ГРАВІМЕТРЫ́ЧНЫ АНА́ЛІЗ,
метад колькаснага аналізу, заснаваны на дакладным вымярэнні масы рэчываў з дапамогай аналітычных вагаў. Выкарыстоўваюць для кантролю якасці сыравіны і гатовай прадукцыі, вызначэння хім. саставу горных парод, сплаваў і інш.
Пры гравіметрычным аналізе частку даследуемага цвёрдага рэчыва вядомай масы (навеска) пераводзяць у раствор, з якога вызначаемы кампанент вылучаюць у выглядзе практычна нерастваральнага рэчыва. Асадак аддзяляюць (напр., фільтраваннем), высушваюць ці награюць да ўтварэння ўстойлівага злучэння (вагавая форма) і ўзважваюць, потым разлічваюць колькасць (у% па масе) кампанента ў цвёрдым рэчыве. Адносная хібнасць гравіметрычнага аналізу ±0,1%.
т. 5, с. 381
ГРАВІМЕТРЫ́ЧНЫ ПУНКТ,
спецыяльны пункт на зямной паверхні, дзе вымерана паскарэнне свабоднага падзення. У кожным гравіметрычным пункце вызначаюцца таксама гарыз. каардынаты і вышыня над узроўнем мора. Для правядзення гравіметрычнай здымкі ствараюцца апорныя (шматразовыя вымярэнні гравіметрычнымі прыладамі павышанай дакладнасці) розных класаў і радавыя гравіметрычныя пункты. Зыходныя апорныя гравіметрычныя пункты закладзены ў геафіз. абсерваторыях «Патсдам» (ФРГ; гал. ў Еўропе), «Пулкава» (Расія), «Плешчаніцы» (Беларусь).
т. 5, с. 382
ГРАВІМЕ́ТРЫЯ (ад лац. gravis цяжкі + ...метрыя),
галіна геафізікі, якая вывучае гравітацыйнае поле Зямлі. Паскарэнне свабоднага падзення і яго змяненні вымяраюць абс. і адноснымі метадамі з дапамогай гравіметраў, маятнікавых прылад, гравітацыйных варыёметраў, градыентаметраў, а таксама назіранняў за ШСЗ. Гравіметрычныя даныя выкарыстоўваюцца ў астраноміі, метралогіі, геадэзіі, геалогіі, касманаўтыцы і інш.
Паскарэнне свабоднага падзення вызначыў Г.Галілей (каля 1590). У 1673 Х.Гюйгенс выявіў залежнасць паміж паскарэннем свабоднага падзення і перыядам ваганняў маятніка. Тэарэт. асновы гравіметрыі заклаў І.Ньютан. Работамі А.К.Клеро, Дж.Стокса і інш. створана сучасная гравіметрыя. За аснову сусв. гравіметрычнай сістэмы прынята значэнне паскарэння свабоднага падзення для г. Патсдам (ФРГ) g = 9,81274 м/с2 = 981,274 Гал, атрыманае ў 1898—1904 (у 1971 15-я ген. асамблея Міжнароднага геад. і геагр. саюза зацвердзіла папраўку: -14·10−5 м/с2). У СССР сістэматычныя гравіметрычныя вымярэнні пачаліся ў 1932; у 1950—56 створана сетка гравіметрычных пунктаў высокай дакладнасці: геафіз. абсерваторыі «Пулкава», «Казань», «Масква», «Палтава»; на Беларусі «Плешчаніцы» і «Нарач» (абс. вымярэнні з 1997).
Літ.:
Грушинский Н.П. Основы гравиметрии. М., 1983.
Г.І.Каратаеў.
т. 5, с. 382
ГРАВІРАВА́ЛЬНЫ СТАНО́К,
капіравальна-фрэзерны станок з інструментам для гравіравання. Выявы з аб’ектаў (мадэлей барэльефаў, інш. аб’ёмных арыгіналаў, літар, узораў, малюнкаў) выразаюць на мяккім метале, камені, дрэве спец. рэжучым інструментам (штыхелем, фрэзай), які вядзе апрацоўку ў адпаведнасці з сігналамі ад абваднога штыфта (датчыка). Штыфт рухаецца па капіры і падае сігналы ў сістэму сачэння (механічную, гідраўлічную або электрычную), што кіруе інструментам. У металаапрацоўцы гравіравальныя станкі выразаюць клеймы, надпісы, лічбы на дэталях, у паліграфіі робяць цынкаграфскія клішэ (фотагравіравальнай машынай).
т. 5, с. 382
ГРАВІРАВА́ННЕ (ад ням. gravieren франц. graver выразаць на чым-небудзь),
выразанне арнаменту, выявы, надпісу і інш. на паверхні цвёрдых матэрыялаў (метал, косць, камень, дрэва, шкло і інш.) разцамі ці інш. спец. інструментамі. Вядома са стараж. часоў у многіх народаў: гравіраванне на метале кубачынскіх майстроў (Дагестан), чукоцкае гравіраванне па косці і інш. Пры гравіраванні на метале і шкле ўжываецца траўленне кіслотамі. Гравіраваны малюнак бывае пукаты або заглыблены. Гравіраванне выкарыстоўваюць у вытворчасці друкарскіх формаў у гравюры, ювелірным мастацтве, аздабленні шклянога і хрусталёвага посуду, зброі. Можа спалучацца з чаканкай, ліццём, залачэннем, чарненнем, эмалямі.
На Беларусі вядома з каменнага веку (ювелірныя вырабы з геам. гравіраваным арнаментам). У 11—13 ст. пашырана гравіраванне геам. і сюжэтнага характару па метале, косці, дрэве, камені. У 15—18 ст. гравіраванне арнаментальнага і сюжэтнага характару аздаблялі царк. начынне, кніжныя абклады і інш. У 17—18 ст. гравіраванымі гербамі, партрэтамі, пейзажамі, надпісамі ўпрыгожвалі ўзоры ўрэцка-налібоцкага шкла. Металічныя вырабы 19 ст. вызначаюцца чаргаваннем дробнаўзорыстага гравіраванага дэкору з вял. ўчасткамі чыстай паверхні. У наш час у тэхніцы гравіравання працуюць некаторыя майстры-ювеліры.
Я.М.Сахута.
т. 5, с. 382
ГРА́ВІС (ад лац. gravis цяжкі),
1) тон складоў у стараж.-грэч. мове, які характарызуецца адсутнасцю павышэння голасу. Супрацьпастаўляецца акуту.
2) Від націску ў швед. мове, пры якім склад, што ідзе за складам з асноўным націскам, мае слабы пабочны націск; рух тону пры гэтым характарызуецца як сыходна-ўзыходны.
3) Дыякрытычны знак (`), які абазначае ў франц. мове ступень адкрытасці галосных: pére.
т. 5, с. 382
ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЕ АБАГАЧЭ́ННЕ карысных выкапняў, спосаб абагачэння карысных выкапняў, засн. на розніцы шчыльнасці і скорасці падзення мінералаў у водным або паветр. асяроддзі ці ў суспензіі. Адрозніваюць гравітацыйнае абагачэнне ў вертыкальным патоку вады або паветра, які бесперапынна пульсуе (т.зв. адсадка), у цяжкіх суспензіях, растворах і вадкасцях, на канцэнтрацыйных сталах і ў шлюзах, сепаратарах (пнеўматычных, вінтавых, шнэкавых, супрацьточных) і гідрацыклонах, мыечных жалабах і інш. Гравітацыйным спосабам абагачаюць каменны вугаль, сланцы, руды, азбест, каалін і інш.
т. 5, с. 382
ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЕ ВЫПРАМЯНЕ́ННЕ,
узбурэнні гравітацыйнага поля, якія распаўсюджваюцца ў прасторы ў выглядзе папярочных хваль са скорасцю святла. Існаванне гравітацыйнага выпрамянення прадказана А.Эйнштэйнам (1916) на аснове агульнай адноснасці тэорыі. Узнікае пры перыядычным руху цел (напр., падвойныя і вярчальныя зоркі), катастрафічных астрафіз. з’явах (успышкі звышновых зорак, несіметрычны гравітацыйны калапс); выклікае адносныя паскарэнні цел або іх пругкія дэфармацыі.
Спробы эксперым. рэгістрацыі гравітацыйнага выпрамянення ад касм. крыніц з выкарыстаннем дэтэктараў (гравітацыйных антэн) пачалі праводзіцца ў ЗША Дж.Веберам у канцы 1950-х г., аднак з-за надзвычай слабага ўзаемадзеяння з рэчывам статыстычна значных пацвярджэнняў не атрымана. Эксперым. пацвярджэннем лічаць вынікі шматгадовых назіранняў падвойнага пульсара PSR 1913+16: прадказанні аб паступовым змяншэнні яго арбітальнага перыяду за кошт гравітацыйнага выпрамянення з дакладнасцю да 0,4% узгадняюцца з данымі назіранняў.
Літ.:
Амальди Э., Пиццелла Г. Поиск гравитационных волн // Астрофизика, кванты и теория относительности: Пер. с ит. М., 1982;
Уилл К.М. Двойной пульсар, гравитационные волны и Нобелевская премия: Пер. с англ. // Успехи физ. наук 1994. Т. 164. № 7.
М.М.Касцюковіч.
т. 5, с. 382
ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЕ ЗРУШЭ́ННЕ,
змяненне частаты (ці даўжыні хвалі) эл.-магн. выпрамянення пры яго распаўсюджванні ў гравітацыйным полі, абумоўленае гравітацыйным запавольваннем часу. Прадказана А.Эйнштэйнам у 1907. Адзін з эксперыментальна пацверджаных эфектаў агульнай адноснасці тэорыі. Гл. таксама Чырвонае зрушэнне.
т. 5, с. 383