготны. Вільготныя экватарыяльныя лясы. Плантацыі какосавай пальмы, какавы, кавы. Гал. горад і порт — Рабаул.

т. 11, с. 363

«НО́ВАЯ ВА́РТА»

(«Novaja varta»),

грамадска-навуковы і літ. часопіс бел. студэнцкай моладзі Віленскага ун-та, аб’яднанай у арг-цыю «Скарынія». Выдаваўся ў 1931—32 і 1934 у Вільні на бел. мове лацінкай. Выходзіў неперыядычна. Рэдактары-выдаўцы К.Глінскі, Т.Грышкевіч (з 3-га нумара). Асвятляў грамадскую і культ.-асв. дзейнасць бел. студэнтаў, узнімаў пытанні нац.-вызв. руху, супрацоўніцтва з польск. студэнцкімі арг-цыямі (арт. «Абавязак хвіліны» Я.Зенюка, «Адно з пытанняў» А.Бартуля, «Чвэрць веку існавання беларускай прэсы»). Змяшчаў дыскусійныя матэрыялы па розных паліт. кірунках развіцця сусв. грамадства, даследаванні па бел. гісторыі і л-ры («Леў Сапега — вялікі канцлер літоўскі» пад крыптанімам «Ш.», «Крытычныя моманты з жыцця Купалы і Коласа — паводле іх твораў» Ант. Навіны), творы Х.Ільяшэвіча, В.Багдановіча (Віцябляніна), Бартуля, Дж.Свіфта, хроніку культ-грамадскага жыцця моладзі Зах, Беларусі. Выйшлі 3 нумары. Выданне спынена ў сувязі з самаліквідацыяй арг-цыі «Скарынія».

С.І.Ёрш, А.С.Ліс.

т. 11, с. 363

НО́ВАЯ ВЕ́НСКАЯ ШКО́ЛА, нававенская школа, другая венская школа,

творчая садружнасць кампазітара А.Шонберга і яго венскіх вучняў. Склалася ў 1900-я г. Сярод найб. відных прадстаўнікоў А.Берг, А.Веберн. Творчасці кампазітараў школы ўласцівы тэндэнцыі экспрэсіянізму (манадрама «Чаканне» Шонберга), пафас трагедыі «маленькага чалавека», сац. спачуванне (опера «Воцак» Берга), антыфаш. пратэст (кантата «Уцалелы з Варшавы» Шонберга). Кампазітары школы прадоўжылі традыцыю позняга аўстра-ням. рамантызму, выявілі новае адчуванне муз. часу, унутр. рэарганізацыю муз. цэлага, што паўплывала на музыку 20 ст. Радыкальнае абнаўленне маст. мовы і стылю, звязанае з адмаўленнем ад мажору і мінору, ад традыц. танальных планаў і мадуляцыйнага развіцця, прывяло да ўзнікнення атанальнасці («Лірычная сюіта» і канцэрт для скрыпкі з арк. Берга, 3-і квартэт Шонберга, канцэрт для 9 інструментаў ор. 24 Веберна), метаду дадэкафоніі. Гістарычна Н.в.ш. — адзін з кірункаў «новай музыкі» (гл. Авангард, Мадэрнізм у музыцы).

Літ.:

Друскин М. Австрийский экспрессионизм // Друскин М. О западно-европейской музыке XX в. М, 1973;

Веберн А. Лекции о музыке. Письма: Пер. с нем. М., 1975;

Музыка XX в. Ч. 2, кн. 4. М. 1984.

т. 11, с. 363

НО́ВАЯ ВЁСКА,

вёска ў Стаўбцоўскім р-не Мінскай вобл., каля аўтадарогі Мінск—Баранавічы. Цэнтр Варацішчанскага с/с і калгаса. За 20 км на ПдЗ ад г. Стоўбцы, 98 км ад Мінска, 4 км ад чыг. ст. Гарадзея. 368 ж., 169 двароў (2000). Сярэдняя школа, аддз. сувязі.

т. 11, с. 363

НО́ВАЯ ГВІНЕ́Я (New Guinea; інданез. Ірыян),

в-аў на З Ціхага ак. (2-і па велічыні на Зямлі пасля Грэнландыі). Пл. 829 тыс. км2 (паводле інш. даных — 771,9 тыс. км2). Нас. больш за 5 млн. ж. За 150 км на Пн ад Аўстраліі, аддзелены ад яе пралівам Торэса. Абмываецца на Пд Арафурскім і Каралавым морамі. Зах. ч.тэр. Інданезіі (Ірыян-Джая), усх.тэр. дзярж. Папуа—Новая Гвінея. Праз увесь востраў (2400 км) цягнуцца Цэнтральныя горы сярэдняй выш. 3500 м. Найвышэйшы пункт — г. Джая (5029 м). Горы складзены з крышт. і метамарфічных парод, на 3 пераважаюць пясчанікі. Уздоўж паўн.-ўсх. ўзбярэжжа цягнуцца Берагавыя горы, аддзеленыя ад Цэнтральных гор падоўжнымі алювіяльнымі раўнінамі. На Пд вялізная нізінная раўніна, якая перасякаецца шматлікімі рэкамі. Клімат паўн. ч. Н.Г. экватарыяльны, паўд. ч. — субэкватарыяльны з сухім зімовым перыядам. На нізінах сярэдняя т-ра 25—28 °C. У гарах з вышынёй клімат зменьваецца ад горнага трапічнага да нівальнага. На схілах гор выпадае больш за 4000 мм ападкаў, якія прыносяць зімой паўд.-ўсх. пасат, а летам паўн.-зах. мусон. На ПдЗ, дзе адчуваецца ўплыў зімовага аўстрал. мусону, гадавая колькасць ападкаў 1100 мм. Рэкі (Флай, Мамберама, Дыгул, Сепік, Раму) мнагаводныя, у перыяд дажджоў бурныя паводкі. На нізінах і схілах. гор развіты латэрытныя глебы, на ПнУ чырвоныя, на ўзбярэжжы балотныя. У раслінным покрыве пераважаюць вільготна-экватарыяльныя лясы (гілеі). На выш. 1500—3000 м пояс горных гілей з дрэвападобнымі папарацямі, вечназялёнымі лаўровымі дрэвамі, міртамі, хвойнымі з роду падакарпус, вышэй за 3800 м — высакатраўныя лугі з хмызнякамі рададэндранаў. На высокіх вяршынях гор — снежнікі і невял. ледавікі. У больш сухой паўд. ч. вострава развіты саванны з купінамі цвёрдых злакаў аланг-алангу, барадачу і аўстрал. відамі дрэў — банксіямі, эўкаліптамі і акацыямі. У вусцях рэк і ўздоўж нізінных берагоў мангравыя лясы. У жывёльным свеце пераважаюць сумчатыя млекакормячыя: газель, кенгуру, сумчаты барсук, дрэвавы кускус, апосум. Шматлікія птушкі (500 відаў), паўзуны, насякомыя. Вырошчваюць ямс, кукурузу, батат, плантацыі какосавых пальм, кавы, какавы, каўчуканосаў. Здабыча нафты. Рыбалоўства. Асн. гарады: Порт-Морсбі, Маданг (Папуа—Новая Гвінея), Саронг, Джаяпура (Інданезія).

М.В.Лаўрыновіч.

Да арт. Новая Гвінея. Вёска Бонгу, у якой больш як сто гадоў назад жыў М.М.Міклуха-Маклай.

т. 11, с. 363

«НО́ВАЯ ДАРО́ГА»,

штотыднёвая газета, выдавалася ў 1942—44 у Беластоку на бел. мове з дазволу герм. улад. Выдавец — беластоцкае Бел. нац. згуртаванне. Гал. рэдактар Х.Ільяшэвіч. Публікавала ваен. зводкі, артыкулы на міжнар. тэмы, агляды сац.-эканам. сітуацыі на Беларусі, матэрыялы антырус., антыпольск. і антысеміцкага характару. Змяшчала артыкулы пра падзеі мінулага і гіст. асоб (Міндоўга, Л.Сапегу, П.Крачэўскага і інш.), пра стараж. каштоўнасці, успаміны пра Ф.Аляхновіча і А.Цвікевіча, звесткі па геаграфіі Беларусі, творы бел. пісьменнікаў, рэцэнзіі, хроніку культ. жыцця, дапаможны вучэбны матэрыял, с.-г. парады. Выйшла больш за 100 нумароў.

С.У.Жумар.

т. 11, с. 363

НО́ВАЯ ЗАРА́,

вёска ў Чашніцкім р-не Віцебскай вобл. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 23 км на ПдЗ ад горада і 20 км ад чыг. ст. Чашнікі, 118 км ад Віцебска. 484 ж., 162 двары (2000). Лясніцтва, участак рыбгаса. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аддз. сувязі.

т. 11, с. 364

НО́ВАЯ ЗЕЛА́НДЫЯ (New Zealand),

дзяржава на аднайм. астравах у паўд,зах. частцы Ціхага ак. Займае 2 вял. астравы (Паўночны — 114,6 тыс. км2, Паўднёвы — 151,8 тыс. км2) і шмат дробных (найб. з іх Сцьюарт — 1,7 тыс. км2). Пл. 269,1 тыс. км2. Нас. 3662,3 тыс. чал. (1999). Сталіца — г. Уэлінгтан, асн. прамысл. цэнтр, найб. горад — Окленд. Дзярж. мовы — англійская і маарыйская. Краіна падзяляецца на 93 графствы, 9 раёнаў і 3 гар. раёны. Пад кіраваннем Н.З.Кука астравы, Ніуэ, Такелау. Нац. свята — Дзень Вайтангі (6 лют.).

Дзяржаўны лад. Н.З. — парламенцкая канстытуцыйная манархія ў складзе Садружнасці на чале з Вялікабрытаніяй. Кіраўнік дзяржавы — брыт. манарх, якога ў краіне прадстаўляе генерал-губернатар, прызначаны на 5 гадоў па прапанове ўрада Н.З. Заканад. ўлада належыць аднапалатнаму парламенту — палаце прадстаўнікоў, якая выбіраецца на ўсеагульных выбарах тэрмінам на 3 гады (120 дэпутатаў, з якіх 65 выбіраюцца паводле сістэмы прапарцыянальнага прадстаўніцтва, у т.л. 5 месцаў прадастаўляюцца насельніцтву маары, 55 — па партыйных спісах). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад на чале з прэм’ер-міністрам. Урад фарміруе лідэр партыі, якая атрымала на парламенцкіх выбарах большасць месц.

Прырода. Паверхня пераважна гарыстая і ўзгорыстая. На З в-ва Паўднёвы — Паўд. Альпы (г. Кука, 3764 м), на У — плато і раўніны. На в-ве Паўночны ёсць асобныя хрыбты, раўнінныя і ўзгорыстыя тэрыторыі, у цэнтр. ч. — вулканічнае плато. Шмат вулканаў (ёсць дзеючыя), гейзераў, мінер. крыніц, частыя землетрасенні. Невял. радовішчы вугалю, прыроднага газу, нафты, руд металаў, золата і інш. Шмат тэрмальных вод. Клімат марскі субтрапічны, на Пд умераны. Сярэдняя т-ра ліп. ад 12 °C на Пн да 5 °C на Пд, у гарах -2 °C, часам да -15 °C. У студз. 19 °C на Пн, 14 °C на Пд. Ападкаў за год на зах. схілах гор 2000—5000 мм, на ўсх. схілах і прыбярэжных раўнінах 400—700 мм. На ПдЗ в-ва Паўднёвы ёсць ледавікі. Рэкі мнагаводныя, багатыя гідраэнергіяй. Шмат горных азёр. Для расліннасці характэрна вял. колькасць эндэмікаў. Пад лесам і хмызнякамі 28% тэрыторыі. У жывёльным свеце многа стараж. відаў. У Н.З. 10 вял. нац. паркаў (займаюць 8% тэр., найб. — Ф’ёрдленд на ПдЗ Пауднёвага в-ва, пл. больш за 12 тыс. км2), марскія паркі, шматлікія рэзерваты. Тэ Вахіпунаму — паўд.-зах. раён Паўднёвага в-ва і нац. парк Тангарыра ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.

Насельніцтва. Каля 74,5% — англановазеландцы, нашчадкі перасяленцаў з Вялікабрытаніі, каля 9,7% — маары, карэнныя жыхары астравоў. Жывуць таксама эмігранты з Еўропы (4,6%), астравоў Ціхага акіяна (3,8%), азіяцкіх краін і інш. Сярод вернікаў пераважаюць пратэстанты (больш за 50%) і католікі. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 1%. Сярэдняя шчыльн. 13,6 чал. на 1 км2. Больш шчыльна заселены раўніны і ўзгоркавыя тэрыторыі, асабліва на Паўночным в-ве (на ім жыве каля 72% насельніцтва краіны). У гарадах 86% насельніцтва. Найб. гарады (з прыгарадамі, тыс. ж., 1998): Окленд — 910,2, Уэлінгтан —326,9, Крайстчэрч — 312,6, Гамільтан — 151,8, Нейпір — 111,2, Данідын — 110,8. У прам-сці занята 25,1% працоўных, у сельскай гаспадарцы — 9.8%, у абслуговых галінах — 65,1%.

Гісторыя. Паводле палінезійскіх легенд, Н.З. заселена ў 10—14 ст. выхадцамі з а-воў Таварыства. Напярэдадні з’яўлення еўрапейцаў карэнныя жыхары Н.З. — маары падзяляліся на дзесяткі плямён, якія не мелі ўласных дзярж. утварэнняў. Адкрыта галандскім мараплаўцам А.Я.Тасманам у 1642, названа ў гонар адной з галандскіх правінцый. У 1769—70 даследавана англ. капітанам Дж.Кукам. У пач. 19 ст. ў Н.З. з’явіліся еўрап. місіянеры, утвораны першыя еўрап. пасяленні. 6.2.1840 прадстаўнікі брыт. ўрада прымусілі правадыроў маары падпісаць дагавор, паводле якога над Н.З. прызнаваўся брыт. пратэктарат, з 1841 — брыт. калонія, месца масавай іміграцыі з Вялікабрытаніі. Захоп зямель маары прывёў да англа-маарыйскіх войнаў 1843—71. Да канца 19 ст. карэннае насельніцтва складала менш за 10% жыхароў краіны. У 1893 уведзена ўсеагульнае выбарчае права. З 1907 Н.З. атрымала статус дамініёна — самакіравальнай краіны ў складзе Брыт. імперыі. У 1-ю сусв. вайну больш за 100 тыс. новазеландцаў ваявалі ў Еўропе ў складзе брыт. войск.

Паводле Вестмінстэрскага статута 1926 Н.З. атрымала з 1931 поўную самастойнасць ва ўнутр. і знешніх справах. У 2-ю сусв. вайну новазеландскія войскі ўдзельнічалі ў ваен. дзеяннях у Еўропе і на Ціхім акіяне. У 1951 Н.З. далучылася да саюза АНЗЮС (Аўстралія, Н.З., ЗША), у 1954 — да СЕАТО. Удзельнічала ў в’етн. вайне 1964—73 на баку ЗША. У паліт. жыцці Н.З. з 1930-х г. сапернічаюць Лейбарысцкая і Нац. партыі. У 1980-я г. ўрад лейбарыстаў на чале з Д.Лонгі змагаўся за стварэнне бяз’ядз. зоны ў паўд. ч. Ціхага акіяна. На выбарах 1993 перамагла Нац. партыя, урад якой (з 1997 на чале з Дж.Шынлі) пачаў рэформу для паскарэння эканам. развіцця краіны. У Н.З. дзейнічаюць паліт. партыі: Лейбарысцкая партыя, Нац. партыя, «Н.З. — перш за ўсё». Н.З. — чл. ААН (з 1945). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў крас. 1992.

Гаспадарка. Н.З. — высокаразвітая індустр.-агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт на 1 чал. — 17 тыс. дол. (1998). Аснова эканомікі — высокаразвітая сельская гаспадарка (гал. чынам жывёлагадоўля) і прам-сць, якая перапрацоўвае с.-г. прадукты. Н.З. займае адно з вядучых месцаў у свеце па экспарце масла, воўны, сыру і мяса. Дзяржава кантралюе закуп і збыт с.-г. прадукцыі, імпарт, асваенне новых зямель, эл.станцыі, чыгункі, вугальныя шахты. У прамысловасці гал. роля належыць апрацоўчым галінам. Вядзецца здабыча прыроднага газу (каля 5 млн. м³ штогод), каменнага і бурага вугалю (каля 3 млн. т штогод), тытанамагнетытавых пяскоў, руд жалеза, медзі, свінцу, цынку і інш. Вытв-сць электраэнергіі 35,5 млрд. кВт гадз (1996). На ГЭС атрымліваюць 75,7% электраэнергіі, на ЦЭС — 18,7%, на геатэрмальных электрастанцыях — каля 5%. Найб. развіта харч. прам-сць экспартнага кірунку. Працуюць шматлікія (больш за 15 значных цэнтраў) бойні, мясакамбінаты, мясакансервавыя прадпрыемствы, халадзільнікі, прадпрыемствы па перапрацоўцы малака, у т.л. маслабойні і сыраварні. Ёсць прадпрыемствы па кансерваванні пладоў і рыбы (Крайстчэрч, Нейпір), млынкамбінаты і інш. У машынабудаванні вылучаюцца аўтазборка (Окленд, Уэлінгтан, Крайстэрч, Нельсан, Уайтара), вытв-сць суднаў для кабатажнага плавання, рыбалоўных траўлераў, лёгкіх трансп. і с.-г. самалётаў (Окленд, Гамільтан). Пашырана вытв-сць разнастайнай с.-г. тэхнікі, абсталявання для малочных ферм, малака- і мясаперапр. прам-сці, а таксама быт. электратэхнікі, халадзільнікаў, тэле-, радыёапаратуры. Піламатэрыялы, цэлюлоза і папера выпускаюцца пераважна на Паўночным в-ве, гал. цэнтр — Уэлінгтан. Працуюць сталеплавільны камбінат (каля Окленда), алюмініевы з-д (каля Інверкаргіла). Прадпрыемствы хім. прам-сці выпускаюць угнаенні, пестыцыды, фарбавальнікі, фармацэўтычныя вырабы, аміяк, мачавіну, метанол. У г. Фангарэі нафтаперапр. з-д, прадпрыемствы нафтахім. прам-сці. На мясц. сыравіне працуюць цэм., шкляныя, фарфоравыя і фаянсавыя з-ды. Лёгкая прам-сць перапрацоўвае воўну, лён, скуры, імпартныя бавоўну, шаўковую і нейлонавую пражу. У тэкст. прам-сці вылучаецца вытв-сць шарсцяных (Уэлінгтан, Крайстчэрч, Інверкаргіл) і баваўняных (Окленд, Данідын) тканін. У Оклендзе гарбарна-абутковыя прадпрыемствы. У сельскай гаспадарцы пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі каля 2,4 млн. га, пад кармавымі травамі, лугамі і пашай больш за 13,5 млн. га. Каля 70% прадукцыі даюць буйныя фермы (болей за 400 га). Шырока развіта с.-г. кааперацыя. Жывёлагадоўля дае каля 80% кошту с.-г. прадукцыі. Н.З. — адзін з буйнейшых экспарцёраў высака-якасных мяса-малочных прадуктаў (кантралюе 25% сусв. рынку малочнай прадукцыі), шэрсці (саступае толькі Аўстраліі), бараніны. Пагалоўе (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлы — 9, авечак — 47,4, свіней — 0,4, коз — 0,2, свойскай птушкі — 12. Буйн. раг. жывёла гадуецца пераважна на Паўночным в-ве, авечкі размеркаваны раўнамерна паміж астравамі. Штогадовая вытв-сць (тыс. т): ялавічыны — каля 600, бараніны — каля 200, масла і сыру — прыкладна па 200, кансерваванага малака — каля 500, ачышчанай воўны — каля 200. Земляробства мае другараднае значэнне. Значныя плошчы пад кармавымі культурамі. Збор (тыс. т, 1998): пшаніцы — 250, ячменю — 398, кукурузы — 145, бульбы — 260. Агародніцтва. Садоўніцтва (збор яблыкаў у 1998—475 тыс. т). У Н.З. ўведзена ў культуру расліна ківі. Рыбалоўства (улоў рыбы ў 1996—421,1 тыс. т). Пчалярства. Лясная гаспадарка. Развіты замежны турызм. Н.З. штогод наведвае каля 1,5 млн. замежных грамадзян, якія расходуюць у краіне каля 2,5 млрд. долараў. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Даўж. (1996): чыгунак 3973 км, у т.л. электрыфікаваных 519 км, аўтадарог 92,2 тыс. км, у т.л. з цвёрдым пакрыццём 53,6 тыс. км; нафта- і прадуктаправодаў 310 км, газаправодаў 1000 км. 44 аэрапорты з цвёрдым пакрыццём лётнага поля, у т.л. 3 міжнародныя. Знешнія сувязі пераважна пры дапамозе марскога флоту. Гал. парты: Окленд, Крайстчэрч, Данідын, Таўранга, Уэлінгтан. У 1998 экспарт склаў 12,9 млрд. дол., імпарт — 13 млрд. дол. У экспарце пераважаюць шэрсць, бараніна, ялавічына, рыба, сыр, хімікаты, драўніна, фрукты і гародніна, малочныя прадукты; у імпарце — разнастайныя машыны і абсталяванне, нафта, спажывецкія тавары, пластмасы. Гал. гандл. партнёры: Аўстралія (20% экспарту, 27% імпарту), ЗША (адпаведна 10 і 19%), Японія (15 і 12%), Вялікабрытанія (па 6%). Грашовая адзінка — новазеландскі долар.

Друк, радыё, тэлебачанне. У 1999 у Н.З. больш за 730 перыяд. выданняў. Найбуйнейшыя газеты: «New Zealand Herald» («Новазеландскі веснік», з 1863), «The Evening Post» («Вячэрняя пошта», з 1865), «The Dominion» («Дамініён», з 1907), «The Press» («Друк», з 1861), «New Zealand Truth» («Новазеландская праўда», з 1904), «New Zealand women’s weekly» («Новазеландскі жаночы штотыднёвік», з 1934), «Sunday Times» («Нядзельны час», з 1965). Інфарм. агенцтвы: Нью Зіленд Прэс Асашыэйшэн (НЗПА, з 1873), Саўт Пасіфік Ньюс Сервіс (з 1948, прыватнае). Радыёвяшчанне з 1925. Дзейнічаюць 2 агульнанац. і больш за 30 камерцыйных радыёпраграм. Тэлебачанне з 1958. Трансліруюцца 3 праграмы (2 агульнанац. і 1 прыватная) і 3 каналы спадарожнікавага тэлебачання. Дзейнасць радыё і тэлебачання каардынуе ўрадавая карпарацыя Новазеландскага дзярж. вяшчання.

Літаратура. Развіваецца на мове народа маары і англійскай. У запісах 19 ст. збярогся багаты фальклор маары (міфы, легенды, песні, прыказкі). Першыя творы (1850—80-я г.) створаны ў рэчышчы англ. літ. традыцый. Рамант. характар мела паэзія А.Домета і Т.Брэкена. Вольналюбівымі матывамі прасякнуты вершы У.Голдэра і Дж.Бара. Пад уплывам віктарыянскага рамана пра калан. падарожжы зарадзіліся аўтабіягр. проза (М.Э.Баркер) і т.зв. калан. раман (Дж.Уайт, Дж.Г.Уілсан). Канец 19 — пач. 20 ст. адзначаны нац.-патрыят. і дэмакр. тэндэнцыямі, адлюстраваннем сац. і расавых праблем (Дж.Макей, У.Сатчэл). Стваральніца рэаліст. псіхал. навел — К.Мэнсфілд. Феміністычнымі матывамі адметная творчасць Дж.Мандэр. У 1930-я г. развівалася паэзія сац. пратэсту (Р.Мейсан, А.Фэрберн, Д.Гловер). У вершах А.Кэрнаў — асэнсаванне гіст. лёсаў краіны. Медытатыўнасць, рэліг. бачанне свету характэрны для паэзіі Дж.Р.Херві, М.У.Бетэл. Вызначальная рыса л-ры 1930—40-х г. — станаўленне і развіццё рэаліст. сац. рамана (Дж.Лі, Дж.Малган, Р.Хайд, Ф.Сарджэсан) і апавядання (Р.Фінлейсан). Пасля 2-й сусв. вайны спектр тэм, жанраў і літ. сувязей пашырыўся. У паэзіі пераважалі маральна-філас. праблематыка (Дж.Бакстэр, А.Кэмпбел), тэмы нац. і паэт. самавызначэння, пейзажная лірыка. Рэаліст. тэндэнцыі развівалі раманісты Д.Дэвін, М.Джозеф, Н.Хіліярд, С.Аштан-Уорнер, Б.Пірсан. У 1960—70-я г. папулярным жанрам стала навела, у т.л. псіхал. (М.Шэдбалт, Б.Міткаф, А.Мідлтан). Пачынальніцай новазел. мадэрнізму лічыцца Дж.Фрэйм. Новая з’ява ў новазел. л-ры — творчасць пісьменнікаў-маары (Х.Туварэ, В.Іхімаэра, П.Грэйс), для якіх характэрна пільная ўвага да еўрапейска-новазел. і інш. маст. традыцый з захаваннем маарыйскай культ. спадчыны.

Архітэктура і выяўленчае мастацтва. На тэр. Н.З. захаваліся стараж. помнікі мастацтва маары — арнаментальная разьба па косці, пятрогліфы і наскальныя размалёўкі. Да часоў англ. каланізацыі для культуры маары былі характэрны буд-ва жытлаў з бярвення, дамоў сходаў, расквечаная разьба пабудоў, лодак, быт. прадметаў. Вёскі часам абносілі агароджамі і равамі. У 2-й пал. 19 ст. ўзніклі гарады з прамавугольнай сеткай вуліц, мноствам адкрытых прастораў і зеляніны ў цэнтры. У 1920—40-я г. неакласіцыстычныя і неагатычныя пабудовы змяніліся сучаснымі (жал.-бетонны, стальны каркас, у аздабленні — дрэва). На англ. ўзор будуюцца 1-павярховыя дамы з мясц. асаблівасцямі (вял. навесы, шырокія спальныя балконы і інш.) і звязаныя з навакольным пейзажам. У канцы 19 — пач. 20 ст. склалася мясц. школа жывапісу: Г.Ліндаўэр, Ф.Ходжкінс, Ч.Ф.Голдзі адлюстроўвалі побыт і тыпы маары, П. ван дэр Велдэн і Дж.Нейрн, П.Макінтайр — прыроду краіны. Дэкар. абагульненасць уласціва пейзажам «кентэрберыйскай школы» (А.Ф.Нікал і інш.). Развіваюцца манумент. (Л.Мітчэл) і акварэльны (Э.Лі-Джонсан) жывапіс, скульптура (Р.О.Грос), гарадскі (Э.Пейдж) і індустрыяльны (Дж.Уікс) пейзаж. У разьбе па дрэве і ксілаграфіях М.Тэйлара ўвасоблены жыццё краіны і легенды маары, іх паэт. фантазія.

Музыка. У вуснай традыцыі захаваліся маарыйскія рытуальныя песні і танцы, эпічныя, любоўныя, прац. песні, звязаныя з пластыкай. Сярод муз. інструментаў: розныя трубы (пу; з ракавін, дрэва, гарбуза), разнавіднасці флейт (з ільняной саломкі, скуры і інш.), гудзёлкі, драўляныя гонгі паху, кастаньеты, з пач. 20 ст. — канцэрціна, акардэон, скрыпкі, фп. Значную ролю ў развіцці нац. муз. культуры адыгралі А.Нгата, кампазітары і спевакі К.Тахаві, В.Гуата, Тэ Рэме Карэпа, Т.Нгаваі, А.Аватэрэ. Музыка перасяленцаў засн. пераважна на муз. традыцыях Вялікабрытаніі. З канца 19 ст. ў гарадах наладжваліся аматарскія сімф. канцэрты і оперныя спектаклі. У 1882 адкрыты ф-т музыкі ў Кентэрберыйскім ун-це (г. Крайстчэрч). Пасля 2-й сусв. вайны створаны сімф. аркестр Новазеландскай радыёвяшчальнай карпарацыі, нац. оперная і балетная трупы, муз. ф-ты адкрыты ў шэрагу ун-таў. З 1974 працуе Асацыяцыя новазеландскіх кампазітараў. У станаўленні нац. кампазітарскай школы вял. ролю адыграў аўстралійскі кампазітар А.Хіл, які выкарыстоўваў у творчасці элементы маарыйскай музыкі (опера «Флейта-прадказальніца», «Маарыйская сімфонія» і інш.). Сярод кампазітараў: Дж.Казінс, Д.Лілбёрн, Э.Локвуд, Дж.Маклаўд, К.Смол, Р.Трымейн, Д.Фаркуар.

Літ.:

Малаховский К.В. Британия южных морей. М., 1973;

Яго ж. История Новой Зеландии. М., 1981;

Грудзинский В.В., Олтаржевский В.П. Новая Зеландия в международных отношениях 1939—1945 гг. Иркутск, 1993.

М.С.Вайтовіч (прырода, насельніцтва, гаспадарка), Г.М.Малей (друк, радыё, тэлебачанне, літаратура).

Герб і сцяг Новай Зеландыі.
Новая Зеландыя. Геатэрмальная электрастанцыя ў цэнтральнай частцы Паўночнага вострава.
Да арт. Новая Зеландыя. Ледавік Фокс у нацыянальным парку Уэстленд.
Новая Зеландыя. Пейзаж паўночнай часткі Паўднёвага вострава.
Новая Зеландыя. Статак кароў на пашы.

т. 11, с. 364

НО́ВАЯ ЗЯМЛЯ́,

архіпелаг у Паўн. Ледавітым ак., паміж Баранцавым і Карскім морамі, у Архангельскай вобл. (Расія). Пл. каля 83 тыс. км2. Уключае 2 вял. астравы — Паўночны (48,9 тыс. км2) і Паўднёвы (33,3 тыс. км2), раздзеленыя пралівам Матаччын Шар, і дробныя астравы. Берагі фіёрдападобныя. Рэльеф горны, выш. да 1547 м (на Паўн. в-ве). Горы складзены з асадкавых (пясчанікі, сланцы, вапнякі) і вывергнутых парод. Клімат марскі арктычны, суровы. Сярэднія т-ры сак. (самы халодны месяц) ад -14 °C да -22 °C, жн. 2,5—6,5 °C. Ападкаў 300—600 мм за год. Каля 25% плошчы ўкрыта ледзяным покрывам, у т.л. на Паўн. в-ве самы вял. па плошчы ў Расіі покрыўны ледавік (20 тыс. км2). Усяго больш за 680 ледавікоў. Уваходзіць у зону арктычных пустынь, частка Паўд. в-ва — у зону арктычных тундраў. Растуць лішайнікі і імхі (каля 450 відаў), па далінах і паўд. схілах хмызнякі (карлікавыя вярба і бяроза). У складзе жывёльнага свету лемінг, пясец, трапляецца белы мядзведзь. Птушыныя «кірмашы» (кайры, чайкі, чысцікі). У прыбярэжнай зоне цюлені, маржы, з рыб — траска, сёмга, омуль. Промысел пясца і марскіх жывёл. Палярныя станцыі. На Н.З. шмат гадоў праводзіліся выпрабаванні ядзернай зброі.

т. 11, с. 366

НО́ВАЯ ІРЛА́НДЫЯ (New Ireland),

вулканічны востраў у Ціхім ак., у Бісмарка архіпелагу. Тэр. Папуа—Новая Гвінея. 8,6 тыс. км2. Нас. (з прылеглымі астравамі) 87 тыс. чал. (1990). Горныя масівы выш. да 2150 м акаймаваныя берагавымі нізінамі. Клімат гарачы, вільготны. Сярэднія месячныя т-ры 25—28 °C. Ападкаў больш за 2000 мм за год. Вільготныя экватарыяльныя лясы. Асн. культура — какосавая пальма. Гал. горад і порт — Кавіенг.

т. 11, с. 367