Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГАСЦІ́НЕЦ,

1) тракт, бальшак, шаша, упарадкаваная вял. дарога. Звычайна меў шырокую праезную частку, абмежаваную канавамі і абсаджаную абапал дрэвамі, за канавамі — сцежкі для пешаходаў. Вядомы з часоў Кіеўскай Русі, звычайна пракладаліся праз густанаселеныя раёны. У 13—14 ст. на важнейшых дарогах была наладжана служба дастаўкі карэспандэнцыі — загадаў і распараджэнняў улад, пасылак; пазней яна склалася ў рэгулярную паштовую сувязь. Работы па ўпарадкаванні і будаўніцтве гасцінца лічыліся цяжкай феад. павіннасцю. Паштовыя гасцінцы мелі рэгулярную пасаж. сувязь. Уздоўж іх у 19 ст. на адлегласці 17—22 вёрст размяшчаліся станцыі з заезным домам для гасцей, стайняй для коней, карчмой, кузняй і інш. У наш час назва «гасцінец» ужываецца пераважна для старых грунтавых дарог.

2) Устарэлая назва памяшкання для праезджых, гасцініца, карчма.

3) Падарунак, звычайна ласунак, прывезены з кірмашу ці з дарогі.

т. 5, с. 86

ГАСЦІ́НІЦА,

будынак са спецыялізаванымі памяшканнямі для часовага пражывання асоб, якія прыязджаюць у населены пункт.

Гасцініцы адрозніваюцца: па прызначэнні — агульнага тыпу, ведамасныя, атэлі, бізнес-атэлі, турысцкія для аўтатурыстаў, матэлі, кемпінгі, курортныя, спарт., для транзітных пасажыраў (пры вакзалах); па ўмяшчальнасці — малыя (да 100 месцаў), сярэднія (100—500 месцаў) і вялікія (больш за 500 месцаў); залежна ад узроўню камфорту — «люкс», вышэйшы (А, Б), 1-, 2-, 3- і 4-разрадныя, на захадзе — па колькасці «зорак» — 3-, 4-, 5-зоркавыя гасцініцы; паводле рэжыму эксплуатацыі (круглагадовыя, сезонныя); па месцы знаходжання (горад, пасёлак, курорт і г.д.). У складзе гасцініцы вылучаюць памяшканні: жылыя (нумары), прыёму, сервісу, грамадскага харчавання (кавярня, рэстаран), адм., гаспадарчыя. Пры высокакамфартабельных гасцініцах ёсць памяшканні культ.-масавыя (канцэртныя, выставачныя, канферэнц-залы, б-кі), спарт. аздараўленчыя (басейны, сауны, кегельбаны). Гасцініца ўзнікла ў глыбокай старажытнасці. У Еўропе ролю гасцініцы выконвалі харчэўні, аўстэрыі, заезныя дамы, корчмы; у краінах Пярэдняга Усходу, Сярэдняй Азіі, Закаўказзя — караван-сараі (9—14 ст.). На Беларусі паходзяць ад гасцінага двара.

У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. пераважалі невялікія гасцініцы (5—20 месцаў, сярод іх вылучаліся памерамі «Парыж» у Магілёве, «Еўропа» ў Мінску). У 1930—40-я г. ўзведзены гасцініцы «Свіслач», Бел. ваен. акругі (1941, арх. Г.Якушка) у Мінску, «Дняпро» ў Магілёве і інш. Развіццё культ.-гасп. сувязей, турызму абумовіла буд-ва буйных гасцініц: «Мінск» (арх. Г.Баданаў, Г.Сысоеў, у сааўт.), «Планета», «Кастрычніцкая», «Беларусь» у Мінску, «Гродна» ў Гродне, «Сож» (арх. В.Бурлака) у Гомелі, «Маладзечна» (арх. Крывашэеў) у Маладзечне і інш. Будынкі гасцініц у меншых гарадах (Баранавічы, Ліда, Масты) і сельскай мясцовасці (в. Верцялішкі Гродзенскай вобл.) уваходзяць у склад грамадскіх цэнтраў. Сучасныя гасцініцы вызначаюцца буйнымі пластычнымі арх. формамі, высокім узроўнем вонкавай і ўнутр. аддзелкі. У маст. вырашэнні фасадаў і інтэр’ераў значнасць набывае сінтэз архітэктуры, скульптуры, жывапісу. У 1997 на Беларусі 251 гасцініца на 25 904 месцы (акрамя гасцініц для турыстаў і экскурсій).

В.І.Анікін.

т. 5, с. 86

ГАСЦІ́НЫ ДВОР,

тып грамадскага будынка гандл. прызначэння, які ўключае гандл. і складскія будынкі, жылыя памяшканні гасцінічнага тыпу.

У гарадах Зах. Еўропы былі пашыраны з 14 ст. (Брэмен, Кракаў, Прага). У Расіі гасціныя двары будавалі ў 13—17 ст. для іншаземных купцоў (гасцей) у Маскве, Ноўгарадзе і інш. у выглядзе прамавугольных у плане плошчаў, абнесеных мураванымі або драўлянымі сценамі крапаснога тыпу з вежамі і праязнымі варотамі. Па ўнутр. перыметры да сцен прыбудоўвалі гандл. і складскія памяшканні (звычайна 2-павярховыя), аб’яднаныя адкрытымі галерэямі. У 18—19 ст. з развіццём унутр. рынку будавалі ў выглядзе будынкаў прамавугольнага плана з адкрытымі на вуліцу або гандл. плошчу аркадамі ці каланадамі (Кастрама, С.-Пецярбург) у стылі класіцызму.

На Беларусі пашыраны ў 16—19 ст. (Полацк, Гродна, Віцебск). Драўляны гасціны двор у 18 ст. пабудаваны ў Тураве (Жыткавіцкі р-н Гомельскай вобл.). На аснове гасцінага двара вылучыліся гандлёвыя рады, якія часта злучаліся з ратушамі. Сучасныя гандл. ўстановы маюць шырокую наменклатуру паводле зместу і тыпаў збудаванняў (крамы харч. і прамысл. тавараў, універмагі, універсамы, супермаркеты, гастраномы, спецыялізаваныя крамы, рынкі, гандлёвыя цэнтры, а таксама разнастайныя павільёны, кіёскі, ларкі і інш.). Гандл. ўстановы найчасцей размяшчаюць на 1-х паверхах жылых дамоў на гал. вуліцах гарадоў.

В.І.Анікін.

т. 5, с. 87

ГАСЦІ́ШЧАЎ Віктар Іванавіч

(30.1.1931, хутар Брацкі, Валгаградская вобл., Расія — 9.3.1989),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1988). Скончыў Харкаўскае вышэйшае авіяц.-інж. ваеннае вучылішча (1954). З 1962 у Ін-це фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў АН Беларусі. Навук. працы па даследаванні з’яў электроннага пераносу ў металах пры нізкіх т-рах і моцных магн. палях. Эксперыментальна адкрыў з’яву электроннага тармажэння дыслакацый у магн. полі, даказаў кагерэнтны характар электроннага тунэлявання пры магн. прабоі.

т. 5, с. 87

ГАСЦЮ́ХІН Уладзімір Васілевіч

(н. 10.3.1946, г. Екацярынбург, Расія),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1996). Скончыў Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1970). Працаваў у Т-ры Савецкай Арміі. З 1981 акцёр Тэатра-студыі кінаакцёра кінастудыі «Беларусьфільм». У кіно з 1970. Лепшыя работы вызначаюцца арганічнасцю, яркасцю індывід. характарыстык, глыбінёй спасціжэння характараў, дакладнасцю выразных сродкаў у стварэнні вонкавага малюнка ролі. Сярод роляў: Рыбак «Узыходжанне» (паводле аповесці В.Быкава «Сотнікаў»; прыз за лепшую мужчынскую ролю на Міжнар. кінафестывалі ў Сан-Рэма, Італія, 1982), Мяжэнін («Бераг»; Дзярж. прэмія СССР 1985), Сяргей («Урга — тэрыторыя кахання»). На кінастудыі «Беларусьфільм» зняўся ў фільмах: «Нас выбраў час» (Лазутнікаў; прэмія Ленінскага камсамола 1980; тэлевізійны), «Вазьму твой боль» (Іван Батрак; Дзярж. прэмія Беларусі 1982), «Наш браняпоезд» (Мікалай Кузняцоў), «Шляхціц Завальня» (гал. роля) і інш.

т. 5, с. 87

ГАСЮ́К Мікалай, бел. гравёр па шкле 18 ст. Родам з в. Налібакі (Стаўбцоўскі р-н). У 1766 гал. рысавальшчык Налібоцкай шкляной мануфактуры Радзівілаў. Гравіраваў кубкі, кілішкі, бакалы, кварты і інш.

т. 5, с. 87

ГА́ТАВА,

вёска ў Навадворскім с/с Мінскага р-на. За 4 км на Пд ад Мінска, 1 км ад чыг. ст. Асееўка. 7791 ж. (1997).

Вядома з 16 ст. ў складзе Мінскага пав. ВКЛ. З 1567 уладанне М.Служкі, з 1600 цэнтр маёнтка. У 1791 уласнасць Мінскага кляштара бернардзінцаў. 123 дымы, 3 карчмы. Пасля далучэння да Расіі (1793) у складзе Мінскай губ. У 1870 вёска Самахвалавіцкай воласці, 315 ж., 50 двароў; у 1897 — 450 ж., 77 двароў, нар. вучылішча, жаночая царкоўнапрыходская школа, Святадухаўская царква. У 1919 акупіравана польск. войскамі. У гэты час у вёсцы і наваколлі дзейнічаў партыз. атрад пад камандаваннем І.В.Маслыкі. З 1924 у Самахвалавіцкім р-не, у 1931—34 у адм. падпарадкаванні Мінскага гар. Савета, з 1935 у Мінскім р-не. Да 1927 і ў 1954—59 цэнтр сельсавета.

Акцыянернае т-ва Мінскага вытв. гарбарнага аб’яднання, Мінскія з-ды другаснай перапрацоўкі чорных і каляровых металаў, раённае аб’яднанне сельгасхіміі. Сярэдняя школа, б-ка, аптэка, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання. Брацкія могілкі сав. воінаў і партызан.

Г.А.Маслыка.

т. 5, с. 87

ГАТАВА́ЛЬНЯ,

набор інструментаў для чарцёжна-графічных работ у спец. футляры. Асн. інструменты набору: цыркуль, вымяральны і прапарцыянальны цыркулі, рэйсфедэр, чарцёжны і разметачны кронцыркулі, транспарцір і інш. Гатавальні бываюць універсальныя, школьныя, партатыўныя, для канструктарскіх і капіравальных работ.

т. 5, с. 87

ГАТА́ЛЬСКАЯ Людміла Мікалаеўна

(дзявочае Драздова; н. 13.8.1953, в. Дзям’янкі Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). Працавала на Добрушскім фарфоравым з-дзе (гал. мастак у 1985—91). Сярод твораў: сервізы і наборы для чаю і кавы «Вячоркі» (1979), «Паўлінка» (1984), «Пяшчота» (1991); дэкар. вазы «Палескія ўзоры» (1982), «Слуцкія матывы» (1988); наборы дэкаратыўныя — «Сузор’е» (1985), «Гарады Беларусі» (1986), «Свята» (1987), «Шляхам Скарыны» (1989), «Казка» (1995), «Дыванок» (1996) і інш. У творах — нац. каларыт, адухоўленасць вобразаў, лірызм, тактоўная спроба прычыніцца да тэмы бел. мінуўшчыны.

Т.Р.Ермаковіч.

т. 5, с. 87

ГАТА́ЛЬСКІ Міхаіл Аляксеевіч

(н. 15.3.1952, в. Вылева Добрушскага р-на Гомельскай вобл.),

бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1977). Працаваў на Добрушскім фарфоравым з-дзе (1979—92). Сярод твораў: дэкар. блюды «Спадчына» (1978), «Незнаёмка» (1985); медаль «Мой родны кут» (1981); сервізы «Народны» (1981), «Раманс» (1990); наборы чайнікаў «Кірмаш» (1984), для нац. страў «Беларускі» (1986), кубкаў «Гербы» (1988), дзіцячы «НЛА» (1989), чайны «Купалле» (1991), ваз «Фантазія» (1994), «У пушчах Палесся» (1995); серыі блюд «Кветкі майго дзяцінства» (1983) і інш. Маст. манера вызначаецца аптымістычнай стыхіяй пачуццяў і неўтаймоўнай фантазіяй.

Т.Р.Ермаковіч.

т. 5, с. 87