Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

НАВУГО́ЛЬНІК (лац. Norma),

невялікае сузор’е Паўд. паўшар’я неба. Не мае зорак, ярчэйшых за 4,0 візуальнай зорнай велічыні. З тэр. Беларусі не відаць. Гл. Зорнае неба.

т. 11, с. 107

НАВУ́КА,

сістэма аб’ектыўных, абгрунтаваных ведаў аб рэчаіснасці; сфера чалавечай дзейнасці па выпрацоўцы і тэарэт. сістэматызацыі новых ведаў. У адрозненне ад стыхійна-эмпірычнага (звычайнага) пазнання Н. не абмяжоўваецца апісаннем аб’ектаў і з’яў, але арыентуецца на выяўленне прычынна-выніковых залежнасцей, ставіць за мэту спасціжэнне заканамернасцей развіцця. Навук. дысцыпліны, якія ў сваёй сукупнасці ўтвараюць сістэму Н. ў цэлым, умоўна падзяляюць на 3 вял. групы (падсістэмы) Н. — прыродазнаўчыя, грамадскія (гуманітарныя) і тэхнічныя. У залежнасці ад мэтавай накіраванасці, адносін да практыкі вылучаюць Н. фундаментальныя і прыкладныя. Н. выкарыстоўвае спец. навук. метады (тэарэт. і эмпірычныя), прылады, мову, у т. л. фармалізаваную, і інш. неад’емныя кампаненты навук. пошуку.

Вытокі Н. ўзыходзяць да стараж. грамадстваў (Стараж. Егіпет, Вавілонія, Індыя, Кітай), калі Н. не выходзіла за межы патрэб наяўнай практыкі. Змест ведаў на гэтай стадыі чэрпаўся з практыкі, а ў мысленні выступаў у форме абстрактных схем практычных дзеянняў. Адной з перадумоў Н. лічаць таксама міфалогію, у рамках якой упершыню на фантаст., антрапамарфічнай аснове спрабавалі пабудаваць цэласную сістэму ўяўленняў чалавека аб сусвеце. Сац., эканам. і культ. ўмовы для ўзнікнення ўласна Н. складваліся ў Стараж Грэцыі каля 6 ст. да н.э., дзе ствараліся першыя тэарэт. сістэмы (Фалес, Геракліт і інш.), якія ў процівагу міфалогіі тлумачылі Сусвет, зыходзячы з прыродных з’яў (натурфіласофія). На гэтай стадыі веды складваліся ў форме абстракцый на аснове раней створаных ідэальных аб’ектаў. Гістарычна першай пераход да навук. пазнання ажыццявіла матэматыка (Эўклід), потым ад натурфіласофіі аддзяліліся механіка (Архімед), астраномія (Пталамей) і інш. Стараж.-грэч. вучоныя (Арыстоцель, Платон і інш.) далі першыя апісанні заканамернасцей прыроды, грамадства і мыслення, чым адыгралі значную ролю ў гісторыі Н. Важкі ўклад у развіццё Н. зрабілі вучоныя араб. Усходу і Сярэдняй Азіі (Ібн Сіна, Ібн Рушд, Біруні і інш.), хрысц. вучоныя багасловы, прадстаўнікі ранняй і «класічнай» схаластыкі. У эпоху Адраджэння Н. пачала ператварацца ў самаст. фактар духоўнага жыцця, вышэйшую культ. каштоўнасць, на якую стала арыентавацца большасць філас. школ і кірункаў, фундаментальныя даследаванні ў галіне эканомікі, права, маралі, рэлігіі, мастацтва, культуралогіі і інш. Фарміраванне тэхн. Н., павелічэнне іх ролі як непасрэднай прадукц. сілы асабліва праяўляецца ва ўмовах навукова-тэхнічнага прагрэсу і навукова-тэхнічнай рэвалюцыі. Адной з найважнейшых заканамернасцей развіцця Н. з’яўляецца тэндэнцыя паскоранага росту маштабаў навук. дзейнасці і аб’ёмаў інфармацыі, колькасці навук. устаноў і навукоўцаў, што непасрэдна звязана з інстытуцыялізацыяй Н. Першыя формы інстытуцыялізацыі Н. ўзніклі ў антычнасці (напр., у 387 да н.э. засн. платонаўская акадэмія ў Афінах). Як асобны сац. ін-т Н. пачынае афармляцца з 17 ст. У значнай ступені паўплывала на развіццё ведаў аб прыродзе Лонданскае каралеўскае т-ва, засн. ў 1660, на ўзор якога пачалі стварацца спец. навук. ўстановы (акадэміі і да т.п.) у інш. краінах, і выданне з 1665 першага навук. часопіса «Philosophical Transactions» («Філасофскія працы»). У 1800 у свеце выдавалася каля 100 навук. часопісаў, у 1965 — больш за 100 тыс., у канцы 20 ст. — больш за 1 млн. Лічаць, што кожныя 10 гадоў аб’ём навук. інфармацыі падвойваецца, а колькасць занятых у сферы Н. павялічваецца штогод на 7%. Развіццё Н. носіць кумулятыўны характар, характарызуецца пераемнасцю ў асэнсаванні новых ведаў, што папаўняюць агульнанавук. фонд. Паступовае назапашванне ведаў на аснове пераемнасці абумоўлівае неабарачальнасць у функцыянаванні Н. як сац. ін-та, стварае ўмовы для фарміравання ўнутр. логікі развіцця самой Н., якая разам з сац., эканам., тэхн.-вытв., культ. фактарамі вызначае далейшы навук. прагрэс. Адкрыццё новых з’яў, якія не паддаюцца вытлумачэнню на падставе назапашаных ведаў, абумоўлівае пошук шляхоў развіцця Н., найб. выразным увасабленнем якіх з’яўляюцца навук. рэвалюцыі (рэвалюцыя ў прыродазнаўстве на рубяжы 19—20 ст. і інш.). У выніку навук. рэвалюцый адбываюцца радыкальныя змены парадыгмаў навук. мыслення. Яны суправаджаюцца ломкай старой навук. карціны свету і ўсталяваннем новай.

На кожным з этапаў гіст. развіцця адбываецца ўскладненне арганізацыі Н., што абумовіла фарміраванне вучэння аб спосабах арганізацыі і пабудовы тэарэт. і практычнай дзейнасці — метадалогіі і спец. дысцыпліны аб функцыянаванні і развіцці Н. — навуказнаўства. Асваенне навук. пазнаннем новых з’яў і аб’ектаў рэчаіснасці вядзе да дыферэнцыяцыі Н., драблення яе на больш «вузкія», спецыялізаваныя навук. дысцыпліны. Патрэбнасць у сінтэзе ведаў, асабліва пры вырашэнні буйных комплексных праблем, вядзе да тэндэнцыі інтэграцыі Н. Павялічваецца роля міждысцыплінарных даследаванняў, што абумоўлівае фарміраванне новых дысцыплін на «стыкавых», памежных навук. кірунках (біяфізіка, біёніка, астрафізіка, геахімія, эканам. геаграфія і інш.). Характэрнай рысай інстытуцыялізацыі Н. ў 20 ст., у т. л. на Беларусі, з’яўляецца стварэнне навук.-вытв. аб’яднанняў, ін-таў і лабараторый з магутнай тэхн. базай, што садзейнічае паскарэнню развіцця Н., скарачэнню тэрмінаў укаранення навук. распрацовак у вытв-сць. У Беларусі 272 н.-д. арг-цыі, у т. л. Нац. АН Беларусі, 43,7 тыс. навук. работнікаў, сярод іх каля 730 д-роў і больш за 4,1 тыс. канд. навук (1999). У 103 навуч. установах і ВНУ вядзецца падрыхтоўка навук. кадраў: больш за 4400 аспірантаў, каля 140 дактарантаў (1999).

Літ.:

Поппер К. Логика и рост научного знания: Пер. с англ. М., 1983;

Лоўдзі Дж. Гістарычныя ўводзіны ў філасофію навукі: Пер. з англ. Мн., 1995;

Научные и вненаучные формы мышления. М., 1996;

Очерки истории науки и культуры Беларуси IX—XX в. Мн., 1996;

Бессонов Б.Н., Ващекин Н.П., Урсул А.Д. Методология науки и стратегия выживания цивилизации. М., 1999.

С.А.Яцкевіч.

т. 11, с. 107

НАВУКАЗНА́ЎСТВА,

комплекс навук. дысцыплін, якія даследуюць і абагульняюць заканамернасці функцыянавання навукі як сістэмы ведаў і сац. ін-та, ажыццяўляюць сістэмны аналіз арганізац.-эканам. і сац.-кіраўніцкіх умоў павышэння эфектыўнасці працэсаў навук. дзейнасці. Узнікла ў 1930-я г., у самаст. галіну ведаў аформілася ў пач. 1960-х г. Уключае розныя галіны ведаў: логіку навукі, сацыялогію навукі, эканоміку і метадалогію навукі, псіхалогію навук. творчасці, тэорыю арганізацыі навукі, навук.-тэхн. прагназаванне і інш. Прадметам іх даследавання з’яўляюцца сац.паліт., эканам., псіхал., прававыя і інш. аспекты н.-д. дзейнасці, структура навук. устаноў і іх сувязь з размеркаваннем навук. кадраў, сістэма камунікацый паміж вучонымі і інш. У Н. выкарыстоўваюцца ідэі і метады інфарматыкі, сістэмных даследаванняў інш. галін ведаў, навукаметрыя і інш.

т. 11, с. 108

«НАВУ́КА І ТЭ́ХНІКА»,

кніжна-часопіснае выдавецтва Беларусі ў 1924—96. Засн. ў Мінску пры Інбелкульце. З 1929 у складзе АН Беларусі. З 1932 наз. «Выдавецтва Акадэміі навук БССР», з 1963 — «Н. і т.». Выпускала навук., навук.-папулярную, маст., даведачную л-ру, часопісы. Выдавала кнігі і брашуры на бел., рус., польск., яўр., літ., лат. мовах. Выпусціла зборы твораў М.Багдановіча (т. 1—2, 1968; т. 1—3, 1991—95), Я.Купалы (т. 1—7, 1972—76), М.Лыпькова (т. 1—8, 1981—85), манаграфіі пра жыццё і творчасць Я.Купалы, Я.Коласа, Багдановіча, М.Гарэцкага, К.Крапівы і інш. У ліку фундаментальных даследаванняў: «Граматыка беларускай мовы» (т. 1—2, 1962—66), «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (т. 1—2, 1964—66), «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 1—2, 1968—69), «Гісторыя дзяржавы і права Беларускай ССР» (т. 1—2, 1970—76), «Гісторыя Беларускай ССР» (т. 1—5, 1972—75), «Мастацтва Савецкай Беларусі: Зборнік дакументаў і матэрыялаў» (т. 1—2, 1976—86), «Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча» (т. 1—5, 1979—86), «Тураўскі слоўнік» (т. 1—5, 1982—87), «Гісторыя беларускага тэатра» (т. 1—3, 1983—87), «Беларуская граматыка» (ч. 1—2, 1985—86), «Гісторыя беларускага мастацтва» (т. 1—6, 1987—94), «Музычны тэатр Беларусі» (1990), шматтомнае навук. выданне «Беларуская народная творчасць» (1970—93) і інш. Выпускала часопісы «Доклады Академии наук Беларуси», «Весці Акадэміі навук Беларусі», «Инженерно-физический журнал», «Дифференциальные уравнения», «Журнал прикладной спектроскопии» і інш. Мела друкарню імя Ф.Скарыны. У 1996 на базе выд-ва «Н. і т.» створана выд-ва «Беларуская навука».

Л.І.Пятрова.

т. 11, с. 107

НАВУКО́ВАЕ ПРАДБА́ЧАННЕ,

гл. Прадбачанне навуковае.

т. 11, с. 108

НАВУКО́ВАЙ ІНФАРМА́ЦЫІ ПА ГУМАНІТА́РНЫХ НАВУ́КАХ АДДЗЕ́Л НАЦЫЯНА́ЛЬНАЙ АКАДЭ́МІІ НАВУ́К БЕЛАРУ́СІ,

рэспубліканскі цэнтр навук. інфармацыі ў галіне гуманітарных і сацыяльных навук. Засн. ў 1971 на базе сектара зарубежнай гістарыяграфіі Беларусі (з 1968) Ін-та гісторыі АН БССР, да 1992 Аддзел навук. інфармацыі па грамадскіх навуках. Сектары (1999): інфармацыі па айч. гуманітарных навуках; інфармацыі па замежных гуманітарных навуках; аўтаматызацыі інфарм. дзейнасці. Асн. кірункі працы: выданне аператыўных тэматычных, інфарм.-аналітычных і рэфератыўных зб-каў па айч. і замежных гуманіт. і сац. навуках; бягучая навуковая, ідэйна-паліт., сац.-эканам. і прагнастычная інфармацыя, якая датычыцца грамадазнаўчых і гуманіт. навук Рэспублікі Беларусь. З 1972 выдаваў «Навукова-рэфератыўны бюлетэнь (айчынная літаратура)» (105 вып.), з 1990 выдае навук.рэфератыўныя і тэматычныя зб-кі: «Культура і асоба: сацыякультурныя даследаванні ў Беларусі 1979—1990 гг.» (1990), «Права быць чалавекам», «Незалежнасць Беларусі: Актуальныя праблемы — шляхі іх вырашэння» (абодва 1993), «Беларусь на шляхах незалежнасці» (1994), «Свет. Развіццё. Справядлівасць (Матэрыялы агульнапалітычнай дыскусіі на 49-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН)», «Беларусь: гістарычны лёс народа і культуры» (абодва 1995), «Палітычныя партыі Беларусі», «Рынкавае рэфармаванне эканомікі Беларусі», «Еўропа сёння і заўтра» (усе 1996), «Экалагічныя і сацыякультурныя аспекты ўстойлівага развіцця», «Рынкавае рэфармаванне эканомікі Беларусі. Вып. 2» (абодва 1997) і інш.

Л.Ф.Яўменаў.

т. 11, с. 108

НАВУКО́ВАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ПРА́ЦЫ (НАП),

працэс удасканальвання арганізацыі працы на аснове дасягненняў навукі і тэхнікі з мэтай аптымізацыі яе ўмоў і вынікаў.

Пачынальнік укаранення НАП і кіравання — амер. інж. Ф.Тэйлар (гл. Тэйларызм). Рас. філосаф А.А.Багданаў вылучыў у 1912 ідэю стварэння навукі аб агульных законах арганізацыі — тэкталогію, якая пазней была развіта ў канцэпцыях НАП. Ініцыятар і арганізатар НАП у СССР — эканаміст А.К.Гасцеў, які ў 1920—38 узначальваў Цэнтр. ін-т працы. У СССР дзейнічала дзярж. сістэма планавання НАП і дзярж. стат. справаздачнасць прадпрыемстваў аб выкананні планаў, створаны ўсесаюзныя, галіновыя і рэсп. цэнтры НАП.

Асн. кірункі практычнай дзейнасці па ўкараненні НАП: удасканальванне форм падзелу і кааперацыі працы на прадпрыемствах, паляпшэнне арганізацыі і абслугоўвання прац. месцаў, рацыяналізацыя прыёмаў і метадаў працы, падрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі работнікаў, паляпшэнне ўмоў працы, рацыяналізацыя рэжымаў працы і адпачынку, выкарыстанне матэрыяльных стымулаў. Пры распрацоўцы і ўкараненні НАП выкарыстоўваюцца дасягненні сацыялогіі, агульнай і інж. псіхалогіі, фізіялогіі і гігіены працы, эрганомікі, тэхн. эстэтыкі і інш.

В.В.Філіпава.

т. 11, с. 110

НАВУКО́ВА-ВЫТВО́РЧАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ (НВА),

адзіны навук.-вытв. і гасп. комплекс, у склад якога ўваходзяць н.-д., канструктарскія, праектна-канструктарскія і тэхнал. ўстановы і арг-цыі, заводы і інш. структурныя адзінкі. Створаны ў СССР у канцы 1960-х г. як адна з форм злучэння навукі з вытворчасцю. Найбуйнейшыя НВА на Беларусі «Агат», «Інтэграл», «Планар» і інш.

т. 11, с. 108

НАВУКО́ВА-ПАПУЛЯ́РНАЕ КІНО́,

від кінамастацтва, які папулярызуе навук., тэхн. і культуралагічныя веды. Як спалучэнне маст. і навук. якасцей арганічна аб’ядноўвае канкрэтна-пачуццёвыя і лагічныя формы пазнання.

Першыя фільмы Н.-п.к. былі відавыя («Вывяржэнне вулкана Этна», 1909, Францыя; «На Волзе», 1912, Расія) і вузка навук. («Жыццё матылькоў», 1911, Італія; «Інфузорыя», 1912, Расія). У 1925 у структуру фільма ўпершыню ўключаны навук. эксперымент («Механіка галаўнога мозга», рэж. У.Пудоўкін). Пазней сфарміравалася шырокая тэматычная структура, спецыфічныя пазнавальная і сац. функцыі Н.-п.к. Вылучыліся фільмы прыкладнога (навучальнае, н.-д. кіно) і папулярызатарскага (кіналекцыі, кінаманаграфіі і інш.) кірункаў, паводле тэматыкі — прыродазнаўчыя, мастацтвазнаўчыя, экалагічныя, фільмы-партрэты дзеячаў навукі і культуры і інш. Вял. ўклад у развіццё Н.-п.к. студый «Кіеўнавукфільм» (фільмы «Мова жывёл», 1967; «Сем крокаў за гарызонт», 1968; «Ці думаюць жывёлы?», 1970, Дзярж. прэмія СССР 1972; усе рэж. Ф.Собалеў) і «Цэнтрнавукфільм» («Альтэрнатыва», рэж. Б.Загражскі, 1975; «Генетыка і мы», 1978; «Хто пабудзіць аксалотля?» і «Мадэль», 1981; усе рэж. А.Саканян).

На Беларусі Н.-п.к. здымалі з сярэдзіны 1920-х г. («Меліярацыя БССР», «У здаровым целе — здаровы дух», абодва рэж. М.Лявонцьеў). Фільмы 1940—50-х г. папулярызавалі веды аб родным краі, у 1960-я г. здымалі пераважна пазнавальныя стужкі, у 1970—80-я г. — фільмы пра нар. гаспадарку, ахову прыроды, тэхн. прагрэс і інш. Былі пашыраны тэхніка-прапагандысцкія фільмы, якія здымаліся па заказу і мелі прыкладны характар. Асобны кірунак склалі фільмы этнагр.-фалькл. тэматыкі (пераважна па сцэнарыях 3 Мажэйкі), якія знаёмілі з абрадамі беларусаў, У 1961—90 выходзіў кіначасопіс «Навука і тэхніка БССР». Н.-п.к. стваралі Мінская студыя кінахронікі, кінастудыя «Беларусьфільм» (1944—61), студыя «Летапіс». З сярэдзіны 1990-х г. Н.-п.к. здымаюць «Беларускі відэацэнтр» і студыя «Экафільм». У тэматыцы пераважаюць культуралагічныя і гіст. фільмы, сфарміравалася мадэль мастацтвазнаўчага фільма. Сярод лепшых бел. навук.-папулярных фільмаў: «Пра сонца, зямлю і хлеб надзённы» (рэж. Б.Сарахатунаў, В.Іванчанка), «Прытча пра кола і біясферу» (рэж. І.Пікман, абодва 1974), «Усё пачынаецца з зямлі» (1983), «Хто выправіць памылку Дземетры?» (1984, Гран-пры на 12-м Міжнар. фестывалі фільмаў і тэлевізійных праграм у г. Острава, Чэхаславакія, 1985), «Час сеяць» (1985), «Сцэны з жыцця эліты» (1987, усе рэж. А.Рударман), «Куфэрак старажытнасцей» (рэж. В.Моракава), «Цымбальныя званы» (рэж. А.Канеўскі, абодва 1988), «Аркадзь Смоліч» (1992), «Адвечныя званы» (1993, абодва рэж. Ю.Лысятаў), «Абразы Беларусі» (1993, рэж. Ю.Гарулёў), «Усяслаў Чарадзей» (рэж. У.Кавалёў), «Полацкія лабірынты» (рэж. С.Гайдук, абодва 1994), «Арганы Беларусі» (1995, рэж. М.Жданоўскі), «Ад прадзедаў спакон вякоў» (1996, рэж. Гарулёў), «Жыві ў свабодзе» (1998, рэж. С.Пятроўскі) і інш.

Г.У.Шур.

т. 11, с. 108

НАВУКО́ВА-ПАПУЛЯ́РНАЯ ЛІТАРАТУ́РА,

творы пра з’явы прыроды, аб’екты навакольнага свету, навук. праблемы, пра вучоных, грамадскіх і культ. дзеячаў, адрасаваныя шырокім масам; своеасаблівае спалучэнне навук. дакладнасці і мастацкасці. Жанры Н.-пл.: публіцыстычны артыкул, праблемны нарыс, дакумент. аповесць, успаміны, біяграфія, апавяданне, падарожны дзённік, навук.-маст. твор.

Першы твор Н.-пл. — «Аб прыродзе рэчаў» Лукрэцыя Кара (1 ст. да н.э.). Да твораў гэтага жанру належаць «Ліст пра карыснасць шкла» М.В.Ламаносава, «Жыццё жывёл» А.Э.Брэма (т. 1—6, 1863—69), «Жыццё расліны» К.А.Ціміразева (1878), «Фізіялагічныя нарысы» І.М.Сечанава (1884), «Загадкі свету» Э.Гекеля (1899) і інш. У 20 ст. шэраг навук.папулярных твораў стварылі К.Паустоўскі, С.Вавілаў, В.Біянкі, Б.Жыткоў, Я.І.Перэльман, А.Азімаў, Л. дэ Бройль, М.Гарднер, А.Кларк, Ж.І.Кусто, Т.Хеердал і інш.

На Беларусі рысы асветнага і папулярызатарскага падыходу да важных філас.-светапоглядных і грамадска-паліт. праблем выяўляліся ў прадмовах Ф.Скарыны, «Катэхізісе» С.Буднага (1562), творах М.Сматрыцкага, гіст. хранографах 17—18 ст. У 19 ст. элементы Н.-пл. мелі краязн. працы К.Тышкевіча «Вілія і яе берагі», Ю.Крашэўскага «Пінск і яго ваколіцы», У.Сыракомлі «Вандроўю па маіх былых ваколіцах», П.Шпілеўскага «Падарожжа па Палессі і Беларускім краі» і інш. Развіццё Н.-пл. на пач. 20 ст. звязана з газ. «Наша ніва», дзе друкаваліся матэрыялы пра родны край, яго гісторыю, славутых дзеячаў. У час, «Лучынка» (1914) Цётка (А.Пашкевіч) змясціла нарысы «Пералётныя птушкі», «Успаміны з паездкі ў Фінляндыю», «З дарогі». У 1914—15 М.Багдановіч выдаў шэраг брашур, у якіх паказаў роднасць слав. народаў. Сярод твораў Н.-пл. пасля 1917 — аповесць Я.Маўра «Чалавек ідзе!..» (1926—27), Ю.Віцьбіча «Плыве з-пад Святое гары Нёман...» (ч. 1, 1956), кнігі В.Вольскага «Афрыканскае падарожжа» (1963) і «Падарожжа па краіне беларусаў» (1968), У.Караткевіча «Зямля пад белымі крыламі», П.І.Клімука «Зоры — побач», В.Рабцэвіча «Аб чым расказваюць манеты» (2-е выд.; усе 1977) і інш. Н.-пл. апошніх дзесяцігоддзяў прадстаўлена творамі У.Арлова «Асветніца з роду Усяслава: Ефрасіння Полацкая», А.Цітова «Гарадская геральдыка Беларусі» (абодва 1989), М.Гайдука «Паратунак» (1993), У.Емяльянчыка «Паланез для касінераў», К.Тарасава «Памяць пра легенды» (2-е выд.; абодва 1994), С.Цярохіна «Многія прыйдуць пад імем маім» (1995), В.Чаропкі «Уладары Вялікага княства» (1996) і інш.

т. 11, с. 108