ГЕЛІЯТРО́П

(Heliotropium),

род кветкавых раслін сям. агурочнікавых. Каля 220 відаў. Пашыраны ў трапічных і субтрапічных абласцях, радзей на Пн умеранага пояса. Растуць на камяністых мясцінах, сухіх схілах, часта на саланцах і сметніках. Некат. віды — геліятроп еўрапейскі (Н. europaeum) і шарсцістаплодны (Н. lasiocarpa) — ядавітыя (маюць алкалоід цынагласін, які выклікае ў жывёлы параліч нерв. сістэмы). У культуры, у т. л. на Беларусі, вядомы дэкар. сарты з прыемным пахам геліятропа перувіянскага (Н. peruvianum) і шчыткападобнага (Н. corymbosum).

Кусты, паўкусты і шматгадовыя травяністыя расліны з разгалінаванымі сцёбламі. Лісце чаргаванае. Кветкі дробныя, пахучыя (маюць пахучы эфірны алей), сабраныя ў завіткі; вяночак белы ці фіялетавы, з кароткай трубачкай і 5-раздзельным адгінам. Плод — чатырохарэшак.

Г.У.Вынаеў.

т. 5, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)