Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГІДРАМЕТЭО́РЫ (ад гідра... + грэч. meteōros які лунае ў паветры),

атмасферныя ападкі, якія ўтвараюцца пры выдзяленні вільгаці з паветра на паверхні Зямлі і прадметаў — раса, іней, шэрань і інш. Першапачаткова пад гідраметэорам разумелі прадукты кандэнсацыі вадзяной пары ў атмасферы — воблакі, усе атм. ападкі.

т. 5, с. 230

ГІДРАМЕХАНІЗА́ЦЫЯ (ад гідра... + механізацыя),

спосаб механізацыі земляных, горных і інш. работ, пры якім асн. тэхнал. працэсы выконваюцца за кошт энергіі патоку вады. Асн. сродкі гідрамеханізацыі — гідраманіторы, землясосныя снарады, землечарпальныя снарады, гідраэлеватары, эрліфты, помпы (у т. л. грунтавыя), загрузачныя апараты, трубаправоды і інш. абсталяванне для транспартавання пульпы (гл. Гідраўлічны транспарт).

Гідрамеханізацыя прадугледжвае: разбурэнне грунту (горнай пароды) струменем вады або мех. рыхліцелямі з утварэннем воднай сумесі (пульпы); транспартаванне сумесі самацёкам (па латаках, жалабах, каналах) або пад напорам (па трубах) да месца ўкладкі; укладку грунту ў цела збудавання або адвалы з выдаленнем (адводам) вады. Гідрамеханізацыя выкарыстоўваецца ў горнай прам-сці (пры здабычы карысных выкапняў адкрытым спосабам і вугалю — падземным; гл. Гідраўлічная здабыча), пры буд-ве гідратэхн. збудаванняў (плацін, дамбаў, насыпаў, перамычак), у сельскай гаспадарцы (намыў урадлівых глеяў, торфу, сапрапеляў на прылеглыя да вадаёмаў малапрадукцыйныя землі; пры меліярацыі вадаёмаў, ачыстцы сажалак і каналаў ад наносаў, рэкультывацыі, планіроўцы зямель і інш.), у рыбнай прам-сці (выгрузка рыбы з сетак і транспартаванне яе па трубах). Гідрамеханізацыя выкарыстоўваецца таксама для распрацоўкі пяску і жвіру ў кар’ерах, пры дапаможных работах (гідрапопелавыдаленне і інш.). Спосабам гідрамеханізацыі пабудаваны самая высокая (80 м) намыўная плаціна Мінгечаурскай ГЭС (Азербайджан), найб. працяглыя (55 км) намыўныя плаціны і дамбы Кіеўскай ГЭС. На Беларусі гідрамеханізацыі выкарыстоўваюцца для паглыблення рэчышчаў рэк (напр., р. Свіслач у Мінску), азёр і каналаў, павышэння гар. тэрыторый для забудовы і інш.

Літ.:

Шкундин Б.М. Гидромеханизация в энергетическом строительстве. М., 1986;

Харин А.И. Гидромеханизация в мелиоративном строительстве. М., 1982;

Глевицкий В.И. Гидромеханизация в транспортном строительстве. М., 1988.

У.М.Сацута.

т. 5, с. 230

ГІДРАМЕХА́НІКА (ад гідра... + механіка),

раздзел гідрааэрамеханікі, які вывучае рух і раўнавагу несціскальных вадкасцей і іх узаемадзеянне з цвёрдымі целамі. Уключае гідрастатыку і гідрадынаміку.

т. 5, с. 230

ГІДРАМЕХАНІ́ЧНАЯ ПЕРАДА́ЧА,

камбінаваная перадача, якая складаецца з гідратрансфарматара (гл. Гідрадынамічная перадача) і мех. ступеньчатай каробкі перадач. Забяспечвае аўтам. бесступеньчатую змену і рэверсіраванне круцільнага моманту, зніжае дынамічныя нагрузкі ў трансмісіі, павышае яе даўгавечнасць і інш. Выкарыстоўваецца ў прыводах трансп. і тэхнал. машын. У аўтам. гідрамеханічных перадачах аўтамабіляў звычайна ўжываюць комплексныя, полімерычныя (блакіруюць гідратрансфарматар), вальныя або планетарныя каробкі перадач з пераключэннем ступеней фрыкцыёнамі і стужачнымі тармазамі.

В.А.Сяргеенка.

т. 5, с. 230

ГІДРАМО́РФНЫЯ ГЛЕ́БЫ,

1) група глеб, якія фарміруюцца пад уплывам устойлівага залішняга ўвільгатнення, што суправаджаецца торфаназапашваннем і агляеннем. Да гідраморфных глеб адносяць тарфяна-балотныя глебы розных тыпаў, часам таксама глеіста-балотныя, глеіста-перагнойна-глеевыя і глеіста-тарфяніста-глеевыя. Характэрная асаблівасць гідраморфнага глебаўтварэння — анаэробныя ўмовы і аднаўленчыя працэсы. Гідраморфныя глебы меліярыруюць і ўключаюць у с.-г. вытв-сць.

2) Глебы, якія фарміруюцца ва ўмовах акумулятыўных ландшафтаў пад непасрэдным уплывам грунтавых вод.

3) Глебы, якія фарміруюцца пры пастаянным або перыядычным уздзеянні ўзыходных грунтавых вод на ўвесь профіль ці якую-н. яго частку.

т. 5, с. 230

ГІДРАМУ́ФТА,

разнавіднасць гідрадынамічнай перадачы.

т. 5, с. 230

ГІДРАНА́ЎТ (ад гідра... + грэч. nautēs мараплавец),

акванаўт, чалавек, які прайшоў спец. падрыхтоўку і здольны доўгі час (на працягу многіх сутак) знаходзіцца ў падводным апараце без выхаду на паверхню. Выконвае падводныя работы ці даследаванні.

т. 5, с. 230

ГІДРА́НГІЯ,

кветкавая расліна, гл. Гартэнзія.

т. 5, с. 230

ГІДРАНЕФРО́З (ад гідра... + нефр... + ...оз),

хвароба нырак чалавека, якая характарызуецца стойкім, прагрэсіўна нарастаючым расшырэннем лаханкі і чашачкі ныркі з застоем мачы і атрафіяй нырачнай тканкі. Бывае гідранефроз першасны (пры прыроджаных анамаліях ныркі, яе сасудаў, лаханкі, мачаточнікаў, мачавога пузыра і урэтры) і другасны (пры набытых фактарах цяжкага адтоку мачы — траўматычныя ці запаленчыя звужэнні мачаточніка, спайкі і фіброз у перыурэтральных тканках, структуры і інш. набытыя хваробы урэтры, камяні мачаточніка, неўрагенныя атаніі і інш.). Поўнае спыненне адтоку мачы выклікае гібель ныркі без гідранефратычнай трансфармацыі. Ускладненні: цяжкі адток мачы, мочакамянёвая хвароба, піеланефрыт. Гідранефроз развіваецца без сімптомаў, іншы раз бываюць прыступы нырачнай колікі, часцей тупыя болі ў вобласці нырак, зменена мача. Лячэнне хірургічнае.

М.Я.Саўчанка.

т. 5, с. 230

ГІДРАНІ́МІКА (ад гідра... + грэч. onyma імя),

гл. ў арт. Тапаніміка.

т. 5, с. 230