Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЕЎРАКА́РД (англ. Eurocard),

міжнародная крэдытная картка з правам карыстання ёй у любой краіне, якая з’яўляецца ўдзельніцай еўрап. банкаўскай сістэмы.

т. 6, с. 398

ЕЎРАКО́СМАС,

аб’яднанне прамысловых прадпрыемстваў 11 краін Еўропы, створанае ў 1961 для развіцця касмічнай тэхнікі і касманаўтыкі. У Е. уваходзіць каля 150 авіяфірм, фірм электронікі. механікі, хіміі і інш., якія распрацоўваюць абсталяванне для спадарожнікаў радыёсувязі і тэлебачання.

т. 6, с. 398

ЕЎРАПАРЛА́МЕНТ,

гл. Еўрапейскі парламент.

т. 6, с. 398

ЕЎРАПЕ́ЙСКАЕ АБ’ЯДНА́ННЕ ВУ́ГАЛЮ І СТА́ЛІ (ЕАВС),

дзяржаўна-манапалістычная арганізацыя, створаная ў 1951 з мэтай садзейнічаць пашырэнню і мадэрнізацыі здабычы вугалю, руды. вытв-сці металу. Напачатку аб’ядноўвала ФРГ, Францыю, Італію, Бельгію, Нідэрланды і Люксембург, пазней з расшырэннем складу ўдзельнікаў Еўрапейскай эканамічнай супольнасці ўключыла Вялікабрытанію, Данію, Ірландыю, Грэцыю, Іспанію і Партугалію. У 1967 органы аб’яднання зліліся з органамі ЕЭС і Еўраатама. Штаб-кватэра ў г. Брусель (Бельгія).

т. 6, с. 398

ЕЎРАПЕ́ЙСКАЕ КАСМІ́ЧНАЕ АГЕ́НЦТВА (European Space Agency; ЕКА),

міжнародная арганізацыя, якая аб’ядноўвае 13 дзяржаў Еўропы (Францыя, Германія, Італія, Бельгія, Вялікабрытанія і інш.). Створана ў 1975 з мэтаю развіцця даследаванняў касм. прасторы і выкарыстання на камерцыйнай аснове спадарожнікавых сродкаў для сувязі, тэлебачання, дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, навігацыі. метэаралогіі і інш. Мае сетку станцый сачэння за палётамі касм. апаратаў з цэнтрам кіравання ў г. Дармштат (Германія). Краіны — члены Е. к.а. маюць свае касм. агенцтвы для вырашэння задач па даследаванні і выкарыстанні касм. прасторы ў нац. мэтах.

т. 6, с. 398

ЕЎРАПЕ́ЙСКАЕ ФІЗІ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА (European Physical Society; ЕФТ). Засн. ў 1968. Члены (1997) — фіз. таварыствы, н.-д. ўстановы і вучоныя 36 краін (у т. л. Рэспублікі Беларусь з 1993).

т. 6, с. 398

ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ АСАЦЫЯ́ЦЫЯ НАВЕ́ЙШАЙ ГІСТО́РЫІ,

гл. Міжнародная асацыяцыя навейшай гісторыі Еўропы.

т. 6, с. 398

ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ВАЛЮ́ТНАЯ АДЗІ́НКА (European Currency Unit; ЭКЮ). валютная адзінка, якая выкарыстоўваецца ў Еўрапейскай валютнай сістэме. Уведзена ў 1979. Суадносіны (парытэт) ЭКЮ з валютамі інш. краін вызначаюцца зыходзячы з таго, што ЭКЮ з’яўляецца прадстаўніком усяго «кошыка валют» краін, якія ўваходзяць у еўрап. валютную сістэму.

т. 6, с. 398

ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ ВАЛЮ́ТНАЯ СІСТЭМА (European Monetary System; ЕВС),

арганізацыйна-эканамічная форма адносін шэрагу краін Еўрапейскіх супольнасцей (з 1.11.1993 Еўрапейскага саюза) у валютнай сферы; рэгіянальная валютная сістэма ў структуры сусв. валютнай сістэмы. Створана ў 1979 з мэтай абмежаваць уплыў ваганняў курсу амер. долара (яго «плаваючы курс» уведзены ў 1971) на эканоміку краін, якія ўвайшлі ў ЕВС, забяспечыць устойлівыя суадносіны курсаў еўрап. валют для правядзення адзінай палітыкі стабілізацыі валютнай сферы і згладжвання вынікаў ваганняў курсаў валют. Уключае ўстанаўленне рамак ваганняў найб. слабых і найб. моцных валют краін — удзельніц ЕВС і межаў ваганняў для кожнай пары валют, увядзенне Еўрапейскай валютнай адзінкі (ЭКЮ); механізм аказання крэдытнай і фін. дапамогі для падтрымкі курсу валюты ў межах узгодненага дыяпазону адхілення. У адносінах да валют краін, якія не ўваходзяць у ЕВС, ажыццяўляецца рэжым «плаваючага» валютнага курсу.

Л.І.Шмыгава.

т. 6, с. 398

ЕЎРАПЕ́ЙСКАЯ КАНВЕ́НЦЫЯ АБ АХО́ВЕ ПРАВО́Ў ЧАЛАВЕ́КА І АСНО́ЎНЫХ СВАБО́Д.

Падпісана ў 1950 у Рыме дзяржавамі — членамі Савета Еўропы, увайшла ў дзеянне ў 1953, дапоўнена 10 дадатковымі пратаколамі (апошні — у 1992). Устанаўлівае кантрольны судовы механізм, які дзейнічае на падставе індывід. скаргаў фіз. асоб і скаргаў дзяржаў аб парушэннях палажэнняў канвенцыі. Для разгляду скаргаў створаны Еўрап. камісія і Еўрап. суд на правах чалавека. У гэтым удзельнічалі таксама Камітэт міністраў — гал. паліт. орган Савета Еўропы. Месцазнаходжанне ўсіх — г. Страсбур (Францыя).

Н.К.Мазоўка.

т. 6, с. 398