Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ГІДРАЛАГІ́ЧНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,

тэхнічныя сродкі для гідралагічных назіранняў. Бываюць аўтам. (самапісцы) і неаўтам., кантактныя і некантактныя, дыстанцыйныя. Гідралагічныя прылады агульнага прызначэння: вадамерныя рэйкі і самапісцы ўзроўню вады (вымярэнне ўзроўню вады), паверхневыя і глыбінныя паплаўкі, гідраметрычныя вяртушкі (вызначэнне скорасці і напрамку цячэння, расходу вады), водныя і глыбакаводныя тэрмометры, хвалямерныя вехі, лёда- і шарошамерныя рэйкі, лоты і рэхалоты (вымярэнне глыбіні). З дапамогай спец. белага дыска вызначаюць празрыстасць і колер вады, батометрам бяруць пробы вады і наносаў. Для замераў выпарэння выкарыстоўваюць выпаральнікі вільготнасці глебы — вільгацямеры, для рэчышчавых даследаванняў — прафілографы, гідрадынамометры і інш. У цяжкадаступных месцах абсталёўваюць аўтам. гідралаг. станцыі, якія вядуць вымярэнні па зададзенай праграме, перадаюць інфармацыю ў гідраметцэнтр.

т. 5, с. 227

ГІДРАЛАГІ́ЧНЫ ГОД,

перыяд працягласцю 12 месяцаў, у межах якога завяршаецца гадавы гідралагічны цыкл кругавароту вады. Ва ўмовах умеранага клімату пачынаецца з 1 кастр. або з 1 ліст., калі запасы вільгаці ў рачных басейнах самыя малыя. У межах гідралагічнага года назіраецца адпаведнасць паміж ападкамі і сцёкам.

т. 5, с. 226

ГІДРАЛАГІ́ЧНЫ ЗАКА́ЗНІК,

тэрыторыя, вылучаная з мэтай захавання і аднаўлення каштоўных водных аб’ектаў і комплексаў прыроды. Уключаюць азёрныя, балотныя і рачныя заказнікі. На Беларусі (на 1.1.1997) 14 гідралагічных заказнікаў рэсп. значэння: Балота Мох, Белае, Вялікае Астравіта, Глыбокае-Чарбамысла, Доўгае, Ельня, Карыценскі Мох, Крывое, Рычы, Сосна ў Віцебскай, Заазер’е ў Магілёўскай, Чарэмшыца ў Мінскай, Выганашчанскае ў Брэсцкай, Дзікае ў Брэсцкай і Гродзенскай абласцях (агульная пл. 93 825 га); 14 заказнікаў мясц. значэння: 2 у Брэсцкай, 8 у Віцебскай, 3 у Гомельскай і 1 у Мінскай абласцях.

На тэр. гідралагічнага заказніка забараняецца здабыча торфу, нарыхтоўка моху, правядзенне меліярацыйных работ. Пры ўмове захавання водаахоўнай ролі насаджэнняў дазваляецца высечка лесу, кустоў, нарыхтоўка прутоў, дубільнай кары, а таксама касьба, збор грыбоў і ягад. Паляванне і рыбная лоўля вядуцца па вызначаных правілах.

У гідралагічным заказніку Ельня.

т. 5, с. 226

ГІДРАЛАГІ́ЧНЫ ПОСТ, вадамерны пост,

пункт на водным аб’екце, абсталяваны для сістэматычных гідралагічных назіранняў. Падзяляюцца на рачныя, азёрныя, балотныя, на вадасховішчах, ледавіках і інш., па канструкцыі бываюць рэечныя, па́левыя, мяшаныя, перадатачныя, дыстанцыйныя, паводле тыпу ўстаноўкі самапісца ўзроўню вады — берагавыя і астраўныя. У аддаленых раёнах дзейнічаюць аўтаматычныя гідралагічныя пасты. Першыя гідралагічныя пасты на рэках Беларусі ўзніклі ў 19 ст.: на Зах. Дзвіне (1838, Віцебск), на Прыпяці (1843, Пінск, Тураў, Мазыр), на Дняпры (1844, Магілёў). У 1997 дзейнічалі 120 пастоў на 83 рэках, ручаях і каналах і 14 пастоў на 14 азёрах і вадасховішчах.

т. 5, с. 226

ГІДРАЛАГІ́ЧНЫ ПРАГНО́З,

навуковае прадказанне пэўнага працэсу на рэках, каналах, азёрах і вадасховішчах; раздзел гідралогіі сушы. Бывае доўгатэрміновы (заўчаснасць больш за 15 сут) і кароткатэрміновы (менш за 15 сут). Адрозніваюць гідралагічныя прагнозы водныя (найб. аб’ёмы сцёку і ўзроўні ў час разводдзя і паводкі, макс. і мінім. расходы вады, тэрмін вызвалення ад вады заліўных зямель і інш.) і лядовыя (тэрміны замярзання і ўскрыцця рэк). Гідралагічныя прагнозы робяць для папярэджання гасп. арганізацый і ўстаноў пра небяспечныя гідралагічныя з’явы. На Беларуі складаюцца з 1931.

т. 5, с. 226

ГІДРАЛАГІ́ЧНЫ РЭЖЫ́М,

заканамерныя перыядычныя змены стану воднага аб’екта, абумоўленыя кліматычнымі і інш. прыроднымі ўмовамі басейна. Праяўляецца як шматгадовыя, сезонныя і сутачныя ваганні элементаў гідралагічнага рэжыму — узроўню, расходу (сцёку) і т-ры вады, лядовых з’яў (гл. Лядовы рэжым), колькасці і складу наносаў, хім. саставу і канцэнтрацыі раствораных рэчываў і гідрабіял. элементаў, змяненняў рэчышча і інш. Рэжым узроўняў і аб’ёмаў вады звычайна наз. водным рэжымам. Назіранні за гідралагічным рэжымам вядуць на гідралагічных пастах і станцыях. Натуральны рэжым значна парушаецца пад уплывам гасп. дзейнасці чалавека. На тэр. Беларусі характарыстыкі гідралагічнага рэжыму вагаюцца па сезонах года, найб. ад веснавога разводдзя да летне-асенняй і зімовай межані.

В.​В.​Дрозд.

т. 5, с. 226

ГІДРАЛА́ЗЫ,

ферменты, якія каталізуюць рэакцыі гідролізу (расшчапленне арган. злучэнняў) з далучэннем на месцы разрыву элементаў малекул вады (H​+ і OH​). У залежнасці ад характару сувязі, якая гідралізуецца, адрозніваюць эстэразы (ліпазы, фасфатазы і інш.), гліказідазы (амілазы, цэлюлазы, неактыназы і інш.), пратэазы, пептыдазы і г.д. Пашыраны ў прыродзе, адзначаны амаль ва ўсіх жывых арганізмах. Удзельнічаюць у працэсах пазаклетачнага і ўнутрыклетачнага стрававання. Большасць унутрыклетачных гідралаз знаходзіцца ў лізасомах (вакуолях), некат. — у ядры, арганелах і цытаплазме.

т. 5, с. 227

ГІДРАЛАКАЛІ́Т (ад гідра... + лакаліт),

купалападобнае ўзвышэнне з ледзяным ядром, разнавіднасць бугроў пучэння (выш. 30—40 м, дыяметр падэшвы 300—400 м). Утвараецца ў абласцях развіцця шматгадовамёрзлых горных парод у выніку павелічэння аб’ёму падземных вод пры іх замярзанні ва ўмовах гідрастатычнага напору. У Якуціі наз. булгунняхі, на Алясцы — пінга. На тэр. Беларусі гідракаліты ўтвараліся ў перыгляцыяльнай зоне мацерыковых зледзяненняў плейстацэну, рэшткі іх зрэдку трапляюцца на паверхні і ў пахаваным стане.

т. 5, с. 227

ГІДРАЛАКА́ТАР (ад гідра... + лакатар),

гідралакацыйная станцыя, комплекс прылад і прыстасаванняў для пошуку падводных аб’ектаў, вымярэння іх прасторавых каардынат і параметраў руху, а таксама вызначэння іх прыроды шляхам аналізу адбітых акустычных сігналаў (рэхасігналаў); сродак актыўнай гідралакацыі. Выкарыстоўваюцца ў мараплаўстве (для вызначэння падводных перашкод), у ваен. справе (пошук цэлей, забеспячэнне дзеяння зброі), для картаграфавання дна і адшуквання затанулых аб’ектаў (гідралакатар бакавога агляду і рэхалоты), пры выратавальных работах, у рыбапрамысл. разведцы і інш.

Гідралакатар мае: генератар эл. сігналаў зададзенага віду (імпульсных, неперарыўных, простых, складаных, з рознымі мадуляцыямі); перадавальную і прыёмную акустычныя антэны, якія апускаюцца ў ваду (уяўляюць сабой электраакустычныя пераўтваральнікі эл. сігналаў у акустычныя і наадварот; можа выкарыстоўвацца адна антэна з пераключальнікам «перадача-прыём»); прыстасаванне вылучэння і апрацоўкі рэхасігналаў, якія прымаюцца на фоне перашкод (шумы мора і суднаходства); прыстасаванні адвображання інфармацыі пра аб’екты, якая ўтрымліваецца ў рэхасігналах. Існуе мноства разнавіднасцей гідраклакатараў, якія ўстанаўліваюцца на суднах, самалётах і верталётах, на дне акіяна, а таксама дрэйфуюць, пераносяцца вадалазамі і г.д. У большасці выпадкаў гідралакатары працуюць на частотах ад адзінак да 100 кГц і маюць далёкасць дзеяння да дзесяткаў кіламетраў.

Літ.:

Митько В.Б., Евтютов А.П., Гущин С.Е. Гидроакустические средства связи и наблюдения. Л., 1982;

Колчеданцев А.С. Гидроакустические станции. Л., 1982.

В.​І.​Вараб’ёў.

Структурная схема імпульснага гідралакатара: 1 — антэна; 2 — пераключальнік «перадача—прыём»; 3 — генератар электрычных сігналаў; 4 — прыстасаванне вылучэння і апрацоўкі рэхасігналаў; 5 — прыстасаванні адвображання інфармацыі, якую нясуць рэхасігналы.
Гідралакатар для вадалазаў: 1 — тэлефоны; 2 — пераўтваральнікі антэны; 3 — рэфлектар; 4 — компас; 5 — раздымы для падключэння тэлефонаў; 6 — гняздо падзарадкі батарэй; 7 — рэгулятар узмацнення; 8 — пераключальнік рэжыму работы; 9 — ручка перастройкі частаты.

т. 5, с. 227

ГІДРАЛАКА́ЦЫЯ,

адшукванне, вызначэнне месцазнаходжання, параметраў руху і распазнаванне падводных аб’ектаў з дапамогай гідраакустычных сігналаў. Грунтуецца на законах гідраакустыкі. Бывае актыўная і пасіўная.

Актыўная гідралакацыя заснавана на выпраменьванні акустычных сігналаў у воднае асяроддзе і прыёме (рэгістрацыі) і аналізе адбітых ад аб’екта рэхасігналаў. Дазваляе вызначыць прасторавыя каардынаты і параметры руху выяўленага аб’екта, яго памеры і інш. характарыстыкі. З’яўляецца асн. спосабам атрымання інфармацыі аб падводных аб’ектах, якія не ствараюць уласнае акустычнае поле (напр., донныя і якарныя міны, патанулыя судны). Ажыццяўляецца з дапамогай розных тыпаў гідралакацыйных станцый (гідралакатараў) і прылад (рэхалотаў), рэхаледамераў і інш.). Пасіўная гідралакацыя заснавана на прыёме і апрацоўцы акустычных сігналаў (шумаў), якія звычайна ненаўмысна ствараюцца самім аб’ектам (напр., падводнай лодкай). Дазваляе выявіць такі аб’ект, распазнаць яго, вызначыць напрамак на яго, скорасць і інш. элементы яго руху. Выкарыстоўвае рознага тыпу шумапеленгатары і тракты шумапеленгавання гідраакустычных комплексаў. Метады і сродкі гідралакацыі выкарыстоўваюцца ў марской справе (выяўленне падводных перашкод — рыфаў, скал, айсбергаў), рыбнай прам-сці (пошук касякоў рыбы), ваеннай справе (выяўленне падводных лодак, навядзенне іх на пэўны аб’ект) і інш.

На Беларусі пытанні тэорыі і практыкі гідралакацыі распрацоўваюцца ў Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі, НДІ прыкладных фіз. праблем імя А.​Н.​Сеўчанкі.

Літ.:

Бурдик В.С. Анализ гидроакустических систем: Пер. с англ. Л., 1988.

В.​І.​Вараб’ёў.

Схема гідралакацыі: 1 — выпраменьвальнік рэхалота; 2 — гідраакустычная станцыя; 3 — антэна гідраакустычнай станцыі; 4 — міна; 5 — падводная лодка.
Гідралакацыя з дапамогай малагабарытнага гідралакатара (для вадалазаў).

т. 5, с. 228