Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

АКСЕЛЕРА́ТАР у эканоміцы,

эканамічны паказчык, які характарызуе сувязь паміж аб’ёмам капіталаўкладанняў і велічынёй спажывецкіх выдаткаў у эканоміцы. Істотны рост спажывецкіх выдаткаў стымулюе інвестыцыйную актыўнасць і наадварот. Акселератар разам з мультыплікатарам выкарыстоўваецца для выяўлення сутнасці і фактараў макраэканам. нестабільнасці пры дзярж. рэгуляванні рыначнай эканомікі. Прынцып акселератара прапанаваны ў 1913 А.Афтальёнам і ўключаны ў неакейнсіянскія мадэлі эканам. росту.

т. 1, с. 204

АКСЕЛЕРА́ЦЫЯ, акцэлерацыя,

1) у антрапалогіі і медыцыне — паскарэнне тэмпаў росту і развіцця дзяцей і падлеткаў у параўнанні з папярэднімі пакаленнямі. Назіраецца ў апошнія 100—150 гадоў часцей у эканамічна развітых краінах, сярод усіх сац. груп насельніцтва. Тэрмін увёў ням. вучоны Э.​Кох (1935). У фіз. адносінах акселерацыя праяўляецца ў тым, што на кожным узроставым этапе сучасныя дзеці вышэйшыя і буйнейшыя за сваіх равеснікаў з мінулых гадоў. Напр., рост дзяцей пры нараджэнні павялічыўся ў сярэднім на 0,5—1 см, маса цела — на 100—800 г. Падваенне масы цела адбываецца ў 4—5 месяцаў, а не ў 5—6, як раней, змена малочных зубоў пастаяннымі не ў 6—7, а ў 5—6 гадоў. Паскорыліся тэрміны акасцянення шкілета, больш высокімі сталі паказчыкі фіз. развіцця. Канчатковых паказчыкаў росту дзяўчынкі дасягаюць да 16—17, юнакі — да 18—19 гадоў (раней адпаведна да 20—22 і 20—25 гадоў). На 1—2 гады раней адзначаецца палавая спеласць. Адзінай трактоўкі прычын акселерацыі не існуе. Акселерацыю тлумачаць уплывам на арганізм фіз.-хім. фактараў (сонечнай і касм. радыяцыі, магнітнага поля і інш.), генет. тэорыяй цыклічных біяхім. змен, гетэрозісу, уплывам сац.-эканам. умоў жыцця. З 1980-х г. тэмпы акселерацыі пачалі замаруджвацца, аднак з’ява акселерацыі выклікае шэраг новых медыка-біял., сац., прававых і юрыд. задач.

2) У біялогіі — паскарэнне фарміравання асобных частак зародкаў на пэўнай стадыі развіцця. Напр., ранняе развіццё ротавага апарата ў рыб і бясхвостых амфібій, якое забяспечвае ім жыўленне пасля вычэрпвання запасаў жаўтка ў яйцы.

т. 1, с. 204

АКСЕЛЕРО́МЕТР (ад лац. accelerare паскараць + ...метр),

прылада для вымярэння паскарэння руху машын, іх сістэм і звёнаў, вібрацыі машын і збудаванняў. Звычайна акселерометр — маятнікавая прылада, у якой адхіленне маятніка (інерцыйнай масы) пад уплывам паскарэння машыны перадаецца на стрэлку градуіраванай шкалы. Бываюць мех., пнеўмат., эл. і інш. Лятальныя апараты (у т. л. ракеты) забяспечваюцца акселерометрам ў выглядзе гірамаятнікаў ці паплаўковых маятнікаў з аўтам. кампенсацыяй сіл трэння. Акселерометр рэлейнага тыпу выкарыстоўваюць для вызначэння найб. намагання пры штампоўцы, коўцы, забіванні паляў і інш. Найб. дакладныя ўжываюцца ў інерцыяльнай навігацыі.

т. 1, с. 204

АКСЕЛЬБА́НТ (ням. Achselband),

ніцяны плецены шнур (пазалочаны, пасярэбраны або каляровы) з метал. наканечнікамі. Прышпільваецца звычайна да правага (радзей левага) пляча пад пагонам (эпалетам). У арміях многіх замежных краін — прыналежнасць формы адзення ад’ютантаў, афіцэраў генштаба, жандараў і інш., а таксама асабовага складу некаторых часцей. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь — прыналежнасць параднай формы адзення ганаровай варты, удзельнікаў ваен. парадаў.

т. 1, с. 205

АКСЕЛЬРО́Д (Зэлік Майсеевіч) (30.12.1904, г. Маладзечна — 26.6.1941),

яўр. паэт. Вучыўся ў Вышэйшым літ.-маст. ін-це імя Брусава (1922—25), скончыў Маскоўскі пед. ін-т (1928). З 1931 адказны сакратар час. «Штэрн» («Зорка»). У 1941 рэпрэсіраваны і расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1921. Аўтар паэт. зб-каў «Трапятанне» (1922), «Вершы» (1932), «Зноў вершы» (1935), «З вока на вока» (1937), «Чырвонаармейскія песні» (1939). Пераклаў на яўр. мову паэмы Я.​Купалы «Бандароўна», П.​Броўкі «Прамова фактамі», вершы Я.​Купалы, А.​Александровіча, Броўкі, М.​Танка і інш.

т. 1, с. 205

АКСЕЛЬРО́Д (літ. псеўд. Ортодокс) Любоў Ісакаўна

(1868 — 5.2.1946),

расійскі філосаф і літаратуразнавец. Скончыла Бернскі ун-т (1900). З 1884 удзельнічала ў рэв. руху. У 1887 эмігрыравала ў Францыю, з 1892 прыхільнік марксісцкай групы «Вызваленне працы», паслядоўніца Г.​В.​Пляханава. У 1903 прымкнула да меншавікоў. Супрацоўнічала ў час. «Заря», у газ. «Искра». У 1906 вярнулася ў Расію. Распрацоўвала пытанні эстэтыкі, гісторыі філасофіі і гіст. матэрыялізму. Аўтар прац «У абарону дыялектычнага матэрыялізму. Супраць схаластыкі» (1928), «Ідэалістычная дыялектыка Гегеля і матэрыялістычная дыялектыка Маркса» (1934) і інш. Даследавала пытанні сацыялогіі мастацтва.

т. 1, с. 205

Аксельрод Джуліус

т. 18, кн. 1, с. 331

«А́КСЕЛЬ ШПРЫ́НГЕР ФЕРЛА́Г АГ»

(Axel Springer Verlag AG),

газетна-выдавецкі канцэрн у Германіі, самы буйны ў Зах. Еўропе. Засн. ў 1947 у Гамбургу А.​Шпрынгерам. З 1970 акцыянернае т-ва. Выдае грамадска-паліт. і спецыялізаваныя газеты і часопісы. Мае навук. кніжнае выд-ва.

т. 1, с. 204

Аксенчык Анатоль Уладзіміравіч

т. 18, кн. 1, с. 331

А́КСЕР ((Axer) Эрвін) (н. 1.1.1917, Вена),

польскі рэжысёр. Скончыў Ін-т тэатр. мастацтва ў Варшаве (1939). Праф. Вышэйшай тэатр. школы ў Варшаве (1949). Працаваў у т-рах Львова і Лодзі. У 1949—81 дырэктар, маст. кіраўнік і рэжысёр Сучаснага т-ра (у 1955—57 адначасова ўзначальваў Нац. т-р) у Варшаве. Найб. ўвагу аддаваў пастаноўкам твораў нац. драматургіі: «Картачны домік» Э.​Зегадловіча, «Трывожнае дзяжурства» Е.​Лютоўскага, «Танга» С.​Мрожака, «Кардыян» Ю.​Славацкага. З інш. пастановак: «Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра, «Тры сястры» А.​Чэхава, «Мухі» Ж.​П.​Сартра, «Кар’ера Артура Уі» Б.​Брэхта. Ставіў п’есы ў Дзюсельдорфе, Вене, Цюрыху, Мюнхене, Амстэрдаме, Нью-Йорку. Аўтар зб-каў «Лісты са сцэны» (т. 1—2, 1955—57), «Практыкаванні па памяці» (1984—92) і інш.

т. 1, с. 205