ГЕЛІЯДО́Р,
мінерал, празрыстая жоўтая разнавіднасць берылу. Каштоўны камень 2-га класа.
т. 5, с. 140
ГЕЛІЯДО́Р (Hēliodōros),
старажытнагрэчаскі пісьменнік 3 або 4 ст. н.э. Аўтар любоўна-авантурнага рамана «Эфіопіка» (у 10 кн.), на падставе заключных слоў якога ўстаноўлена імя пісьменніка і верагоднае месца нараджэння [г. Эмес (цяпер г. Хомс), Сірыя]. Раман пра любоў і прыгоды эфіопскай царэўны Харыкліі і фесалійскага юнака Феагена. Новае ў рамане — вял. колькасць рэліг., міфалагічных і філас. матываў і вобразаў, віртуознасць апавядання, што было характэрна для сафістычнай прозы. «Эфіопіка» паўплывала на развіццё галантна-авантурных раманаў новага часу (Т.Таса, М.Сервантэс, П.Кальдэрон і інш.).
Тв.:
Рус. пер. — Эфиопика. М., 1993.
т. 5, с. 140
ГЕЛІЯКАНЦЭНТРА́ТАР (ад гелія... + канцэнтратар),
прыстасаванне для канцэнтрацыі сонечных прамянёў на невял. участку паверхні. Павышае шчыльнасць сонечнай радыяцыі ў 102—104 разоў, у месцы факусіроўкі дазваляе дасягнуць т-ры 3000 °C і болей, што дае магчымасць ажыццяўляць высокатэмпературныя тэхнал. працэсы. Выкарыстоўваецца ў геліяўстаноўках.
Складаецца з люстэркаў, увагнутых лінзаў і нясучых канструкцый. Распрацаваны тэхналогіі стварэння паўцвёрдых і надзіманых геліяканцэнтратараў з палімерных празрыстых і металізаваных плёнак. Канфігурацыі факусіруючых сістэм: парабалічныя (у т. л. з другасным адбівальнікам) і парабалацыліндрычныя канцэнтратары, лінзы Фрэнеля. Паверхні люстэркаў геліяканцэнтратара — звычайна фацэтныя перарывістыя і гладкія. Распрацоўка і стварэнне геліяканкэнтратара вядуцца ў Францыі (у 1968 уведзена сонечная печ з геліяканцэнтратарам парабалоіднага тыпу дыяметрам 54 м), Японіі, ЗША, Аўстраліі і інш. Пабудаваны шэраг сонечных энергетычных установак. У 1988 у Крыме пабудавана паратурбінная сонечная электрастанцыя магутнасцю 5 МВт. На Беларусі работы па распрацоўцы сістэм пераўтварэння канцэнтраванай сонечнай энергіі з выкарыстаннем цеплавых труб вядуцца ў акад. навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену імя А.В.Лыкава». Гл. таксама Геліятэхніка.
Літ.:
Драгун В.Л., Конев С.В. В мире тепла. Мн., 1991;
Мак-Вейг Д. Применение солнечной энергии: Пер. с англ. М., 1981. У.Л.Драгун, С.У.Конеў.
т. 5, с. 141
ГЕЛІЯЛІТАІДЭ́І (Heliolitoidea),
падклас вымерлых каланіяльных беспазваночных жывёл кл. каралавых паліпаў. 3 атр., 8 сям., 30 родаў. Жылі ў сярэднім ардовіку — сярэднім дэвоне на мелкаводдзі амаль усіх мораў зямнога шара. На Беларусі мноства знаходак вядома з верхнесілурыйскіх адкладаў на ПдЗ (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна), значна радзей трапляюцца ў інш. рэгіёнах (паўн. схіл Бел. антэклізы).
Мелі масіўны вапняковы шкілет, які складаўся з круглых трубак (каралітаў), поласць кожнага была падзелена шматлікімі папярочнымі днішчамі; унутры 12 верт. перагародак (септаў). Паміж каралітамі знаходзіўся прамежкавы шкілет (цэненхіма) з вапняковых пузыркоў (дысепіментаў), трубачак (сіфонапораў) або верт. слупкоў (трабекулаў). Па рэштках геліялітаідэяў вызначаюць узрост палеазойскіх адкладаў.
т. 5, с. 141
ГЕ́ЛІЯС, Гелій,
у грэчаскай міфалогіі бог Сонца, сын тытанаў Гіперыёна і Феі, брат Селены і багіні світання Эас. Геліяс усёвідушчы, бачыць справы багоў і людзей, часцей за ўсё дрэнныя; яго заклікаюць у сведкі і мсціўцы. Геліяса ўяўлялі ў асляпляльным святле і ззянні са страшэннымі вачамі, у залатым шлеме, на залатой калясніцы ці на троне з каштоўных камянёў у раскошным палацы ў акружэнні чатырох пор года. Геліяс паведаміў Дэметры, што Персефону выкраў Аід. У рым. міфалогіі Геліясу адпавядае Соль.
т. 5, с. 141
«ГЕ́ЛІЯС»
(ням. Helios),
назва аўтаматычных міжпланетных станцый ФРГ для даследавання калясонечнай прасторы з геліяцэнтрычнай арбіты. «Геліяс-1» запушчаны 10.12.1974, «Геліяс-2» — 15.1.1976. Перыяд абарачэння каля 190 сут, маса 371 кг. Корпус — правільная 16-гранная прызма выш. 0,5 м з папярочным памерам 1,7 м, з прымацаванымі сонечнымі батарэямі. «Геліяс» ў параўнанні з інш. станцыямі набліжаліся да Сонца на найменшую адлегласць (46,5 і 43,4 млн. км адпаведна). Паблізу перыгелія арбіты «Геліяс-2» выяўлена рэзкае павелічэнне канцэнтрацыі метэорнага пылу, звязанае са з’явай задыякальнага святла.
т. 5, с. 141
ГЕЛІЯТРО́П (Heliotropium),
род кветкавых раслін сям. агурочнікавых. Каля 220 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных абласцях, радзей на Пн умеранага пояса. Растуць на камяністых мясцінах, сухіх схілах, часта на саланцах і сметніках. Некат. віды — геліятроп еўрапейскі (H. europaeum) і шарсцістаплодны (H. lasiocarpa) — ядавітыя (маюць алкалоід цынагласін, які выклікае ў жывёлы параліч нерв. сістэмы). У культуры, у т. л. на Беларусі, вядомы дэкар. сарты з прыемным пахам геліятропа перувіянскага (H. peruvianum) і шчыткападобнага (H. corymbosum).
Кусты, паўкусты і шматгадовыя травяністыя расліны з разгалінаванымі сцёбламі. Лісце чаргаванае. Кветкі дробныя, пахучыя (маюць пахучы эфірны алей), сабраныя ў завіткі; вяночак белы ці фіялетавы, з кароткай трубачкай і 5-раздзельным адгінам. Плод — чатырохарэшак.
Г.У.Вынаеў.
т. 5, с. 141
ГЕЛІЯТРО́П,
мінерал, зялёная з чырвонымі ўкрапінамі, разнавіднасць халцэдону. Вырабны камень. Выкарыстоўваецца для вытв-сці дробных маст. вырабаў.
т. 5, с. 141
ГЕЛІЯТРО́П (ад гелія... + грэч. tropos паварот, напрамак),
геадэзічная прылада для дакладных вымярэнняў гарызантальных вуглоў у трыянгуляцыі. Асн. частка — плоскае люстэрка, якое адбівае сонечныя прамяні ад аднаго геадэзічнага пункта да другога, дзе выконваюцца вугламерныя вымярэнні тэадалітам.
т. 5, с. 141