Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

НІКАЛА́ЕНКА (Яўген Макаравіч) (17.9.1905, в. Вудага Чэрыкаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 16.4.1961),

Герой Сав. Саюза (1939), ген.-лейт. авіяцыі (1945). Скончыў Ленінградскую ваенна-тэарэт. школу лётчыкаў (1928), Барысаглебскую ваен. авіяшколу лётчыкаў-знішчальнікаў (1930), Курсы ўдасканалення каманднага саставу (1935), Ваен. акадэмію Генштаба (1952). У 1935—41 камандзір авіязвяна, атрада, эскадрыллі, дывізіі, камандуючы ВПС акругі. Вызначыўся пры выкананні спец. ўрадавага задання. У Вял. Айч. вайну на Паўд., Крымскім, Зах., Паўд.-Зах., 3-м Бел. франтах; камандуючы ВПС арміі, фронту, нам. камандуючага паветр. арміяй. Да 1955 на адказных пасадах у ВПС.

Я.М.Нікалаенка.

т. 11, с. 333

НІКАЛА́ЕНКАЎ (Аляксандр Іванавіч) (н. 5.5.1941, в. Жукаўка Жукаўскага р-на Бранскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне сельскай гаспадаркі. Д-р с.-г. н. (1993). Скончыў Бел. ін-т механізацыі і электрыфікацыі сельскай гаспадаркі (1970). З 1993 у Бел. н.-д. канструктарска-тэхнал. ін-це мяса-малочнай прам-сці (заг. лабараторыі). Навук. працы па эканоміка-матэм. мадэліраванні с.-г. вытв-сці, механізацыі збору і перапрацоўкі гною з жывёлагадоўчых ферм, спосабах зніжэння таксічных выкідаў у атмасферу з аграпрамысл. комплексаў.

Тв.:

Тэарэтычныя асновы працэсу саматранспартавання гною (разам з С.​І.​Пляшчанкам) // Весці Акадэміі агр. навук Беларусі. 1993. №2;

Методологические предпосылки расчета экологического ущерба от выбросов неприятно пахнущих газов цеха технических фабрикатов (разам з С.​У.​Заўялавым, В.​А.​Басько) // НТИ и рынок. 1996. № 9.

т. 11, с. 333

Нікалаенка Галіна Іванаўна

т. 18, кн. 1, с. 435

НІКАЛА́ЕЎ (Аляксандр Аляксандравіч) (н. 9.4.1925, г. Віцебск),

бел. вучоны ў галіне паталагічнай анатоміі. Д-р мед. н. (1976), праф. (1978). Скончыў Віцебскі мед. ін-т (1952). З 1956 у Віцебскім мед. ун-це (у 1965—90 заг. кафедры). Навук. працы па марфалогіі пухлін; па парэнхіматозна-страмальных узаемаадносінах, эпідэміялогіі і марфагенезе пухлін шчытападобнай залозы і страўніка да і пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Тв.:

О стромообразовании в эпителиальных злокачественных опухолях (разам з А.​С.​Ягубавым) // Архив патологии. 1975. № 2;

Применение электронной микроскопии в онкоморфологии (у сааўт.) // Здравоохранение Белоруссии. 1988. № 9.

т. 11, с. 333

НІКАЛА́ЕЎ (Андрыян Рыгоравіч) (н. 5.9.1929, с. Шаршэлы Марыінска-Пасадскага р-на Чувашскай Рэспублікі, Расія),

савецкі касманаўт. Двойчы Герой Сав. Саюза (1962, 1970), лётчык-касманаўт СССР (1962), ген.-маёр авіяцыі (1970), канд. тэхн. н. (1975). Скончыў ваен. авіяц. вучылішча (1954), Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя Жукоўскага (1968). З 1955 ваен. лётчык. З 1960 у атрадзе касманаўтаў (у 1963—68 яго камандзір). 11—15.8.1962 здзейсніў палёт вакол Зямлі на касм. караблі (КК) «Усход-3», 1—19.6.1970 з В.І.Севасцьянавым — палёт (як камандзір) на КК «Саюз-9». У космасе правёў 21,6 сут. У 1974—94 першы нам. начальніка Цэнтра падрыхтоўкі касманаўтаў імя Гагарына. Дзярж. прэмія СССР 1981. Залатыя медалі імя Цыялкоўскага АН СССР і імя Гагарына. Імем Н. названы кратэр на Месяцы.

У.​С.​Ларыёнаў.

А.Р.Нікалаеў.

т. 11, с. 333

НІКАЛА́ЕЎ (Іван Стафанавіч) (крас. 1926, г. Клімавічы Магілёўскай вобл. — 11.4.1945),

Герой Сав. Саюза (1946).

Скончыў Барысаглебскую ваен. авіяшколу (1939). У Чырв. Арміі з 1934. У Вял. Айч. вайну з 1942 на Калінінскім, Варонежскім, 1-м і 2-м Укр. франтах. Камандзір эскадрыллі маёр Н. зрабіў 135 баявых вылетаў, у т. л. ў 109 вядучым груп; загінуў у баі.

І.С.Нікалаеў.

т. 11, с. 333

НІКАЛА́ЕЎ (Леанід Уладзіміравіч) (13.8.1878, Кіеў — 11.10.1942),

расійскі піяніст, педагог, кампазітар; стваральнік адной з рас. піяністычных школ. Нар. арт. Расіі (1938). Д-р мастацтвазнаўства (1941). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю па класах фп. (1900) і кампазіцыі (1902). Вучань С.Танеева, М.Іпалітава-Іванава. З 1909 выкладаў у Пецярбургскай кансерваторыі (з 1912 праф.). Для яго выканальніцкай манеры былі характэрны тэхн. свабода, ювелірная апрацоўка дэталей, глыбіня пранікнення ў аўтарскую задуму. Выступаў з уласнымі творамі, творамі Л.​Бетховена, Ф.​Мендэльсона, Ф.​Шапэна, Ф.​Ліста, М.​Равеля, К.​Дэбюсі, П.​Чайкоўскага, А.​Глазунова, С.​Рахманінава, А.​Скрабіна, М.​Рымскага-Корсакава і інш. Адзін з першых прапагандыстаў творчасці С.​Пракоф’ева, М.​Метнера. Аўтар санаты для фп. і скрыпкі, 2 стр. квартэтаў, вак. твораў, фп. транскрыпцый і інш. Сярод вучняў: Дз.Шастаковіч, У.Сафраніцкі, П.Серабракоў.

т. 11, с. 334

НІКАЛА́ЕЎ (Мікалай Віктаравіч) (21.11.1955 21.2.1955, г. Шчучын Гродзенскай вобл.),

бел. гісторык. Д-р філал. н. (1997). Скончыў БДУ (1977). З 1978 жыве ў Санкт-Пецярбургу. Працаваў у Ленінградскім аддзяленні Ін-та археалогіі АН СССР, удзельнічаў у раскопках стараж. Навагрудка, Старой Ладагі. З 1978 працуе ў Расійскай Нац. б-цы. Адзін з заснавальнікаў і чл. Прэзідыума Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў. Адзін са стваральнікаў і чл. праўлення Бел. грамадска-культ. т-ва ў Санкт-Пецярбургу. Даследуе гісторыю культуры Беларусі, бел. мастацтва, гісторыю праваслаўнай царквы на Беларусі.

Тв.:

Несвижская библиотека князей Радзивиллов // Книга в России XVIII — середины XIX в. Л., 1989;

Іван Грыгаровіч — гісторык беларускай царквы: Знаходка ў Аддзеле рукапісаў // Наш радавод. Гродна, 1992. Кн. 4, ч. 1;

Кірылічнае кнігапісанне ў Вільні ў XV — першай палове XVI ст. // Спадчына. 1993. № 3;

Палата кнігапісная. Мн., 1993.

Л.​У.​Языковіч.

т. 11, с. 334

НІКАЛА́ЕЎ (Міхаіл Яўменавіч) (н. 15.2.1936, в. Дзянісаўка Манастыршчынскага р-на Смаленскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне раслінаводства. Канд. с.-г. н. (1969), праф. (1993). Скончыў БСГА (1963), з 1969 працуе ў ёй (з 1986 заг. кафедры). Навук. працы па фарміраванні высокапрадукцыйных фітацэнозаў палявых культур.

Тв.:

Основы полевой фитоценологии. Горки, 1982;

Арендные отношения в подразделениях растениеводства. Мн., 1993 (у сааўт.).

т. 11, с. 334

НІКАЛА́ЕЎ (Сяргей Піліпавіч) (13.7.1889, Масква — 26.6.1973),

расійскі і бел. тэатр. мастак. Засл. арт. Расіі (1932). Нар. маст. Беларусі (1949). Скончыў Строганаўскае маст. вучылішча ў Маскве (1912, вучань К.Каровіна). У 1910—17 працаваў у тэатрах Масквы, у 1938—59 у Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі. Яго дэкарацыі адметныя высокім жывапісным майстэрствам, арганічным адзінствам муз. і зрокавых вобразаў, выразнасцю пабудовы сцэн. прасторы, глыбокім веданнем перспектывы. У Вялікім тэатры ў Маскве аформіў дэкарацыі да оперы «Дэман» А.​Рубінштэйна (1936). У дэкарацыях да бел. нац. спектакляў выявіў веданне нар. архітэктуры і нац. касцюма. Сэнсавую і эмац. нагрузку атрымаў сцэн. пейзаж, які стаў арган. звяном падзей у операх «У пушчах Палесся» (1939), «Надзея Дурава» (1956) А.​Багатырова, «Алеся» (1944) і «Дзяўчына з Палесся» (1953) Я.​Цікоцкага, «Кастусь Каліноўскі» Дз.​Лукаса (1947), балетах «Князь-возера» (1949), «Палымяныя сэрцы» (1955) В.​Залатарова. Дэкарацыям да спектакляў рус. класікі ўласцівы гарманічнае ўзаемадзеянне колеру з характарам вобразаў, гіст. дакладнасць: оперы «Царская нявеста» (1938), «Садко» (1957) М.​Рымскага-Корсакава, «Пікавая дама» (1941, 1948), «Чаравічкі» (1949), «Мазепа» (1952) П.​Чайкоўскага, «Дуброўскі» Э.​Напраўніка (1948), «Князь Ігар» А.​Барадзіна (1949), «Іван Сусанін» М.​Глінкі (1950), «Барыс Гадуноў» М.​Мусаргскага (1954). Маштабнасцю вобразаў і лірызмам вызначаюцца дэкарацыі да балетаў «Лебядзінае возера» (1948), «Спячая прыгажуня» (1954) Чайкоўскага, «Канёк-Гарбунок» Ц.​Пуні (1949). Аформіў дэкарацыі да опер і балетаў «Чыо-Чыо-сан» Дж.​Пучыні (1940, 1945), «Марная засцярога» П.​Л.​Гертэля (1943), «Кармэн» Ж.​Бізэ (1945), «Травіята» (1946), «Рыгалета» (1948) Дж.​Вердзі, «Фауст» Ш.​Гуно (1950), «Эсмеральда» Пуні, «Ціхі Дон» І.​Дзяржынскага, «Марозка» М.​Красева (усе 1951), «Аіда» (1953, 1970) Вердзі. Дзярж. прэмія СССР 1950.

Літ.:

Карнач П.А. С.​Ф.​Нікалаеў. Мн., 1970.

П.​А.​Карнач.

С.П.Нікалаеў.
С.Нікалаеў. Дэкарацыя да оперы «Дзяўчына з Палесся» Я.​Цікоцкага. 1953.

т. 11, с. 334